Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Сказаць, што мы прымалі тады гэтыя словы ўсур’ёз, нельга, бо Мелікадзэ выказваў гэтую думку словамі, дрэнна валодаючы рускую моваю.
Хто наўмысна рабіў такія карціны, дзе Сталін з’яўляўся прычынаю ці повадам, каб працягнуць на выстаўку няхай сабе і слабую карціну па выкананні, той ніколі не быў у пройгрышы, бо гэткія карціны лічыліся партыйнымі і адпавядалі метаду сацыялістычнага рэалізму. Адразу паўстае пытанне: а хто вызначаўтак упэўнена, што работа мастака з’яўляецца партыйнай ці не? Усе тыя ж кіраўнікі, што ад імя народа ці бог ведае ад каго бяруць сабе права на апошняе слова прысуду. Гэтая акалічнасць спрыяла мастакам-прахіндзеям учапіцца за ідэю партыйнасці як за залатую жылу.
Тая колькасць сталінскіх карцін і скульптуры падагравалася яшчэ і самімі сталінскімі прэміямі трох катэгорый. Зараз кажуць, што ў той час усе рабілі так, не адзін Заір Азгур. He, дазвольце, далёка не ўсе, гэтак можна свой грэх падзяліць на ўсіх, і ты застанешся бязгрэшным, але пры вялікіх грошах.
Успамінаецца, як быццам усіх ахапіла нейкая інфекцыйная хвароба навыперадкі праслаўляць Сталіна праз усе віды выяўленчага мастацтва — вышыўкі, ткацтва, інкрустацыі па дрэве, фарфоры, кераміцы і інш.
Наш мастак Ісак Давідовіч, дык той даў клятву радыёкарэспандэнту, што ён будзе ўсё сваё жыццё прысвячаць вобразу вялікага Сталіна. Здарылася гэтая клятва пасля паспяховай працы над карцінай «Сталін выходзіць з маўзалея Леніна».
Давайце прасочым, які ж складаўся лёс нашай карціны, якая экспанавалася каля года ў Траццякоўцы. Ніхто з беларускіх
мастакоў-жывапісцаў не меў звання лаўрэата Сталінскай прэміі. Адзін толькі Азгур як скульптар меў к таму часу ўжо не адну Сталінскую прэмію за свае скульптурныя партрэты вялікага Сталіна і яго саратнікаў.
Як заўсёды гэтак рабілася, паступіла прапанова з боку ЦК, каб Саюз мастакоў вылучыў на Сталінскую прэмію двух мастакоў — аўтараў карціны «Слава вялікаму Сталіну». Нічога дзіўнага ў тым не было, што на першым жа пасяджэнні праўлення Саюза мастакоў нашы кандыдатуры забалаціравалі, нават не сказаўшы аўтарам, па якой прычыне. Як потым стала вядома, што на праўленне была пададзена заява ад мастака Касмачова, які даваў адвод выключна на палітычнай падставе. Гэты мастак ужо другі раз праявіў «пільнасць» сакрэтнага супрацоўніка НКУС. Ён яшчэ ў 1933 годзе даўся ў знакі шэрагу мастакоў, якія прасядзелі ў «амерыканцы» роўна паўгода — з кастрычніка па май (ад свята і да свята). Назаву сярод іх толькі аднаго — Эдуарда Гадлеўскага, астатніх ужо няма ў жывых.
Як бачым, гэтая валтузня цягнулася кожны год аднолькава ў часы вылучэння кандыдатаў на сталінскія прэміі, яна не прамінула і нас, бо маладыя ды яшчэ беспартыйныя. Таму было лёгка адхіляць, зневажаць, а потым і зноў вылучаць.
Вось мы сядзім у кабінеце начальніка Кіраўніцтва па справах мастацтва пры СНК БССР Лютаровіча, ён вельмі цёпла вядзе гутарку і неяк з усмешкаю кажа: «Саюз мастакоў інкрымінаваў вам, Яўген Мікалаевіч, знаходжанне ў акупацыі. Ну, і не забыліся на тое, што вы яшчэ і сваяк ворага народа Уладзіслава Галубка, няхай сабе і рэабілітаванага. Нам, — кажа, — не заставалася нічога, як звярнуцца да НКУС, каб удакладніць гэтыя пытанні. Атрымалі звесткі — вельмі станоўчыя, менавіта тое, што ніхто з братоў Ціхановічаў у часы акупацыі Мінска сябе не скампраметаваў, а пагэтаму калегія кіраўніцтва па справах мастацтва вылучае вас абодвух кандыдатамі на лаўрэатаў Сталінскай прэміі. Рыхтуйцеся да камандзіроўкі ў Маскву». За маім напарнікам таксама лічыўся «грашок»: яго старэйшы брат адседзеў адзін год у мінскай турме, а таксама мужа яго сястры кінааператара загубілі недзе ў Сібіры.
