Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
тве па справах мастацтва. Я ў канцы канцоў атрымоўваю прэміі, калі выконваю добрасумленна загады зверху».
Няўжо трэба было так рабіць, каб дырэктар, зусім далёкі чалавек да мастацтва, мог лічыць па сваіх меркаваннях, каго прымаць, а каго не? Няўжо толькі партыйны білет у кішэні дае права рабіць хутчэй памылкі, чым справядлівыя рашэнні — прымаць без якога-небудзь хістання.
Вось так у нас ва ўсіх справах — з партыйца можна запытацца, а з беспартыйнага чаго возьмеш — нічога, як з гусі вада.
Я адхіліўся ад гутаркі ў музеі, а часу прайшло шмат у размовах, але ж дужа цікавых для мяне, бо дзе пачуеш такую шчырую гаворку ў нас у Мінску, можа, толькі з жонкай, каб ніхто не чуў і не бачыў, аб чым гаварылі.
Я развітаўся ў музеі з усімі, хто там быў, бо, відаць, і я нечым зацікавіў навізною сустрэчы так неспадзявана для ўсіх з «вялікай зямлі».
Мне належала яшчэ зайсці да літоўскіх пісьменнікаў пагутарыць наконт Кастуся Каліноўскага. Драўляная хата, дзе змяшчаўся пісьменніцкі саюз, ці згуртаванне, было якраз пад гарою Гедзіміна, сярод гушчару пачынаючых зелянець дрэваў, нагадвала асабняк нейкага пана пры паляках, які ўцёк ад бальшавікоў.
Сустрэлі мяне там вельмі ветліва, нават знялі паліто ў гардэробе, што для мяне было ўпершыню. Паказаў ім сваю камандзіроўку, растлумачыў прычыну гэтага да іх візіту, і неўзабаве мяне запрасілі ў сталоўку, што была пры доме. За нашым столікам сядзела 4 чалавекі, і толькі адзін з іх гаварыў добра на рускай мове, бо быў і самы старэйшы за ўсіх, — мабыць, было яму за пяцьдзясят гадоў. Па-першае высветлілася, што Кастусь Каліноўскі належыць Літве, бо і завецца ён Костас Каліноўскас, што сялянскае паўстанне было на літоўскай зямлі — супроць генерала графа Мураўёва, які душыўусё нерасейскае, праводзіў жорсткі ціск на нацыянальнае адраджэнне і па-зверску караў непаслухмяных мужыкоў. Асабістае паляванне тайнай паліцыі засяродзілася на кіраўніках паўстання. Вядома, што ў такіх умовах Каліноўскі мусіў хавацца пад чужым прозвішчам —
знаходзіўся ў падполлі, але не прыпыняўся ў працы, рызыкуючы кожную хвіліну, — рабіў справу за волю, за сярмяжны народ, за мужыкоў беларусаў, палякаў і літоўцаў.
Усё ўвогуле так, але чаму літоўскі пісьменнік так настойліва цягне правадыра сялянскага паўстання ўсвой літоўскі бок, быццам яму не ўсё роўна нацыянальная прыналежнасць таго ці іншага правадыра, абы ён рабіў на карысць агульнай справе.
Што мне было рабіць? Я толькі сказаў яму, што не будзем яго дзяліць, калі ён рабіў агульную справу. Зараз я разумею, што меў на ўвазе той літовец тады. Ён не вельмі што рабіў розніцу між царскім рэжымам і савецкім: як тыя былі захопнікамі, так і гэтыя — толькі пад новымі лозунгамі. Стары пісьменнік прыціснуў мяне да сцяны, на кожным кроку ён параўноўваў з тым, як было раней ў іх ў Каўнасе і як зараз у Вільні — усё адыходзіць да дзяржавы, а яна, дзяржава, не адказвае і не можа адказваць за ўсе дробязі, а жыццё кожнага чалавека складаецца з умоў сацыяльнай забяспечанасці, дабрабыту кожнай чалавечай асобы і кожнай сям’і. Жыць нейкімі высокімі ідэаламі і чакаць, калі прыйдзе той дзень, калі будзе ўсім добра, усе будуць рады, ніяк не прыходзінца. Так ён уводзіў ад будучыні і зноў ціснуў мяне, але гэта ўжо па лініі выяўленчага мастацтва. Колькі развялося такіх герасімавых, як Аляксандр — прэзідэнт Акадэміі мастацтва СССР? He, ні ў якім выпадку не Сяргей Герасімаў — гэта мастак, вось яшчэ Дайнека, сучасны мастак — гэтага не зблытаеш ні з кім. I вось дзіўна, што ён далёка стаіць ад афіцыйнага мастацтва, а яго ведаюць ва ўсім свеце — нават купляюць яго творы амерыканскія турысты.
