Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Назаўтра ўсё паўтаралася, а тая касірша маленькага росту, дрыжачымі рукамі выдавала яму зноў грошы і ніякіх распісак у яго не брала, бо баялася. Добра, што ўся бухгалтэрыя бачыла, як гэта адбывалася нейкі час. Спісалі з яе гэтую ўсю недастачу з прычыны смерці касіршы, якая хварэла на сухоты.
Пра партызана Паўлоўскага можна многа чаго расказваць, а лепш паслухаем яго самога, калі мы з мастаком Давідовічам і з Паўлоўскім пакінулі шарэнгі дэманстрацыі Кастрычніцкіх
святаў, закупілі некалькі бутэлек гарэлкі і пайшлі святкаваць да Паўлоўскага, які жыў на вуліцы К. Маркса.
Ветлівая жонка Паўлоўскага прымала гасцей — накрыла стол закускамі хатняга гатунку. Па словах Паўлоўскага можна было меркаваць, што ён, як камбрыг, зрабіў значна больш, чым Каўпак на Украіне, але пра дзеі Каўпака было каму пісаць кнігу пад назвай «Ад Пуціўля да Карпатаў», пра так званы сталінскі рэйд партызанаў Украіны. «Звесткі былі пададзены так добра ў мастацкай форме пісьменнікам Вершыгарой, што здавалася так, быццам існавалі толькі адны партызаны Украіны. Я не меў ніякіх пісьменнікаў, ні кінаапаратаў з аператарам, як усё гэта меў камбрыг Лабанок, у яго кожная маленькая аперацыя здымалася, і ўсё выглядала вельмі дакументальна і пераканаўча. А мы ж нічога гэтага не мелі, нават фатографа добрага ў нас не было. А вось гурты авечак мы пераганялі Каўпаку ды дапамагалі ў зброі, што ў нас была — як трафейная. А ад яго нічога». ГІаўлоўскі ўсё хмурнеў і хмурнеў пасля чарговай чаркі, ніколькі не закусваў, відаць, агідныя выпадкі сяброў па зброі не забываліся, а калі яшчэ падышлі да яго доктар з нейкім камандзірам з брыгады Паўлоўскага, мы з Давідовічам мусілі пакінуць свайго дырэктара мастацкіх майстэрняў разам з успамінамі не вельмі што прыемнымі, як нам тады здавалася.
Зараз, калі прайшло столькі гадоў, здзіўляе тое, што ў райкамах сядзелі не то дурні, не то выпадковыя людзі, што займаліся кадрамі. Ці, можа, яны там лічылі: калі ты партыйны, дык гэтага хопіць, каб кіраваць усюды, куды цябе пашле вялікая партыя бальшавікоў. I пасылалі да нас у мастацкія майстэрні то краўца Райхмана і яшчэ другога краўца Руманава, то маляра Афроіма Левіна, то загадчыка мясным аддзелам на Камароўскім рынку, то гінеколага Сурэна Мірзаяна, то лагернага ахоўніка Сцяпанава — усе партыйцы як адзін. На памылках мы вучымся — так гучаў той партыйны лозунг. А ад таго, што ўвесь час былі адны памылкі, справы ішлі самі па сабе, бо мастакам не трэба гэткае кіраўніцтва — толькі таму, каб не было ў райкамах спісаў беспрацоўных камуністаў. Вось і яшчэ адна памылка тых райкамаўцаў, калі яны накіравалі да нас
яшчэ аднаго Героя Савецкага Саюза, на гэты раз славутага лётчыка Зялёнкіна Міхася Міхайлавіча. Кажуць, што ён вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, але не ўсім Бог дае шмат талентаў. Вучыўся ён адзін год у аэраклубе, а потым паступіў у Балтыцкую лётную школу. На фронце збіў 32 нямецкіх самалёты. Быў кантужаны.
Мастакі паважалі героя, бо трохі ён разбіраўся ў мастацтве. Але які з яго дырэктар, які гаспадарнік? Ды яшчэ занадта любіць чарку. Хутка знялі яго з гэтае пасады і накіравалі ў трэст саматужнікаў, і там ён не затрымаўся. 3 мастакамі не парываў — навучыўся пісаць шрыфты, так і застаўся ў тых майстэрнях, адкуль яго калісьці звальнялі.
