Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік

Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Праз маналагічны пачатак “Прысягі” аўтар непасрэдна акрэслівае свае задачы мастака-творцы.
Гэтак час пабудзіў і пакратаў струны сэрца пад грукат гарматаў, каб у сьціплых фрагмэнтах паэмы расказаць, як жылі і жывем мы, каб пад родным скрываўленым сьцягам даць Радзіме пакутнай прысягу.
У вобразе лірычнага героя паэмы заўважаецца высокая ступень канкрэтызацыі лірычнага характару і праз гэты характар — як вынік — відаць арганічнае спалучэнне асобы паэта ў адметнасці яго біяграфічных рысаў, духоўнай напоўненасці з тэмай, праблемай, ідэйным стрыжнем твора.
Дарагая мая Радзіма!
Слова песьняю стацца прымусь, каб яна нашу радасьць пладзіла, што на сьвеце жыве Беларусь,
I, мінаючы глум і мукі, на прысуджаным доляй крыжы несла дзецям тваім і ўнукам найвялікшае права — жыць!
Такі адкрыты зварот да Радзімы надае твору даверліва-спавядальны тон і ў той жа час праблемна-завостраны, сцвярджальны характар —на свепе жыла, жыве і будзе жыць Беларусь! Яна сваёй шматпакутнай гісторыяй заваявала сабе гэтае права. I далей, пераходзячы да ўласных успамінаў (“Як човен із зарасьляў, выплыў // праз морак гадоў успамін”), аўтар малюе змрочную карціну паняволення:
Жыцьцё нас і гнула і секла на часткі і напал — абы у хітра змайстрованым пекле пладзіліся й чахлі рабы...
Аўтар параўноўвае радзіму-Беларусь з маладзіцай, якая мужна, з годнасцю пераносіла здзекі, цярпела, калі катавалі і калечылі яе цела, і заплаціла за абразу сваім жыццём, “найдаражэйшым коштам”.
Пра пакуты Радзімы складзеныя ў народзе песні-плачы, і аўтар, уводзячы ў мастацкую тканіну твора народна-песенную сімволіку, прымушае засвяціцца новым шматзначным сэнсам даўнія дыяменты фальклору.
Народныя казанні, заснаваныя на яве, пераходзяць у душэўна-напружаны стан паэта, у яго грамадзянскі роздум. Высокія катэгорыі — Радзіма-маці, сям’я, маладосць, старасць, памяць продкаў, праўда, сяброўства, сумленне, вяхі гісторыі і асабліва дваццатае стагоддзе, укрыжаваная Беларусь — у розных аспектах асэнсоўваюцца аўтарам.
Палітыка звера двухногага, створаная ім злачынная сістэма скалечыла або вынішчыла многія сумленныя душы. Аўтар дае своеасаблівую характарыстыку гэтай сістэме, “астоям чужацкага ладу”, прынесенага на Беларусь, і марыць “сьлед ліхадзея агнём спаласкаць з абшараў зямлі беларускай”. Аднак дзеля гэтага
патрэбна згуртаванасць нацыянальна-сведамых людзей-аднадумцаў, успоеных сокамі і сонцам радзімы. Пра такія праблемы ідзе размова ў дзесятым раздзеле “Прысягі”, які ўяўляе сабой маналог — зварот паэта да роднай зямлі з просьбай вярнуць былую сілу і мужнасць сённяшнім яе насельнікам:
Паі ж нас сокамі грудзей, як продкаў некалі, зямліна! Паі! Нас покліч твой вядзе Табе і Небу памаліцца.
Прымі да споведзі. Вазьмі прысягу верную. Ад шчасьця сваімі моцнымі грудзьмі цябе засдонім ад напасьці.
I на гэтую святую справу — абарону айчыны ад усялякіх напасцяў — беларусаў натхняе гераічная мінуўшчына краю: старажытны Менск, Няміга, якая памятае розныя бітвы, высокая Плошча і нацыянальныя сімвалы, старадаўняя Пагоня. Натхнёна і вельмі да месца гучаць неўміручыя словы “Пагоні” Максіма Багдановіча, уведзеныя ў тэкст “Прысягі”.
Радкі з многіх вершаў Багдановіча выкарыстоўвалі амаль усе пісьменнікі-эмігранты, у Дудзіцкага яны кладуцца як уласна выпакутаваныя, дакладна перадаюць яго душэўны стан і думкі, якімі жыў паэт у выгнанні. Яму хацелася, каб “Прысягу” пачуў “увесь народ крывіцкі” і падняўся супраць тых, што прагнулі “зганьбіць нашу лучнасьць”, наравілі “аддаць край наш родны, любы на новы зьдзек, на згубу ў рукі спрытных людабояў”. Паэт заклікае беларусаў жыць адным памкненнем, “каб ня чыніў чужынец глуму і больш ня стукаўся ў дзьверы”.
