Пачынальнікі
З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 549с.
Мінск 2003
плача, а бацька яму гаворыць: «Ідзі туды і туды і знойдзеш каня і ўсё ўбранне з медзі». Ідзе ён, свіснуў, выскаквае медны конь, на якім ён імчыцца на гару. Усіх здзіўляе гэты рыцар; ніхто не ўехаў так высока, як ён. Тое ж паўтараецца з сярэбраным канём і залатым, на якім ён ужо дасягае каралеўны. Паміж дванаццаццю разбойнікамі заўсёды ёсць якая-небудзь жанчына, маці або жонка аднаго з іх, якая дае паратунак і дапамагае ўцячы захопленым імі падарожным.
Я ўжо рабіў невялікія намаганні збіраць казкі, ды ніхто іх у нас яшчэ не цэніць і не аказвае плённай дапамогі, а сам я пры кепскім здароўі і такой абыякавасці да гэтых твораў народнай фантазіі і помнікаў старажытнасці не здолеў дагэтуль заняцца гэтай мілай і карыснай для айчыннай літаратуры працай. Таму тыя, хто мае больш магчымасцей для збірання названых казак і энергіі для выканання гэтай працы, маглі б не без славы і карысці заняцца гэтай пакрыўджанай літаратурай, якая, як і песні, была некалі супольнай для продкаў паноў і беднякоў, пакуль нашчадкі першых, навучыўшыся чытаць на розных мовах, не пачалі бавіцца байкамі, якія ім баюць аўтары аповесцей усякага гатунку і фасону.
Няхай іншыя мацнейшым і больш чутным голасам заахвоцяць да шанавання і збірання сялянскіх ці, хутчэй, народных аповесцей і паэтычных твораў; з мяне хопіць таго, што аддаю гэты зборнік песень чытачам на іх прыхільную і чулую ўвагу.
He дазваляючы сабе прыемнасці пералічыць высакародных паненак і некалькіх паняў, якія ласкава падрыхтавалі для мяне зборнік сялянскіх песень, укажу тут прынамсі месца, адкуль тыя песні паходзяць. Можа, у далёкай будучыні ў каго-небудзь з’явіцца цікавасць даведацца, ці не спяваюць у тых жа самых месцах тыя ж самыя песні; то няхай яму будзе вядома, што месцам збірання перакладзеных мною 126 песень, змешчаных у першай і другой кніжачках, з’яўляюцца амаль выключна Стокі паблізу Нёмана, дзе адна маладая і прыстойная дзяўчына Бася, пасля жонка Мацейкі, прадыктавала ў 1834 г. гэтыя песні і болей яшчэ не перакладзеных; некаторыя з гэтага ліку паходзяць таксама з Беліцы, Новагарадовіч і Еленкі. 194 песні з-над Дзвіны, якія змяшчаюцца ў другой і трэцяй кніжачках, паходзяць з Лепеля, Жарцэніц, Камароўшчыны, Казімірава, Гарадзянца, Завідзіч, Быхава, Пасялявінскага Забалоцця і другога, якое завуць Мнішацкім, Зазер’я, Варон’я, Бабыніч, усё гэта з Лепельскага павета; нямала таксама з-пад Куранца Завілейскага павета, з-пад мястэчка Беразіна, з Негарэлага і Халопеніч Барысаўскага павета. У чацвёртай і пятай кніжачках песні з-над Нёмана паходзяць, як ужо сказана, са Шчорсаў, Праслічкі, Далматоўшчыны, а некаторыя з Лаўрышава, праслаўленага ў гісторыі Літвы князем Лаўрашам, ці Рамунтам Трай-
дэнавічам21. 26 песень з-над ніжняга Дняпра спяваюцца ў Ліпавецкім павеце22: некаторыя з іх я атрымаў ад простага салдата, адтуль родам, а астатнія ад аднаго шаноўнага ксяндза, які знаходзіўся там у маладосці. Нягледзячы на мае старанні атрымаць песні з-над верхняга Дняпра, г. зн. з Магілёва, Рагачова або Оршы, дастаць я іх не мог; таму захапілі мяне песні надднястроўскія, некалькі дзесяткаў якіх, перакладзеных з надрукаваных у Львове першакрыніц, знаходзіцца ў пятай кніжачцы майго збору23.
