Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
Нядаўна ў папцы з надпісам «Адмоўленае» я знайшоў аповяды, якія меў нахабства падсоўваць гэтай выдатнай жанчыне, і толькі тады ўсвядоміў усю ступень яе выдатнасці.
Аднак здарылася немагчымае: урэшце я зразумеў, чаго яна ад мяне чакае. На гэта спатрэбілася некалькі месяцаў.
— Яшчэ трохі літаратурна, галубок... Гісторыя! Проста распавядзіце гісторыю... Усё астатняе дадасца...
У дзень, калі я гэта зразумеў, я перастаў хадзіць у «Матэн»: мне было сорамна, і толькі праз шмат гадоў я зноў сустрэў Калет і пасябраваў з ёю. Мне трэба было вучыцца расказваць гісторыі.
Гэтае вучэнне доўжылася дзесяць гадоў, і я не зусім перакананы, што і цяпер яно скончанае.
Расказваць гісторыі, інакш кажучы, чалавечыя жыцці... Гэта значыць прымушаць людзей жыць, запоўніць дзве ці там пяць сотняў старонак кнігі чалавечым духам — як мага паўней... Чым болып я сталею, чым больш пішу, тым больш разумею, колькі ў гэтым гардыні. Такой гардыні, што я знаходжу — толькі не палічыце гэта блюзнерствам — адно такія словы, каб выкласці сваю думку: «Дасканалы раманіст мусіць быць своеасаблівым богам-бацькам...»
Ствараць людзей, несці ў далонях свет... Але хіба героі Бальзака, Дзікенса, По, Дастаеўскага не такія ж рэальныя,
як тыя людзі, з якімі вы сустракаецеся на вуліцы? Хіба пані Бавары не здаецца вам больш знаёмай, чым самая блізкая сяброўка?
Аднак Калет казала мне:
— Галоўнае, ніякай літаратуры!
I казала праўду.
Проста распавядаць гісторыі, з самага пачатку, са стараннасцю чырванадрэўшчыка, які працуе за варштатам. I няважна, ці здарыцца цуд, ці не, дадасца астатняе ці не дадасца. Я, некалі такі неўтаймаваны, раптам настолькі змірнеў, што вырашыў расказваць свае гісторыі самым простым людзям.
Аднае раніцы я скупіў у кіёсках усе танныя народныя раманы, якія мог знайсці. Тады іх было безліч, прычым усіх відаў. Раманы для краўчых, для машыністак, неверагодныя драмы для брамніц, гісторыі на ружовай вадзічцы для анемічных паненак. Былі і прыгодніцкія раманы для хлопчыкаў — пра індзейцаў, буканьераў, піратаў, разбойнікаў з вялікае дарогі і джэнтльменаў-рабаўнікоў. Я адкрыў сапраўдную індустрыю, якая выпускала велізарную колькасць дакладна вызначанай ці, як мы сказалі б цяпер, стандартызаванай прадукцыі — ад кніжачкі ў некалькі старонак за дваццаць пяць сантымаў да таўшчэзнага, надрукаванага дробненькім шрыфтам на шурпатай паперы народнага рамана за франк дзевяноста пяць.
Я навучыўся вырабляць усе віды гэтае прадукцыі, пачынаючы са сціплага танюткага раманчыка, які краўчыха суне сабе ў сумку, каб потым праліваць над ім слёзы, і канчаючы чуллівай гісторыяй, якая паўгода друкуецца на апошняй старонцы тыднёвіка. I цяпер я зусім не саромеюся. Наадварот. Прызнаюся вам, што гэты перыяд свайго жыцця я ўспамінаю з самай вялікай пяшчотаю, калі не з журбою. Безумоўна, тады я не надта ганарыўся сваімі творамі, якія падпісваў шаснаццаццю псеўданімамі. I, каб не вельмі ўжо апускаць галаву, мне прыходзілася часта паўтараць сабе, што Бальзак дый многія іншыя пісьменнікі дэбюта-
валі гэтаксама. Сціпласць прыходзіць да чалавека з узростам, і гэта, несумненна, цудоўна.
Я быў гэтакі дробны рамеснік, вырабляльнік, так бы мовіць. I, як такі, кожны тыдзень прыходзіў па заказы да буйных прадпрымальнікаў — выдаўцоў народных раманаў. I, як кожны рамеснік, пачаў з адліку сабекошту ў залежнасці ад гадзіннай выпрацоўкі.