Ён назваў шэраг мастакоў, што робяць прапаганду, што да сапраўднага мастацтва іх творы не маюць ніякага дачынення, і працягваў называць лепшых, на яго погляд, мастакоў, але сціплых, без усякіх узнагарод, якіх ганьбіць афіцыйная крытыка. Маладыя пісьменнікі моўчкі сядзелі, слухалі: відаць, рускую мову ведалі, але ніхто з іх не ўставіў ніводнага слова.
Развіталіся мы з маладымі пісьменнікамі, а з старэйшым пайшлі глядзець графічную майстэрню. Мне было цікава разглядваць графіку на сценах, што друкавалася тут жа, на афорт-
ных станках. У сваёй большасці графіка была з фармальнымі пошукамі і не вельмі што мне падабалася тое, што назва твора ясная, а па выкананні быццам не адпавядаючая назве.
Ну, гэтая мая несвядомасць датычылася не ўсіх твораў. Былі цікавыя кампазіцыі з пластычнага боку, а па колеры дык большасць твораў вельмі адпавядала назве з настроем нейкага надлому — расчараванасці ў жыцці. «А гэтая жанчына, — паказаў на адну работу мой новы знаёмы, — пакончыла жыццё самагубствам, хаця яшчэ была маладая». А калі я спытаўся чаму, ён не знайшоў чаго мне сказаць, акрамя таго, што прычыны не асабістага характару, а, хутчэй, палітычнага. Дык вось чаму драматызм у змрочным тонусе чорных фарбаў так кідаецца ў вочы яскрава, хаця постаці людзей некуды ішлі ў цемру без канвою, быццам добраахвотна!
Мне, чалавеку, які ў свае трыццаць гадоў паспеў убачыць чалавечае гора без усякіх намёкаў, але толькі ўбачыць у жыцці, а не на палатне ці на паперы ў мастацтве, — там усё было добра, там быў росквіт жыцця, там толькі дзякавалі таварышу Сталіну за шчаслівае дзяцінства ды пляскалі ў далоні.
Такія працы літоўскіх графікаў — мабыць, ні адна не прайшла б праз нашы выстаўкамы, таму што назвалі б іх гнілым Захадам, што такое мастацтва ўводзіць ад класавай барацьбы і што гэты ўпадніцкі стыль дрэнна адзавецца на выхаванні нашай моладзі. А між тым у літоўцаў было мастацтва, якое, хочаш ты ці не хочаш, а мусіш пастаяць ды падумаць, што хацеў мастак і якімі сродкамі ён дамагаецца выказаць сваю думку. Мы звыкліся з тым, што мастак усё так падрабязна раскажа, усё перажуе, што ні думаць, ні глядзець нікому няма ахвоты, ды яшчэ абавязковая прысутнасць ва ўсім партыйнасці, якая абрыдла ўсім чэсным мастакам, зводзіла мастацтва да штампа, да аднолькавасці, і калі хто-небудзь зробіць не так, а інакш, таго пачынаюць шальмаваць усім скопам, пачынаючы з партарганізацыі і канчаючы мастакамі-партыйцамі, функцыянерамі-няўмекамі ў галіне мастацтва.
Вядома, што я тады не мог даць такую інфармацыю аб тым, што бачыў, але ж у думках мне заўсёды падабаліся мастакі, якія
шукаюць і часта знаходзяць свой язык, свой твар і падабаюцца людзям, якія падгатаваны да погляду — шырокім дыяпазонам на выяўленчае мастацтва.
Нездарма аднойчы на банкеце ў рэстаране «Беларусь» мастакі, абраныя ў кіраўніцтва, адзначалі сваю перамогу на галасаванні, падышоў да нас сталага ўзросту чалавек і на ламаным рускім языку пачаў крытыкаваць выстаўку, якая была экспанавана перад з’ездам у карціннай галерэі. Гэты дзядзька дзівіўся таму, што адзін чалавек зрабіў такую колькасць карцін, падобных адна на адну, і ён хацеў бы зараз паглядзець на яго, калі ён прысутнічае тут, на банкеце.
Усе разам зарагаталі — мабыць, аднеслі яго словы, выкліканыя прыняццем вялікай колькасці алкаголю, маўляў, што ў п’яным стане можа весці крытыку, тым больш у такой форме.