Мяркуючы па 400 з лішнім песень, сабраных над Нёманам, і 557 — над Дзвіной, пра ўплыў польскай, рускай і ўкраінскай моў на крывіцкую, можна было б сказаць, што гэты ўплыў большы на наднёманскі дыялект, чым на наддзвінскі. I сапраўды, наддзвінскі край не мае пастаяннага кватаравання войск, і ён больш аддалены ад Мазоўша і Украіны, чым наднёманскі. У Навагрудскім павеце хлопцы з ахвотай пераймаюць рускія песні ад салдат, і ад гэтых песень ужо грымяць палі, як, напрыклад, у Шчорсах, калі едуць у начное з коньмі, а часам там можна пачуць іх і з вуснаў жанчын у час жніва або адгукаюцца ў спяванні дваровых парабчанак, якія часам прыносяць у вёскі таксама польскую песню, пасвойму пераробленую. Дзеля таго ў гэтым сціплым зборніку я змясціў больш песень абрадавых, жніўных і нават некалькі такіх, што спяваюць над калыскаю дзіцяці, бо яны, несумненна, мясцовыя.
Прыказкі, сабраныя мною, амаль усе я прыпомніў, бо чуў іх у дзіцячыя гады; былі пашыраны яны і сярод шляхты. He маючы іх многа, я не мог размясціць іх інакш, як у алфавітным парадку, каб нават аблегчыць каму-небудзь, хто хацеў бы займацца іх памнажэннем, спосаб іх алфавітнага збірання, а пасля больш сістэматычнага ўкладання паводле зместу. Я не мог таксама параўнаць іх з якімі-небудзь дагэтуль выдадзенымі прыказкамі на іншых славянскіх дыялектах, не маючы пад рукой кніжак, якія іх змяшчаюць. Усё гэта застаецца каму-небудзь больш дзейнаму і шчасліваму, пра якога, дай божа, каб я калінебудзь даведаўся.
У нас няма апісання абрадаў і ігрышчаў у нашай правінцыі, апрача аднаго, наколькі ведаю, вяселля ў Барысаўскім павеце, апісанага ў «Tygodniku Wilenskim» за 1819 г.24 Няма апісання хатняга жыцця, беднага начыння і страў, якімі харчуюцца нашы сяляне. Столькі сёння выходзіць кухонных кніжак, якія вучаць празмернасцям і вытанчанасці; няхай бы даведаліся, чым сілкуюцца мільёны людзей, каб мець уяўленне пра сапраўдныя айчынныя стравы і іх назвы, так многа запазычыўшы іх з французскіх кухань. Варта нават зрабіць калекцыю сялянскага хлеба, які спажываецца ў розных месцах і порах года: здзівіла б яна нашчадкаў і была б больш
карыснай навукай для сучаснікаў, чым калекцыя каштоўных мінералаў. Калі б хто хацеў і ўмеў, мог бы бясконца скрасіць сабе жыццё на вёсцы, займаючыся збіраннем карысных, цікавых і пажаданых звестак пра ўсё гэта. Сёння кожны шкадуе, чаму Длугаш або Стрыйкоўскі25, нашы храністы, не сабралі песень і паданняў народа, пра якія толькі мімаходам упамінаюць; будуць некалі, праз колькі вякоў пасля нас, шкадаваць і больш слушна папракаць сённяшнія часы, калі мы не збяром рупліва гэтых помнікаў і не перададзім патомкам: бо хоць просты народ — гэта верны і не вельмі зменлівы хавальнік мясцовых нораваў і звычаяў, аднак і ён з поступам цывілізацыі або нават са зменай адносін у краіне павінен перайначыцца і не можа зберагчы ў чысціні карціну жыцця, што праходзіць у гэтай юдолі; аднак любяць нашчадкі аглядаць абліччы сваіх прадзедаў; захавайма ж іх для іхняй чуллівасці і, пагасшы, яшчэ абудзім у іх сэрцах большую прыхільнасць да цяперашняга веку і памяць аб ім.
