Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
тое, каб выклікаць яго на бойку ў курылцы, ля туалета. Мой брат Валянцін быў сведкам у натоўпе, калі мы пачалі бойку, яму было шкада мяне, але ён не меў права абараніць мяне, ён толькі нешта крычаў, але да мяне нічога не даходзіла, усё было, як бы ў цемры, пакуль з майго носа не пацякла кроў, а гэта было маё паражэнне, якое лічылася дастойным ад такога моцнага праціўніка.
Марыя Карлаўна неяк убачыла, што я малюю крэйдай на дошцы зімовыя елкі ў снезе, ухаце, дзе на даху поўна снегу і на двары падаюць сняжынкі. Пастаяўшы ў мяне за спінаю, яна паклікала да сябе ў пакой і дала аркуш паперы з алоўкам, які з вельмі цвёрдым грыфелем. Аловак дзярэ тую паперу, якая таксама слабая, — горш за газетную. Mae намаганні класная дама, відаць, ацаніла і мусіла знайсці лепшы аловак, лепшую паперу, каб даць волю мне зрабіць некалькі зімак на вёсцы. Далей — болей: яна пачала паказваць мне альбомы малюнкаў не толькі алоўкам, але і акварэльныя пейзажы, так падобныя на тое, што бачым у жыцці вакол нас. Гэта было такое шчасце, што ўсё стала другарадным, хацелася быць падобным да тых мастакоў, якія так недасягальна могуць маляваць, — быццам усё робіцца само па сабе. Здаецца мне, што ў той час я не мог прыйсці да такіх высноў, але ж усё будавалася на пачуццях захаплення тым, чаго не бачыў раней, зробленага мастакамі, — акрамя алеаграфій, надрукаваных у букварах ці ў казках.
Мой брат Валянцін, калі быў яшчэ вельмі малы, маляваў зайчыкаў, гусей і пеўнікаў, а ў прытулку яму дазвалялі хадзіць у Таўрыцкую студыю малявання, дзе ён атрымаў, як ён сам пісаў у аўтабіяграфіі, першапачатковую адукацыю.
Яшчэ пры жыцці бацькі Валянціна цягнула маляваць звяроў, жывёлін, нават экзатычных жывёлін. Рабіў ён зайчыка штрышкамі і хаваў свае малюнкі ад мяне, бо я кожны раз абводзіў гэтыя рыскі суцэльнай лініяй, за што атрымоўваў часта некалькі падпатыльнікаў. Мая зайздрасць да Валянціна зыходзіла з таго, што яго заўсёды хваляць, а мяне не. Дык чаму мне не падладзіцца таксама маляваць па яго малюнках? Бо яны нешта не дакладныя, а я зраблю лепш, думалася мне.
Зараз прайшло ўжо дванаццаць гадоў, як Валянцін пакінуў нас, але засталіся яго шматлікія працы ў галіне графікі. Самым адметным уменнем была ў яго анімалістыка, гэта тое рэдкае, Богам дадзенае ўменне маляваць звяроў ды свойскіх жывёл, надаючы ім падабенства да людзей у паводзінах, блізкіх па характары саміх жывёлін, такія як ліса ці варона, леў ці асёл. Ён ілюстраваў казкі, творы беларускіх пісьменнікаў, рускіх, замежных. Працаваў у сатырычным часопісе «Вожык», «Кракадзіл», працаваў у галіне кніжнага знака і ў станковай графіцы.
