Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Я маю добрую знаёмую — Героя Сацыялістычнай Працы Розу Прусаву з Мінскага трактарнага завода, якая не адзін раз скардзілася на свой няўдалы лёс, дзякуючы якому ёй прыйшло-
ся падпарадкавацца партыйным уладам — займацца працаю не сваёй, а толькі выступаць з прамовамі, агітаваць за ўздым прадукцыйнасці працы і наогул за працу, якая ўпрыгожвае чалавека, дастойнага нашага часу, і яшчэ шмат якіх лозунгаў, што набілі аскоміну ў зубах кожнаму слухачу. Прусаву цягнула любімая праца на заводзе, свой станок, які слухаўся, як жывая істота, сваёй гаспадыні. Што можа быцьлепшым у жыцці, чым любімая праца, дзе побач свае людзі, а не важныя асобы, чые рукі не бачылі мазалёў? Ды што яны? Гэтыя новыя паны ведаюць, што дае табе гонар, калі з-пад тваіх рук з’яўляецца на свет божы рэч, без якой трактар не кранецца з месца.
У Мінску акрамя ТРАМа з’явілася «сіняя блуза». Сіняблузнікі — гэта таксама тэатральны калектыў, больш эстрадны, бо гэты від мастацтва таксама быў модны, як бы сваёй формай і пралетарскім зместам выціскаў пры нэпе шматлікіх куплетыстаў ды розных акрабатаў, комікаў і цыркачоў з вельмі банальнымі праграмамі. Сіняя блуза — гэта вопратка французскага рабочага, нагадвае таўстоўку, але з вялікім бантам, артысту другой вопраткі было не трэба.
Цікавасць да ўсяго новага ў тэатральным відовішчы вабіла моладзь да сябе. У кожным раёне Мінска мелася «сіняя блуза», і гэта не дзіўна, бо вось дзе можна паспрабаваць сябе як артыста, як музыку ці дыкламатара.
Горад Мінск у той час не меў назваў раёнаў, што маем цяпер, з назвамі партыйных дзеячаў. Тады былі назвы, адпаведныя этнаграфіі ці гісторыі горада, скажам, Старажоўка — гэта прыгарад, дзе былі пабудаваны пасты па ахове горада, або Камароўка — цяпер засталася толькі назва Камароўскага рынку, а раней гэты раён быў суцэльным балотам, ну і з вялікай колькасцю камароў, што цалкам адпавядае назве раёна. Ляхаўка — раён, дзе большасць жыхароў складаліся з палякаў, а па сутнасці такія ж беларусы, але каталіцкага веравызнання. Такім чынам беларусаў была лёгка апалячыць праз каталіцызм, а пагэтаму касцёлаў на Беларусі, мабыць, было болей, чым цэркваў. Мой дзед па матцы быў граматны чалавек, чытаў польскія кнігі, яго сям’я складалася з 8 чалавек дзяцей. Усе дзеці гаварылі
ў доме па-польску. Мая самая малодшая цётка, якая памерла ў Ленінградзе ў 1987 годзе, лічыла сябе полькаю (па пашпарце таксама), і як я ёй ні тлумачыў, што яна беларуска, няхай сабе па імені Гэлена, ці Гэлька, яна заставалася ўсё роўна полькаю. Усе мае дзядзькі і цёткі разам з маёй маткай, імя якой было Катажына (па-руску будзе Екатернна), мелі польскія імёны: Антон, Олесь, Казімір, Катажына, Клімянціна, Гэлена, Аліна, Марыя. Гэтак жа было ў Галубка, дзеці імёны мелі Багуслава, Вільгельміна, Эмілія, Эдуард, Леапольд і Сігізмунд, таксама ў хаце гаварылі доўгі час па-польску. У купалаўскай фаміліі Луцэвічаў таксама гаварылі дзве сястры па-польску, не кажучы пра цётку Уладзю — Уладзіславу Францаўну, якая пасля вайны час ад часу наведвала касцёл у Красным, мабыць, толькі паставіць свечку па нябожчыку Янку Купалу, але ж і сама касцельная служба яе цікавіла не меней, чым пастаноўка п’есы Купалы «Паўлінка».
