Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Наогул было прыкметна, што ў часы вайны народ пацягнуўся ў касцёлы ды і цэрквы, а таксама сталі святкаваць Вялікдзень, Нараджэнне Хрыста ды іншыя абрадныя царкоўныя службы.
Немцы чамусьці больш сурова адносіліся да ксяндзоў, якіх хапалі, нейкі час касцёл не працаваў, потым зноў пачыналася служба, і зноў арышт, зноў перапынак. Прычынай гэтаму
былі пропаведзі з антынямецкай накіраванасцю, бо Польшчы як такой не існавала — нейкі загадкавы пратэктарат. Ніколькі не дзіўна было таму, што паміж Беларуссю і Польшчай ніякіх межаў не было, людзі шлындалі туды і сюды, ішоў гандаль ці абмен прадуктаў на тавары, неяк усё рабілася на рызыкоўным стане без усякіх законаў, на падмане і авантурах з удзелам саміх немцаў.
Невялікая група мастакоў збіралася ў хаце Мікалая Іванавіча Гусева, і час ад часу ішла гутарка пра тое, хто дзе чуў аб стане фронту, аб развоі партызанскага наступу на нямецкую чыгунку, пра рэйкавую вайну і робіцца ці не такое ў Мінску, каб можна было пэўна сказаць, што немцы не здолеюць спаліць увесь Мінск, а жыхароў атруціць ці перастраляць. Чуткі паўзлі хутка, што немцы распрацавалі план пасля свайго адыходу, не пакінуць нічога ў Мінску, акрамя попелу і руінаў. Вядома, што былітакія доказы, якітыя, што партызаны недазволяцьадбыцца гэтае акцыі, яны ведаюць, дзе што робіцца, і няхай немцы самі здолеюць унесці свае ногі як мага хутчэй. Мастак Алтуф’еў расказаў, што яго выклікаліў Генеральны камісарыят і вялі з ім гутарку, каб ён пачаў прымаць удзел у афармленні святаў ды іншых агітацыйных выставак фота ды плакатаў. «Я, — казаў Алтуф’еў, — не афарміцель, а толькі фатограф». Немец пры гэтым усміхнуўся, пацягнуў на сябе скрынку пісьмовага стала і дастаў каталог выстаўкі ў беларускім павільёне на Сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. «Нам вядома, — сказаў ён, — што вы былі галоўным мастаком беларускага павільёна, за што вас узнагародзілі ордэнам Знак Пашаны». Ён адгарнуў старонку, дзе была фотарэпрадукцыя галоўнага стэнда, на якім скульптурная група «Ленін паказвае Сталіну шлях працягнутай рукой уперад». Скульптурная група, аўтарам якой быў скульптар Заір Азгур, яўрэй. Скульптура на фоне пано «Знатныя людзі Беларускай ССР». Немец глядзеў на Алтуф’ева з нейкай мінаю спачування, маўляў, вось і папаўся ў хлусні, а казаў, што не займаешся афарміцельскай справай. Ён услых зазначыў, што па ідэі вельмі ўдала перадаецца, як настаўнік Ленін настаўляе свайго вучня на добры шлях, па якім пойдуць усе народы не
толькі Расіі, але народы ўсяго свету. Немец адкінуўся ў крэсле і з задавальненнем спытаўся: «Што скажаце зараз?» На чым застанавіліся два бакі — даў згоду працаваць ці не мастак Алтуф’еў, — мне невядома, бо задаваць пытанні яму неяк няёмка, калі сам мастак на хоча апавядаць, як было ўсё пасля вызаву ў Генеральны камісарыят.
Мабыць, толькі дзве дзяржавы ў свеце ёсць, дзе прапаганда пастаўлена на першае месца перадусім як дзяржаўная ўстанова, — Міністэрства ці наркамат, або вялікі аддзел прапаганды пры ЦК ВКП(б) — гэткае ведамства Гебельса ў нас у райкамах, гаркамах, абкамах і ЦК кампартыі ў кожнай рэспубліцы. Падабенства задач як у нас, так і ў немцаў Гітлера аднолькавыя — забіваць у галаву пераважнасць ідэй нацыяналсацыялізму перад іншымі ідэалогіямі, як і ў нас пераважнасць развітога сацыялізму перад іншымі таксама.
А тое, што зараз жывецца нядобра, дык гэта справа часовая. Адным словам, хлусня там, хлусня і тут, у нас, як заўсёды.
