Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Эмігранцкі перыяд творчасці Дудзіцкага абыймае 1944—1962 гады. Найбольш плённым быў першы (еўрапейскі) перыяд (1944—1947), калі ён знаходзіўся недалёка ад радзімы. Разам з Алесем Салаўём Уладзімір Дудзінкі трапіў у Аўстрыю, дзе ў Зальцбургу быў заснаваны ўкраінскі лагер перамешчаных асобаў і знаходзілася нямала беларусаў. Уладзімір з уласцівай яму энергіяй стварыў Беларускі Нацыянальны Камітэт, з яго дапамогай і пры ўдзеле Алеся Салаўя наладзіў выдавецкую дзейнасць, пачаў выдаваць часопіс “Пагоня”, газету “3 беларускага жыцьйя”, друкаваць на іх старонках свае вершы. За тры гады знаходжання ў Зальцбургу ён напісаў больш за трыццаць вершаў і першыя варыянты паэм “Зьвер двухногі”, “Маіх уяў ружовых ранак”, “Сьцені”, пачаў паэмы “Зязюля”, “Цені сьмерці”, многія празаічныя творы. He першы раз даводзілася паэту трапляць за межы радзімы, але ён не думаў, што гэтым разам
будзе так цяжка, бо раптоўна ўсвядоміў: гэта назаўсёды... Нездарма для паэмы “Зязюля” паэт выбраў народнае паданне, незвычайна сугучнае яго тагачаснаму душэўнаму настрою. Урыўкі з паэмы ў выглядзе верша “Блізкі і такі знаёмы” (“Часта чую сьлёзна-шчыры, любы голас...”) друкаваліся ў часопісе “Пагоня” (1946, № 3) і ў перакладзе Б.Аляксандрава на ўкраінскую мову, як і верш Дудзіцкага “Жывое праўдзівае слова”, былі змешчаны ў часопісах “Літаврн” (1947) і “Нові дні” (1945), разам з пераказам падання, на якім заснаваны змест “Зязюлі”: “Сярод беларускага народу жыве даўняя легенда пра зязюлю. Кажуць, што зязюля была калісьці жанчынаю і жыла ў пары з Якубам. Аднаго разу Якуб апусьціўся на дно мора, каб дастаць адтуль утопленае ворагам шчасьце. Доўга чакала Зязюля Якуба, пасівела чакаючы, але Якуб не вярнуўся. Зьлітаваўшыся, Бог ператварыў Зязюлю-жанчыну ў зязюлю-птушку і загадаў, каб яна кожны год вясною клікала свайго Якуба і так распавядала пра сваё гора людзям. 3 таго часу і кліча яна сваю пару. Яе голас “ку-ку” нагадвае раздвоенае слова-імя “Я-куб”... Верш з’яўляецца ўрыўкам з паэмы, над якой цяпер працуе аўтар”. Гэты верш (“Блізкі і такі знаёмы”) толькі ў 90-х гадах быў змешчаны ў зборніку “Напярэймы жаданьням”, а сама паэма “Зязюля” так і не была скончаная, можа таму, што паэт шмат часу аддаваў на выдавецкую дзейнасць, пісаў вершы, займаўся перакладамі. На беларускую мову Дудзіцкі ў Зальцбургу пераклаў вершы Т.Шаўчэнкі (“Запавет”, “He грэе сонца на чужыне”, “Думы мае, думы мае”, “На вечную памяць Катлярэўскаму”, “Мінаюць дні, мінаюць ночы”), выступаў з імі на Шаўчэнкаўскім вечары (1947). Пераклады вылучаліся высокім майстэрствам, і гэтыя вершы вялікага Кабзара адпавядалі становішчу выгнанцаў-украінцаў і беларусаў. Пераклады Дудзіцкага былі надрукаваныя ў часопісе “Украінські Вісті” (1953), газеце “Бацькаўшчына” (1953), пазней увайшлі ў кнігу “Напярэймы жаданьням”. Асобным выданнем выйшаў рэферат Дудзіцкага “Тарас Шаўчэнка ў беларускай літаратуры” (1946), а ў часопісе “Пагоня” (1946, № 4) быў змешчаны яго грунтоўны артыкул “Янка Купала — жыцьцё і творчасьць вялікага беларускага песьняра”.
Аднак актыўная літаратурная, грамадская дзейнасць не заглушала ўнутраных бязрадасных настрояў, якія ў вершах адгу-
каліся змрочнымі фарбамі. У залежнасці ад гэтага змяняецца стылістычны характар паэтычнай мовы, жанравыя вызначэнні Bepway (вершы ў форме дзённікавых запісаў, зваротаў, лістоў, вершы ў прозе).
