Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
У Мінск выехаў у поўным складзе аргкамітэт Саюза мастакоў СССР і правёў пасяджэнне па пераводзе беларускіх мастакоў ва ўсесаюзны Саюз мастакоў. Пасяджэнне праходзіла непасрэдна на выстаўцы, каля палотнаў аўтараў, дзе ўсе маглі меркаваць па творах, заслугоўвае аўтар пераводу яго ў члены Саюза мастакоў СССР ці не. Аргкамітэт наведаў нашага першага сакратара ЦК
КПБ Панамарэнку. Агледзелі Мінск, наведалі Тэатр оперы і балета — засталіся вельмі задаволенымі нашым партыйным кіраўніцтвам у асобе Панамарэнкі, выказалі ўдзячнасць нашаму старшыні выстаўкама Кулагіну. Усё гэта было ўзімку, у пачатку 1941 года.
Саюз мастакоў Беларусі рыхтаваў чарговую выстаўку, на гэты раз давалася магчымасць абраць тэму па сваім жаданні, гэта значыць, што не было тэматычнага плана або спіса тэм, але ж мастакі павінны былі не на словах, а ў эскізах раскрыць тэму перад выстаўкамам, а потым ужо заключаліся дагаворы і вызначаўся ганарар.
He ведаю, чаму кіраўніцтва па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР адмовілася ад тэматычнай выстаўкі, падобнай той, дэкаднай, што мела поспех, можа, толькі ў кіраўнікоў партыйных з ЦК у аддзеле агітацыі і прапаганды. Па сутнасці, такія выстаўкі былі нецікавыя, немастацкія, дзе глядач можа знайсці для сябе ўсё, што ён хоча, — краявіды, нацюрморты, партрэты, жанравыя кампазіцыі. Такія творы не ўваходзілі ў склад тэматычных выставак. Брала верх заўсёды палітызацыя твора, кіраўніцтва партыі дамагалася праз мастацтва ўздзейнічаць на патрэбу дня як ілюстрацыю чарговых лозунгаў, быццам мастацтву не хапае паказу вечнай класавай барацьбы як асновы ідэалогіі на ўсе часы. Так званае чыстае мастацтва лічылася шкодным перажыткам буржуазнага мінулага. 3 мастацтва выкачалі ўсю душу, зрабіўшы з яго агульны плакат, дзе твар асобнага мастака губляўся ў шэрасці агульнай масы.
Гэта зараз робяцца юбілейныя мастацкія выстаўкі агульныя, а таксама выстаўкі персанальныя, справаздачныя, якія выклікаюць асобую цікавасць гледачоў, нават саміх мастакоўкалег тым, што можна прасачыць шлях мастака за вялікі кавалак жыцця ў мастацтве, яго пошукі і знаходкі, заняпады і пад’ёмы — усё як на далоні.
Тады краявіды нікога з кіраўнікоў не цікавілі, а пагэтаму ніхто не заключаў дагавораў на такую прадукцыю, бо яна не адпавядала задачам часу, не раскрывала барацьбу супярэчнасцяў, яна сузіральная і павярхоўная.
Наш таленавіты пейзажыст мастак Віталь Цвірка мусіў пісаць карціны, дзе Ленін і Сталін сядзяць у альтанцы ў Горках ці Сталін атрымаў ліст ад Леніна. Усё гэта не ўласціва для пейзажыста. Гэта прымус: давай тэму, будзем плаціць грошы. I мастак рабіў.
Пры адкрыцці ў Маскве нашай дэкаднай выстаўкі прысутнічалі шмат карэспандэнтаў замежных краін. Мы з Давідовічам стаялі разам каля агульнай карціны «Свята ўраджаю». Да нас падскочыў нейкі, відаць, нямецкі карэспандэнт, ён з вялікім нямецкім акцэнтам пачаў пытацца ў нас, што, можа, яшчэ мы маем недзе нейкія іншыя працы, акрамя гэтых афіцыйных святочных палотнаў. Ён ніяк не мог назваць, што ён мае на ўвазе, — «Нацюрморт з кветкамі», а толькі лапатаў: «Блюмен, блюмен». Сказаць шчыра, мы баяліся замежных карэспандэнтаў і стараліся хутчэй адчапіцца ад гэтага настойлівага немца. А чалавек шукаў сярод прапагандысцкіх палотнаў нешта мастацкае, каб адчуць, што ён на мастацкай выстаўцы, а не ў музеі рэвалюцыі.