Мне нябожчык мастак Малкін аднойчы, паглядзеўшы маю новую карціну, сказаў: «Табе, Жэня, трохі не хапае “гнілога Захаду”, падумай удалейшым». Мне было ўсё зразумела. Я толькі падзякаваў яму за такую параду. Гэта наша бяда, што маем на ўвазе толькі змест, а якімі сродкамі дасягаецца хараство, — было нам быццам ўсё роўна. На самай справе форма бывае так патрэбна, што толькі яна адна і ёсць змест усёй кампазіцыі.
Кінем пакуль што гэтыя разважанні, а лепей вернемся ў Вільню, якая пакуль яшчэ завецца па старой назве, потым будзем пісаць Вільнюс, змяніліся назвы вуліц і плошчаў. Літоўцы ўсё перайначаць, цяжка будзе знайсці завулак з польскай назвай, бо там будзе цяжка чытацца на літоўскай мове ўсякаму, хто калісьці бываў у Вільні і добра ведае лацінскі альфабэт.
Мой знаёмы праводзіў мяне з графічнай майстэрні на вольнае паветра — неяк уздыхнулася добра і разам зніклі тыя, скажам прама, цяжкія ўражанні ад змрочнай графікі.
Мы развіталіся — ён прыўзняў капялюш, як гэта рабілі дарослыя, калі я быў яшчэ юнаком. Традыцыі гэтыя яшчэ доўга трымаліся паміж старэйшымі, але вось зараз тут, за мяжою, усё засталося па-ранейшаму.
Хутка ў гасцініцу. Бяру свае рэчы і на вакзал. У касе нешта змянілася, кажуць: «Бярыце білет да Каўнаса, а адтуль возьме-
це білет на Мінск». Чаму так? Гэта ж яшчэ 100 кіламетраў далей ад Вільні на захад. Раблю як кажуць. У вагоне, калі пройдзеш па калідоры ўздоўж, чуецца руская мова — нейкія словы, якія ў нас ужо не пачуеш, дый вымаўленне зусім іншае, хутчэй, падобнае на тое, як гавораць у Петраградзе, дзе мы былі разам з братам у дзіцячым доме ўвесь 1921, увесь 1922 і палову 1923 года. Можа, будзе цікава, калі мы раскажам аб дзіцячым доме і не столькі аб сабе, колькі аб тым часе беспрытульніцтва ў вялікім горадзе. Гэты дом змяшчаўся ў Інстытуце «благородных девнц», у так званым Марынінскім інстытуце. У тыя часы была іншая тэрміналогія. Дзіцячым домам ніхто тады не называў, а называлі прытулкам.
Дык вось, у гэтым прытулку было трыста чалавек дзяцей. Хто не меў ні маці, ні бацькі, таго называлі круглымі сіротамі, а хто меў аднаго з бацькоў — паўсіротамі.
Перад тым як апынуцца ў прытулку, мы з братам адбылі двухтыднёвы каранцін. Кармілі неяк усіх аднолькава, слабавата, але ж кармілі, назіралі за паводзінамі, за фізічным станам, адзенне было пакуль што сваё. Сачылі за кожным і вялі нейкі дзённік на кожнага паасобку, дзяўчаты асобна. Нікому выходзіць з каранціну не дазвалялася. Медыцынскія агляды рабіліся штодзённа. Адным словам, каранцін ці размеркавальнік — па ўзросце, па стане здароўя. Беспрытульнікі абмарожаныя, распухлыя, што хаваліся ў кацельнях ды на паравозах — абарванцы — забруджаныя так, што адны вочы яшчэ нешта бачаць. Усе гавораць на сваёй мове, для дарослых яна ніяк не даходзіць: жаргон блатнякоў вельмі разнастайны, свая мараль, свае героі-правадыры, дробныя кішэннікі, артысты сваёй справы, лаўкачы могуць зняць гадзіннік з якой хочаш кішэні (на руках раней гадзіннікі не насілі). Сярод такіх дзяцей шмат таленавітых мастакоў, піяністаў, спевакоў, фокуснікаў ды акрабатаў. У карты гуляюць усе як адзін, грошы лічыць умеюць усе, ды не керанкі, якія вялікімі аркушамі выпускаліся, бо нічога не каштавалі, іх называлі «лімоны» замест «мільёны», а золата або срэбра. Гаспадаром гандлю быў чорны рынак. Вось дзе прыволле для злодзеяў розных рангаў!