Матывы дарогі, выгнанніцкіх шляхоў, унутраная ўсхваляванасць арганічна выяўлены ў вершах “Замест разьвітаньня”, “Віюцца чорныя дарог брыжы”, “На станцыі начы”, “Перада мной — прастор нябёс”, “Пяскі дарог”, “Пякельны дар”. У гэтых вершах вымалёўваецца вобраз лірычнага героя Дудзіцкага, беларуса, які, стаўшы добраахвотным выгнаннікам, адчувае не толькі душэўны, але і фізічны боль. Яго нядоля “выгінаецца ўсьцяж чорных дарог, зьлічае дні свайго жыцьця”. Ён разумее, што павароту назад няма, а “наперадзе боль і сум”. Цягнікі з радзімы прывезлі яго на апошні прыпынак, “на станцыю начы”, і ён не мае змогі цярпець гэтую долю. Жорсткія пяскі чужых дарог нараджаюць успаміны пра хараство роднага краю, і толькі гэтым ён цешыцца, супакойвае душу, і толькі радзіме прысвячае свае песні.
Палі, вазёры і лясы — на сотні сотняў кілямэтраў.
3 чужой зямлі бяздомны сын паклон ім шле на крылах ветру. Да іх, туды — за небасхіл, дзе нарадзіўся, рос і вырас, я панясу свае грахі
і сьпеласць дум, і сьпевы ліры.
(Пяскі дарог, с. 106)
Унутраны, духоўны стан лірычнага героя і самога аўтара найглыбей раскрываецца ў вершы “Перада мной — прастор нябёс”:
Перада мной — прастор нябёс, чужы, халодны і нялюбы.
Які ж вар’ят сюды прынёс мяне на зьдзек людскі, на згубу?.. Мінуў аўстрыйскі далягляд і неба шэрага аблокі...
Я чую: сьвежая ральля мне беларускім пахне сокам.
(С. 105)
Аднак пакутлівы роздум над сваім уласным лёсам не скоўваў гарызонтаў мыслення, узлёту фантазіі паэта, не перашкаджаў тварыць і асэнсоўваць філасофскія, маральныя праблемы жыцця і найперш таго жыцця, што засталося там, на Бацькаўшчыне, за еўрапейскімі даляглядамі. Лірыка Дудзіцкага хоць і надзвычай асабістая, суб’ектыўная, аднак не камерная, не засяроджаная толькі на ўнутраных адчуваннях. Малады паэт, улюбёны ў жыццё, у родны край, які ён называе “сваёй радасьцю”, з асаблівай страснасцю дапытваецца пра лёс Бацькаўшчыны (вершы-лісты), спавядаецца перад маці, блізкімі, роднымі, выказвае нязгасную любоў і прыхільнасць да іх, сцвярджае сваё адзінства з імі, верыць і спадзяецца, як нашы продкі “верылі веры надзей” (вершы “Матуля любая”, “Да вас, суродзічы”, “Лістда маці”, “Жалобная струна”, “Ліст да сястры”, “Веру я ў сілу сілаў”).
Да вас, суродзічы, да блізкіх і далёкіх, праз ночы цёмныя, вятры, слату і стынь здаля, з-пад гор — з-пад Альпаў крутабокіх, зноў пішу і шлю свае лісты.
Вятры калышуць гукі вальсаў вечных, а ў сэрцы б’юцца рытмы скрытных дум, і мне здаецца, што ад сьценаў менскіх я з вамі, любыя, на бляск зары іду.
(Да вас, суродзічы, с. 102)
Жорсткая рэчаіснасць — перажытыя рэпрэсіі, вайна, адчужэнне радзімы парадзілі той “неапеты” свет, камяністыя дарогі, па якіх цяпер мусіла ісці Муза паэта-выгнанніка. Стыль твораў Дудзіцкага гэтага часу вылучаецца ўнутраным драматызмам, перажытасцю паказанага, афарыстычнасцю фразы, асабліва ў тых вершах, дзе ён перадае свой журботны настрой, боль сэрца, глыбокі смутак (вершы “Нараджаецца сьвет неапеты”, “Жалобная струна”, “Адцьвіла маіх надзеяў ружа”). Асабліва выразная “Апошняя малітва”, у якой перад намі наяве паўстае доля роднага краю. Узносячы малітвы Богу, паэт гатовы за Бацькаўшчыну, дзе “гаспадараць няверцы прышлыя”, за яе вызваленне аддаць сваё жыццё.
Яшчэ раз кленчу я ля сьценаў Храма: — О Божа, Валадар зямлі, скажы Ты, чаму ізноў каля Сьвятое Брамы жывое цела бачым на крыжы тым?..
