Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
(Маці, с. 180)
Гэтыя патрыятычныя пачуцці жывілі сэрцы і памяць многіх беларусаў-эмігрантаў, але толькі паэтычнаму таленту было дадзена выказаць іх высокапраўдзівымі, кранальнымі словамі, абессмяроціць радкамі выдатных вершаў. Нездарма Наталля Арсеннева і яе творчасць — своеасаблівая духоўная споведзь перад сабою і перад Радзімай — сталі ідэйнымі натхняльнікамі ўсяго беларускага эмігранцкага жыцця, яго нацыянальнапатрыятычным цэнтрам. Ва ўсіх замежных краінах, дзе жывуць беларусы, шырока адзначаліся юбілейныя вечарыны на доўгім жыццёвым веку паэтэсы. Дарэчы, не было такога беларускага часопіса ці газеты на эміграцыі, дзе б не друкаваліся выдатныя вершы Арсенневай, пачынаючы ад першых выданняў у Нямеччыне да пазнейшых, якія пачалі выдавацца ў ЗША, Англіі, Аўстраліі, Канадзе, Францыі. У 1971 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку наладзіў творчую вечарыну Наталлі Арсенневай “Залатыя ўгодкі”, прысвечаную 50-м угодкам яе літаратурнага шляху. 3 дакладам пра творчасць паэтэсы выступіў вядомы беларускі крытык на эміграцыі Антон Адамовіч, чыталі яе вершы, гучаў славуты гімн “Магутны Божа”, прыйшло шмат віншаванняў ад усіх беларускіх эмігранцкіх асяродкаў, ад пісьменнікаў Ю.Віцьбіча, К.Акулы, М.Сяднёва, А.Салаўя, У.Глыбіннага, Р.Крушыны, кампазітара Карповіча, многіх іншых вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі. I толькі ў 1993 годзе, калі ў Нью-Брансвіку (беларуская калонія недалёка ад Нью-Ёрка) святкавалі 90 гадоў з дня нараджэння паэтэсы, упершыню прыйшлі шматлікія прыватныя віншаванні прыхільнікаў яе таленту з Беларусі. Ад айчынных беларускіх пісьменнікаў яе вітаў паэт Генадзь Бураўкін, які працаваў тады пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН і жыў у Нью-Ёрку.
Як падрахунак 50-гадовай творчай дзейнасці Наталля Арсеннева напісала адзін з лепшых сваіх вершаў “Між берагамі”:
Няцямным немаўлём я пяты памачыла упяршыню ў кіпень ракі майго жыцьця. 1 вось — другі ўжо бераг шэры няўпрыцям расьце перад вачмі...
Ён — прыйме на спачынак.
А я б — яшчэ плыла, няхай між берагамі каменьне, і віры, і дня глыбінны жвір... Ці раз параненая імі да крыві не паддалася ўсё ж, ня пала я ў змаганьні.
Рака, рака жыцьця!
У градаў гнеўнай пене,
У зернятах пяску на плёсах залатых, бурлі ж павек між берагамі ты, і ў грудзі — ўжо ня мне — а зьмене бі па зьмене!	(С. 1)
Гэты сімвалічны верш даў назву кнізе выбраных твораў Наталлі Арсенневай “Між берагамі” (1920—1970), якая выйшла ў 1979 годзе з грунтоўнай прадмовай Антона Адамовіча (НьюЁрк—Таронта). У кнігу ўвайшлі вершы са зборнікаў “Пад сінім небам”, “Жоўтая восень”, “Сягоньня”, “He астыць нам” і вялікі цыкл вершаў “На ростанях”, напісаны ў амерыканскі перыяд, а таксама пераклады з Гётэ, А.Міцкевіча, Ю.Лабадоўскага, М.Драй-Хмары. У сваю чаргу многія вершы Наталлі Арсенневай перакладаліся на фламандскую, нямецкую, англійскую, польскую, украінскую, рускую мовы, многія сталі песнямі, перакладзены на англійскую мову і запісаны на кружэлкі (“Беларусь, наша Маці-Краіна”, “У гушчарах”, “Пойдзем, пойдзем”, “Песьня каліноўцаў”, “На выгнаньні”, “Сакавік”, “Туга”, “Песьня аб долі” — з оперы “Лясное возера”, “Песьня дружыны Усяслава” — з оперы “Усяслаў Чарадзей”, “У бой за Случчыну” (кампазітар М.Куліковіч); “Магутны Божа”, “Заўсёды”, “Сям’ёй вясёлаю” (кампазітар М.Равенскі), “Калыханка”, “Мроя”, “Вясновы вечар”, “Знае сэрца”, “Асеньняя песьня”, “Родны край” (кампазітар Эльза Зубковіч).
