Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Так мы з гэтай дзяўчынай болей нідзе не сустракаліся, а ў памяці засталося нешта непрыемнае: ці то нашая агульная наіўнасць, ці мае парады, як бачым, без усякае падставы, — вера дзяўчыны ў камсамольскі білет, як у ідэю, якую згубіш, дык панясеш кару, адным словам, у памяці засталося надоўга.
Падыходзячы да Уручча, дзе пару дзён таму назад стаяла савецкая вайсковая часць, зараз стаіць нямецкая ахова ля брамы, ды не адзін вартавы, а з матацыклам і ў поўным снаражэнні ў касках пяць чалавек у машынным па колеры адзенні.
Уздоўж шашы цягнецца ў два метры вышынёю плот, пафарбаваны ў зялёны колер, — гэта агароджа вайсковага гарадка. Раптам пад плотам узнікае фігура нямецкага салдата, але ён зноў схаваўся, а потым размахнуўся і крыкнуў: «Камрат!» і кінуў у мяне нейкім прадметам, які пакаціўся пад мае ногі. Усе спачатку перапалохаліся — можа, граната, але я ведаў, што за слова «камрат» — прыяцель, дык вось гэты прыяцель кінуў нам добры кавалак кракаўскай каўбасы. Я падзякаваў яму за тую каўбасу, а сам падумаў: можа, яна з атрутаю, але чаму камрата атручваюць ды ўсіх з малымі дзецьмі разам.
Падыходзячы да Дома друку я ўспомніў, што ўчора там ляжалі трупы расстраляных хворых, якія беглі з бальніцы, а нямецкія самалёты кулямётным агнём касілі іх як касою.
Я павёў сваіх жанчын і дзяцей на другі бок Савецкай вуліцы, каб не бачылі яны ўсяго гэтага страху.
На былым стадыёне зараз нічога не было, акрамя манумента з цэменту і пафарбаванага ў срэбраную фарбу таварыша Сталіна. Але што гэта — ён трымае ў руцэ нямецкі штандар са свастыкай на белым крузе і чырвоным палотнішчы. Так, гэта нямецкія жарты. А як жа яны былі б сёння да справы пагаднення з Гітлерам аб падзеле Полыпчы ды Заходняй Беларусі і Украіны ў абмен на пратэктарат Польшчы.
Калі мы былі ўжо ў хаце, дык нехта параіў мне даць на спробу кавалак каўбасы нашай кошцы: калі загіне, дык той немец сапраўдны фашыст, але толькі ідзе на хітрыкі.
Кошцы спадабалася каўбаса, яна не падохла, і мы зрабілі з таго гарохавага брыкету ды з каўбасой кацёл на ўсіх добрай ежы.
Усё згадзілася для такой вялікай сям’і: і тыя казлы-раскладушкі дзве, што купляліся на летні адпачынак на вёсцы, і прадукты, крупы, макароны, цукар, сухары, трохі сала ды алейнае масла. Здавалася, пры эканоміі можа хапіць да прыходу нашых.
Няўжо немцы замацуюцца надоўга? Быць гэтага не можа: наша армія за ўсіх мацнейшая. Дык спраўдзіцца павінна тая песня насамрэч, а можа, гэта брахня, адны спевы для дурняў.
Як праходзілі першыя дні, нават месяцы, я ўжо пісаў раней. Усе дзеці Галубка і яго ўнукі патроху размясціліся ў драўляных дамах-камуналках па пакоях, якія нехта пакінуў. Што за ўмовы жыцця былі тады, зараз цяжка сабе ўявіць: набліжалася першая зіма, пасля захопу Мінска ні табе дроў, ані торфу, ні газы не было не купіць, не ўкрасці. Хадзілі з пілою ды з сякераю на польскія могілкі — Залатую Горку, рубілі і пілавалі шматгадовую бярозу ды сосны, вядома, што пад сакрэтам уначы, ды не толькі мы, але ўсе, хто жыве на Камароўцы. Цягнулі з будоўлі на Круглым пляцы той будаўнічы лес з рыштаванняў, усё, што
гарыць у печы. Рубілі сады, якіх хапала на Камароўцы, дзе хаты згарэлі і няма жыхароў.
Ну а далей усё праходзіла ў мястэчку Узда, куды мусіла ехаць Багуслава, узяўшы з сабою сястру Эмілію з яе сынам Сярожам ды нованароджанай дачкой Ларысай. Ядвіга Аляксандраўна Галубок — маці — як вельмі хворая павінна была ехаць з дачкой Багуславай, бо яна доктар, будзе наглядаць за маткай лепей, як хто другі з дзяцей. Гэтак на плечы Багуславы легла цяжарам уся сям’я ў складзе шасці чалавек. Але вось толькі прафесія доктарская Багуславы выцягнула ад галечы яе сям’ю, бо на вёсцы доктар — чалавек, якога нікім не заменіш. Што было далей у сям’і Галубкоў, нам ужо вядома: цяжкае жыццё працягвалася далей.
