Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік

Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
* * *
Актывізацыя мастацкага мыслення, творчы ўзлёт Дудзіцкага звязаны з мюнхенскім перыядам яго жыцця, калі ён пачаў інтэнсіўна працаваць над празаічнымі творамі. Найперш паэт пісаў публіцыстычныя артыкулы і выступаў з імі на радыё, перадачы якога трансляваліся на Беларусь. Ужо самі назвы гэтых артыкулаў казалі пра іх змест і сэнс: “Трагедыя беларусаў”,
“Лыжка мёду й бочка савецкага дзёгцю”, “Новая савецкая правакацыя”, “Пашто даганяць”, “Піраміда клясавых супярэчнасьцяў”, “Hi верыць, ні спадзявацца”, “Шукаюць наіўных”, “Сіла праўды”, “Птушцы — крылы, чалавеку — свабода”, “Падумайце самі”, “Ёсьць такія на сьвеце людзі”, “Ёсьць у нашай малітве словы” ды інш. Асабліва ўражваюць успаміны пісьменніка, невялікія апавяданні, навелы: “Тайніцы Сьляпянскага лесу”, “Абразок”, “Андрэй Сякера”, “Сон Зьнябыціча” ды іншыя творы пра страшныя гады рэпрэсій, якія сваім зместам нагадваюць апавяданне В.Быкава “Жоўты пясочак”, паэму С.Законнікава “Цівалі”. Ва ўспамінах Дудзіцкі апавядае пра свой арышт, пра бязвінных ахвяраў, з якімі давялося сядзець у Мінскай турме. Вось як апісвае аўтар няшчасны лёс звычайнага чалавека, вясковага ганчара: “Добры быў чалавек Мікіта Бурболік — чалавек трыццатых гадоў... Тхло ад яго смуродам арыштанцкіх і пахла беларускай зямлёй. Апошняе было гэтакім моцным, што часам думалася: вось ён, гэты запраўдны беларус. Першае, што йшло ад арыштанцкіх — набытае ў няшчасьці, укліненае чужою сілаю, другое ж, што йшло ад зямлі, — ураджонае, высмактанае з матчыным малаком і добра ўкаранелае.
Гадамі “вялікага пералому” расхістаўся Бурболікаў грунт, надламаліся ягоныя карані, а крыклівы, неданошаны чырвоны плод сацыялізму вырваў гэтыя карані, паадсякаў іх, атрос зямлю і шпурнуў таўкачэвіцкага селяніна-ганчара ў брудныя сьмярдзючыя гарадскія клапоўні, так, як сам Бурболік шпурляў, бывала, чарап’ё нядобра выкручанага гарлача.
От і перакідаюць яго з месца на месца — з клапоўні ў клапоўню, перакачваюць з боку на бок, сушаць ягонае гаспадарскае сэрца. Пашчапалася суцэльнасць, а чарап’ё бразгаціць і ня клеіцца. I дзеці галадаюць, плачуць, і жонка пакутуе пад старым зрубам, чакае. Чатыры гады чакаюць галодныя раты кармільца.
I цяпер стаіць гэты шчуплы, крывенькі Мікіта перад маімі вачыма. Стаіць і жмурыцца. Пазірае з-за кутку на белыя ад марозу краты камянога мяшка нумар тры, на парэзаныя кратамі маленькія сіненькія кавалачкі неба...”14
Паўстае таксама Менск 30-х гадоў, “Беларускі Менск, дзе нікому не ставала паветра”. Яскрава, дакладна перададзена ат-
14 Напярэймы жаданьням. С. 235.
масфера рэпрэсій, быццам уся Беларусь апынулася ў камеры нумар тры Менскай турмы. У гэтым жудасным, “смярдзючым, вашывым каменным мяшку” сядзелі і ганчар з-пад Таўкачэвіч Мікіта Бурболік, шацкі рыбалоў Гарбун, садавод з-пад Вільні Міхал Сырадой і серабранскі разьнік Лаўрэн Пячонка, настаўнікі Цімох Баравец і Якуб Церабелец, стары селянін Мар’ян Зялёнка, дрывасек Сялівон, рабочы Калоша, лекар менскай лякарні Юдовін, малады аграном Віталі Зьнябыціч, і яны — “жывыя мерцьвякі” — сабраліся вакол закатаванага Якуба Церабельца, які толькі што адышоў у лепшы свет. I над ім, мёртвым, гучаць балючыя словы Апанаса Галёнкі, празванага ў камеры Цыбатым Валанцеем:	I дагэтуль, дома, жывымі мерцьвякамі былі мы й
прызнавацца самім сабе баяліся, ад людзей і саміх сябе хаваліся й уцякалі. Сьмерці чакалі, разумееце? Ня горшых, а лепшых гэтая сьмерць вырывала...”