У 40—50-х гадах Наталля Арсеннева пісала і драматургічныя творы (“Кастусь Каліноўскі”, “У гасьцёх у Каляды”, “Сіротка Гануля”, “Сваты”, “Нязвычайная дзяўчына”, “Пралог у будучыню”, “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчы-
на”), якія ўяўлялі сабой невялікія сцэнічныя абразкі, п’есы ў адной дзеі для пастаноўкі самадзейнымі беларускімі маладзёжнымі калектывамі на эміграцыі. Яна здзейсніла пераклад “Песьні пра зубра” М.Гусоўскага на беларускую мову (апублікаваны ў “Запісах БІНІМ” 1996, № 22). Але найперш яна была паэтам з Божай ласкі і паэтычная творчасць — яе галоўная жыццёвая заваёва. Менавіта да паэзіі належаць яе словы: “Я ўсё брала ад жыцьця: і сонца, і вецер, і мелодыі, і крыўды, соладзь сустрэч, зімаў золь, і боль, і шум палёў, і голад, і гнеў, вастрэйшы за лязо...” 3 нязменнай цікавасцю яна, па меры магчымасцяў, сачыла за творамі айчынных беларускіх паэтаў, што выходзілі на Бацькаўшчыне, адзначала: “лаўлю таксама часам з сумам, часам з радасьцю весткі з Бацькаўшчыны-Беларусі”; не аднойчы казала: “Я вельмі высока цаню паэзію сучаснае Беларусі, нязгасную любасьць да Бацькаўшчыны, якая ў ёй жыве...”17 Гэта пра беларускіх паэтаў і пра сябе пісала яна ў вершы “Салаўём у лазе”, сцвярджаючы несмяротнасць сапраўднай паэзіі (“Хай жыве беларуская песьня, несьмяротная так, як і мы...”).
Будуць свяціць яе вершы шчырым беларускім душам заўсёды, бо вярнулася Наталля Арсеннева да нас сваімі творамі, якія раней замоўчваліся “немасцю і рабскай глухатой” (Л.Галубовіч). На самым пачатку 90-х гадоў яшчэ пры жыцці паэтэсы ў нашай перыёдыцы пачалі друкаваць яе вершы, факсімільна быў выдадзены яе першы зборнік “Пад сінім небам” (1992), многія творы ўвайшлі ў анталогію паэзіі беларускай эміграцыі “Туга па радзіме” (1992), выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла зборнік выбраных вершаў “Яшчэ адна вясна” (1996), пачалі з’яўляцца крытычна-біяграфічныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, інтэрв’ю з паэтэсай. Імя Наталлі Арсенневай упершыню ўведзена ў энцыклапедычны даведнік “Беларусь” (1995), энцыклапедыю “Гісторыя Беларусі” (1993), энцыклапедычны біябібліяграфічны даведнік “Беларускія пісьменнікі” ў 6 тамах (1992— 1995), якія былі падрыхтаваны ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”.
Яе выдатную паэзію адкрываюць для сябе беларускія чытачы, асабліва маладыя, якім сёння шмат кажа прыродаапісальная, філасофская лірыка, нацыянальна-патрыятычная прабле-
17 Беларус. 1983. С. 314.
матыка твораў таленавітай паэтэсы. Нашы паэты прысвячаюць ёй свае вершы, адчуваючы духоўную роднасць, прыцягальнасць яе творчасці.
У часопісе “Крыніца”, спецыяльна прысвечаным жыццёваму і творчаму шляху Наталлі Арсенневай, былі змешчаны ўспаміны Генадзя Бураўкіна пра сустрэчы з паэтэсай у Амерыцы. Паэт пісаў:
“...Жыццё са сваёй сявенькі ўдосталь адсыпала Наталлі Арсенневай і чыстых зярнят радасці і ўдач, і сухой гірсы бяды і выпрабаванняў. Перажытага ёю хапіла б на дзесятак лёсаў, і дзіву даешся, як гэта ўсё не зламала, не сагнула яе, не патушыла ў вачах вясёлага агню надзеі і лагоднасці. Атожылак таленавітага лермантаўскага роду, яна праз гады захавала шляхетную годнасць і нават велічнасць. На жывапісных партрэтах у яе паставе нездарма ёсць нешта ад “царскасці” Ахматавай і “значнасці” вялікасвецкіх прыгажунь. Яна ніколі не дазваляла сабе быць ці выглядаць слабой, залежнай, разгубленай...
