Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Той, хто добра ведае немцаў у розных умовах, у рознай якасці, не будзе з усіх немцаў рабіць ворагаў з фашысцкай афарбоўкай, а таксама ўсіх разглядаць як камуністаў ці антыфашыстаў. Трагедыя нашых догмаў адбылася адразу, з пачатку вайны з фашысцкай Германіяй. Пралетарскі інтэрнацыяналізм і салідарнасць як ідэя ў дзейнасці не дазволіць нямецкім камуністам пайсці супраць краіны Саветаў — так нам марылася, а на самай справе пайшлі, ды яшчэ як, амаль да самай Масквы.
Так вось, калі ты глянеш на ўсіх захопнікаў, на ўсю армію Гітлера — гэта каварныя ворагі, усе як адзін. А калі вядзеш гутарку з адным немцам з Ціроля Петэрам Грэйвенам, ён інжынер будбатальёна, які мяне папярэджвае, каб я ніколі не расказваў пра тое, як немцы ў адзенні нашай міліцыі скідваліся на парашутах у натоўпы мінскіх уцекачоў, каб рабіць паніку, — цябе джэні могуць схапіць і расстраляць як сведку парушэнняў міжнароднае канвенцыі, што забараняецца пераапранацца ў ваеннае адзенне супраціўніка. Калі Петэр Грэйвен піхае мне ў кішэні хлебныя галеты, як ён кажа, для маленькага сына Генрыха, што я дрэннага магу аб ім сказаць? Калі прыходзіў да
іх, ён абавязкова накорміць і дасць з сабою, бо ведаў, што я без перапынку хачу есці і думаю аб сям’і. Ён не толькі добры чалавек, але і мае свае погляды на вайну, на тое, што Гітлер хоча выглядаць як вызваліцель, а з другога боку, вядзе тэрор сярод невінаватых людзей, вешае іх як партызан на кожным тэлеграфным слупе.
Гэтак жа ён абураўся, калі бачыў калоны яўрэяў, якіх гоняць на цяжкія работы, а сярод іх адны жанчыны ды дзеці.
Аднойчы Петэр Грэйвен запытаўся ў мяне, ці бачыў я фільм «Дыктатар», дзе галоўную ролю выконвае Чарлі Чаплін? «Не, — адказаў я, — не бачыў, але ведаю, што фільм гэты быў закуплены і не пайшоў у пракаце, бо вельмі дыктатар быў падобны на Сталіна. He па знешнасці, а па дзейнасці». — «Хочаш, мы табе пакажам яго, вядома, пад сакрэтам». — «Не, — адказаўя, — бо баюся нечаканасцяў, у маім стане небяспечна». Гэты факт толькі лішні раз падкрэсліў, што адзін ролік меўся ў Мінску. Зараз я думаю, што, можа, нашы кіраўнікі не хацелі абразіць і самога Гітлера. Вось такі фільм быў карыкатураю на абодвух дыктатараў, і гэта ведалі не толькі нямецкія камуністы, але і ўсе салдаты вермахта. Часта немцы рабілі параўнанне паміж Гітлерам і Сталіным, яны казалі: «У вас — правадыр, у нас — фюрэр». Толькі вось чаму вашы члены партыі не маюць партыйнай вопраткі і партыйных знакаў? Можа, таму, каб ніхто не мог сказаць, аб чым думае, услых, бо сярод прысутных ёсць член партыі, а ніхто аб гэтым не ведае. He маглі паверыць у тое, што дрэваапрацоўчы завод імя Молатава ў Мінску толькі носіць імя Молатава, а не з’яўляецца яго ўласнасцю. Як прыклад, у сябе называлі Герынверке — заводы Герынга, якія былі сапраўды ўласнасцю Герынга. Быў і такі выпадак, калі адзін партайгеносэ паказваў на сваю вопратку, а потым на партыйны значок і апасля кожнай назвы сцвярджаў, што гэта хлеб і гэта хлеб, не хаваючыся ад таго, што партыйнасць дае яму хлеб і іншыя прывілеі. Ён нават не саромеўся таго цынізму, бо лічыў па сабе, што і ў нас ідуць у партыю, бо яна дае ўсё, чаго не маюць беспартыйныя. Немцы — дзелавы народ — займаюцца тым, што дае практычна выгаду — выгаду сёння, а не
некалі ў будучым. Нацыянал-сацыялізм дае немцу, толькі немцу, усё тое, што толькі магчыма сёння. Мы хочам жыць добра зараз, а ваш камунізм — гэта мары, якія залежаць ад міравой рэвалюцыі, якую цяжка дачакацца ў адно жыццё чалавека. Так казалі немцы. «Гітлер даў нам працу, даў нам пазыку на пабудову ўласнага дома, ліквідаваў беспрацоўе, а каб жыццё было яшчэ лепш, трэба пашырыць жыццёвую прастору за кошт Расіі, у якой гэтай прасторы занадта многа». Так, з узнікненнем нацыянал-сацыялізму трэба было, каб немцы, а не хто іншы, валодалі ўсёй нямецкай гаспадаркай. Уся медыцына, юрыспрудэнцыя, гандаль, банкі, усё чыста павінна быць у нямецкіх руках, а не ў яўрэяў. А таму што ніхто добраахвотна не аддасць гэтыя галоўныя дзяржаўныя інстытуты, трэба захапіць іх сілай — арганізаваць штурмавыя атрады.