Што б ён ні рабіў — заўсёды працы былі на высокім прафесійным узроўні майстэрства, веданне розных тэхнік графічнага выканання, зайздросная працаздольнасць і яшчэ літаратурная дзейнасць у галіне палявання і рыбнай лоўлі, звязанай з веданнем прыроды Беларусі мастаком. Ён напісаў чатыры кнігі на гэтыя тэмы і пачынаў пятую, але жыццё абарвалася на 69-м годзе. He дажыў ён адзін год, каб паказаць на юбілейнай выстаўцы ўсё лепшае, што ім створана ў пакутах і ў заціранні яго выдатных здольнасцяў з памяці, бо ні каталогаў, ні манаграфіі ні пры жыцці і ні пасля смерці не выдаецца тымі, хто былі яго вучнямі, яго паплечнікамі па творчасці рэалістычнага мастацтва. Што гэта, як не здрада сяброўству, здрада беларускаму мастацтву наогул, эгаізм кар’ерыстаў, якія пры жыцці адхапілі сабе ганаровыя званні, майстэрні, выданні манаграфій, каляровых рэпрадукцый і г. д.? Што можна адказаць на такія адносіны да нябожчыка, чым растлумачыць такую жорсткасць не толькі да Валянціна Ціхановіча, але і да іншых нябожчыкаў, якіх нават хаваюць неаднолькава — аднаго толькі з хаты без грамадзянскай паніхіды, без некралога, другога — з аркестрам, з паніхідай, з некралогам у газеце, з прысутнасцю прадстаўнікоў ЦК КПБ, а другому не даюць змясціць у газеце «Вячэрні Мінск» маленькую звестку аб смерці некага? У гэтым праглядаецца палітыка партыі, у тым, што і нябожчыкі бываюць рознага кошту. На могілках партыйным босам адведзена тэрыторыя, як і пры жыцці, — найлепшая. Шкада, што ў труну не кладуць разам з нябожчыкам яго ордэны і медалі з партыйным білетам разам. Прайшло болей за год
пасля смерці Валянціна, мяне сустракае ў Палацы мастацтва архітэктар Бенядзіктаў і просіць перадаць брату прывітанне. «Цяжка, — кажу, — нябожчыку перадаць прывітанне, памёр мастак — няма яго». «Чаму нідзе не было? — пытаецца ён. — Некралогаў не бачыў, ну хаця б у штотыднёвіку “ЛіМе” — яго ведалі ўсе пісьменнікі». Прайшло тры дні пасля пахавання брата, я бяру пяцьдзесят рублёў, падаю іх мастаку Шчамялёву, які з’яўляецца старшынёй праўлення Саюза мастакоў і кажу: «Дайце ў “Вячэрні Мінск” спачуванне сям’і нябожчыка». Вы б пабачылі, як ён успыхнуў, абразіўся! «Чаму мы павінны траціць грошы на ўсякіх нябожчыкаў? Калі памерла мая маці, — працягваў ён, — ніхто не даваў спачування». «Дык жа памёр член Саюза мастакоў, — кажу я, — гэта сорамна павінна быць вам. Я чакаў тры дні, а зараз яшчэ не позна даць спачуванне». На гэтым і скончылася наша размова са старшынёю Саюза мастакоў. Але вось калі я звярнуўся да вожыкаўцаў і пачаў сароміць іх за абыякавасць да свайго старэйшага калегі, яны надрукавалі ў «Вожыку» некралог з маленькім фотаздымкам.
Дзякуй Богу і за гэта, хаця і па часе, і ў такім часопісе, дзе трэба больш рагатаць, чым сумаваць, — няхай будзе, і так лепш, чым ніяк. Памёр мастак, і быццам разам з ім згінулі яго творы, бо за такі доўгі час Саюз мастакоў не зрабіў пасмяротную выстаўку, не выдаў манаграфіі, а таму што ён не меў ніякага ганаровага звання. У экспазіцыі Мастацкага музея не знойдзем ніводнага яго твора, бо, як мне ў музеі сказалі, што экспануюцца творы «прызнаных народам», — фактычна не працы, а мастакі, што маюць ганаровыя званні за актыўную грамадскую працу, а мастацтва тут ні пры чым.
Усё наадварот: усюды павінны быць якія заслугі акрамя самога мастацтва, яно другараднае — на апошнім месцы. Хутчэй за ўсё, атрымоўваюць узнагароды кіраўнікі мастацтва, а не творцы— яны вінцікі, без твару, шэрая маса. Валянцін Ціхановіч знаў сабе цану, і гэта адпавядала ацэнкам іншых мастакоў, не беларускіх, тыя не зайздросцяць, аб’ектыўна судзяць аб мастацтве самабытным, незвычайным — не падобным да кагонебудзь з мастакоў-графікаў маскоўскіх ці ўкраінскіх.
Па характары Валянцін быў вельмі лёгка ранімы, абражаўся ад нават нязначнай крытычнай заўвагі, а калі ведаў, што крытыкуе слабы мастак, які ёсйь начальства і злоўжывае сваім становішчам, каб насаліць мастаку, — такога не шкадаваў і пры першай магчымасці адпомсціць так моцна, што той будзе помніць усё жыццё.