Я, безумоўна ж, запытаўся ў Арсенневай, ці збіраецца яна наведаць родную Беларусь, Валожыншчыну, вёску Доры, прырода і людзі якой на доўгія гады нашапталі ёй так многа выдатных паэтычных радкоў. Яна пахітала сумна галавою і спакойна, як даўно абдуманае, сказала:
— Хацела б. Вельмі. Ды не змагу. Фізічна... Позна...
На сваёй кніжцы “Між берагамі” яшчэ пры першай нашай сустрэчы яна напісала мне: “Хай жа нішто не дзеліць больш нашыя берагі!”
I я рады, што яна сёння стаіць на высокім беразе нашай літаратуры, знакамітая паэтэса Арсеннева, гожая і мужная спадарыня Наталля...”18
Наталля Арсеннева вярнулася да нас, дакранулася роднага парога сваімі кнігамі, выдадзенымі ўжо і ў Беларусі, сваімі глыбока-кранальнымі вершамі, насычанымі нязгаснай любоўю да Бацькаўшчыны:
He цалавала рук нікому я ў жыцьці, Табе ж, мая зямля,
18 Бураўкін Генадзь. Спадарыня Наталля: Час // Крыніца. 1996. № 11 — 12. С. 42-44.
Я цалавала б ногі за цішу, за туман, за жаўрукоў, — за ўсё, чаму я ўжо, відаць, ня выйду напярэймы...
(Сон, с. 274)
Некалі, у раннюю пару сваёй творчасці, у вершы, прысвечаным улюбёнаму гораду (“Вечар у Вільні”), яна пісала:
Манюся тут сваю апошнюю зару я сустракаць, адсюль — пайсці адвечным шляхам...
Але сваю апошнюю зару яна сустрэла далёка ад Бацькаўшчыны, у амерыканскім горадзе Рочэстэры, дзе жыла ў сям’і сына Уладзіміра. Памерла Наталля Арсеннева 25 ліпеня 1997 года. Пахавана побач з магілай мужа на могілках блізу Рочэстэра.
Было нешта сімвалічнае, нейкі знак Лёсу ў тым, што вестка пра смерць Наталлі Арсенневай прыйшла ў Беларусь пад час адкрыцця Другога з’езду беларусаў свету (26 ліпеня 1997 г.), калі адгучаў яе гімн-малітва “Магутны Божа”, а праз нейкую гадзіну блізу тысячы чалавек прысутных у зале, якія сапраўды прадстаўлялі амаль увесь беларускі свет, стаялі ў маўклівай жалобе па адышоўшай у вечнасць паэтэсе, якая нібы перадавала ім свой запавет несці далей беларускую ідэю, не спапяляць у душах прагу нацыянальнага адраджэння, веры ў тое, што “яна ня зьгіне нават з намі, бо ўсьлед нашчадкі возьмуць сьцяг...”
БІБЛІЯГРАФІЯ
А.Г. Наталлі Арсенневай — 90 // Культура. 1993. 21 верасня.
Адамовіч Ант. Натальля Арсеньнева: Між берагамі: Біяграфічнакрытычны нарыс // Крыніца. 1996. № 11 — 12.
Адамовіч С. “Імя тваё — пякучы сымбаль болю” // Настаўніцкая газета. 1993. 18 верасня.
Аксак В. У дзевяностую восень: Наталлі Арсенневай: Вершы // Маладосць. 1995. № 6.
Аксак В. Тры вершы да Наталлі Арсенневай // Цвінтар. Мн., 1992. С. 77.
Аношкін I. А хто ж ёсць хто: аб лёсе Наталлі Арсенневай // Магілёўская праўда. 1992. 11 жніўня.
Анталогія беларускай паэзіі. Т. 2. Мн., 1993. С. 94—103.
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992.
Антонава Т. У гасцях у Наталлі Арсенневай // Голас Радзімы. 1991. 24—31 кастрычніка.
Антонова Т. США, Рочестер — здесь жнвёт белорусская поэтесса. Почему не в Мннске? // Свободные новостн. 1991. № 19.
Арсеньнева Натальля. Пад сінім небам. Мн., 1992 (Факсімільнае выданне. Вільня, 1927).
Арсеннева Наталля. Яшчэ адна вясна: Выбраныя вершы (Галасы беларускага замежжа). Мн., 1998.
Арсеннева Н. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мн., 1993. С. 156-157.
Арсеннева Наталля // Беларусь: Энцыкл. давед. Мн., 1995. С. 43.
Арсеннева Наталля // Беларускія пісьменнікі: Давед. Мн., 1994. С. 26.
Арсеннева Наталля//Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 1. Мн., 1992. С. 103-105.