«Значыцца,— прыкідваў я,— працуючы па восем гадзін, я магу друкаваць па восемдзесят етаронак у дзень. Інакш кажучы, тры дні на прыгодніцкі раман у дзесяць тысяч радкоў1 за пятнаццаць тысяч франкаў ці шэсць дзён на раман пра каханне ў дваццаць тысяч радкоў за тры тысячы франкаў...»
I я выстройваў свой бюджэт. За столькі вось тысяч радкоў у год, інакш кажучы, за столькі вось гадзін працы, я меў мажлівасць набыць аўтамабіль. За столькі вось мог дазволіць займець шафёра, які будзе развозіць мае рукапісы. А пачынаючы з вось столькіх — гэта ўжо яхта, якую мне страшэнна хацелася мець, гэта плаванні, адкрыты мне цалкам свет.
Але гэта толькі адзін бок праблемы. Разумееце, я хацеў жыць. Але не дзеля сябе, не праз звычайную прагу жыцця, а таму, што ўсвядоміў: іншаму чалавеку можа быць перададзена з дапамогаю літаратуры толькі тое, што я перажыву сам. Мне трэба было зведаць свет ва ўсіх ягоных абліччах, па гарызанталі, інакш кажучы, на ўсім ягоным працягу: убачыць краіны і народы, мясціны і звычаі, але адначасна зведаць гэты свет і па вертыкалі, інакш кажучы, трапіць у самыя розныя слаі грамадства, быць сваім і ў маленькім бістро, куды ходзяць рыбакі, і на кірмашы сярод гандляроў худобаю, і ў салоне ў банкіра.
1 Тут пісьменнік, канечне, мае на ўвазе нейкія іншыя, а не нашыя звыклыя кніжныя або машынапісныя старонкі. 10 000 радкоў — гэта сама болей 37 старонак такой кнігі, якую вы цяпер чытаеце. Найлепшая машыністка наўрад ці зможа механічна перадрукаваць за дзень 80 старонак чыстага «сіменонаўскага» тэксту. (Заўв. перакладчыка.)
Дарэчы, пра банкіраў. Дазвольце мне нагадаць адно маё выказванне — магчыма, наіўнае — таго часу:
«У маіх кнігах не будзе банкіраў да тае пары, пакуль я не з’ем з адным з іх за сняданкам яйка ўсмятку».
Жыць, і, паўтараю, жыць напружана.
Жыць, каб потым прыдумваць жыццё.
Жыць, каб расказваць гісторыі.
Сумуючы па тым часе, я згадваю сваю кватэру на Вагезскай плошчы ў Парыжы, якая некалі называлася Каралеўскаю; на ёй жылі кардынал Рышэлье і пані дэ Сэвінье'.
Успаміны мае пераважна зімовыя, бо ўвесну я ўцякаў з Парыжа куды-небудзь на прыроду ці на мора. У чатыры гадзіны раніцы я ўжо быў на нагах. He забывайцеся: за дзень я павінен быў адстукаць свае восемдзесят старонак рукапісу!
Патрэбны прыгодніцкі раман? Я наўздагад разгортваў Энцыклапедыю Ларуса. Вось велізарны, амаль невядомы трохкутнік Афрыкі... I амаль у самым ягоным цэнтры раён Вялікіх вадаспадаў... Готэнтоты... Пігмеі... Невядомыя расліны, назвы якіх падобныя на песню: напрыклад, калі я не памыляюся, Welchitshia Mirabelis — і ўжо гэтая расліна проста павінна быць чымсьці зусім незвычайным. Я ўжо бачыў раман... Ен будзе называцца «Місцюкі Вялікіх вадаспадаў», бо я імгненна ўяўляю сабе, як корпаюцца, нібыта мурашкі, у неўладкаваным, зусім яшчэ першабытным сваім свеце пігмеі ростам з дзіця. Я жыву ў фантастычным свеце, і кніжак менавіта пра гэты фантастычны свет патрабуюць маленькія і нават не вельмі маленькія дзеці. I вось, седзячы спінаю да агню ў доме на пышнай Вагезскай плошчы, якая з’яўляецца іпэдэўрам архітэктуры XVII стагоддзя, я пражыву тры дні ў афрыканскіх джунглях, буду сустракацца з ільвамі, са статкамі сланоў і буйвалаў, з гарыламі і грымучымі змеямі!
' Сэвінье Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркіза (1626—1696) — французская пісьменніца, майстар эпісталярнай прозы.