Дзіўна, але Багуслава са сваёй сястрой Эміліяй і з дачкой Славай вярнуліся з Мінска дахаты ва Узду, быццам яны памылкова былі арыштаваны. Пачала працаваць яна яшчэ болей самааддана, бо чым, як не працаю, можна заслужыць болей даверу, а праца ёсць высакародная — лячыць людзей, дык усё ўвайшло ў тую каляю, што і было раней.
У Мінску стала вядома, што быццам партызаны забілі галаву горада Мінска — прафесара Іваноўскага. Зноў, як і раней, у «Мінскай газеце» несліся праклёны ў бок партызан, што яны не пашкадавалі старога прафесара, простага і дэмакратычнага чалавека, які вельмі быў даступны, але вось калі яшчэ было светла, на скрыжаванні Камсамольскай і Нямігі на Іваноўскага наскочылі два чалавекі, калі ён са сваім рамізнікам ехаў уздоўж Нямігі, дзе была мяжа яўрэйскага гета. Яго білі нейкімі металічнымі прэнтамі, каб было ціха, бо ніякага стрэлу не было чутно. Немцы з камісарыята зрабілі, як казалі, хто бачыў, такія пышныя пахаванні Іваноўскага, што таксама рабілася як доказ бязвіннай ахвяры, бо трэба было падкрэсліць, якога каштоўнага чалавека забілі бандыты-партызаны.
А на самай справе Іваноўскага забілі гестапаўцы, што наехалі сюды са Смаленска, — забілі, вядома, немцы, але рукамі беларускіх паліцаяў, каб зноў і зноў паказаць народу бандыцкую сутнасць партызанскага руху. Гэта ўсё тая самая мэта —
валіць усе злачынствы на народных мсціўцаў. Шкада, што многія недалёкія нашы кіраўнікі бяруць на сябе, як і той гарадскі тэатр, які падарвалі быццам нашы партызаны, так і гэтае забойства главы Мінскай гарадской управы — іх справа.
Гэта верна, што Іваноўскі ездзіў у каламажцы без якой-небудзь аховы. Аднойчы я яго бачыў у нашым Нізкім завулку, калі ён наведваў сваю палюбоўніцу, былую актрысу радыёцэнтра.
Стары чалавек з сівою бародкай выглядаў неяк маласур’ёзна, быццам школьнік, а не галава горада сядзіць і чакае сваю каханку.
У горадзе ведалі, што гарадскі галава не карыстаецца павагай у нямецкіх шэфаў, і так, як і ўсе, шчоўкае няўдала сваімі абцасамі перад кожным немцам і адбівае паклоны.
Бачыў аднойчы і гаўляйтара Кубэ, які ішоў каля ракі Свіслачы, а з ім усяго толькі адзін у такой жа вопратцы, са свастыкай на рукаве, чалавек. Можа, ахоўнікі былі побач з ім, не можа быць, каб ён абыходзіўся без аховы. Казалі, што ён меў партыйны значок з залатым колам з невялікім нумарам, што азначала яго блізкасць да фюрэра — Адольфа Гітлера. Знешнасць Кубэ ніяк і нічым не адрознівалася ад звычайнага баўэра: рыжы і лысы, ружовы твар, ніжэй сярэдняга росту, ён паволі рухаўся, каб выглядаць значным чалавекам. Яго падарвалі на ангельскай міне з гадзіннікавым разлікам, замацаванай у ложку.
Алена Мазанік працавала пакаёўкай у Кубэ ў асабняку на вуліцы Энгельса. Мазанік была вельмі прыгожай жанчынай, ёй яшчэ не было трыццаці гадоў, калі партызаны скарысталі яе блізкасць да Кубэ і пад пагрозай смерці прымусілі яе зрабіць дыверсію па ліквідацыі гаўляйтара В. Кубэ. Дыверсія адбылася ў канцы верасня 1943 года, а на тры гады пазней, у 1946 годзе, яе прымаюць у КПСС. У дыверсіі прымала ўдзел Марыя Осіпава. Яна член КПСС, калі ёй было 19 гадоў. Абедзвюм жанчынам прысвойваюць званне Героя Савецкага Саюза ў тым жа 1943 годзе.
