Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
У апошнія гады свайго жыцця ў Сухаверхава ўзнікла новая хвароба — помсціць мастакам яўрэйскай нацыянальнасці і мастакам, якія супроць сваёй волі апынуліся ў акупацыі. Ён прапанаваў у Саюзе мастакоў адняць пенсіі ў тых мастакоў, што былі ў акупацыі, маючы на ўвазе сам факт знаходжання на тэрыторыі акупацыі, а не супрацоўніцтва з немцамі.
Я апускаю непрыглядную старонку жыцця гэтага партыйца — мнагажонства, п’янкі, скандалы і тыя бойкі, аб чым неаднойчы ставіліся пытанні на бюро партарганізацыі Саюза мастакоў.
Але чамусьці ўсё спісвалася, усё сыходзіла з рук і апраўдвалася гэта тым, што ён быў партызанам і заслужаным дзеячам мастацтва. Складвалася ўражанне, што ў ЦК не звярталі ўвагі наогул на тое, што ў Саюзе мастакоў ідзе бойка паміж мастакамі за кіруючыя крэслы, за тое, каб хутчэй атрымаць пачэснае званне, за тое, хто мае права на прывілеі, а хто не. Усё гэта было выгадна толькі работнікам ЦК з тае прычыны, што ўсе гэтыя бойкі іх быццам не датычацца, іх не цікавяць, а мабыць, нават наадварот: хай валтузяцца, абы нас не чапалі. Згадзіцеся, калі ласка, з тым, што беспартыйны партызан-мастак Ліхтаровіч у параўнанні з Сухаверхавым выглядае чэсным, сціплым, працавітым і грамадскім работнікам, без ганаровых званняў мастаком-грамадзянінам, які можа быць прыкладам з усіх бакоў, — чалавекам.
Да Саюза мастакоў мы яшчэ вернемся трохі пазней, бо ўспаміны аб мінулым не прыходзяць усе разам. Як прайсці міма, каб не напісаць пра першыя дні пачатку вайны ўсе той жа сям’і Галубка, якая засталася ў складзе трохдачок Галубка, іх дзяцей, жонак сыноў Галубка і таксама іх дзяцей. Усе мы пакідалі халупу ў Нізкім завулку, дзе заставалася Ядвіга Аляксандраўна. Яна пастаяла каля дома, моўчкі развіталася з усімі адным кіўком галавы, вочы, поўныя слёз, не давалі ёй нешта сказаць ці параіць, бо не першы раз вайна праходзіла праз родны Мінск, і тады, у першую імперыялістычную вайну, калі Галубок адвёз яе з дзецьмі ў Сергіеўскі пасад, што каля Масквы. Потым Грамадзянская вайна, пазней немцы Кайзера, то былі немцы «добрыя», затым белапалякі ашалелыя, пры адыходзе з Мінска палілі яго, а старым яўрэям адсякалі сівыя бароды, рабавалі маёмасць, усё было як на звычайнай вайне. Можа, каб не хворыя ногі, што ад самагубства засталіся пашкоджаныя, — пайшла б з намі, як гэтак зрабіла мая маці.
Усе кінуліся на Камароўку, дзе тады былі яшчэ канавы, але не было будынкаў, па якіх кідалі запальныя бомбы, каб рабіць паніку, каб гнаць людзей з горада ў бок захаду. На адным узгорку можна было ўбачыць сярод уцекачоў, як танкіст з наганам у руцэ канваіруе нейкага чырвонаармейца перад сабою. Куды
танкіст вядзе гэтага чалавека, чаму і адкуль з’явіўся танкіст, ды не адзін, а крыху далей вядуць зноў нейкіх здраднікаў ці шпіёнаў, нікому нічога не зразумела. А гэта ж так і трэба, каб было не зразумела, паніка — лепшы памочнік тым нямецкім парашутыстам, якіх уначы накідалі ў навакольным лесе, што ў тыя часы быў побач ускраіны Мінска. Я цягнуў усіх далей ад людзей, далей ад будынкаў. Ужо пачало цямнець, насустрач нам ідзе палутарка, спыняецца, забірае жанчын і дзяцей, толькі я на хаду чапляюся на падножку, чую каманду, каб мне хавацца пад вайсковыя паддзёўкі, быццам яны вязуць у тыл сем’і афіцэрскага складу. Бачу з-пад адзення, што на гэты прасёлак выходзіць афіцэр і загадвае спыніцца. Але машына не збаўляе руху, каціць прама на афіцэра. Той страляе ў паветра, але машына ўсё далей і далей, аж да Маскоўскай шашы, — тут вялікі заслон, і нас спыняюць. Стала зусім цёмна, праходзім праз сасновы лясок, але чую: «Стой!» У мяне патрабуюць дакументаў на дрэннай рускай мове. Дастаю з кішэні вайсковы білет і пашпарт, той свеціць сваім электрычным ліхтарыкам, мне не знаёмым, праменьчык свету слізгануў па адзенні no634 стаячага — усё разам было ясна — гэта парашутны дэсант. Гэты першы зноў раіць нам ісці ціха, накрыць нечым цёмным нашы белыя прасціны і ванзэлкі, каб не прыцягваць увагі самалётаў, а яны ўсё гудуць і кружаць над лесам бесперапынку. Ледзьве бачна дарога праз паляну, дзе тры вялікія сасны, спыняемся, трэба ўкрыць дзяцей і даць ім паспаць. Кароткая ноч, хутка світае. За дарогай балота, хацелася піць, пайшоў чарпануў у жменю вады — дзецям даваць яе нельга. Бралі ж з сабою вялікі чайнік вады, але мусілі кінуць перад пасадкай у машыну.
