• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пачынальнікі З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Пачынальнікі

    З гіст.-літар. матэрыялаў XIX ст.

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 549с.
    Мінск 2003
    144.85 МБ
    35	Мікеланджэла Буанароці (1475—1564) — італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар і паэт.
    36	Гальдоні Карла (1707—1793) — італьянскі драматург і тэатральны дзеяч, стваральнік італьянскай рэалістычнай драмы эпохі Асветніцтва. Шырока карыстаўся венецыянскім і іншымі дыялектамі.
    37	У «Kraju»: Сегагі. Маецца на ўвазе Чэзары Антоніа (1760—1828) — італьянскі філолаг і пісьменнік, вядомы сваёй барацьбой за чысціню айчыннай мовы (на аснове архаізацыі).
    38	Джусці Джузэпе (1809—1850) — італьянскі паэт, удзельнік вызваленчага руху, аўтар сатырычных вершаў, напісаных гутарковай мовай.
    39	Маецца на ўвазе латынь.
    40	Лібельт Караль (1807—1875) — польскі філосаф, крытык і публіцыст. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху.
    41	Куліш Панцеляймон Аляксандравіч (1819—1897) — украінскі пісьменнік і вучоны ліберальнага, а потым кансерватыўнага кірунку.
    42	Квітка-Аснаўяненка Рыгор Фёдаравіч (1778—1843) — украінскі пісіменнік, пачынальнік новай украінскай прозы.
    43	Гулак-Арцямоўскі Пятро Пятровіч (1790—1865) — украінскі паэт.
    44	Грабенка (Грабінка) Яўген Паўлавіч (1812—1848) — украінскі і рускі пісьменнік, блізкі да «натуральнай школы».
    45	Ваўчок Марка (Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 1834 — 1907) — украінская і руская пісьменніца-дэмакратка.
    46	Старажытналітоўскія жрацы.
    47	Так у «Kraju».
    48	У крыніцы: j?zyk litewsko-urz?dowy. Перакладзена з улікам папраўкі, надрукаванай у «Kraju», 1885, № 8, стар. 23.
    49	У крыніцы: j?zyk litewski. Перакладзена з улікам папраўкі ў «Kraju», № 8.
    50	Так у «Kraju» (dira).
    51	Мяркуючы па папярэдняму тэксту, А. Ельскі мае наўвазе h.
    52	Маюцца на ўвазе В. Дунін-Марцінкевіч і Геранім Марцінкевіч.
    53	Насовіч Іван Іванавіч (1788—1877) — беларускі лексікограф і фалькларыст, аўтар «Слоўніка беларускай мовы» (1870).
    54	Федароўскі Міхал (1853—1923) — польскі і беларускі фалькларыст і этнограф.
    55	Ельскі Міхаіл Карлавіч (1831—1904) — скрыпач і кампазітар. Брат А. Ельскага.
    56	Пераклад А. Ельскага. Цалкам пераклад першай кнігі надрукаваны ў Львове ў1892г.
    57	Г. зн. салдацкія.
    АДАМ МІЦКЕВІЧ НА БЕЛАРУСІ
    Калі заходзіць гаворка пра Міцкевіча і яго сціплае роднае гняздо, міжвольна паўстае пытанне, чаму гэта столькі карыфеяў айчыннай навукі і мастацтва, чаму гэтакіх Хадкевічаў1, Несялоўскіх2, Рэйтанаў3, Касцюшкаў, Багушэвічаў4, Манюшкаў, Міцкевічаў, Чачотаў, Кандратовічаў5, Занаў, Дамейкаў6, Здановічаў7, Прозараў8, Барташэвічаў9, Семірадскіх10, Крашэўскіх11 і столькі-столькі іншых выдала адна зямля. Павінна гэта сапраўды быць глеба ўрадлівая, калі нараджае такія шчодрыя плёны! Трапна выказалі гэта Поль і Сыракомля. Першы з іх кажа:
    Lud tarn jeszcze nie zmieszany, Wszystko jeszcze jest gniazdowe, — Kazdy swoj...12
    Другі ж дапаўняе гэтую думку.
    Tutaj chrobrym zapalem piers m?za oddycha Tutaj milosc dziewicza gor^ca, choc cicha, Tutaj znac burze zycia na obliczu starem Kolejno z plugiem, krzyzem, z mieczem i puharem.