(С. 113)
“Апошняя малітва” — адзін з асноўных і паказальных твораў пачатковага перыяду эміграцыі, у якім найбольш яскрава выказаныя думкі і перажыванні паэта за ўкрыжаваную Бацькаўшчыну. Узносіў імя Беларусі Дудзіцкі і ў своеасаблівых вершах у прозе, якія пісаў у гэты перыяд, яшчэ і яшчэ раз сцвярджаючы сваю любоў і замілаванасць да яе:
“Хто ж ня чуў Цябе і ня жыў Табой, несьмяротная беларуская Песьня! I чулі, і жылі, і самі сьпявалі, і іншых пяшчотнымі гукамі музыкі цешылі. I найлепшым бавеньнем сэрца й душы чалавечай была Ты, цудоўная нашая Песьня...
Удзень і ўначы, у хаце сумнай — на Радзіме, і недзе далёка — на землях чужых і варожых, у горы і шчасьці, у дзень нарадзінаў і сьмерці — заўсёды і ўсюды — зьвінеў, не змаўкаў непадкупны, наструнены голас Зямлі Беларускай...
Прабілася Песьня праз немарач даляў... Спатоліўшы сілы ў дарозе нялёгкай, упала ад стомы на сівыя скалы, і... песьню спынілі халодныя Альпы. Галосяць і б’юцца аб камень з’імшэлы абрыўкі мэлёдый далёкага Краю, і стогнуць журботна, налітыя гневам у лёхах маўклівых падбітыя рытмы...
Дарма... He памруць, не загінуць бязь сьледу, хоць песьні чужыя зьбіваюць іх з тропу. Яны шчэ жывыя і грымнуць над сьветам, узнёсшы да зораў імя Беларусі”.
(Песьня, с. 138)
У другім, паэтычным варыянце “Песьні”, які кранае глыбінёй і шчырасйю пачуццяў, размова ідзе пра ўласную песню паэта, што цесна звязана з неўміручымі песнямі народа.
* * *
У 1947 годзе Дудзіцкі адным з першых беларусаў пакідае Еўропу і пераязджае за акіян, у далёкую, нязнаную Венесуэлу. He мог паэт з яго актыўнай прагай дзеяння на карысць Бацькаўшчыне змірыцца з доляй прыжывальшчыка ў лагеры перамешчаных асобаў, гэта прыніжала яго чалавечую годнасць, тут ён адчуваў сябе бяспраўным вязнем.
Бескампраміснае непрыняцце рознагалоссяў і спрэчак беларускіх эмігрантаў (верш “Сябром” — “мякка сьцелюць, ды мулка спаць...”), цяжкія абставіны пражывання ў лагеры перамешчаных асобаў раскрываюцца ў вершы Дудзіцкага “3 дзённіка
ДП” і які быў напісаны ў Зальцбургу на пачатку 1947 года. Паэт параўноўвае гэтыя лагеры са “сметнікам Еўропы” (“А сьметнік — сьметнікам: ня сад той // і не праспэкт, ня водар парку!..”). Але, вырваўшыся з еўрапейскага сметніка, паэт не пазбавіўся чорных дум. Перад самым ад’ездам ён піша “Адменную оду” (дарэчы, верш гэты ў 1954 г. быў перакладзены на польскую мову Ю.Лабадоўскім і надрукаваны ў часопісе “Конадні” (№ 2, 1954), дзе насуперак жанраваму вызначэнню выказвае асуджэнне Нямеччыне, якая, хоць і разбураная датла, аднак не выклікае спачування (“над шпілямі халоднай готыкі // вусны гнеў мой табе нясуць”), бо, распачаўшы вайну, Германія прынесла і сабе і людзям іншых краін бязмежнае гора, боль і пакуты, абяздоліла паэта, прымусіўшы пакінуць радзіму (“да палацаў на родных вуліцах // ты спаліла мае ключы...”)I цяпер, апынуўшыся за акіянам, атрымаўшы поўную свабоду, якая толькі магчымая для выгнанніка, паэт трапляе ў яшчэ страшнейшы палон. Стан разгубленасці, раздвоенасці аўтар дакладна апісаў у вершы “Сон”, своеасаблівым дыялогу паэта са сваім унутраным “я”.
...Прыплыў, падняўся і стаю і думу думаю сваю...
А думы чорныя яшчэ:
—Ну як, браток, табе лягчэй?
— Сказаў бы, думанькі, вам нешта, але і сорамна, і смешна...
— Кажы, паэце, не маўчы! Відаць, надумаўся ўцячы? — Нікуды, думкі, не ўцяку я: і тут, як там, мяне цікуюць... Шукаю, думанькі, я волі, а воля тая — у няволі...