Калі я быў ужо на другім курсе, а Валянцін на першым, яму разам з усімі было заданне ў саўгасе выбіраць рэдзьку з вялікім спазненнем, бо з саўгаса збеглі хто куды рабочыя, абы не працаваць у часы калектывізацыі (1930 год), дык прывезлі першакурснікаў на вёску — на збор ураджаю. Гэта быў Лёзненскі раён пад Віцебскам. Студэнтаў мастацкага тэхнікума кінулі на работу, не накарміўшы з дарогі, дык частка адмовілася працаваць, пакуль не накормяць. Такая забастоўка каштавала ўсім камсамольцам выключэння іх з камсамолу, Валянціна ў тым ліку. Можа, больш за актыўнасць, за арганізацыю пратэсту. Пасля таго ён усё жыццё нікуды не ўступаў і заставаўся «беспартыйным бальшавіком», як і шмат людзей, якія не падзялялі дагматыку дэмакратычнага цэнтралізму, што нагадваў амаль вайсковую дысцыпліну па статуце.
Чалавеку з вельмі складаным характарам ды яшчэ мастаку, які сваімі здольнасцямі перасягае іншых мастакоў, нічога не застаецца, як пратэставаць або бараніцца ці пераходзіць самому ў наступ супроць людзей, што стаяць у кіраўніцтве мастацтва, якое знаходзіцца ў руках партыйных самадураў.
Але ж і дысідэнтам Валянціна не назавеш, бо ён не ішоў супроць улады, а толькі адбіваўся ад канкрэтных людзей, а пагэтаму яго не любілі за тое, што не схіляў галавы перад начальствам, плаціў ім тое, чаго зарабілі самі. 3 другога боку, ён вельмі цаніў сяброўства і, што дзіўна, сябрамі яго былі не мастакі, а пісьменнікі, чые творы ён ілюстраваў, з якімі было аб чым пагаварыць і параіцца. Тут яшчэ трэба мець на ўвазе, што Валянціну было ўласціва расказаць аб нечым у жыцці, што заўсёды будзе цікавіць слухача з розных прафесій, як ад чалавека, перажыўшага цікавы факт са свайго жыцця, ці з другой яго захопленасці — амаль прафесіі паляўнічага і рыбало-
ва. Апавядальнік ён быў адменны, слухаць яго можна было гадзінамі, і, што важна, ніколі не паўтараўся. Пісьменнікі раілі яму запісваць на магнітафон ці прасіць каго-небудзь занатаваць як бы з гутаркі незнарок, бо самому, калі садзіўся за стол, ніяк не даваўся на паперы ўвесь ход думак — набягалі іншыя, лепшыя, і пакуль запішаш, устаюць сумненні, ці добра ўсё гэта напісана.
Калі я паступіў у мастацкі тэхнікум, нэп яшчэ дзейнічаў ва ўсю шырыню — усё было, і сказаць, каб добрага, таксама не скажаш, а на долю Валянціна дасталося, калі ўсё знікла разам з нэпманамі, — наступіў літаральна голад на ўсё, а не толькі на прадукты харчавання. Мясцовая прамысловасць, якая была ў нэпманаў, перастала вырабляць усё, што зараз завецца прадметамі штодзённага ўжытку, — шырспажывам. Хутка была ўведзена картачная сістэма, якая распаўсюджвацца на печаны хлеб, ды вельмі абмежаванай нормы на асобнага едака. Так званыя едакі замест сахару атрымалі цукеркі-падушачкі, зліплыя комам, што нельга было адвешваць, — не зручна, хоць адсякай сякерай. У Віцебску ў часы заняткаў у тэхнікуме студэнты на снеданне беглі з інтэрната, што на Магілёўскім рынку, да сталоўкі, можа, кіламетры два, каб паспець да 9 гадзін раніцы, да пачатку заняткаў. Трамвай, які цягнуўся ўгару па Магілёўскай вуліцы і ад інтэрната ўніз, ніколі не прыходзіў да прыпынку своечасова, а можа, у студэнтаў не было грошай на трамвай, дык абыходзіліся тым, што беглі, каб па талоне атрымаць дзве лыжкі пярлоўкі, кавалак хлеба з павідлам замест цукру. Вядома, маладым увесь час хацелася есці. Студэнты, што з графічнага аддзялення, падраблялі талоны на абеды, ды так лоўка, што ніхто не змог выявіць падробку. Але ж студэнты кааператыўнага тэхнікума былі затрыманы за няўдалую падробку талонаў і пакараны сваёй адміністрацыяй — звальненнем з тэхнікума.