Ды вось, я абраў па сваёй волі тэму карціны «Пакаранне Кастуся Каліноўскага», вядома, без шыбеніцы, без пятлі на шыі. Мой Кастусь ідзе праз рынак у Вільні, па Лукішкінскай плошчы. Яго вядуць жандары з абодвух бакоў — сярод сялян, што прыехалі на кірмаш, яны ведаюць Каліноўскага, спачуваюць яму, гэта бачна па тварах, яны расступаюцца, даюць дарогу гэтаму эскорту, ідуць за ім да шыбеніцы. Кастусь ідзе з горда паднятаю галавой, ён непахісны і суровы.
Можна было паказаць Каліноўскага, які гаворыць сваю апошнюю прамову, стоячы на эшафоце: пятля над галавою, жандары шчыльна стаяць цесным колам... He, лепш даць той момант, калі ён сярод народу, непарыўна з беларусамі ідзе на эшафот. На палатне эшафота не бачым, ён па-за карцінаю, і гэта, на мой густ, добра.
Эскіз увогуле зроблены, але вось мне не вядома: што вакол плошчы, ці ёсць касцёлы ці бачна турма, велічыня плошчы. Усё гэта трэба бачыць самому і занатаваць з натуры, каб быць бліжэй да рэчаіснасці. Патрабуецца камандзіроўка ў Вільню,
але туды патрэбна яшчэ і віза-дазвол, бо ў Вільні зачынены межы, вольнага праезду няма. Грошы савецкія, а гандаль ідзе не дзяржаўны — прыватны. 3 вялікай зямлі грошы перасылаць і прывозіць усюды забараняецца.
Кіраўніцтва па справах мастацтва дало мне камандзіроўку ў Вільню. А хто дасць візы? Мабыць, НКУС? Я сапраўды не ведаў. Нехта мне параіў паехаць у Беласток, а адтуль мяне перакіне цераз мяжу дырэктар мастацкага камбіната Прывальскі. 3 Прывальскім я быў знаёмы даўно і меў надзею, што мая задума адбудзецца абавязкова. Аднак яго абяцанкі даць машыну зацягнуліся на два тыдні. За два тыдні я скарыстаў шмат грошай, бо жыў і харчаваўся ў самай лепшай гасцініцы горада «Рыдэсміглы» — назва ранейшая. Там знайшліся яшчэ два чалавекі, што шукалі магчымасці неяк апынуцца ў Вільні. Жанчына, надзвычай рухавая, узялася кіраваць аперацыяй, сказаўшы, што мы павінны ехаць у Баранавічы, а адтуль цераз станцыю Беняконе, што на мяжы, мы дасягнем мэты. Так яно і было, якраз з першага на другое мая 1941 года. У Беняконе адбыўся кантроль білетаў і іншых дакументаў. У маім купэ было двое мужчын і адна дзяўчына. I вось калі пачуліся пытанні кантролю ў канцы вагона, я выйшаў у калідор, бо ўбачыў, як маладыя мужчыны хаваюць у кут пад адзеннем тую дзяўчыну, якая, мабыць, не мела ані пашпарта, ані візы, а мабыць, і білета на праезд па чыгунцы. Кантрольная брыгада была навесяле — учора было свята, дык махнулі рукою на тое, што, акрамя камандзіроўкі, начальства, маўляў, ведае, што рабіць. Пастаяўшы ў калідоры, я ўваходжу ў купэ і чую ад усіх адно і тое ж пытанне: «Чаму ты пакінуў купэ перад кантролем?». Я мусіў адказаць шчыра, бо на мяне глядзелі тры пары вачэй амаль з аднолькавай выразнасцю: што скажа гэты маскаль, мабыць, бальшавік, хаця яшчэ і малады.
«Гэтым, што я выйшаў у калідор, я хацеў сказаць, што не бачыў, як вы хаваеце дзяўчыну. Так-так, я сапраўды не бачыў. Я не хацеў быць сведкай скандалу, які мог быць пры кантролі больш пільным».
Пасля адказу ўсе быццам развязалі языкі, сталі цікавіцца, хто я такі, чаго еду ў Вільню, колькі вязу з сабой грошай.