Тут, дзе воды Нямігі ўліваюцца ў Сьвіслач, Сотні год дзе няволя чужацкая вісла, На зьняслаўленым пляцы разьбітай сталіцы, Векапомнага Менску, дзе радасьць іскрыцца, Над касьцямі ахвяраў вялікіх пад сьцягам Далі Богу, Народу й Радзіме прысягу...
I хопь высокім быў ваяцкі дух беларусаў, аднак няроўнымі былі сілы, у шматгадовым змаганні за волю загінулі лепшыя яе сыны, якіх ушаноўвае і аплаквае Маці-айчына.
Плывуць жалобныя развагі, плывуць і коцяцца паволі: — Пад бел-чырвона-белым сьцягам ляглі сыны за шчасьце волі...
За рэкі й руністыя гоні, за край вазёр, красы і веры, за гарт Крывіцкае Пагоні ляглі крывійкія жаўнеры...
Але заканчваецца паэма не гэтымі трагічнымі падзеямі, на якія багатая шматпакутная гісторыя Бацькаўшчыны, а філасофскім роздумам аўтара, асуджэннем прыстасаванцаў, што забываюць пра свой сыноўні абавязак перад радзімай, ідуць служыць любой уладзе дзеля “свайго, наймілейшага”.
Заключныя раздзелы твора поўняцца жыццясцвярджальным пафасам, незгасальнай верай Паэта, заклікам памятаць пра ахвяры, не здраджваць роднаму краю.
Прыйдзем, вернемся ў бацькаву хату сьвяткаваць найвялікшае сьвята, сьвята мужнасьці, моцы і сілы, што няволю ў змаганьні скасіла. Маці стрэне, гасьцінна адчыніць сэрцу блізкія дзьверы сьвятыні... Родная! Заві, хвалюй усіх нас, высака падымаць над неспакоем сьцяг — сыноў прымусь. Мы ж крывёю на шляхох стагодзьдзяў высеклі несьмяротнае імя такое — БЕЛАРУСЬ...
На гэты аптымістычны стрыжань паэмы, з якога яна пачынаецца і якім заканчваецца, праз трагічны сімвалічна-абагульнены план твора як бы нарошчваюцца ўсё новыя і новыя гістарычныя кругі жыцця беларусаў. Далёкія паданні перакрыжоўваюцца з явай, ад раздзела да раздзела паглыбляецца асэнсаванне ўнутранага, духоўнага напаўнення катэгорый гераічнага і трагічнага. Чатырохрадкоўі паэмы перамяжоўваюцца філасофска-лірычнымі адступленнямі — скандэнсавана-ўдумлівымі двухрадкоўямі. Яны ахопліваюць нас мелодыямі то эмацыйна-аптымістычных, то горка-
тужлівых, жалобных настрояў, грамадзянска-палкіх заклікаў, нарастаючых і цытаваннем Багдановічавай “Пагоні”, і фальклорнымі матывамі, і адкрытымі аўтарскімі зваротамі-маналогамі. Усё гэта надае твору эпічную шырыню, незвычайную тоеснасць з праблемамі нашага сённяшняга дня. Чытачу блізкае і зразумелае глыбока-чалавечае ўзрушэнне аўтара. Ён хоць у летуценнях, спадзяваннях вяртаецца на радзіму, радуецца сустрэчы з роднай зямлёй, як з незабыўнай дарагой маці, смуткуе ад усведамлення, якія цяжкія выпрабаванні прынёс “кляты дваццаты век” людзям. Адсюль у творы бясконцыя пераходы і сутыкненні супярэчлівых настрояў, адчуванняў, імклівая змена меладычнасці радкоў, якая перадае неўтаймаваны, неспакойны дух лірычнага героя.
Паэмай “Прысяга” Дудзіцкі яшчэ раз пацвердзіў сваю духоўную вернасць і адданасць Бацькаўшчыне, паказаў, якім дарагім і важным для яго было ўсё, што складала змест і сэнс паняцця “Беларусь”.
У адрозненне ад паэмаў “Зьвер двухногі” і “Прысяга” ліраманалагічныя паэмы “Маіх уяў ружовых ранак” і “Сьцені” ўяўляюць сабой выдатныя імправізацыі лірычнага кшталту. Урыўкі з гэтых твораў друкаваліся ў другой палове 40—50-х гадоў у часопісах “Божым шляхам”, “Конадні”, альманаху “Ля чужых берагоў”, газеце “Бацькаўшчына”. Упершыню цалкам гэтыя невялікія паэмы былі апублікаваныя ў кнізе “Напярэймы жаданьням” (Нью-Ёрк, 1994).
“Маіх уяў ружовых ранак” — паэма-ўхваленне “здабыткаў новых сьветлых дзён, // пладоў уцешнай, рупнай працы, // за што сам край ішоў змагацца”. Аўтар ужо выразна чуе “гоман вялікай прышласьці”.