    («Дэмбарог»)
    Бо старажытны ж і народ гэты, што насяляе разлеглыя абшары: ад вытокаў Дняпра да Буга і Нарава, ад Віліі да Прыпяці — гняздо старадаўняй славяншчыны, краіна герояў, гусляроў, патрыярхальных адносін і ахвяр у імя ўзнёслых ідэалаў! Усё гэта разам узятае злілося ў духу карэннага племені, прывітыя
    на яго гістарычным пні пабрацімчыя парасткі разрасліся ў магутныя, цудоўныя па форме галіны, поўныя духмяных кветак і салодкіх пладоў!.. Нездарма ж пра гэту родную зямлю, пачынаючы ад Баяна13 аж да нашых часоў, столькі разоў з захапленнем спявалі нашы вестуны, чэрпаючы з народных песень, легенд і паданняў прарочае натхненне. Гэта ж з роднай глебы прарос геній Міцкевіча, і з яе таксама браў ён сюжэты да многіх сваіх твораў, аб чым сведчаць такія творы, як «Свіцязь», «Свіцязянка», «Дзяды», «Дудар», «Люблю», «Лілеі», «Уцёкі», «Гражына», «Пан Тадэвуш» і іншыя, а мноства мясцін і назваў, якія ўспамінае вястун, як Цырын, Грачыхі, Ятра, Нёман, Налібокі, Навагрудак, Мядзведка, Плужыны, Рута, Сапліцова, Свіцязь, Туганавічы, Дзятлава і г. д., паказваюць, дзе ахвотней за ўсё блукала думка песняра, якімі вобразамі любіла яна песціцца. «Гражына» пачынаецца цудоўнай начной карцінай навагрудскага замка, «Пан Тадэвуш» — апастрофай да любімай Літвы. Нёман — гэта «дамашняя рака» вестуна, усцяж якой хадзіў ад вёскі да вёскі яго апаэтызаваны «Дудар»14. У «Дзядах» мы бачым сапраўдны паток думак, які выцякае з крыніц глыбокай традыцыі і асабістых успамінаў...
    Меў жа з чаго чэрпаць паэт, калі традыцыйную жыццяздольнасць аўтахтонаў яго родных старонак канстатавалі нават навукова. Так, бесстаронні рускі даследчык беларускай мовы і песень Бяссонаў адкрыта прызнае, што гэта гаворка і песні маюць у сабе рысы больш глыбокай старажытнасці, чым іншыя блізкія, не толькі велікаруская і маларуская, але і паўднёвых славян. Знаходзіць ён у беларускай гаворцы самыя чыстыя першародныя помнікі першабытнай агульнаславянскай мовы, старажытнасць якіх можна параўнаць з грэка-лацінскімі песнямі. Сцвярджае далей, што беларуская мова, малазразумелая для велікарусаў, мае сваю выдатную, незалежную, здзіўляюча жыццяздольную адметнасць і ніколі не адчувала, як памылкова мяркуюць, уплыву польскай або рускай мовы, а наадварот, паглынала гэтыя ўплывы і пераварвала іх у сабе, таму трэба прызнаць за ёй права на існаванне як органам духу некалькіх мільёнаў тыповага народа, а ўсякі замах на гэту святую спадчыну славяншчыны можа прынесці толькі маральную шкоду народу і літаратуры, асабліва рускай, паколькі ў старажытнай песні беларусаў хаваюцца самабытныя скарбы паэзіі; мінскі ж паддыялект, паводле згаданага аўтара, самы чысты і ўзорны ў беларускай гаворцы **.
    Міцкевіч, будучы ў зеніце славы ў сталіцы свету15 і выкладаючы гісторыю славянскай літаратуры, шмат разоў звяртаўся да роднай Літоўскай Русі. Сапраўды знаходзім цудоўны ўрывак пра этнаграфію і народную гаворку гэтай зямлі ў лек-
    цыях XXVI і XXVII 1841 года. Прызнаючы сілу і вялікую важнасць народных гаворак для культурнай мовы, Міцкевіч у лекцыях VII і XX 1842 года папракае рускіх пісьменнікаў, грунтуючыся нават на асвечаным меркаванні вядомага кн. Вяземскага16, што, можа, калі-небудзь яны агледзяцца, бо ішлі ў няправільным кірунку, намагаючыся вызваліцца ад «правінцыяльных» гаворак, а дапасоўваючы гэту думку да польскай паэзіі, робіць глыбокую заўвагу ў лекцыі XI гэтага ж года: што паколькі Русь нараджала самыя выдатныя самабытныя народныя песні, то найбольш слаўныя пісьменнікі, аўтары ідылій, паходзілі ўласна адтуль; што Фр. Карпінскі, дзіця кобрынскай старонкі, дух якога ўскарміўся народнай песняй, з’яўляецца ўзорам цудоўнай паэзіі, за што яго некалі чакае бязмежная слава на Русі.