Што ж, і на гэты раз нам зноў не пашэнціла. Дзіўна было, чаму ў 1950 годзе ніхто не атрымаў прэмій нават з тых, што звычайна, як правіла, узнагароджваліся. Хто-хто, а Цыплакоў з брыгадаю мастакоў абавязкова атрымаў бы яе. Казалі, што Сталін забараніў ставіць яго манумент на тэрыторыі сельскагаспадарчай выстаўкі, хаця ўжо быў гатовы вялікі катлаван, што, мабыць, грошы спатрэбіліся на распрацоўку атамнае бомбы, так меркавалі ў той час.
Тым часам карціна экспанавалася ў Траццякоўцы каля года, потым у Доме ўрада ў Мінску, у Акружным Доме афіцэраў імя К. Е. Варашылава і нават у кінатэатры «Перамога».
У канцы 1950 года ў Маскве адбылося абмеркаванне ўсесаюзнай выстаўкі ў памяшканні НДРІ, а потым яшчэ і ў Тэатры Чырвонай арміі. Вядома ж, кожны з нас (Зайцаў, Гугель і я) чакаў, што скажа мастацтвазнаўца Машкаўцаў менавіта аб тваім творы. Ён паклоннік перасоўнікаў, меў свой пункт гледжання на сучаснае мастацтва, але, як і ўсе яго калегі, крытыкаваў толькі маладых мастакоў (помсты не будзе), але вельмі і баяўся чапаць майстроў, што мелі ўжо свой твар ці, хутчэй, мелі пасады ў Саюзе мастакоў. Наконт нашай карпіны ён зазначыў: «Маладыя мінскія мастакі пагналіся за крылатаю назвай свайго твора. Назва ніяк не адпавядае сутнасці зместу». I тут жа спаслаўся на карціну Цыплакова як прыклад дакладнасці назвы. Можаце сабе ўявіць маё становішча? He ўстанеш і не крыкнеш: не мы далі назву, а наш сакратар ЦК Зімянін, і мусіш маўчаць, як маўчаў у сваёй майстэрні. Герасімаў Аляксандр, які вёў абмеркаванне, трохі мякчэй адазваўся, кажучы, што на Чырвонай плошчы многія паслізнуліся, так і маладыя аўтары, і гэта не дзіўна, але вось недаравальна, што яны не ўлічылі перспектыўна, што плошча мае ўхіл уніз да Масква-ракі. Па праўдзе сказаць, было не да таго, прапаў добры настрой усё з тае назвы.
Пасля смерці Сталіна праз нейкі час Берыя апынуўся англійскім шпіёнам, і яго трэба было зафарбаваць на карціне, што мы і зрабілі вельмі тэрмінова, а стотысячны тыраж рэпрадукцыі з карціны, дзе Берыю не зафарбуеш, мусілі забараніць у продажы ва ўсіх кнігарнях Саюза ССР.
Набліжалася другая Дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве 1955 года. Я ўжо ведаў, што чатыры мае карціны — «Дапамога партызанам», «Гуляюць дублёры», «Лета», «Партызаны ў разведцы» — ужо адвезлі ў Маскву. Затрымалася толькі агульная нашая карціна «Слава вялікаму Сталіну!». Перад ад’ездам мастакоў у Маскву на Дэкаду нас зноў вызывае ў ЦК сакратар ЦК Гарбуноў і з месца ў кар’ер прапануе, каб мы перад адпраўкай карціны зрабілі неяк так, каб Сталін апусціў правую руку ці, можа, каб усе члены Палітбюро паднялі рукі. Гарбунову відней, як зараз паступаць, быў жа час, калі прасіў Сталіна зрабіць вышэй ці неяк так, каб вылучаўся ад астатніх, а зараз хоча яго дэмакратызаваць — зраўняць з іншымі. Карціну адвезлі ў Маскву без «рамонту», але да апошняга часу не рызыкавалі выстаўляць яе на паказ масквічам, пакуль зверху не атрымалі наказ забараніць «Славу вялікаму Сталіну».
Спачатку мелася на ўвазе нашу карціну экспанаваць як дэвіз — ёю адкрываць выстаўку беларускіх мастакоў (у памяшканні Акадэміі мастацтваў СССР, на другім паверсе). Прычынай забароны з’явілася пісьмо Хрушчова да партыі, дзе ішло выкрыццё культу асобы таварыша Сталіна. Такім чынам карціна перастала існаваць толькі з прычыны няўдалай назвы, навязанай нам Зімяніным, ды і не толькі ім, а ўсім складам бюро ЦК КПБ.
