Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Тут я мушу спыніць сваю гаворку, каб звярнуць увагу тых людзей, што ніколі не бывалі ў гасцініцы «Масква». Шырокая лесвіца, поручні, вельмі нізкія, ідуць уверх і ўніз да тумбы, таксама нізкай — сантыметраў шэсцьдзесят пяць, не болей. Прамежак між поручнямі шырокі: варта спіною зрабіць адзін крок і спатыкнуцца аб тумбу — і ты ляціш між поручнямі ўніз.
Колькі разоў я стаяў на тых пляцоўках, і ў вачах маіх уставала тая карціна так ясна і бясспрэчна, што становіцца цяжка на душы, калі прыходзіш з халодную развагаю да такіх высноў, бо нічога іншага быць не магло.
Заборскі — сведка, спытайцеся ў яго.
Да 1932 года я Купалу ведаў толькі па яго творах, а калі ўвайшоў у сям'ю Галубка, то бачыў яго часцей у Доме пісьменнікаў, што быў на рагу вуліц Савецкай і Карла Маркса. У гэтым годзе я скончыў мастацкі тэхнікум, а ў наступным — быў прыняты ў члены Саюза савецкіх мастакоў БССР. Нашы
сувязі з пісьменнікам былі тады больш блізкімі, чым сёння, бо праходзілі праз Белгасвыдат усе мастакі, жывапісцы, нават скульптары (Азгур), і, безумоўна, самі графікі мелі магчымасць атрымаць заказ на афармленне кнігі, пачынаючы ад шрыфтавой вокладкі і да ілюстрацый усёй кнігі. Другой арганізацыяй, якая магла аформіць заказ на выкананне любых відаў мастацтва, як афармленне клубаў, дэманстрацый, партрэтаў, сельскагаспадарчых выставак і іншых работ, быў прафсаюз РАБІС работнікаў мастацтваў. Ніякіх мастацкіх майстэрняў, ні выканаўчых, ні тым больш творчых не было, як і Дома мастакоў ці выставачных залаў таксама. А вось Дом пісьменнікаў даваў нам магчымасць правесці з’езд мастакоў, які лічыўся першым, ды некаторыя выстаўкі асобных мастакоў, у тым ліку выстаўку Уладзіслава Галубка. He магу дакладна ўстанавіць, дзе я пачуў, як чытае свае вершы Янка Купала, мабыць, у Доме пісьменнікаў. Ведаю, што Купала не вельмі што любіў чытаць сам, мабыць, саромеўся, а мабыць, лічыў, што артыст зробіць лепш за яго, хутчэй, і тое, і другое разам узятае. Мы ж ведаем, што Купала наогул не любіў выступаць з прамовамі. Навошта яму на людзях выкладаць свае думкі, якія ляцяць у паветра і там губляюцца? Ды ці ён памяняе свой пісьмовы стол, той спакой, што спрыяе толькі адной мэце — той песні, якая пакуль што гучыць не для ўсіх, а ў сэрцы. Мяняць на эстраду, дзе адзін выхад яго сустрэнуць усе, як артыста, пачнуць пляскаць у ладкі, наробяць шуму, а для чаго?
У той час, наадварот, лічылася так, што калі ты маеш пастаўлены голас і можаш выступаць на розныя тэмы — дык ты актывіст, цябе паважаюць, цябе выбіраюць, бо ты патрэбны чалавек.
Купалу заўсёды запрашалі ў прэзідыум розных сходаў ці вечароў, дзе павінны былі сядзець усе знакамітыя людзі. Гэтая прадстаўнічасць давала сходу саліднасць і патрапіць на такі сход лічылася заўсёды вялікім тваім уласным дасягненнем. I вось калі сабраліся людзі на літаратурны вечар, дзе меўся выступаць Купала, а слухач упершыню будзе яго слухаць, дык расчараванне адразу наступае, калі пачуе манатонны глухі голас, ды не кожнае слова выгаворваецца так яскрава, як трэба.
Нават сэнс верша ўхапіць цяжка, застаецца толькі разглядаць паэта: як ён стаіць, як трымае рукі, як адзеты, чаму не расстаецца са сваім кійком, і розныя другія робіш назіранні, дзівішся, чаму так паважаюцьлюдзі гэтага чалавека і за што любяць. Так, мы павінны згадзіцца з тым, што не ўсякі паэт можа быць артыстам ці валодаць прамоўніцкім талентам. Я ўспамінаю дваццатыя гады, як усе паэты чыталі свае вершы на адзін аршын: ні табе ўзрост, ні табе свой тэмперамент — усё адно і тое ж, як алілуя.