На дарогу з лесу да нас ідуць два міліцыянеры, на іх апрануты новыя шынялі, ды на фуражках таксама блішчаць меддзю кукарды і гузікі. Зноў чую рускую мову з нейкім акцэнтам: «У якім напрамку будзе Мінск ?» Я ў сваю чаргу пытаюся ў іх: «Чаму міліцыянеры не ведаюць, дзе знаходзіцца Мінск?» «А мы з Літвы», — кажа той, што пачаў гаворку. Думаю: усё можа быць, што літоўцы яны, а чаму новае адзенне на іх зіхаціць?
«Адыдзіце ўбок ад дарогі і ўбачыце дым, што падымаецца ўгару чорным шлейфам, — вось там гарыць Мінск».
Зноў ідзем далей, наперадзе хутар, заходзім у першую хату, пытаюся дазволу, каб троху пабыць, пакуль стане ясна, што трэба рабіць. Іду па ваду — далей ад хаты студня. Набіраю вады, а ў небе гудуць самалёты і ўсё кідаюць раз ад разу свае бомбы, і гэтак блізка, што прыгінаешся, бо строчыць яшчэ кулямёт, здаецца, што цэліць толькі ў цябе. Просім у гаспадара малака для дзяцей. Дае, на грошы глядзіць ужо з знявагаю. 3 пуні ў хату заходзяць дзве жанчыны, таксама просяць малака. Гаспадар ім не дае, бо яны яўрэйкі, добра, што дазволіў змясціцца ў пуні. «Па ваду, — кажа ім, — ідзіце самі». Вось вам ужо ёсць і розніца паміж уцекачамі. Дыферэнцыяцыя, а можа, баіцца збірання вялікай колькасці людзей? Хутчэй за ўсё, першае.
Пераначавалі ўсе старэйшыя на падлозе, а дзеці на драўлянай канапе ўпоперак. Нехта з мужчын зайшоў у хату і параіў мне далучыцца да тых, што ўжо стаялі каля дзвярэй, бо трэба ісці ў Калодзішчы, можа, там ёсць камендант ці нават ваенкамат. «Мы ж вайсковаабавязаныя, могуць нас палічыць дэзерцірамі». Нас усяго шэсць чалавек, ідзем па дарозе праз жытняе поле. Раптам самалёт пачынае страчыць. Мы ляжым у розных месцах у жыце. Лепш не глядзець на самалёт — няхай злодзей цэліць у кожнага паасобку, — можа, пашэнціць менавіта табе. Гляджу на зямлю, а па ёй снуюць мурашкі, адны туды, другія сюды, сонца пячэ, пралятае мітусліва капусніца, у паветры стаіць нейкая туча, і ўсяму гэтаму няма ніякай справы да людзей, што шукаюць ратунку адзін ад аднаго. Ну, вось я развітаўся з роднымі ў той хаце, дзе пакінуў іх, можа, болей не ўбачымся ніколі. Што будзе з дзецьмі і з маім малым сынам, з жонкаю? Так думкі пераскокваюць адна да другой, але тут бачым, што немец адляцеў у бок Мінска — падняліся і зноў крочым моўчкі далей. Кіламетраў пяць ісці да Калодзішчаў, а ўжо мы тры разы лажыліся на зямлю, баючыся кулямётнай чаргі з таго чыстага блакітнага неба.
