Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Крануўся, йду сабе і йду, а сьледам — згусткі чорных дум...
(Сон, с. 142)
Спраўдзіўся гэты сон, ніхто не выйшаў на спатканне думкам “цяжкім і змораным”, а рыфмам паэта было наканавана і на новым кантыненце “сьціснуцца сумам тугім”.
На першым часе Дудзіцкі, трапіўшы ў Венесуэлу, пачуваўся зусім адзінокім у гэтай экзатычнай, спякотнай краіне, без бліз-
кіх, знаёмых людзей, без мовы, не ведаючы, дзе і як прыкласці свае сілы, знайсці прытулак. Аднак усё пераадолеў здольны, кемлівы, дзейны беларус. Даволі хутка ён засвоіў іспанскую мову, праявіў свае веды, талент арганізатара і пры садзеянні першай жонкі, венесуэльскай грамадзянкі са старой расійскай эміграцыі, уладкаваўся на адказную пасаду ў дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут у Каракасе.
I ўсё ж пачуццё адзіноты, неабходнасці беларускага асяродку не праходзіла, і ён пачаў рабіць усё магчымае, каб паспрыяць сваім сябрам-пісьменнікам для прыезду ў Венесуэлу. Пісаў лісты, пасылаў запрашэнні Юрку Віцьбічу, Масею Сяднёву, Уладзіміру Клішэвічу. 3 яго лістоў, апісанняў паўстае цікавая карціна жыцця Венесуэлы, якая ўразіла яго, чалавека, узгадаванага ў таталітарнай сістэме, поўнай дэмакратыяй, свабодай, побытавымі кантрастамі.
Аднак у Венесуэлу амаль ніхто з беларусаў не паехаў. Большая частка з тых, хто пакідаў лагеры перамешчаных асобаў, асядала ў ЗША, і Уладзімір Дудзіцкі апынуўся адарваным ад цэнтраў культурнага і грамадскага жыцця беларускай эміграцыі. Гэта вельмі цяжка адбівалася на яго душэўным стане, хоць матэрыяльна яго жыццё было добра забяспечана, ён ужо мог аплочваць перасылку беларускіх газет і часопісаў, якія выдаваліся ў Нямеччыне і ЗША, сам шмат пісаў. У адным з лістоў да Юркі Віцьбіча (28 чэрвеня 1948 г.) паэт згадваў:
“Падрыхтаваў да друку два зборнікі вершаў — “Хвалі” і “Да блізкіх і далёкіх”, зборнік апавяданьняў “Купальскія росы” (зборнікамі, пэўна ж, называю ўмоўна, бо ўсё роўна нідзе не выдам). Скончыў пісаць аповесць ‘Толас крыві” — 8 друкаваных аркушаў. Працую над дзьвюма вялікімі паэмамі”7. I пазней, ужо ў 1953 г. у чарговым лісце да Ю.Віцьбіча, Дудзіцкі пісаў: “Вельмі задаволены Вашай думкаю пра выданьне кніжак паэтаў і пісьменьнікаў. Гэтае ж пытаньне нікім яшчэ не закраналася. Ёсьць фонды ці няма, будуць ці ня будуць, а кніжкі выдаваць трэба... Яшчэ ў 1942 годзе я меў гатовым да друку зборнік “Напярэймы жаданьням”... Маю гатовым да друку і другі зборнік “Журботныя струны”. I першы і другі — памерам 6—8 друкаваных аркушаў...”8
7 Архіўная кніга. С. 17.
8 Тамсама.
Некаторыя свае творы Дудзіцкі перакладаў на англійскую, іспанскую мовы. Аднак да сённяшняга дня, як адзначае Лявон Юрэвіч, збіральнік творчай спадчыны пісьменніка, невядомы лёс гэтых рукапісаў. “I як падпісваў тады сваё друкаванае слова У.Дудзіцкі — Гуцька ці неяк іначай? Бо ведалі яго людзі, асабліва ў першыя гады ў Вэнэцуэлі, выключна як Гіцкага, і толькі дома, куды прыходзілі лісты, ён быў Дудзіцкім”.
У Венесуэле Дудзіцкі, упэўніўшыся, што ніхто з пісьменнікаў не прыедзе ў гэтую краіну на сталае жыхарства, спрабаваў стварыць нацыянальную арганізацыю, адшукаў беларускія сем’і. Захаваўся нават пратакол сходу беларускага актыву, падпісаны Дудзіцкім (25 верасня 1949 г.), з якога відаць, што было ўтворана “Аб’яднанне беларусаў Вэнэцуэлі”.
