Падарожжы
Выдавец:
Памер: 353с.
Мінск 1954
значнай рознагалосіцы, якая сустракаецца ў розных падручніках па антрапалогіі.) Шчыльна прылягаючая да галавы дробнакучаравая куафюра туземцаў ператварылася праз мінут пяць расскубання і ўзбівання ў эластычную шапку валасоў, якую так часта апісвалі падарожнікі, бачыўшыя ў ёй нешта характэрнае для некаторых «рознавіднасцей» папуаскай расы.
Налюбаваўшыся на свае фізіяноміі і прычоскі, мае госці вярнуліся ў пірогу, пракрычаўшы мне «э мэм». (Я ўсё яшчэ не ведаю, што азначае гэтае слова.)
У Ульсана сёння ліхаманка. He паспею крыху ачуняць я сам, як захворвае ён.
29 снежня
Заходзіў у Гарэнду напомніць туземцам, што яны ўжо даўно не прыносілі мне свежых какосаў.
— He прыносілі таму, — хорам адказалі папуасы, — што тамо рус (рускія людзі, матросы «Віцязя») ссеклі шмат какосавых дрэў і цяпер мала засталося арэхаў.
Думаючы, што яны перабольшваюць і што калі гэта і здарылася, то ў выглядзе толькі выключэння, я прапанаваў паказаць мне, дзе ссечаны дрэвы. Туземцы паўскаквалі і пабеглі да ссечаных ствалоў какосавых пальм, якія ляжалі каля самай вёскі. Указваючы на ствалы, яны гаварылі:
— Какосы есці можна, але секчы дрэвы нядобра.
Яны гаварылі праўду, і я павінен быў замоўкнуць.
1872 ГОД, СТУДЗЕНЬ
1 студзеня
Ноччу была моцная навальніца. Праліўны дождж ішоў некалькі разоў ноччу і днём. Вецер быў таксама моцны. Ліяны, падсечаныя ля кораня пры расчыстцы пляцоўкі і вісеўшыя ва многіх месцах над страхой, падалі; і адна з іх, упаўшы з вялікім шумам, прабіла страху і разбіла тэрмометр, якім я вымяраў тэмпературу вады.
2 студзеня
Ноччу звалілася з шумам вялікае, падсечанае ля кораня дрэва і лягло ўпоперак ручая. Спатрэбілася патраціць шмат працы, каб ачысціць ручай ад ламачча і лісця.
3 студзеня
Туй, вяртаючыся з плантацыі, прынёс мне сёння маленькае парася: сабака загрыз яго, але не ўправіўся з’есці. Недахоп жывёльнай ежы і пастаяннае хныканне Ульсана па кавалку мяса былі прычынай таго, што я прыняў падарунак Туя.
Маленькая худая жывёліна аказалася для мяне цікавай; гэта была новая паласатая рознавіднасць свінні. Цёмнабурыя палосы перамешваліся са светларудымі; грудзі, бруха і ногі былі белыя.
Я адпрэпараваў галаву, зрабіў эскіз, а затым перадаў парася Ульсану, які прыняўся чысціць яго, скрэбці і варыць.
Гледзячы на Ульсана, занятага прыгатаваннем мяса, а потым ядой, можна было бачыць, наколькі людзі — жывёлы драпежныя. Так, кавалак мяса — важная рэч!
Два-тры дні таму назад, разглядаючы маю калекцыю валасоў папуасаў, я канстатаваў некалькі цікавых фактаў. Незвычайнае размеркаванне валасоў на галаве лічыцца спецыяльнай асаблівасцю папуаскай пароды людзей. Ужо даўно мне здавалася невераемным сцвярджэнне, нібы валасы на целе папуасаў растуць пучкамі або групамі. Але велізарны «парык» маіх суседзяў не дазваляў мне пераканацца на ўласныя вочы, як іменна валасы размеркаваны. Прыглядаючыся, як размеркаваны валасы на скронях, патыліцы і верхняй частцы шыі ў дарослых, я ўжо мог заўважыць, што асаблівай групіроўкі валасоў пучкамі не існуе, але коратка пастрыжаную галаву туземца мне бачыць не ўдавалася да гэтага часу.
Пасля снедання, лежачы ў сваім гамаку, я хутка заснуў. Свежы вецер калыхаў маю пасцель. Праз сон пачуў я голас, які клікаў мяне, і, убачыўшы таго, хто клікаў, я адразу-ж ускочыў. Гэта быў Коле з Бонгу з Сыроем, хлопчыкам гадоў дзевяці, вельмі коратка астрыжаным.