У Калодзішчах зборышча народа. Эшалоны таварных вагонаў і платформаў набіты людзьмі ў большасці яўрэйскай
нацыянальнасці, жанчыны лямантуюць, ідзе бойка за месца ў вагонах, і што дзіўна, гэта тое, што эшалоны не кранаюцца з месца ўжо доўгі час. У чым справа, было ясна толькі тады, калі ў аднаго салдата ні вінтоўкі і ні рэменя пры сабе не было, бо, як ён адказваў усім на такое пытанне, што ў Смалявічах немецпарашутыст раззброіў яго і адпусціў на ўсе чатыры бакі, відаць, наўмысна, каб быў наш салдат жывым сведкам, што немцы не такія ўжо злосныя бандыты, калі ты здаўся ў палон, а з другога боку, каб усе ведалі, што Смалявічы знаходзяцца ў нямецкіх руках і ні адзін цягнік не кранецца з месца ў Калодзішчах. Паніка толькі павялічылася з кожным фактам усё болей і болей, калі стала вядома, што ў Калодзішчах не было ні каменданта і ні якога ваенкамата. Нехта з нашай групы ўлез на платформу і цягнуў нас з геадэзістам, з якім я трымаўся, каб не застацца аднаму. Нехта з салдатаў ускінуў вінтоўку дагары і стрэліў у самалёт, што быў на невялікай вышыні. Той не даў рады, каб адказаць на гэты неразумны адзіночны стрэл, — такой дзікай чаргой кулямётнай пальбы, што мы кінуліся пад бярвенне, што ляжала вось тут, каля нас. Час ішоў, на чыгунцы ніякага руху, а народу ўсё болей і болей скоплівалася на станцыі, дзе ніякага начальства, ніякага парадку ўжо не было.
Усю ноч, не паспаўшы, прасядзелі на саломе мы з маім новым знаёмым у нейкім хлеўчыку, а ў раніцу рашылі ісці ў Мінск. Будзь што будзе, але трэба ісці дадому, можа, там знойдзем што з яды і вернемся ў вёску да сваіх, ужо разам з усімі вернемся ў Мінск.
Шлях недалёкі, але ўвесь час было рызыкоўна. Адна справа, калі ты ідзеш з дзецьмі і жанчынамі, другая справа, калі ідуць два маладыя мужыкі, — дык хто яны. Бачым, з хмызняку да нас крочьшь маёр і два з ім салдаты. «Стой!Рукіўгару! — пачынаюць мацаць зброю, глядзяць вайсковы білет, пашпарт, усё быццам у парадку, затым пытанні: — Адкуль ідзяце?» «3 Калодзішчаў, там немцаў няма». — «Няма, яныў Смалявічах. Куды ідзяце?» — «У Мінск да сваіх». He затрымліваюць, ідзем далей. Так на працягу ўсяго шляху тры разы нас спрабавалі затрымаць, і кожны раз адны і тыя ж пытанні, адны і тыя ж спалохі і разам з тым
разгубленасць вайсковых людзей, ніякіх звестак, а гэта горш за ўсё, калі маленькія групы салдат ды камандзіраў без зносін іншымі, каб аб’яднацца, каб знайсці верны шлях. Так з цягам часу я зразумеў, адкуль нашы беларускія лясы хутка прынялі пад свой гушчар вайскоўцаў у партызанскія атрады, потым брыгады і разам склалі каля трохсот тысяч чалавек, а калі дадаць яшчэ і сувязных, дык стане палова мільёна ўсіх, хто так ці інакш працаваў на перамогу ў гэткай страшэннай вайне.
Між тым Мінск працягваў гарэць. У горадзе ніякай улады, немцаў яшчэ няма, але свае ўжо даўно хто на чым пакінулі Мінск, ніхто яго не абараняў, ніякай эвакуацыі не было. Усе каштоўнасці былі пакінуты — бярыце ўсю бібліятэку імя Леніна, карцінную галерэю таксама, а пра ўрадавыя будынкі я ўжо вышэй гаварыў. Так што ў Мінску ішло рабаванне ўсіх складаў: мукі, посуду... Дарэчы скажам, што эмаліраванага посуду ў продажы не было, а на складах ад яго ламіліся паліцы. Кансервы розных сартоў, мыла, гатовае адзенне — усё чыста цягнулі людзі на запас, быццам назаўтра скончыцца вайна і ўсё будзе да ладу. А грошы, яны ж у незгаральнай шафе ў кожнай установе былі, але вось пагарэлі не канчаткова, а па баках іх можна было пазнаць доўгі час.