Дакладнасць, праўдзівасць цяжкіх, змрочных карцін турэмнай апраметнай дасягаецца шляхам персаніфікацыі ўспамінаў. Аўтар не толькі апісвае, але найперш паказвае, раскрывае лёсы насельнікаў камеры праз іх уласныя аповеды, роздум, спрэчкі, разважанні — і ўсё гэта моцна ўздзейнічае, выклікае пачуцці суперажывання, разумення, спагады і асабліва пачуццё непрымання бесчалавечнага, неправеднага насілля сістэмы, якая дзейнічала, вынішчала сумленных, працавітых, сапраўды лепшых людзей, рукамі нелюдзяў “чырвонагаловых чорных скуранак”, што таксама сталі своеасаблівымі ахвярамі таталітарнай сістэмы.
Працягам успамінаў пра страшныя гады рэпрэсій з’яўляюцца невялікія апавяданні, навелы, абразкі. У апавяданні “Гісторыя Сяргея Кастрыцы”, змест якога ў нейкіх момантах блізкі да зместу аповесці Васіля Быкава “Аблава”, што, дарэчы, сведчыць пра тыповасць тагачасных жыццёвых рэалій, Уладзімір Дудзіцкі раскрывае трагічны лёс працавітай сялянскай сям’і. Галоўны герой апавядання Сяргей Кастрыца, адваяваўшы на франтах грамадзянскай вайны, заслужыўшы “бляшанку на грудзі”, вярнуўся ў вёску скалечаным, але дзякуючы сваёй працавітасці, кемлівасці неўзабаве стаў заможным гаспадаром. Аднак пад час калектывізацыі трапіў пад раскулачванне і быў высланы ў ліку многіх тысяч такіх жа беларусаў на поўнач, дзе цягнуў лямку катаржніка ў спадзяванні вярнуцца на Беларусь, да жонкі Рыпіны і дачкі Волечкі ў родную вёску Мазалі. Але спадзяванні гэтыя былі марнымі.
Іншы варыянт пакутнага сялянскага лёсу раскрываецца ў навеле “Андрэй Сякера”. Галоўны герой твора Андрэй Сякера адбыў зняволенне, прыехаў у сваю Іржаўку, прычым незвычайным спосабам. Яго, зняможанага, запалоханага, што плёўся па гразкай дарозе, згадзіўся падвезці шафёр машыны, у кузаве якой стаялі новыя труны. У адной з іх ляжала звязанае цяля, у другую залез Андрэй і неўзабаве заснуў. Калі ў Іржаўцы знялі з машыны труну, аднавяскоўцы пазналі ў схуднелым чалавеку жывога свайго земляка. Аднак бязрадасным было яго вяртанне. Памерла жонка Тэкля, не вытрымаўшы цяжкіх перажыванняў, разбурана гаспадарка. Так і пакідае аўтар свайго героя на роспачным раздарожжы ў горкім роздуме.
I ўсё ж селянін — істота трывушчая, і, можа, Андрэй зноў здолее стаць на ногі, як гэта сталася з героем другога апавядання Дудзіцкага “У гасьцёх Цыпрона Цырубалкі”. Вярнуўся Цыпрон з “савецкай лячэбніцы”, з Котласа ў родную Іржаўку і прывёз з сабой “бальшавіцкую спадчыну”, лагерны абутак — “сьцёртыя дзеравякі і ў торбачцы 205 колікаў, што пайкі хлеба сколвалі ў турме.
— Хаваю, — сьмяецца Цыпрон. — Жонка хацела была ў печ укінуць, а я кажу: “He, не, няхай ляжаць, есьці не просяць”. Бывае, часам агорне мяне сум — падыду, пагляджу, і на душы неяк лягчэй стане: як бы яно цяпер ні было, а ўсё ж ня тое...”15 Усе гэтыя ўспаміны, апавяданні Дудзіцкага, напісаныя ў другой палове 50-х гадоў, сведчаць пра катастрафічнае вынішчэнне працавітага сялянства, пра цяжкія наступствы панавання “чужынцаў”. Яны пераклікаюцца з яго раннімі публіцыстычнымі артыкуламі, у якіх ён пісаў: “Рэч у тым, што беларуская зямля, якая ў сваёй мінуўшчыне ніколі ня бачыла прасьветнае часіны, будучы пад пятою розных прыгнятальнікаў, гэтым разам трапіла ў рукі самых вялікіх прыгнятальнікаў у сьвеце, самых зацятых ворагаў беларускага народу — бальшавікоў, якія, крычучы пра аднаўленне разбуранага войнамі краю, а на самай рэчы ністожачы ягоныя векавыя набыткі, упрэглі беларускі народ у ярмо непасільнае працы й празьмерных вызыскаў...” (“Бацькі і дзеці”).