Усё так і адбывалася, як было ў кнізе «Майн Камф». Можа, скажаце, вельмі спрошчана? А для звычайнага немца больш і не трэба. Колькі было выпадкаў, калі салдат ці тылавы немец дастае з кішэні фота, дзе бачым яго дзяцей, яго дамок, ён сам з жонкай у агародзе калупаецца ў зямлі. Чаго больш трэба? Яму хопіць, а ўсё астатняе патрэбна дзяржаве, якая даўно мае патрэбу ў жыццёвай прасторы. Вось таму яны зараз на рускай зямлі.
У доме ўрада на трэцім паверсе я скончыў пісаць партрэт доктара па лакаматывах у яго кабінеце за пісьмовым сталом. Тут некалькі тэлефонаў, на сцяне вялікая карта Савецкага Саюза. Час ад часу да яго заходзілі таксама чыгуначнікі, я рабіў перапынак і потым зноў працягваў работу. У кабінеце частка пакоя агароджана — гэта спальня шэфа.
Доктар, відаць, задаволены сваім партрэтам. Дый з тых, што прыходзілі да яго, таксама згаджаліся з тым, што партрэт будзе добрым падарункам да дня нараджэння яго жонкі. У добрым настроі ён устае і звяртае маю ўвагу на карту СССР. «Вось калі б мы разам з Расіяй аб’ядналі нашы вайсковыя сілы, уся Еўропа ды Азія ляжалі б ля нашых ног». Я моўчкі слухаў і дзівіўся: чаму гэтаму доктару па лакаматывах карціць аб’ядноўваць нашы дывізіі, каб захапіць увесь свет? Тут ён сцішыў свой
голас і пачаў прапанову, каб я намаляваў на чыгунцы ўсё тое, што немцы збудавалі, — масты, дэпо, воданапорныя вежы, чыгуначныя збудаванні і іншыя аб’екты на кадяі і вакол яе. Ён пералічваў аб’екты, а ў мяне пабеглі мурашкі па целе: што рабіць — трэба знайсці матывы, каб неяк выкруціцца ад гэтай прапановы. Я ведаў, што немцу дай логіку, дай абгрунтаванне свайго адказу — ён зразумее. Ён працягваў сваю гаворку і ўрэшце адзначыў, што выстаўка адбудзецца ў Варшаве, яна дасць мне папулярнасць, вядомасць і шмат грошай.
Вось гэтага яшчэ мне не хапала! Ён глядзеў на мяне, чакаючы згоды, быццам я ўхаплюся, маючы наперадзе такую прывабную перспектыву.
Па-першае, я сказаў, што для мастака зусім не цікава маляваць масты ды пабудовы — усё гэта сухія рысы, хутчэй, для чарцёжніка або для фатографа, — будзе як дакумент. Я здзіўляюся: «Як вы можаце даручаць такую работу рускаму мастаку? Мяне можа прыстрэліць ваша патрульная ахова чыгункі ці партызаны, якія могуць скарыстаць гэтыя замалёўкі для падрыву чыгункі і яе будынкаў. Перад вайной, — кажу, — трэба было з вялікімі цяжкасцямі атрымаць дазвол, каб маляваць краявід, дзе побач ёсць палатно чыгункі. А што тычыцца мастоў ці віядукаў, дык гэта наогул забаранялася маляваць ні фатаграфаваць». Я ўсё болей і болей абгрунтоўваю сваю думку, аднак інжынер не звяртае ўвагі і настойвае на сваім, каб не пазней як назаўтра я змог атрымаць канкрэтнае заданне, дзе і з чаго пачынаць. Вядома, што жонка затрымала мяне ў хаце ды так расхвалявалася, што я мусіў толькі на трэці дзень прыйсці да інжынера.