3 вялікай цікавасцю і ўвагай агледзеў я галаву хлопчыка і нават замаляваў тое, што мне здавалася найбольш важным. Я так доўга і ўважліва вывучаў размяшчэнне валасоў на галаве ў Сыроя, што маім папуасам зрабілася жудасна, і яны паспяшылі аб’явіць мне, што павінны ісці.
Валасы растуць у папуасаў, як я пераканаўся, не групамі або пучкамі, а зусім так, як і ў нас. Гэтае, на думку многіх, магчыма, вельмі нязначнае назіранне разагнала мой сон і прывяло мяне ў прыемны душэўны стан.
Некалькі чалавек, якія прышлі з Гарэнду, зноў далі мне повад для назіранняў. Лялу папрасіў у мяне люстэрка і, атрымаўшы яго, пачаў вышчыпваць сабе валасы з вусоў, — тыя што раслі блізка ля губ, — а таксама ўсе валасы на бровах; ён найбольш старанна вышчыпваў сівыя валасы.
Жадаючы папоўніць сваю калекцыю, я прынёс шчыпцы і прапанаваў яму свае паслугі, на што ён адразу-ж згадзіўся.
Я пачаў вышчыпваць па аднаму валаску, каб бачыць іх карані. Заўважу тут, што валасы папуасаў значна танчэй за валасы еўрапейцаў і з вельмі маленькімі каранямі.
Апошнія два тыдні дзьмулі даволі моцныя вятры, пераважна ад дзесяці раніцы да пяці гадзін дня. Тут яны з’яўляюцца рэдкасцю ў кастрычніку і лістападзе, і таму днём цяпер значна свяжэй.
Ульсан угаварыў мяне ехаць вудзіць рыбу, але, як я і чакаў, мы нічога не злавілі. Жыхары Гарэнду і Бонгу таксама займаліся рыбнай лоўляй. Я накіраваў шлюпку да трох бліжэйшых агеньчыкаў паглядзець, як яны гэта робяць. Пад’ехаўшы даволі блізка, я аклікнуў іх; на пірогах узняўся перапалох. Агні адразу-ж патухлі, і пірогі зніклі ў цемнаце ў напрамку да берага.
Прычынай уцёкаў туземцаў і наступлення раптоўнай цемнаты была прысутнасць на пірогах жанчын, якіх пры маім набліжэнні спешна высадзілі на бераг. Я аб гэтым даведаўся па жаночых галасах, якія даляцелі да мяне.
Пірогі, аднак, вярнуліся. Мінуты праз дзве шлюпка была акружана дзесяткамі пірог, і амаль што кожны з туземцаў даў мне па адной або па дзве рыбкі. Затым яны ад’ехалі і прадаўжалі лоўлю.
На платформе кожнай пірогі ляжала цэлая куча звязанай у пучкі доўгай сухой травы. Туземец, які стаяў на носе пірогі, запальваў адзін за другім гэтыя пучкі і асвятляў паверхню вады. На платформе стаяў другі туземец з юрам (астрогай), футаў восем або дзевяць даўжыні, які ён пускаў у ваду і амаль кожны раз скідаў нагой з юра дзве або тры рыбкі. Часта яму прыходзілася выпускаць юр з рук, і тады пірога пад’язджала да юра, які плаваў стоячы, пагружаны ў ваду толькі на чвэрць. (Юр зроблены так, што, пагрузіўшыся ў ваду і захапіўшы здабычу, падымаецца з вады сам і плавае, стоячы ў вадзе амаль перпендыкулярна, а рыбкі застаюцца паміж зубцамі.)
Нарэшце, трэці папуас кіраваў пірогай, седзячы на карме.
7 студзеня
Цэлы дзень ліў дождж і было холадна. У мяне зноў пачынаецца прыступ ліхаманкі, ужо другі за гэты дзень. Кожныя пяць мінут дрыготка становіцца часцей. He гле-
дзячы на тое, што адзеты я вельмі цёпла (на мне дзве фланелевыя кашулі, дзве пары фланелевых штаноў, a зверху каленяў і вакол плеч коўдра) мне холадна, і становіцца халадней з кожнай гадзінай, і вельмі кружыць галава. Толькі моцна сціскаючы лоб левай рукой, я магу пісаць.