Я расказваю гісторыі, расказваю іх самому сабе. Разумееце? Калі заўтра мяне пацягне ў Азію, я напішу «Таямніцу ламаў» ці «Шы Мацзін, ахвярнік», а потым перабяруся ў Ціхі акіян, пабываю ўсюды, куды дазволіць мне забрацца Лярус, дайду ажно да вашай краіны, дзе перажыву ў сваіх уяўленнях змрочную гісторыю «Вока Юты», а трохі пазней яшчэ адну — у стылі Ракамболя' — «Чыкагскія гангстэры»; там будуць і высачэзнейшыя гмахі, і аўтаматныя перастрэлкі.
Я вучуся расказваць і расказваю, мажліва, няўмела — абмежаванай групе чытачоў, якая не жадае, каб парушалі яе звычкі. Кожны тыдзень новы раман, і кожны раз ён адра саваны новаму чытачу: сёння пятнаццацігадовым хлапчукам ці сентыментальным жанчынам, заўтра аматарам вострых адчуванняў ці экзотыкі. Так, не сыходзячы з месца, я аб’ехаў увесь свет. I клянуся вам, свет гэты быў цудоўны. Ен жа быў несапраўдны — складзены з кубікаў, прызначаных чытачам, якія не жадаюць расчароўвацца.
Час ад часу дзе-небудзь усярэдзіне раздзела, у дыялогу ці апісанні, я спрабаваў практыкавацца, для самога сябе, у больш тонкім пісьме, гэтаксама як іграюць гамы, і ніхто аніводнага разу не выявіў гэтых фальшывых нот у маіх народных раманах. Я вучыўся сумленна, цярпліва і адначасна пачынаў жыць.
Праз год у мяне ўжо быў аўтамабіль з шафёрам. Яшчэ праз год — яхта, і цяпер ужо прадукцыю сваёй серыйнай вытворчасці я пасылаў літаратурным падрадчыкам з галандскіх, дацкіх, нарвежскіх ці іспанскіх портаў.
I тут мне хочацца зрабіць вам адно прызнанне. He пакідаючы Вагезскай плошчы, я з дапамогаю энцыклапедый і атласа аб’ездзіў увесь свет. Але аднойчы — я гэта і цяпер памятаю — я прыехаў у Марсель, каб сесці там на карабель
' Ракамболь — галоўны персанаж многіх твораў французскага пісьменніка П. А. Пансон дзю Тэрайля (1829—1871). Былы гарсон парыжскага кафэ, Ракамболь цаною неверагодных прыгод пракладвае сабе шлях у вышэйшы свет.
і адправіцца ў Афрыку. Я накіроўваўся ў той самы раён Вялікіх вадаспадаў, які з такім імпэтам апісваў. Але калі едзеш у Афрыку, патрэбны трапічны шлем. I вось я зайшоў у краму капялюшніка на вуліцы Сэн-Фэрэоль. Гаспадар пачаў прымяраць мне шлемы.
Ці заўважалі вы, што найбольш недарэчна пачувае сябе мужчына (у адрозненне ад жанчыны!), калі перад цьмяным экранам люстра прымервае новы капялюш? Я стаяў у гарадскім касцюме са шлемам на галаве, а прадавец запэўніваў мяне:
— Усё роўна якраз як для вас. Менавіта тое, што вам трэба ў Цэнтральнай Афрыке.
Дык вось, таго дня я зразумеў, што з прыдуманымі народнымі раманамі скончана. Гледзячы на сваё вартае жалю адлюстраванне, я адчуў, што збочыў за новы мыс, можа, самы небяспечны з усіх, што назаўжды развітаўся з мараю дзеля рэальнасці, з юнацкай наіўнасцю дзеля трывог і страхаў дарослага мужчыны. Гэты першы мой трапічны шлем стаў па сутнасці маім пашпартам, пропускам у сапраўднае жыццё. I калі б люстэркі мелі памяць, калі б іх кожны тыдзень не мылі, гэтае магло б вярнуць мне аблічча маладога чалавека, які да таго гуляў са светам, а цяпер нарэшце ўступаў у яго.
Выгляд у мяне быў досыць напалоханы. Я спрабаваў усміхнуцца, і ўсмешка мая павінна была перадаваць упэўненасць, але вусны крывіліся ад боязі заплакаць, ад чалавечага страху перад рэальнасцю. Згадайце, што так проста і з такім прадбачаннем казала мне Калет:
— Галоўнае, ніякай літаратуры!
Ну што ж! Цесныя кантакты з людзьмі, падарожжы, нават сама мая прафесія расказчыка гісторый, якую я пачаў асвойваць, напаўнялі мяне палкім жаданнем памерацца нарэшце не з надуманымі драмамі, а з рэальнасцю; тады я яшчэ не смеў казаць — з Жыццём.