I ўжо пазней ва ўспамінах і апавяданнях, аповесці “Голас крыві” (да гэтага часу вядомыя толькі ўрыўкі з яе, увесь тэкст
15 Архіўная кніга. С. 69.
пакуль не знойдзены) пісьменнік імкнуўся паказаць, як і якімі метадамі дзейнічалі “чужынцы”, як пасяляліся ў душах людзей страх, абыякавасць, пакорлівасць, адбывалася “ўрастанне ў турэмны сацыялізм”. Гэтаму садзейнічалі не толькі рэпрэсіі, высылкі, калектывізацыя, праведзеная злачыннымі сродкамі, але і войны, якія заўсёды каціліся праз Беларусь, а беларусы вечна ішлі ў выгнанне, пакідаючы родную зямлю.
Першыя раздзелы аповесці “Голас крыві” — “Перад бурай”, “У палоне думак” уяўляюць сабой прачулы гімн чыстай нясплямленай душы гаспадара-хлебароба, яго працавітым рукам, хараству беларускага поля, неба, пушчы, сіле зямлі, у якую беларускі селянін глыбока ўрос каранямі.
Акрамя гэтых гімнаў-хваласпеваў роднай зямлі і яе шчыраму, адданаму працаўніку ва ўспаміны ўключана своеасаблівая сімвалічная містэрыя “Сон Зьнябыціча”, дзе пісьменнік, сцвярджаючы вернасць лепшым традыцыям жыцця народа, спавядае ідэю нацыянальнага яднання, веру ў аднаўленне беларускай дзяржаўнасці і свабоду ад усялякіх чужынцаў. I прадракае, што будзе пастаўлены помнік “злой сіле, нячыстаму духу” ў выглядзе абкручанага іржавым калючым дротам асінавага кала, глыбока ўбітага ў вялікі земляны насып. “Жарты жартамі, а праўда — чамярыца з перцам: далёка даўнейшаму да нашага цяперашняга. Даўней (да слова прыйшлося) балацяная Ігуменшчына на пальцах сваіх рыштантаў лічыла, і ўсе брытыя ілбы нешта каля паўгода Кацярынінскім трактам у Сібір пхнуліся, а цяпер і хаты нямашака бяз рыштанта, і дарогі да пядзі ўкараціліся: на месцы людзі ў турэмны сацыялізм паволі ўрастаюць... А ўросшы й абыўшыся, чалавек і хвалёнай часіне не дае веры, пакуль добра ня выдыхае таго, што моцна ў знакі яму далося, і душою не вычуе неспадзеўкі прышлага розьніва. I калі ўжо, ачухаўшыся, падыме вочы, каб таму рэдкаму дзіву соладка ўсьміхнуцца, дык і дзіва нямашака: новая трасца ў дзьверы пачынае стукацца. Гэтак яно й сьціхата сьціхаты ніколі ў турме не здаганяе.
Шчасьця — ні на часіну, а гора — на пяцігодкі...”16
Ужо па гэтых успамінах, невялікіх апавяданнях, навелах, абразках прыкметна, што Уладзімір Дудзіцкі безумоўна меў талент празаіка, які, аднак, не паспеў раскрыцца напоўніцу. Пра
16 Напярэймы жаданьням. С. 254.
гэты талент сведчаць не толькі глыбіня і смеласць праблематыкі ягонай прозы, але і яе незвычайная лексічна багатая, экспрэсіўна-эмацыйная мова, для якой найбольш характэрныя выразныя інтанацыі народнай мовы: розныя фразеалагізмы, устойлівыя выразы, выслоўі, прыказкі, прымаўкі — і ўсё гэта арганічна ўплятаецца ў аўтарскія лірычныя адступленні, мову герояў, іх партрэтныя, псіхалагічныя характарыстыкі: “Сьмерцяй жыцьця не паправіш, а сьмерці не мінеш”, “На целе — ні сухога рубца”, “ягоныя думкі хвастамі не вілялі”, “сэрца не ў ладах з думкаю”, “чэзнем з голаду”, “вераб’я на мякіне не правядзеш”, “вока ніколі нікому не запарушыў”, “шытыя белымі ніткамі хітрыкі”, “жывяце ў горадзе, як у Бога за пазухаю, а мы як той гарох пры дарозе”, “адзін з мёдам, а іншы з чамярыцаю”, “душа грызьмя грызлася”, “Богу душой не вінен”, “у хаце і мышы няма чым задавіцца”, “ці тапор у гаршчок, ці зубы на паліцу”, “шараваў мазгамі” ды інш.