Вось такое некампетэнтнае кіраўніцтва было ўсюды, што тычылася выяўленчага мастацтва, літаратуры, навукі і тэхнікі — па ўсіх галінах народнай гаспадаркі, такім чынам усё рабілася ад імя кіруючай партыі і ўсяго народа, па сутнасці, даводзіла да абсурду і ўсякіх недарэчнасцяў, як з нашаю карцінай, дзякуючы некаторым асобам.
Трэба сказаць яшчэ і пра матэрыяльны бок той аплаты мастацкіх твораў, што былі пасля вайны, яшчэ да грашовай рэформы.
Нашая вялікая карціна каштавала 30000 руб. па пастанове экспертна-закупачнай камісіі беларускага Міністэрства культуры пасля прыняцця яе беларускім выстаўкамам. Грошы мы атрымалі. Аднак пасля закрыцця ўсесаюзнай выстаўкі ў Маскве
нашу карціну купляе дырэкцыя выстаўкі і панарам па цане таксама экспертна-закупачнай камісіі за 45000 руб. Прычым разлікі з намі робяцца без уліку таго, што мы ўжо атрымалі грошы ў Міністэрстве культуры БССР. Масква перавяла грошы ў ашчадную касу на 15000 рублёў болей, чым выстаўкам Міністэрства культуры БССР. Вядома, што грошы былі да грашовае рэформы, а як моцна сёння гучыць гэтая лічба.
Трэба сказаць, што цікавасць да нашай карціны была паўсюды, нам прышлося зрабіць тры копіі значна меншага памеру, але ўжо без англійскага шпіёна Берыі, і кожны раз цікавіліся, ці не трэба зафарбаваць яшчэ каго-небудзь, што стаяць на маўзалеі Леніна.
Зараз, на адлегласці сарака гадоў, што прайшлі з таго часу, глядзіш на каляровую рэпрадукцыю з карціны «Беларускія фізкультурнікі на парадзе на Чырвонай плошчы ў Маскве» і прыходзіш да высновы, што як магло здарыцца так, што жыццё нашага народа было цяжкім — у кожнай сям’і Hex­Ta сядзіць ці ўжо расстраляны, а ў выяўленчым мастацтве і ў літаратуры жыццё сапраўднае падаецца ў ружовых фарбах, суцэльная лакіроўка, весялосці людзей няма межаў — ухмылкі, адны ўхмылкі. А давайце разам з усімі тымі, хто зараз набраўся розуму, успомнім, як стваралася ўсесаюзная сельскагаспадарчая выстаўка ў Маскве, дзе Беларускі павільён акрамя натурных экспанатаў аздабляўся вялікімі скульптурамі і не менш вялікім пано на тэмы сельскай гаспадаркі, дзе не толькі наш павільён, а і ўсе 16 саюзных рэспублік мелі па адным пано, дзе ламіліся сталы ад багатае ежы на вольным паветры, танцы ды гульні, быццам нічым іншым не займаліся калгаснікі. Пад выглядам свята ўраджаю як апафеозам канчалася ўсё добрай чаркай і шчодрай закускай, як гэта робіцца заўсёды пры звычайных дажынках. I ўсюды Сталін, якому дзякуюць на кожным кроку, — трэба не трэба, лепш хай будзе, ніхто не асудзіць.
Калі я назаву мастака, якога мы ўсе любілі, гэта Аляксандра Герасімава, дык ён зрабіў вялікае пано, дзе ўсе ў святочным адзенні сядзяць за вялікім сталом, а старшыня калгаса стаіць
з чаркай у руцэ і віншуе ўсіх калгаснікаў, якія чакаюць нецярпліва, каб накінуцца на ежу як мага хутчэй.
Добрае жыццё толькі на карцінах, заможным чалавек лічыўся, калі ён мае патэфон і веласіпед, у кіно фільмы толькі з героямі працы, усе павінны быць станоўчыя, без хібаў, інакш ты вядзеш антыпартыйную прапаганду, ты не наш, з буржуазнымі перажыткамі мінулага, адным словам, ты супраць савецкай улады, ты антысаветчык. Калі дакладчык у канцы свайго даклада аддае некалькі хвілін здравіцы вялікаму Сталіну, якая б тэма ні была, і калі ўсе стоячы б’юць у ладкі, паспрабуй не ўстаць і не біць у ладкі, нават нікому і не прыйдзе ў розум так неабдумана рабіць. Нейкая стаднасць, быццам авечкі, як адзін збіваюцца ў гурт — так будзе небяспечней. А каго баяліся? Адзін аднаго.