Відаць, я ўсім траім спадабаўся, баяцца мяне не трэба, наадварот, прапанавалі мне сустрэцца ў Вільні ў лепшым рэстаране. Я з ахвотай згаджаўся, нават былі ўдакладнены гадзіны сустрэчы. У такой шчырай бяседзе стала ясна, што ўсе трое былі звычайнымі спекулянтамі, якія, мабыць, даюць у лапу кантралёрам, бо ў іх не было ніякіх камандзіровак, тым больш візаў, ды па тых рэчах, што пры іх былі, сумнявацца было не трэба. Тым не менш з імі было вельмі цікава весці гутарку — яны пыталіся ў мяне, я пытаўся ў іх. «Тое, што вы мала ўзялі з сабою грошай, казалі яны, вы ж не скарыстаеце камандзіроўку, выпадак для вас, відаць, рэдкі». Кожнаму сваё, думалася мне. Прыйшлося расказаць, якая мэта камандзіроўкі: еду за матэрыяламі дзеля карціны. Бачу, што гэта іх не цікавіць, пераходзім на іншыя тэмы. Адзін з маладзейшых пачаў рабіць параўнанні жыцця і ўзаемаадносін людзей між сабою. «У вас, — кажа, — пытаюцца пры першым знаёмстве людзей спачатку, дзе вы працуеце, а потым ужо, дзе вы жывяце. А ў нас, наадварот, цікавяцца, дзе вы жывяце і як жывяце, бо гэта галоўнае, а дзе працуеце, якая ваша прафесія — гэта ўжо на другім месцы. Вы ж можаце і не працаваць нідзе, а жыць добра — вось якая справа. — Далей ён працягваў: — У вас чамусьці ніколі не запрашаюць у госці да сябе, а толькі збіраюцца ў рэстаране ці ў нейкім кафэ. Адзяваюцца ў вас аднолькава, як у вайскоўцаў, моды даўнейшыя, жанчыны не любяць ці не разумеюць, што адзенне павінна быць стракатым, каб вабіць вока і звяртаць увагу да сябе». «Ну, паложым, — адказваў я, — што-што, а каб прывабліваць да сябе, мабыць, ва ўсім свеце жанчыны ведаюць, як гэта рабіць аднолькава паўсюды». «Вось, — кажа, — і вы, ваша адзенне — усё ў карычневых фарбах, пачынаючы з капелюша, паліто, ды і тая пара касцюма ўся ў рудых фарбах. Вы, — кажа, — маеце падабенства да немца, у іх уся вопратка, нават шкарпэткі шэрыя, мышастага колеру». Слухаю і думаю, што гэты малады чалавек, мабыць, каміваяжор — адкуль такая назіральнасць прафесійная ўзялася.
Я гэта зараз адзначаю так па ўзросце, а тады не рабіў розніцы, бо сам быў малады — мне было 30 гадоў. Дык гэта былі гандляры-спекулянты, усе яўрэйскай нацыянальнасці. Ужо вечарэла,
калі наш цягнік апынуўся ў Вільні, усе схапілі свае рэчы і хто куды разбегліся, нават не развітаўшыся. На вакзальнай плошчы я знайшоў міліцыянера і спытаўся ў яго, дзе ёсць бліжэйшая гасцініца, а ён мне кажа: «Не разумею». Ён не разумее маёй гаворкі. Як жа так? Але ж і я не разумею, што гаворыць ён, відаць, па-літоўску. Крочу далей, бачу за вялікай брамай людзі стаяць на каленях — моляцца пасярод вуліцы, стаяць густа, што цяжка прайсці, здымаю капялюш і памалу праходжу далей. Знайшоў нейкую гасцініцу. Змясцілі мяне побач з кухняй, дзе ў раніцы грымяць посудам, гучна гавораць. Кожную ноч два міліцыянеры з электрычным ліхтарыкам правяраюць мае дакументы — кожны раз іншыя, у тры гадзіны. Мне ўсё гэта не зразумела. Ды ніякай павагі, хоцьбы звычайнай. Навошта прыехалі, што будзеце рабіць, колькі дзён і г. д. Я потым убачыў, што там ёсць значна лепшыя нумары, чым той, дзе я жыву, але не маю вопыту ў чужым горадзе, мушу цярпець усе два тыдні пад громам талерак кожную раніцу. Дзеля мяне ўсё дзіўна: праходзяць тры жанчыны ў чорным адзенні з вялікімі белымі капелюшамі, неяк закручанымі па кутах, — гэта манашкі, а людзі, што стаяць кожны дзень на каленях, — гэта яны моляцца, гледзячы на Вастрабраму, дзе вялікі абраз з Маткай Боскай Вастрабрамскай. У горадзе шмат цэркваў, касцёлаў розных веравызнанняў — сінагогі, мячэці, і ўсе набіты бітком, што людзі стаяць нават каля ўвахода ў царкву, а дзень звычайны, не святочны. У чым справа, я ўсвядоміў значна пазней. Горад надзіва чысты, на вуліцах шмат людзей, чуецца пераважна польская мова, назвы вуліц налітоўскай мове. Усё для мяне новае — конь пацягнуўся да маладога лісця дрэўца, якое агароджана, вазніцы няма, пачуліся разам галасы: «Джэўка-джэўка» — нехта адцягнуў убок каня, і разам усё сціхла. Я ўглядаўся ў кожнага прахожага: як выглядаюць, якое адзенне, які настрой. А вось настрой нейкі палахлівы — па гаворцы чуецца збянтэжанасць. Чым выклікана, я дазнаўся таксама значна пазней.