Іншыя дыялекты славянскага паходжання больш шчаслівыя, бо нават такія, як, напрыклад, краінскі, краацкі і далмацкі, кожны з якіх паасобку не налічвае і трохсот тысяч жыхароў, што гавораць на ім, паводле сведчання Ліндэ, маюць свае граматыкі і слоўнікі, прычым 1584, 1595 і 1670 гг. Тут наадварот, крывіцкае племя, якое налічвае некалькі мільёнаў насельніцтва, не мае нічога болей, апрача катэхізіса, выдадзенага нядаўна ў Віленскай епархіяльнай друкарні26, якога бачыць мне, аднак, не здарылася. Менавіта цяпер пара адплаціць за гэта занядбанне мінулых вякоў і ўзяцца за ўкладанне граматыкі і слоўніка крывіцкага дыялекту, калі ён, за невялікімі выключэннямі, яшчэ ў поўнай чысціні; бо хоць бы хацелі калі вучыць сялян іншаму дыялекту, яны не зразумеюць яго дастаткова, не маючы тэрмінаў гэтага іншага, выкладзеных на сваім уласным дыялекце. Цудоўная гэта была б работа для сельскіх ксяндзоў і памеснай шляхты, што мае хоць якую адукацыю. Хоць складанне добрага слоўніка і граматыкі патрабавала б ведаў і здольнасцей Кнапскіх27, Капчынскіх і Ліндэ, аднак маючы пратораную імі дарогу, наследаванне ім было б не такім цяжкім, як гэта камунебудзь здавалася б, а той, хто ўзяў бы на сябе гэту працу, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым, бо калі мы рады бачыць рэшткі кельцкай або герульскай мовы, што засталіся ў дакументах, можа, калі-небудзь будзе абуджаць такую ж і непустую цікавасць помнік крывіцкага дыялекту, які, трэба сумнявацца, каб сам стаў пісьмовым і развіваўся самастойна.
Даручаючы гэту маю працу добразычлівай прыхільнасці чытачоў, чулых да лёсу сялян чалавечых сэрцаў і ласкавай увазе даследчыкаў славяншчыны, малю цябе, божа, каб ты так сама,
як даў мне час і магчымасць для яе завяршэння, меў ласку і благаславіць!
Пісаў 23 красавіка
1845 г. у Бартніках28
1 Чачот надрукаваў у сваім зборніку слоўнічак адметных, самабытных беларускіх споў, уласцівых, на яго думку, толькі беларускай мове. He задавальняючыся прынятым у польскай лінгвістыцы тэрмінам idiotyzm, ён прапанаваў для такіх слоў свой тэрмін — wiasnonazw.
2 Ліндэ Самуэль Багуміл (1771—1847) — польскі лінгвіст, педагог. У 1807— 1814 гг. выдаў шасцітомны «Слоўнік польскай мовы», які захоўвае сваю вартасць да нашых дзён (другое выданне, дапоўненае, выйшла ў 1854—1861 гг., трзцяе, фотаафсетнае, — у 1951 г.).
3 Гл. т. VI, стар. 74 трэцяга выдання слоўніка Ліндэ.
4 У нашай публікацыі ўжываецца прынятая цяпер літара — ў.
5 Так да 1843 г. называўся Свянцянскі пав. Віленскай губ.
6 Шарфенбергеры (Шарфенбергі) — дынастыя польскіх кракаўскіх кнігадрукароў XVI cm. Лазар Андрысовіц (памёр у 1577 г.) — кракаўскі друкар, заснавальнік друкарскай фірмы.
7 Капчынскі Ануфрый (1735—1817) — філолаг і педагог, аўтар граматык польскай мовы.
8 Фялінскі Алоіз (1771—1820) — польскі паэт, драматург, вучоны, у 1794 г. сакратар Т. Касцюшкі. У1816г. выдаў працу «Падставы правапісу, якіяўжываю».
9 Маюцца на ўвазе працяжнікі.
10 Пачаткам кнігадрукавання ў Польшчы лічацца 1473—1474 гг. Першая кніга на польскай мове («Рай душэўны» Берната з Любліна) надрукавана ў 1513 г.
11 У 1594 г. друкар Ян Янушоўскі, гуманіст па поглядах, распрацаваў і выдаў праект польскай арфаграфіі, у якім знайшлі таксама адлюстраванне адпаведныя праекты паэта Яна Каханоўскага і пісьменніка Лукаша Гурніцкага.
12 Галер Ян (1476—1525) — кракаўскі друкар і выдавец, адзін з пачынальнікаў кнігадрукаеання ў Польшчы.
13 Дзесяцітомная «Гісторыя польскай літаратуры» Міхала Вішнеўскага выходзіла ў 1840—1857 гг.
14 Кашуцкі Станіслаў (памёр у 1559 г.) — прыдворны бібліятэкар караля Зыгмунта Аўгуста, перакладчык, паэт. У1558 г. выдаў пераклад працы нямецкага літаратара Рэйнгарта Ларыхіуса (Лорыха) «Кнігі пра выхаванне і практыкаванні кожнага, хто мае ўладу».
15 Леапаліта (Ян Ніч; каля 1523—1574) — тэолаг. «Біблія Леапаліты» (1561) — перійы польскі друкаваны пераклад свяшчэннага пісання.