Праз нейкі час мы з Алтуф'евым сустрэліся на кватэры Гусева. Ён між іншым адказаў на мае запытанні наконт Беларускай самапомачы: чым займаецца гэтая новая арганізацыя акрамя матэрыяльнай дапамогі беларускаму насельніцтву. Алтуф’еў дадаў, што яшчэ і асветніцкай працай, культурнай і роднай моваю ў школах, якія перайшлі на суцэльнае выкладанне ўсіх прадметаў на беларускай мове. Потым Алтуф’еў перайшоў на іншую тэму: менавіта прапанаваў мне напісаць партрэт прэзідэнта Беларускае Рады Астроўскага, маўляў: «Мне гэта патрэбна, каб ты акрамя партрэта запомніў, а можа, і алоўкам занатаваў, колькі пакояў займае Рада і як яны, акрамя кабінета прэзідэнта, размяшчаюцца між сабою». Беларуская Рада займала памяшканне бібліятэкі імя Леніна. Сказаць папраўдзе, гэтая прапанова мяне так моцна збянтэжыла, што я не мог звязаць двух слоў, — бэкаў і мэкаў, пакуль не прыйшоў у сябе, а потым пачаў адмаўляцца пад рознымі прычынамі, што я не здолею напісаць партрэт прафесійна, бо не маю вопыту ў партрэтных справах. У гэтым я на самай справе не меў прыкладаў, каб пісаць афіцыйных асоб, ды яшчэ прэзідэнта. Акрамя гэтых
слоў пра сябе думаў, што гэта вельмі небяспечна, што і як я скажу, калі прыйдуць нашы, адным словам, баязлівасць ахапіла мяне з усіх бакоў. Што скажа жонка, брат Валянцін? Лепей жыць паціху, не высоўвацца наперад — гэтак будзе лепей. Алтуф’еў працягваў настойваць на сваім, а калі ўбачыў, што безнадзейна разлічваць на мяне, ён гэтую прапанову перавёў на Гусева Мікалая Іванавіча, які ўвесь час прысутнічаў пры гэтай размове. Гусеў даў згоду. Напісаў партрэт Астроўскага з шырокай стужкай на грудзях.
Я ніколі гэтага партрэта не бачыў, можа, таму што яго не друкавалі, — не хапіла часу, трэба было ўцякаць з тымі немцамі, з якімі і прыехаў сюды на Беларусь. He ведаю, па чыім загадзе ці просьбе Гусеў намаляваў вялікі партрэт Гітлера для гарадскога парка да майскіх святкаванняў. He магу дакладна ўспомніць, калі Герынг за адзін дзень да 1 Мая ў сваёй прамове адзначыў, што ні адзін савецкі самалёт не падымецца ў неба, бо іх авіяцыя трымае ўвесь савецкі паветраны флот прыкаваным ланцугамі да зямлі. А з першага на другое мая наша савецкая авіяцыя зрабіла налёт на Мінск і скінула столькі бомбаў (больш за 300), што гэты налёт можна лічыць самым моцным з пачатку вайны. Вышэй я апісваў падрабязна гэты налёт на Мінск, прычым ні адзін самалёт нямецкія зеніткі не патрафілі збіць у паветры.
Вось да гэтых святаў мастак Гусеў выканаў партрэт Адольфа Гітлера, за які яму прыйшлося разлічвацца стратаю даверу і зняволеннем. У турму трапіў і мастак Мікола Дучыц за працу ў мастацкім аддзеле гарадской управы, і мастак Гусеў за партрэты Астроўскага і Адольфа Гітлера. Шкада было гэтых мастакоў, і, каб вызваліць іх абодвух з турмы, да Панамарэнкі пайшлі мастакі Ахрэмчык і Заір Азгур. Для іх была двайная радасць — апынуцца на волі і магчымасць заставацца ў Мінску пры сваіх сем’ях і працаваць, працаваць сумленна для ўзнаўлення нашага горада як сталіцы і на ніве беларускай культуры. Ніхто не мог сказаць, што ў чэрвені ці ў ліпені пачнецца адступленне нямецкіх войск з Беларусі, але ўсе ведалі, што менавіта сёлета будзе доўтачаканае вызваленне.
У канцы мая да мяне ў Нізкі завулак прыйшоў чалавек, якога я бачыў першы раз, яму, мабыць, за пяцьдзясят гадоў, ён вельмі коратка паведаміў мне, што мне трэба з’явіцца ў Генеральны камісарыят у пакой нумар гэткі. Назваў прозвішча немца, дадаўшы, што ён доктар і вельмі любіць пунктуальнасць. Прыходжу ў новы дом ЦК, як і тады, да вайны, называю нумар пакоя, дастаю свой пашпарт, падаю ў акенца, той некуды звоніць і дае мне квіток з нумарам пакоя. Я па прыступках (ліфта яшчэ не было) падымаюся на трэці паверх, стукаю ў дзверы, чую запрашэнне, вітаюся, сядаю і чую запытанне: ці патрэбен нам перакладчык. Хутка ляціць думка за думкаю, і я кажу, што перакладчык нам не будзе патрэбен.