Цэлы дзень учора і да шостай гадзіны папоўдні сёння я быў ні да чога не здольны; мне заставалася толькі ляжаць з жудасным галаўным болем і спакойна чакаць, пакуль прыступ скончыцца. Каля шасці гадзін мне зрабілася лепш, але цяпер, яшчэ праз поўгадзіны, я адчуваю сімптомы новага прыступу. За трыццаць чатыры гадзіны, на працягу якіх перанёс тры параксізмы ліхаманкі, я праглынуў 4 граны хініну (0,5 на дозу). На справе не туземцы, не трапічная гарачыня і не густы лес — сапраўдныя вартавыя Новай Гвінеі. Магутнай саюзніцай туземнага насельніцтва ў ахове ад чужаземных захопнікаў з’яўляецца бледная, халодная дрыготка, а затым пякучая ліхаманка. Яна падпільноўвае новых прышэльцаў у першых праменнях сонца і ў агнявой спякоце поўдня; яна падпільноўвае неасцярожнага ў апошніх ценях дня; халодныя навальнічныя ночы, таксама як і ціхія месячныя вечары — для яе не перашкода. Нават самы асцярожны наўрад ці пазбегне яе. Спачатку ён не адчуе яе прысутнасці, але хутка акажацца, што ногі ў яго наліты свінцом, думкі перарваны галавакружэннем, халодная дрыготка прабягае па руках і нагах, вочы становяцца адчувальнымі да святла, а павекі бездапаможна апускаюцца. Здані, нейкія велізарныя пачвары, павольныя і сумныя, праплывуць у яго перад вачамі. Паступова халодная дрыготка пераходзіць у гарачку, у сухую бясконцую гарачку, а здані пускаюцца ў фантастычныя скокі.
Галава мая празмерна цяжкая, і рука залішне дрыжыць, пісаць далей немагчыма. Цяпер усяго 9 гадзін, але я адчуваю, што лепшае, на што я здольны, — гэта легчы ў пасцель.
8 студзеня Ліхаманка.
9 студзеня Ліхаманка.
10 студзеня Ліхаманка.
Цэлых пяць дзён запар дакучала мне ліхаманка. Учора і сёння было ўжо ўсяго па аднаму прыступу ў дзень, і сённяшні ранішні прыступ быў лёгкі. Я адчуваю сябе куды лепш, але калені ўсё яшчэ дрыжаць. He буду падрабязна апісваць свой стан, але гэта карысна ведаць тым, хто падумае забрацца сюды. Скажу толькі, што ўвесь гэты час галава ў мяне балела нясцерпна, і я адчуваў поўную агіду да ежы, або, дакладней гаворачы, агіду да той ежы, якую мог-бы я адведаць. Я нічога не еў (за выключэннем чаю і халоднага таро, замяняючага мне хлеб) і вельмі аслабеў ад голаду, але тым не менш, не жадаючы клікаць Ульсана, сам асцярожна спускаўся з пасцелі на падлогу. Калі-б я выпраміўся, стаў на ногі, я абавязкова ўпаў-бы. Толькі пусціўшы ў ход абедзве рукі, я мог выпаўзаць на веранду, каб тройчы ў дзень запісваць метэаралагічныя назіранні.
Усе гэтыя дні я, відаць, знаходзіўся ў нейкім забыцці і прымаў хіну нясвоечасова. Гэта было галоўнай прычынай таго, што ліхаманка так зацягнулася.
Для таго, каб прымаючы лякарства, данесці ўдачна лыжку да рота, мне даводзілася адной рукой падтрымліваць другую — так страшэнна трэсліся ў мяне рукі. Учора галава ў мяне так кружыла, што я не мог сядзець у крэсле, а вочы і лоб у час параксізму прыкметна апухлі. Сёння я ўжо магу рухацца, а пухліна на ілбе каля вачэй сямтам знікла.
Шмат разоў на працягу гэтых дзён да мяне прыходзілі туземцы. He жадаючы, каб яны ведалі аб маёй хваробе, я ўсё-ж з’яўляўся ў дзвярах, але, каб скараціць іх наведванні, рабіў сур’ёзны твар і кідаў ім крыху тытуню.
На працягу гэтых дзён мяне вельмі раздражнялі хныканні Ульсана з поваду нашага гаротнага становішча. ён без канца дакучаў мне пытаннем, што будзе з намі, калі хвароба мая акажацца працяглай? Калі я хварэю, Ульсан мне не прыносіць ніякай карысці. Я і сам не люблю, калі са мной няньчацца, і лічу за лепшае, каб у час хваробы мяне пакідалі аднаго. Але Ульсан у гэтых адносінах заходзіць ужо занадта далёка. За апошнія пяць дзён ён ні