Я ведаю ад жонкі, што Купала любіў слухаць, як яна чытае яго вершы, як выразна гучаць яго словы, пераходзячы ў гукі пачуццяў, сэнс верша ўзрастае нават ад жэстаў рук, усё дзеля выразнасці вершу.
Галубок нездарма браў з сабою сваю дачку ў Мінскі белпедтэхнікум, каб яна чытала вершы Купалы перад студэнтамі пасля лекцыі аб тэатры, аб літаратуры ў сцэнічным мастацтве.
Успамінаецца і такі выпадак, калі цётка Уладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок на некалькі дзён, каб вывучыць вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. У гэтым дзіўнага нічога не было, бо Люся яшчэ не мае вопыту трымацца перад гледачамі тэатра, а толькі ў хатніх умовах. Рэпетыцыі праводзіліся ў Доме Першага з’езда РСДРП, дзе тады жылі Купалы. Цётка Уладзя, як настаўніца ў мінулыя гады, валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей — ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкай. Можна сабе ўявіць, як хвалявалася Уладзіслава Францаўна там, за кулісамі, у той вечар. Але ўсё абышлося добра, і з таго часу малая актрыса мела сваё амплуа.
А быў гэты вечар прысвечаны Юзэфу Пілсудскаму79, які сядзеў у ложы гарадскога тэатра, абапіраючыся на шаблю. Ён глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсміхаўся. Мабыць, падабаліся яму словы і тая дзяўчынка, што так добра чытала купалаўскі прывітальны верш. «Гэты вечар запомніўся мне, — кажа Люся Галубок, — болей за ўсё, бо гэты вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, а потым доўгі час пляскалі ў далоні людзі стоячы, яны глядзелі на тую ложу, на Пілсудскага, на яго ад’ютантаў — выкшталцоных палякаў».
Казалі, што беларускія ўрадоўцы сустракалі Пілсудскага хлебам-соллю на ручніку. Тады ніхто не ведаў, да каго далучыцца наша маленькая дзяржава, ці Заходні край, як называлі ў Расіі нашу Беларусь. Яна не мела дакладных межаў, узброеных злучэнняў і сваёй канстытуцыі — моцных юрыдычных правоў. Усё было часова не толькі ў нас, але і паўсюль, бо гэта быў пачатак 20-х гадоў.
Ужо значна пазней, калі тэатр Галубка меў свой твар вандроўнага, калі ён мусіў блукаць па мястэчках усёй Беларусі, дзеці Галубка заставаліся дома, бо зімою школа, а не тэатр была галоўным заняткам. Бывалі і такія часы, калі ў Мінску даваў гастролі тэатр, зноў у канцэртах прымалі ўдзел дзеці Галубка, вось тады пачыналіся пропускі заняткаўу школе, усё ішло на тэатр, а школа была на другім месцы. Галубок сам не меў асабістага жыцця, але ж і з членаў сям’і выцягваў апошнія сілы — літасці нікому не даваў. Гэты фанатычны падыход да справы тэатра ўласцівы людзям не ўсім, а толькі выключным у тых эканамічна цяжкіх умовах, якія склаліся ў тыя часы.
Зараз цяжка ўстанавіць, калі і дзе Галубок і Купала сустракаліся, дзе і што рабілі разам, ведаем толькі, што кожны на сваім месцы рабіў справы адраджэння культуры мінулага Беларусі, каб і будучае было працягам сучаснага. Яны разам дбалі аб літаратуры, аб тэатры і што галоўнае у гэтым была мова — родная мова, без якой няма нацыі, няма дзяржавы, якая мае сваю прыгожую назву — Беларусь.
Уладзіслава Францаўна была зусім іншага характару і тэмпераменту, чым Янка Купала. Хуткая на рукі, на гаворку, яна пачынала гаварыць аб адным і адразу мяняла тэму на другую, іншы раз было цяжка ўставіць слова, каб не згадзіцца ці падтрымаць яе, асабліва калі яна зусім і не думала раіцца з вамі, абы толькі яе слухалі. Пры ўсім тым яе паважалі, уперад ведалі, аб чым яна будзе гаварыць, але ніхто не перашкаджаў, толькі з ухмылкаю слухалі і згаджаліся з ёю.
Пасля трыццаць сёмага году цётка Уладзя быццам забылася пра Люсю, але гэта не так, усе тады былі не тымі і рабілі не тое, што павінны былі рабіць.