    У лекцыі VI 1842 года Міцкевіч даводзіць перавагу ў часы Пятра В[ялікага] беларускай мовы, што была калісьці ў Літве афіцыйнай і ўжывалася пры двары, у адносінах да велікарускай і маларускай гаворак. Праўда, вялікі наш паэт, чэрпаючы дух з народных песень, нічога не пісаў па-беларуску, а аматары яго паэзіі, апрача сціплых вытрымак, зусім не ўзнаўлялі прац майстра на беларускай гаворцы, і гэта нягледзячы на факт, што Беларусь мае неаспрэчнае права ганарыцца Міцкевічам, таму што гэты велізарны дух вырас і сфарміраваўся як тып на глебе гэтай карэннай літоўскай славяншчыны. Адзін толькі беларускі пісьменнік нябожчык Вінцэнт Марцінкевіч надрукаваўу Вільні ў 1859 годзе на народнай гаворцы тры часткі17 «Пана Тадэвуша», якога майстар так прагнуў бачыць пад кожнай вясковай страхой*2.
    Аўтар гэтай нататкі таксама спрабаваў перакладаць на беларускую мову некаторыя творы Міцкевіча і мае іх у партфелі, а ўзор яго перакладу «Пана Тадэвуша» быў змешчаны ў № 6 «Kraju» за гэты год18. Разумеючы бязмерную важнасць выратавальнага ўплыву роднай літаратуры на народ, мы горача і неаднойчы стараліся разбудзіць у грамадзянах добрай волі жаданне падтрымліваць папулярныя выданні на беларускай мове*3, але нашы заклікі не прынеслі жаданага выніку. У сувязі з гэтым міжвольна прыходзіць мне ў галаву сумная страфа «Дудара»19:
    Як доўгі Неман я з лірай усцяж іду, Праз горкі, брады і бары, Ад сяла20 да слабады, I думачкі свае гуду.21
    Збягаліся22 людзі, слухалі, да няўцям — He зразумелі мяне хутко — Я слёзы абцёр, хоць сэрцу жутко, Да і далей пашоў сам...
    Замосце пад Мінскам Літ[оўскім]23, 16 ліст[апада] 1885 г.
    *	' Гл. прадмову Бяссонава да выдадзеных ім у Маскве ў 1871 г. «Беларускіх песень».
    *	2 Гл. «Kraj» за бягучы год, № 10ы.
    *	3 Гл. «Kraj» за бягучы год, № 8, стар. 23к.
    Aleksander Jetski. Adam Mickiewicz па Bialorusi. «Kraj», 14 (26) лістапада 1885 г., № 46, Dzial Uteracki, cmap. 34. Пераклад з польскай
    1	Хадкевічы — магнацкі род на Беларусі, прадстаўнікі якога займалі вышэйшыя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. 3 іх найболый вядомы Ян Караль Хадкевіч (1560—1621), гетман вялікі літоўскі, палкаводзец.
    2	Вядомы Несялоўскія: Казімір (памёр у 1754 г.), маршалак канфедэрацыі Навагрудскага еаяводства, польскі пісьменнік. і выдавец гістарычных матэрыялаў, і яго сын Юзаф (1728—1814), навагрудскі ваявода, член віленскага паўстанцкага ўрада ў 1794г.
    3	Праціўнік падзелу Польшчы Тадэвуш Рэйтан.
    4	Багушэвіч-Мінкоўскі Станіслаў (1751—1819) — пасол на варшаўскі сейм 1773 г. ад Мінскага ваяводства, праціўнік падзелу Рэчы Паспалітай.
    5	Паэт Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля).
    6	Дамейка Ігнат (1801—1889) — філамат, асветнік і падарожнік.
    7	Педагог і вучоны Аляксандр Здановіч (1805—1868) і яго сын, паплечнік К. Каліноўскага, Ігнат Здановіч (1841—1863).
    8	Прозар Караль (1759—1841) — абозны вялікі літоўскі, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая, актыўны ўдзельнік паўстання 1794 г. Арыштоўваўся па справе дзекабрыстаў.
    9	Гісторык і літаратуразнаўца Юльян Барташэвіч. Родам з Падляшша.
    10	Семірадскі Генрык (Генрых Іпалітавіч; 1843—1902) — гістарычны жывапісец. Родам з Украіны.
    11	Крашэўскі Юзаф Ігнат (1812—1887) — польскі пісьменнік. Паходзіў з пружанскай шляхты.
    12	Цытата з «Песні аб нашай зямлі» (1843) Вінцэнта Поля.
    13	Баян — старажытнарускі пясняр, вядомы па «Слову аб палку Ігаравым».
    14	Маецца на ўвазе герой аднайменнага верша А. Міцкевіча.
    15	У Парыжы.
    16	Вяземскі Пётр Андрэевіч (1792—1878) — рускі паэт і крытык.