I раптам перапынілася ягоная перапіска з Юркам Віцьбічам, які вельмі добра ставіўся да паэта, сачыў за яго поспехамі ў жыцці і творчасці. Як высветлілася пазней, у Дудзіцкага пачаліся сямейныя непрыемнасці з прычыны разладу з першай жонкай. 3 новай сям’ёй Дудзіцкі вымушаны быў пакінуць Каракас і выехаць у далёкую, глухую правінцыю. Даведаўшыся пра такое становішча свайго сябра, Юрка Віцьбіч піша яму ліст з прапановай пераехаць да беларусаў у ЗША. Але ў 1953 годзе Уладзімір Дудзіцкі дзякуючы сваім разнастайным здольнасцям (дасканала валодаў рускай, нямецкай, англійскай, іспанскай мовамі) абараніў дыплом доктара сельскагаспадарчых навук і стаў дырэктарам Эксперыментальнага Цэнтра сельскагаспадарчых культур, знаным аўтарытэтам у галіне рэформы земляробства Венесуэлы. Нягледзячы на гэтыя непамерныя нагрузкі, заўсёдную занятасць на працы, Уладзімір шмат пісаў літаратурных твораў, дасылаў іх праз сяброўскае пасярэдніцтва Ю.Віцьбіча, які лічыў яго “адным з наймацнейшых нашых паэтаў на чужыне”, у “Шыпшыну”, “Конадні”, “Бацькаўшчыну”.
Аднак у сваіх творах Дудзіцкі паўстае зусім іншым чалавекам. Наколькі ў жыцці ён быў рашучым, дзейным, не губляўся ні ў якіх сітуацыях, настолькі адзінокай, тужлівай, але і духоўна багатай была яго лірыка. Tyra і адзінота былі абумоўленыя тым, што ён апынуўся без сяброў, блізкіх па духу і інтарэсах людзей, з кім можна было адвесці душу, пагаварыць пра беларускія справы, успомніць Бацькаўшчыну, асабліва калі давялося пакінуць Каракас і пасяліцца ў Турэне, спякотнай паўднёвай пра-
вінцыі Венесуэлы. Лісты мала выратоўвалі, і таму ўсё ўнутранае жыццё, пачуцці, роздум, як і раней, ён выказваў у творчасці. Паэта паліла думка, што ў жыцці яму выпала “чорная карта”, і ён нават напісаў верш, прысвечаны самому сабе, — “Чорная карта”:
I апошняе, чым жыву, найдарожшы, гавораць, скарб той — неразумную галаву палажыў я на чорную карту.
Як той колас у полі, адзін...
Падстаўляючы сонцу грудзі, гавару сам сабе я: ідзі, пакуль сэрца вядзе, — не заблудзіш...
(С. 167)
Сэрца паэта, яго душа, памяць належалі Беларусі. Сэрца вяло і ў творчасйі, таму яна ўяўляецца адзіным, шчырым крытэрам яго жыцця, тут ён быў сапраўдным, аддаленым ад вонкавых абавязкаў і побыту на чужыне.
Дарма, што на чужой зямлі жыву, не валацуга я.
Трывалы вязень злому, як весьні гром, на грані пералому рашчу спадзеўнасьць спору наяву... Крыштальных сьлёз, што лягуць на далонь, нап’ецца сум, і сьйісьне боль тугі мне горам пасярэбраныя скроні.
3 далёкіх гораў, краю дарагі, імкліва мчацца думак мурагі — прысяга коньніка Крывіцкае Пагоні.
(Дарма, што на чужой зямлі жыву, с. 147)
Раз і назаўсёды прысягнуўшы Бацькаўшчыне, яе нацыянальным сімвалам, ідэям беларускасці, незалежнасці, паэт і ў далёкім замежжы жыў імі, увасабляў у сваёй творчасці. Уладзімір Дудзіцкі быў асобай, якая змяшчала ў сабе гісторыю краю. Розныя гістарычныя моманты, эпізоды, падзеі, імёны рассыпаныя па многіх яго творах і з’яўляюцца ў адных асноўнай тэмай, у другіх — успамінам, фонам ці дэталлю (вершы “Дваццаць пяты”, “На ганьбішчы славы”, “Ля берагоў крывіцкае Нямігі”, “Слухаць мову тваю, Радзіма” ды інш.).
Праз сёньняшняе бачу ўсякае мінулае, з мінулага — сучаснае, бяду, нуду... Паволі ў заўтрашняе з песьняю іду, бо шлях каменьнямі дарогаў ногі муляе... А песьня з блізіні імкнецца ў далёкае, каб сэрца ня сьціскалася ў бядзе грудзьмі... I сьняцца штоначы мне даўнасьць і яны — Рагнеды плач і мужны голас князя Вітаўта.