Зноў мяне цягне на ўспаміны, даруйце за нудоту, бо чапляецца адно за другое, не маю сілы прамінуць. Адразу назаву час, калі партызанаў яшчэ не расфарміравалі, да нас у Нізкі завулак на ўсім галопе ўляцеў, быццам з кінастужкі, коннік-партызан. На ім кубанка з чырвонай стужкаю, скуранка, рамяні партупеі, наган ды на ботах шпоры. Відаць, папрасіў дазволу ў свайго начальніка, каб наведаць сваю прыяцельку яшчэ да пачатку вайны, калі пачыналася тая любоў, але вайна ўсё прыпыніла, усё раскідала, каго куды, але Леанард Ліхтаровіч ведаў, што ў завулку яшчэ жыве яго Стася, і накіраваўся да яе. Зараз я спытаўся ў сына: ці памятае ён гэтага каня, бо для мяне ён тады паказаўся надта вялікім. «Як жа не памятаю? — адказаў сын. — Мне тады было 7гадоў ія ваўвесь свойрост праходзіў пад брухам каня».
Лёлік Ліхтаровіч быў адменным партызанам. Я зараз не магу ўспомніць, што за воінскае званне ён меў тады, але не ён сам, а другія людзі казалі, што ніхто болей, як ён, Ліхтаровіч, пусціў пад адкос дзясяткі нямецкіх эшалонаў на беларускай чыгунцы — называлася лічба падарваных эшалонаў такая вялікая, што не верылася нават тады, а зараз бы сказалі, што байкі ці непамерная хлусня.
Я пісаў партрэт камандзіра брыгады, дзе служыў падрыўніком Ліхтаровіч. Вядома, я зацікавіўся тым, чаму Ліхтаровічу не далі званне Героя Савецкага Саюза, калі ён сапраўды герой. Але
так, вашае пытанне мае падстаўку, мы ж вылучалі яго на героя, і нават двойчы, але там, наверсе, у палітаддзеле, адхілілі яго. Нам нават не вядомы прычыны. Можа, таму што ён беспартыйны і не камсамолец. Мы не раз і не два раілі яму ўступіць у партыю, дык ён адказваў так: «Пакуль у партыі будуць адны прайдзісветы, да той пары маёй нагі там не будзе». Аднак ён атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Леніна, але без залатой зоркі.
Чаму я затрымаўся на партызане Леанардзе Ліхтаровічу? Ды таму, што ён мастак, хаця вучыўся ён толькі ў мастака Гусева. Але калі маеш талент, дык хутчэй за другіх мастакоў з дыпломам даб’ешся мэты. Так вось і наш Ліхтаровіч быў мастаком-афарміцелем, членам Саюза мастакоў Беларусі. Да яго зноў і зноў звярталіся парторгі Саюза мастакоў, каб падаў заяву ў партыю, але ён быў цвёрды ў сваіх поглядах на партыю і кожны раз дадаваў, што прайдзісветаў не становіцца меней, а, наадварот, толькі павялічваецца колькасць іх у партыі. Хочаце верце мне ці не, але і мне падабалася такая, на той час, пазіцыя, бо і сам быў і да гэтага часу ёсць беспартыйны.
Давайце зараз параўнаем Сухаверхава ды былую яго жонку Соф’ю Лі з Ліхтаровічам.
Як мы ўжо ведаем, што Сухаверхава загналі ў партызаны з пагрозаю, што ў аперацыях ён удзелу не браў, што ў партыю ён уступіў толькі ў партызанах, што тая газета не мела ніякага тыражу, а пагэтаму карысці ад яе не было ніякай, яго ўдзел у газеце не мог быць значны, бо ён як мастак не валодаў жанрам сатыры, як ілюстратар ніколі не рабіў ніводнай гравюры ці малюнка. Ці патрэбен ён быў партызанам — вось загадка. Прычына ёсць, але не для агалошвання — занадта інтымная.
Тыя ордэны і медалі Соф’я Лі затрымала, калі ад яе збег Сухаверхаў. Відаць, лічыла, што не ён іх зарабіў, а яна. Ва ўсякім разе гэтым пытаннем займалася партарганізацыя Саюза мастакоў, гэта не нашая справа.
Пасля вайны Сухаверхаў як член партыі меў нагрузкі, нават быў старшынёй праўлення Саюза мастакоў, бо пасля абрання праўлення, акрамя Сухаверхава, членаў партыі ў складзе
праўлення нікога не было. Чамусьці кіраваць Саюзам мастакоў могуць толькі члены партыі. Чаго гэта я? Быццам забыўся, што кіруючая партыя ў нас толькі адна. Звычайным стала адгаворка, што з члена партыі можна спытаць у парадку партыйнай дысцыпліны, а з беспартыйнага ні спытаеш — ён, бачыце, толькі заваліць работу, а з яго — як з гусі вада.