Толькі пасля вайны Уладзіслава Францаўна пачала збіраць усё пра Купалу, каб урэшце адкрыць літаратурны музей Янкі Купалы. Музеем яна займалася ўвесь дзень, а мабыць і ўначы, бо можна было ўбачыць, як гарыць святло ўсю ноч, а яна за сталом нешта піша, нешта пераглядае.
Вядома, усе пісьменнікі ёй дапамагалі як толькі маглі. Музей адчыніўся спачатку ў памяшканні Дома прафсаюзаў, дзе была таксама сабрана і мастацкая галерэя, а пазней музей гісторыі Айчыннай вайны.
Далейшы шлях музея не прамінуў і асабняк, дзе быў пакараны гаўляйтар Кубэ80. У двухпавярховым асабняку на першым паверсе быў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР, а на другім — музей Янкі Купалы. Можна было дзівіццатолькі таму, як цётка Уладзя самааддана працавала па зборы матэрыялаў. У запасніках накапілася шмат кніг, але болей за ўсё мастацкіх карцін, партрэтаў, інкрустацый па дрэве, вышыўкі, дываны і коўдры, скульптурныя партрэты, бюсты, ілюстрацыі да купалаўскай паэзіі, адным словам, надышоў час прасіць урад, каб пабудаваць сапраўдны літаратурны музей на тым месцы, дзе да вайны стаяла хата Янкі Купалы і тая ўсім вядомая таполя.
Так быў пабудаваны музей Янкі Купалы, але ўжо без цёткі Уладзі. Прайшлі гады, а зараз мы бачым Янку Купалу ў бронзе — каля свайгодома, дзе жывуцьяготворы, ды іўсё, што маем аб ім.
Зараз на пляцы Волі маецца Дом прафсаюзаў, а пры немцах гэта быў Генеральны камісарыят для ўсёй Беларусі. Можа, праз год камісарыят перасяліўся ў памяшканне сучаснага ЦК КПБ, якое яшчэ не было скончана будаўніцтвам — заставаліся аддзелачныя работы і не было яшчэ ліфта.
Скончылася вайна для Мінска, мастакі пачалі пісаць партрэты партызан спачатку ў Лошыцы, а насталі халады, дык занялі пакоі гэтага былога камісарыята. Жалезныя печы даюць цяпло, пакуль топіш. Вядома, мерзлі мастакі, мерзлі і партызаны. Некаторыя мастакі пачалі пісаць карціны, і толькі адна была для ўсіх тэма — гэта Айчынная вайна і асабліва наша беларуская — партызанская.
Да гэтага часу з’ехаліся мастакі з усіх бакоў у Мінск: хто па выкліку, а хто і самачынна. Адзывалі з улікам таго, што варты той мастак для працы, а можа, хай сядзіць там, у Ташкенце ці Свярдлоўску, адзывалі часцей найбольш такіх людзей, што з партыйных колаў, — кіраўнікоў са стажам, як іх завуць наменклатуршчыкамі. НКУС працаваў удзень і ўначы, хапалі людзей розных. Мастакоў, што рабілі на немцаў, без суда гналі ў ссылку — Гуткоўскага, Кашкеля, Абрамава, Алтуф’ева, Каржанеўскага, ды не ўсіх мог я ведаць. Асудзілі нямецкіх фашысцкіх злачынцаў. Гэта былі паказальныя суды, на адным пасяджэнні такога суда я прысутнічаў. Іх было, можа, чалавек дванаццаць. Усе як адзін адмаўляліся ад абвінавачванняў, спасылаліся на загад. Маўляў, выконваў загады вышэйшага начальніка. Судзілі такіх, што мелі на сваіх руках столькі крыві, такіх як Кох, што сам расстрэльваў людзей, называліся лічбы, страшэнна было ўявіць, каб адзін чалавек мог такое рабіць.
Пакаралі іх праз павешанне на тым іпадроме, дзе пару месяцаў таму адбыўся парад партызан. Супраць кожнай вісельні стаяла палутарка, на ёй з пятлёй на шыі стаяў збялелы злачынец. Па камандзе — нехта стрэліў у неба — машыны разам крануліся, і вісельнікі засталіся вісець на паўметра ад зямлі. Было неяк брыдка глядзець, калі дзеці круцілі гэтых мерцвякоў, іх чамусьці ахапіла дзікая весялосць, яны зноў і зноў круцілі, асабліва счарнелага Коха.