Яна
і не далёка ўжо, а блізка. хоць морак ейную калыску і затуляе ад відна.
1 дзень той сэрцу будзе дораг...
I я ня дам ніколі веры, што мор надыдзе хараству! Усё, жыве і жыць што мусіць, што сьпеліць зорная асець, на хвалях прышласьць прынясе для несьмяротнай Беларусі!
Паэма “Сьцені” — урачыстая ода каханню і хараству роднага краю, своеасаблівы ўнутраны маналог аўтара, у душы якога нараджаюцца няўлоўныя імгненні закаханасці да любай дзяўчыны і спалучаюцца, паглыбляюцца пачуццямі замілаванасці да красы прыроды, яе вясенняй квецені.
Паэт наследуе нацыянальным традыцыям у апісаннях прыроды, стварэнні вобраза вясны. Ён стрыманы і строгі ў адборы лексікі, у імкненні да арыгінальнасці, перадачы інтымнай настраёвасці. У апісаннях вясенняга ранку (“Золак выцадзіў з-за пушчы // полуд медзіва на стрэхі”) аўтар карыстаецца разгорнутымі паэтычна-вобразнымі асацыяцыямі, яркімі параўнаннямі. У яго ажываюць сьцені (“Залатыя сонца пасмы // засланіла сьцень жывая... // Задаволеная, села і таўчэцца каля клямкі...”) і вельмі трапна перададзены момант, калі вось-вось прачнецца, ажыве перад самым усходам сонца.
Шчэ драмалі струны ветру, і сады усьцяж маўчалі, толькі ўжо зямныя нетры адмыкаліся ключамі... Рассыпаўся звон іскрысты глыбіні на роснай стыні. Шэлест лісьцяў цымбалістых выплываў у стройным стылі з цішыні і нікнуў дзесьці ў ніцях польнасьці рудое. Далікатна скроні песьціў шоўк сьвітальны сырадою, напаўняў душу да сыці, грудзі... Вылучыўшы змогу, цалаваўся, змыўшы прыцем, з хмаркай месячык двухрогі...
Карціны прыроды, намаляваныя ў паэме, маюць самастойнае эстэтычнае значэнне, могуць існаваць як асобныя вершы. Але разам з тым аўтар паказвае, як моцна яны хвалююць, узрушваюць лірычнага героя, як цесна звязаны яны з яго першаснымі адчуваннямі еднасці з прыродным светам, з васільком, каласком жыта, што вышытыя на яго кашулі з сінявокага лёну, да якога датыкаліся рукі маці і любай дзяўчыны. Прырода тут для паэта — увасабленне дабра і прыгажосці, лепшых чалавечых рысаў, характэрных і для блізкіх сэрцу дарагіх людзей.
Побач з пейзажнай лірыкай важным паказчыкам духоўнага жыцця паэта, ступені індывідуалізацыі паэтычнага перажывання з’яўляецца лірыка кахання. Дудзіцкі не шмат напісаў такіх вершаў, аднак у іх, як і ў паэме “Сьцені”, узнікненне пачуцця вялікага кахання заўсёды разгортваецца на фоне цудоўных, мілых паэтаваму сэрцу беларускіх пейзажаў. Аўтар дакладна ўмее перадаць зменлівасць, плынь гэтага пачуцця ў сувязі з адпаведным станам прыроды.
Нечакана зусім і проста напаткала такая сустрэча... I здалося, да зор выростаў смуглатвары глыбоцкі вечар.
Сінь вазёраў срабрыстай лускай узьбягала здаля на мелі.
Словы ціхія любых вуснаў маё сэрца краналі хмелем...
(Нечакана зусім і проста, с. 78)
Вершы пра каханне амаль у кожнага паэта пазначаныя высокаадухоўленым, індывідуалізаваным перажываннем, узнёслым лірызмам. У Дудзіцкага паэзія кахання — гэта глыбокае і поўнае адчуванне свету, ахутанае лёгкім вэлюмам смутку, адчуваннем складанай аб’ектыўнай рэальнасці. Інтымная лірыка паэта пашырае зямное існаванне да ўзнёсласці, эстэтызуе высокі духоўны пачатак, платанічнае і пачуццёвае, аднак больш скіравана да цнатліва-платанічнага, дзе каханне пераўтвараецца ў любоў да абстрактнай дзяўчыны, вобраз якой зліваецца з радзімай, асабліва дарагой у расстанні з ёю (вершы “Блакіт вачэй”, “Верш”, “Нечакана зусім і проста”, “Веры Стосуй”, “Надпіс на фотаздымку”, “Просьба”, “Адцьвіла маіх надзеяў ружа”, “Шчасьце”, цыкл “Да родных, блізкіх і далёкіх”).