За гады акупацыі я ўжо ўсё разумеў, за рэдкім выключэннем, што гаворыць немец. Сам жа я не ўсё мог сказаць — не хапала слоўнікавага фонду ды практыкі не хапала, што не мог сказаць словамі, маляваў алоўкам. Адно я ўцяміў ужо даўно, што немцу патрэбна логіка.
Я ўжо меў вопыт, аб чым пісаў вышэй, і пагэтаму меў на ўвазе, што нечага я не змагу сказаць, нечага не зразумею, а калі будзе перакладчык, дык ён з цябе выцягне тое, што ты і сам аб сабе не ведаеш, ды вось яшчэ што перакладчык будзе трэцім чалавекам, аб якім мяне папярэджваў Петэр Грейвен, гэтак я буду адзін супроць двух чалавек. Гэтыя думкі былі ўжо не адзін раз і ніколі мяне не падводзілі.
Я сядзеў і слухаў яго доўгія разважанні, што ён у Мінску ўсяго толькі пяць дзён, што яго папярэджвалі не прымаць на ўвагу, што рускі чалавек дрэнна апрануты, а можа, ён нават прафесар ці навуковец, што піць ваду трэба кіпелую, што рускія не ўсе супроць немцаў і г. д. Я ўжо чуў ад іншых немцаў такія разважанні і слухаў яго голас без асобай цікавасці, адно было зразумела, што ён хоча, каб ты глядзеў на яго як на свядомага добрага чалавека, нават інтэлігента, з якім можна даверліва гутарыць. Цікава мне было пачуць, чым скончыцца гэтая ўверцюра і як доўга яе чакаць.
А пакуль я ўспомніў, як у 1940 годзе першы намеснік сакратара ЦК КПБ Кулагін склікаў мастакоў на 10 гадзін увечары на
нараду ў гэты ж будынак КПБ. Як тады лічылася, запрошаныя былі самыя лепшыя мастакі — скульптар Керзін, скульптар Азгур, скульптар Бразер, жывапісцы Пашкевіч, Ахрэмчык, Манасзон, Давідовіч і Ціхановіч Яўген. Мэта гутаркі была: як аздобіць фасад гэтага новага будынка ЦК. Былі прапановы зрабіць барэльеф з Марксам, Энгельсам, Леніным і Сталіным, а можа, што іншае, але каб адбівалася неяк сутнасць будынка праз гэтае архітэктурнае аздабленне. Нарада зацягнулася на дзве гадзіны, ужо 12 гадзін ночы, усе ўсталі, пачалі развітвацца з Кулагіным, але ў кабінет уваходзіць Панамарэнка, ён прывітаўся з усімі, а да Кулагіна звярнуўся з усмешкаю: Сава Мамантаў (вядомы ў Расіі мецэнат выяўленчага мастацтва), кажа. Бо не хто іншы, як Панамарэнка, накіраваў свайго першага намесніка кіраваць выяўленчым мастацтвам у ролі старшыні рэспубліканскага выстаўкама. Вось і зараз ён, стоячы, як і ўсе мы, пачаў гаварыць аб развіцці культуры перад першай Дэкадай літаратуры і мастацтва ў Маскве. Ён дастае сваю піпку і з нейкага пісталета-запальніка раскурвае гэтую піпку. Трэба сказаць пра тое, што Панамарэнка ў сваіх рухах браў прыклад са Сталіна: вось і піпка, і, як ён, не паварочвае галавы, аднымі вачыма водзіць туды і сюды, а тое, што Сталін любіў працаваць уначы, дык і гэта пераймалі ўсе сакратары ЦК і абкамаў. Дык вось і мы стоячы слухалі яго з 12 гадзін да 2 гадзін ночы. Разышліся па хатах пешшу, бо трамваі ўжо не хадзілі.
Скончыў гаварыць гэты немец аб усім, а зараз засяродзіўся на тым, што беларуская інтэлігенцыя павінна дапамагаць вялікай Германіі супроць бальшавікоў тымі сродкамі прапаганды, якімі валодае сама, менавіта да мяне прапанаваў, каб я рабіў плакаты, накіраваныя супроць камуністаў і жыдоў, маўляў, што насельніцтва не ведае праўды, што толькі Гітлер дасць Беларусі тую волю, якой не дачакаецца з боку камуністаў ніколі, адны абяцанкі. Тое, што рускія салдаты ішлі добраахвотна ў палон вялікімі калонамі, ёсць сведчанне аб тым, што ў народа адчыніліся ўпершыню вочы на становішча, у якім апынулася вялікая дзяржава — Руслянд. Ён усё болей і болей распаляўся, устаў з крэсла і пачаў хадзіць узад і ўперад, быццам