(Праз сёньняшняе...)9
Гэты верш — своеасаблівае паэтычнае крэда аўтара, як і многія іншыя, дзе паэт ад уласнага імя гаворыць пра песні-думы сваёй выгнанніцкай ліры, характарызуючы іх як “трывогу душы, замардованыя мроі, журботныя струны...”
Аднак падобныя эпітэты, метафары сустракаюцца найперш у настальгічных вершах, лістах-зваротах да заўчасна і даўно загінуўшай маці (вершы: “Ня было й няма”, “Пякельны дар”, “О, родны край”, “Апошняя малітва”, “Жалобная струна”, “Даты і іксы”, “Жалоба”, “Жылачка”, “Я ня ведаю, дзе ты”,
“Грахі”).
Ня крыўдуй, дарагая Мама, наяву і ў сьне жывеш ты. Цяплынёю да сьмерці самай зьнітавала гадоў маіх рэшту... Пра самога ж такое ведай, вось каб толькі б дайшла дэпеша: як той камень, — удаўся ў дзеда, адно сушаць туга і вершы. Ня журыся. На целе, кажуць, ня сьціраецца знак радзімы... Хоць упокат дзе-небудзь ляжам, але зьблізімся...
Сын Уладзімер.
(Лісты, с. 168)
А калі па ступенях памяці паэт уздымаецца да вытокаў свайго жыцця, гэтыя настальгічныя матывы гучаць больш сцішана і светла (“Ласку матчыну ў думках калышу, // успаміны сьветлыя на зло спакусе...”, “ГТара, мой верш, табе пара // спатоліць сэрца боль сукрыты...”). Аўтар зноў вяртаецца на радзіму, у род-
9 Архіўная кніга. С. 56.
ную вёску, у далёкія дзяцінства і юнацтва, якія для яго засталіся сімваламі веры, “несьмяротным промнем” таго бестурботнага часу (“Хоць у сьне ты мне, вазёрная, прысьніся...”, “3 табою, родны, блізкі і далёкі блакітны край...”, “Твае з крыві мы і касьці // сыны блакітнай Беларусі...”, “Слухаць мову тваю, Радзіма, // у маленстве сваім прывык...”). Пад спякотным, “нялюбым прасторам чужых нябёс” паэту згадваюцца краявіды Беларусі, прахалода яе лясоў, рэчак, азёр (“Скажыце, дзе вы бачылі такое, // каб, як у нас, зьвінелі сокам травы і ўсьміхаліся каліны над ракою. // A журавіны сьпелыя...”).
Глыбока развітае пачуццё прыроды наагул для кожнага паэта — глеба лірычнай творчасці, яе невычэрпная крыніца, спасціжэнне свету радзімы, яе прыгажосці. Уладзімір Дудзіцкі незвычайна тонка адчуваў прыроду, яе настрой, што цесна спалучаўся з яго душэўнымі перажываннямі. Ён з маленства навучыўся разумець прыроду і, жывучы ў вёсцы, успрымаў яе як жывую, ранімую істоту, не ўяўляў свайго існавання без лесу, рэчкі, птушак, іх спеваў. У ім жыла ўнутраная патрэба пакланяцца ёй, захапляцца рознымі порамі года, іх шматфарбнасцю, шматгалоссем, шкадаваць і паважапь яе жывы свет. I з самых першых гадоў творчасці паэт апяваў красу прыроды ў вершах. На гэтым фармавалася ў пэўнай ступені яго свядомасць беларуса, пачуццё павагі і замілаванасці да роднага краю, што дало магчымасць разумець і свет чалавека — унутраны і вонкавы. А для паэта, мастака з чулай да прыгажосці душой, паслужыла своеасаблівым маральным стымулам творчасці, абумовіла ўнутраны псіхалагічны стан (“Сокі глебы паілі травы. // Сокі веры расьлі ў душы...”). I сёння, перачытваючы вершы Дудзіцкага, мы наяве адчуваем гэтую цесную знітаванасць паэта з радзімай, як і аўтар, захапляемся “красой майскіх садоў”, “пажарам рабінавым”, бачым, як “восень гаспадарыць у хаце”, як “лета ў палёх на спачын прысела”, як “на красу апаленую кветак квола палі жоўтыя лісты”, чуем “россып песьняў салаўіных”, “шоўк палескіх песьняў”, услухоўваемся ў вясковую раніцу, калі “хтосьці першы раз яшчэ пакратаў струны пастуховае жалейкі” (вершы “Восень”, “Залатая зямлі мяцеліца”, “Прыйдзі”, “Здрада” ды інш.). Дудзіцкі яскрава паказаў, як ад любові да прыроды вырастала адчуванне радзімы, беларускасці. У глыбоказмястоўным вершы “Жылачка” паэт раскрыў тую выхаваную з