Так патроху ўлада адбіралася нават у прафсаюзных мясцовых камітэтаў, я на сабе адчуваў ужо неаднойчы, калі быў абраны ў склад мясцовага камітэта, — трэба было абраць старшыню, так на арганізацыйнае пасяджэнне звычайна прыходзіць сакратар партарганізацыі і кіруе абраннем старшыні МК. На гэты раз быў Вярсоцкі парторгам. Пачалі называць маё прозвішча амаль усе, дык Вярсоцкі тады адзначыў: «Хацелася, каб старшынёй быў член партыі, з яго можна спытаць, я раю на гэту пасаду Соф’ю Лі, але яе зараз няма, дык пасяджэнне адкладаецца на тыдзень». А праз год зноў абралі мяне ў склад бюро МК. На гэтае пасяджэнне прыйшла Соф’я Лі як парторг правесці арганізацыйнае пасяджэнне па абранні старшыні МК. Зноў пачалі называць маё прозвішча, але на гэты раз я сам адмаўляўся ад гэтай пасады на карысць Уладзіміра Сухаверхава. Я тады казаў: «Прашу ўлічваць тое, што Сухаверхаў у складзе МК толькі адзіны член партыі, што ён заслужаны дзеяч мастацтва, што я магу быць толькі яго намеснікам, а не старшынёй». Дарэчы, скажу, што ён атрымаў званне толькі таму, што быў 2 гады старшынёю праўлення Саюза мастакоў. Звычайная справа — ЦК дае санкцыю на вылучэнне да ганаровага звання толькі тых асоб, хто партыйны і з’яўляецца як бы наменклатураю грамадскай кіруючай эліты, адным словам, тых, хто кроку не можа ступіць, каб не параіцца з ЦК, а калі ёсць магчымасць, дык хваліць партыю і яе кіраўнікоў як мага болей, а яны кінуць табе костку ў выглядзе звання. Адным словам, падхалімаж ці рука руку мые.
Так я застаўся намеснікам старшыні МК Сухаверхава, калі ён учыніў скандал у рэстаране «Фабрыка-кухня», упіўшыся, калі губляецца розум, пачаў бойку з міліцыянерамі, далей выцвярэзнік, потым звесткі ў райкам партыі, затым партбюро
ў Саюзе мастакоў. Райкам параіў адазваць Сухаверхава і назначыць Ціхановіча старшынёю мясцкама ў Саюзе мастакоў. Я не ведаю, панёс Сухаверхаў якую-небудзь кару акрамя гэтай, ён застаўся членам МК, зрываў аб’явы, у якіх мясцкам склікаў на свае чарговыя пасяджэнні. Быў яшчэ суд, на якім судзілі Сухаверхава за паклёп на мастака Макса Гугеля. Народны суд прысудзіў Сухаверхава да штрафу на 50 рублёў, але абласны суд апраўдаў яго, бо як гэта члена партыі судзіць, — гэта яго трэба выключыць спачатку з партыі. Вы бачыце, як партыя пакрывае сваіх членаў партыі і парушае законы сталінскай канстытуцыі. М. Гугель быў беспартыйны, як і народны суддзя — жанчына Выхота. Яе пасля гэтага перавялі ў Завадскі раён горада, дзе яе там не выбіралі і ніхто яе там не ведае. У часопісе «Вожык» быў надрукаваны фельетон, дзе суддзя Выхота выглядала як не маючая дастаткова ведаў у судаводстве. Я і Ліхтаровіч выступалі як сведкі на баку пацярпелага М. Гугеля. Быў яшчэ адзін скандальны выпадак, калі Сухаверхаў запрасіў да сябе ў майстэрню дырэктара Мастацкага фонду Ізоха — у мінулым вядомага партызанскага кіраўніка, — каб схіліць яго на звальненне некаторай часткі службоўцаў мастацкіх майстэрняў. Вядома, што гутарка вялася разам з алкагольным піццём і скончылася бойкай, пасля якой Ізох зняў медыцынскія паказанні на ўсякі выпадак, бо ведаў, з кім мае справы. Ізох хаця і быў у два разы мацнейшы, але першы, хто відэльцам нанёс удары, быў Сухаверхаў. Справу замялі, каб партыйцаў не кампраметаваць болей таго, што ім дасталася адзін ад аднаго.