Мы ўжо пісалі вышэй, што каштавала забойства аднаго гаўляйтара Кубэ нашаму народу, — можа, тысячы ахвяр ні ў чым не павінных людзей.
Калісьці тэрор Народнай волі супроць цара і генерал-губернатараў быў асуджаны, бо замест нябожчыка губернатара ставілі другога, можа, больш каварнага. Так і з Кубэ. Замест яго прыслалі генерала Готвальда, аб якім ужо была гаворка таксама вышэй. Гаворачы так, я ні ў якім разе не станаўлюся ў абарону злачынцаў. Відаць, партыйныя кіраўнікі не чыталі кароткі курс гісторыі ВКП(б) або жадалі адзначыцца перад Вярхоўным галоўнакамандуючым генералісімусам Сталіным, якому не хапала ахвяраў у 1937 годзе, дык калі яшчэ будзе 21 мільён axBap у Айчыннай вайне — на тое яна і вайна вызваліцельная, справядлівая.
Вось калі бы партызаны захапілі гэтага Кубэ як языка ды судзілі яго разам з ваеннымі злачынцамі на паказальным судзе, эфект быў бы значна каштоўнейшым і без тых ахвяраў, што цяжка паддаюцца падлікам.
Тое, чаго не было ў жыцці, на вайне, дык пасля вайны ўсё бліскуча рабілася ў нашых кінафільмах аб вайне. Там былі і разведчыкі, і добрае разважлівае кіраўніцтва партызанскімі аперацыямі пад загадам падпольных партыйных абкамаў, а калі бралі языка, дык абавязкова генерала і ніяк не меней чым гаўптмана.
Карацей кажучы, фільмы рабіліся для дзяцей як выхаваўчыя, бо трэба было трымаць юнакоў, верных партыі, і праз камсамол уплываць і ўцягваць іх у барацьбу з ворагамі, якіх становіцца ўсё болей і болей у будаўніцтве сацыялізму, на шляху да нашага светлага будучага.
Пасля знішчэння гаўляйтара наступілі цяжкія дні для ўсіх жыхароў горада Мінска. Ніхто не ведаў, што за помсту прыдумаюць немцы, большасць людзей нейкі час сядзелі па хатах. Тая хваля пакаранняў пракацілася адразу і вельмі шырока абвяшчалася праз лістоўкі на беларускай і нямецкай мовах, што расклейваліся на тэлеграфных слупах ды на сценах руінаў. Бралі заложнікаў па розных прычынах не меней чым сто чалавек за псаванне лініі электраперадач ці лініі тэлеграфных правадоў. Вядома, што знішчалі ўсіх сто чалавек, ні ў якім разе не павінных у гэтых дыверсіях. Нясуць адказнасць
тыя партызанскія кіраўнікі, якія працягвалі гэтыя нязначныя дыверсіі, ведаючы, што будуць пакараны нявінныя жыхары гарадоў і вёсак. Такім кіраўнікам было ўсё роўна, колькі людзей загіне, абы рапартаваць партыйным абкамам, што вядзецца барацьба з нямецкімі захопнікамі, аб нарастаючых па колькасці эфектыўных дыверсіях.
Мне карцела распазнаць, што будзе далей пасля забойства гаўляйтара Кубэ, і я пайшоўда Петэра Грэйвенаўяго будаўнічы батальён. Ён бліснуў на мяне сваімі чорнымі вачыма, падышоў да мяне, схапіў за каўнер і прабурчэў: «У гестапа». Я ўжо казаў раней, якіх поглядаў трымаецца гэты інжынер, немец з Ціроля. Відаць было, што ён не надта сумуе па Кубэ і, вядома, гэтага не хавае ад мяне, але і тут ён падкрэсліў немэтазгодныя акцыі тэрору супроць адзінак, няхай сабе высокастаячых асоб з фашысцкай эліты.
Афіцэры і салдаты вермахта не паважалі, а, хутчэй, ставіліся з пагардаю да партыйных кіраўнікоў у вермахце як прапагандыстаў-стукачоў, якіх ніколі не было ў нямецкай арміі да Гітлера.
Мне ў першыя гады акупацыі Мінска было цяжка распазнаць аўстрыйцаў сярод салдат у нямецкай арміі, бо мова адна і тая, вопратка-ўніформа адна і тая, але калі я прыкмеціў, што амаль кожны аўстрыец у казарме мае музычны інструмент і грае на ім, ды і не такі занослівы перад табою, неяк болей абыходлівы, а адсюль і сімпатычнейшыя за такіх, як, скажам, прускія немцы. Mae здагадкі пацвердзіліся аднойчы ў такім не вельмі што значным, колькі смешным факце.