Вы б пачулі, як ён раскрычаўся: «Дзе ваша пунктуальнасць! Хто вам дазволіў свавольнічаць!». I далей пайшоў злавацца, падбіраючы словы, каб лепш абразіць мяне, бо рускім уласціва падманваць, ніякай адказнасці за словы, за абяцанні. Потым сцішыўся і сказаў, што там у іх, наверсе, таксама не дазволілі рускаму рабіць замалёўкі. Відаць па ўсім, што мае тлумачэнні мелі рацыю, і я сам сябе ўратаваў ад гэтага папулеру і вялікіх грошай.
Пасля таго як нашы войскі вышпурнулі немцаў са Смаленска, у Мінску актывізавалася гестапа, а разам з ім і гарадскія нямецкія ўлады. У тым, што цягнулі да сябе беларускую тутэйшую інтэлігенцыю дапамагаць немцам і беларускім установам у прапагандзе «новага парадку», распаляць нацыяналістычныя спрэчкі сярод беларускага насельніцтва, супраць партызан, бальшавікоў, якія, маўляў, адпомсцяць за тое, што супрацоўнічаў з немцамі ці наогул заставаўся нейтральным. Яны ведалі, чым запалохаць нашу інтэлігенцыю, спасылаючыся на рэпрэсіі 1937 года, калі так па даносе хапалі людзей без суда і следства, а цяпер за працу ў немцаў кожнага чакае куля ў патыліцу. Правакавалі на кожным кроку так моцна, што не ведаеш, з якога боку і хто правакуе.
Наш вядомы кампазітар Туранкоў апынуўся ў акупаваным Мінску — мусіў не паверыць тым людзям, якія называлі сябе партызанамі, прапанавалі яму бяспеку, каб адвезці яго ў лес да партызан, а затым і ў Маскву на самалёце. Туранкоў не даў згоды, палічыў, што гэта звычайная правакацыя, бо не так лёгка бегчы вядомаму ўсім чалавеку, ды не аднаму, а, мабыць, з сям’ёю. Зараз іншым людзям цяжка паверыць, што складанасці абставін у той час былі такія, што даўно вядомы табе чалавек мог апынуцца зусім не тым, якім быў даўно, што ён думае інакш і зараз табе не таварыш. Асцярожнасць усюды: азірайся на кожным кроку, кожнае слова прадумай, потым кажы, а лепш памаўчы.
Я ўжо адзначаў, што немцы праводзілі 1 Мая як дзень працы і вясны сярод сваіх колаў, але гэта было спачатку, а зараз прымусілі прымаць удзел у святкаванні ўсіх з управы, усіх службоўцаў і рабочых прадпрыемстваў, усіх мастакоў і артыстаў. Шэф аддзела мастацтва загадаў склікаць у камісарыят мастакоў, што былі на ўліку ва ўправе. Спачатку ён выдаў нам па пачцы махоркі і праз перакладчыцу паставіў задачу зрабіць на чырвоным палатне з дзясятак лозунгаў да 1 Мая. Ніхто з нас не пісаў гэтых лозунгаў да вайны, бо не было патрэбы займацца такой дармовай працай — гэта па-першае, а па-другое, проста ніхто не ўмеў іх пісаць, і па-трэцяе, не хацелася пэцкацца, тым
болып што пакуль ніхто наганам нам не пагражаў. Вядома, шэфу ўся гаварыльня-адгаворкі не падабаліся, ён мала верыў, што мастак не можа пісаць, рабіць такую простую работу. Скончылася наша гаворка тым, што я і мастак Алтуф’еў паабяцалі шэфу перакласці гэтую работу на майстэрню па шыльдах, якая была ў канцы Камсамольскай вуліцы, на рагу з Нямігаю.
Але ж на майстэрні шыльда была, але не было тых, хто мог бы рабіць шрыфтавыя лозунгі. Потым мы пачулі, як шэф крычаў «Сабатажнікі» і яшчэ нешта па-нямецку ў наш адрас. Дэманстрацыя адбылася — мастакам далі адну палутарку, а каб было зразумела, што на ёй стаяць мастакі, дык мастак Каржанеўскі ўсцягнуў на машыну свой вялікі мальберт. He абышлося і без фатаграфавання, і ўсе тыя кіназдымкі, што адбыліся ў лагеры, дзе кідалі ў галодны натоўп сухары, яшчэ ў першыя дні акупацыі.