Часта можна было ўбачыць у Мінску камсамольцаў з чырвонымі стужкамі на рукаве, а на шыі вісіць бляшаная кружкакапілка для збору манетаў на карысць МОПР — Міжнароднай арганізацыі помачы рэвалюцыі. Было ў модзе збіраць грошы на розныя ахвяраванні, такія як збор грошай на карысць помачы ангельскім шахцёрам, якія бастуюць ужо доўгі час. Кідалі грошы ўсе, нават нэпманы, бо лічылася добрым дзеяннем міласэрнасць, якая бачыцца ўсім — на вачах усіх. He магу дакладна сказаць, якая колькасць у мінскай міліцыі мелася коней, бо запомніўся такі выпадак, калі конная міліцыя пад кіраўніцтвам начальніка Кроля (ён таксама быў у сядле) націскала на вялікую колькасць людзей, каб абараніць памяшканне Польскага консульства ад натоўпу, што кідаў каменне па вокнах консульства, чуліся выкрыкі і пагрозы польскаму консулу з прычыны забойства Апанскага — нашага вядомага дыпламата. Коннікі давілі людзей, націскалі з усіх бакоў і яшчэ больш спрыялі гвалту, што цяжка было стрымаць усіх на гэты раз ужо супраць начальніка міліцыі Кроля. Усё адбывалася так, быццам не на Савецкай вуліцы Мінска, дзе над консульскім уваходам звісаў вялікі сцяг з белым арлом, а недзе за мяжою, дзе паліцыя коньмі давіць людзей, што выйшлі на дэманстрацыю з мірнаю мэтаю.
Яшчэ пару слоў аб культуры тых часоў. Мы ўжо сказалі пра тэатры і «сінюю блузу», дададзім яшчэ пра народныя дамы культуры. Нардом на вёсцы ці ў мястэчку — гэта цэнтр культуры, дзе абавязкова маецца моцны драмгурток ці струнны аркестр, куды час ад часу наязджаюць лектары па антырэлігійнай тэме з Мінска, прыязджае кінаперасоўка з дынама-машынай, і маладыя хлопцы па чарзе круцяць вялікае кола, ад хуткасці якога робіцца святлей на экране ці становіцца цёмна, калі хлопец слабы і круціць паціху. Як бы там ні было, але гэта заўсёды свята, а ў цесным пакоі людзям не хапае паветра.
3 якіх людзей складаўся той ці іншы драмгурток ці аркестр? Ды з тых жа жыхароў, настаўнікаў, савецкіх служачых, калі гэта раён, усё тая моладзь з камсамольскай ячэйкі, а то і з кааператыўных працаўнікоў, здольныя людзі маюцца ўсюды. Кожная сямігодка мае гурткі, і там таксама ёсць каму весці гэтую працу.
Адкуль бярэцца ў горадзе ў тэатрах здольная таленавітая моладзь? Усё з тых жа вёсак, мястэчак і малых гарадоў, ну і само насельніцтва трымае ў сябе добрыя кадры спевакоў-харыстаў і, калі хочаце, мастакоў таксама.
Мне хочацца зараз на прыкладзе жыцця Галубка намаляваць карціну, якая дасць уяўленне аб тым, як ствараліся народныя тэатры, скуль браліся тыя кадры, што з цягам часу ператвараліся ў прафесійныя калектывы, бо, як мы ведаем, што не дыплом у мастацтве дае таленты, а, хутчэй за ўсё, талент узнікае ў народзе як нешта незвычайнае, не вядома, чаму Бог дае такое, якому не навучышся, які б ты ні быў старанны, упарты і тэарэтычна падрыхтаваны ці начытаны.
Колькі нашай маці-Беларусі даставалася нягод, прыніжэння, нават ніколі мы не ведаем, дзе праходзяць межы нашай Бацькаўшчыны, называлі нас нейкім заходнім краем, зноў жа межы не адзначаліся. Аці можам мы называць Адама Міцкевіча нашым земляком-беларусам? Ён жа нарадзіўся на Беларусі, і, каб не тая гвалтоўная палітыка расейскай каланізацыі, не разбегліся б нашы таленты з зямлі сваіх бацькоў, такія як мастак Рушчыц, кампазітар Манюшка. Вільня ж — наш горад.
Колькі ж талентаў мусілі пакінуць забітую, затаптаную ў балоце маці Белую Русь, бо ўсякую вольную думку заціскалі за краты, ссылалі ў Сібір, а іншыя хаваліся ці беглі за акіян.
А як актуальна гучаць словы Адама Міцкевіча сёння пра нашу мову беларускую, быццам сёння, каб апомніліся, каб узняліся, разам схапіліся моцна за рукі і пайшлі смела, падняўшы галаву на тых, што працягваюць яшчэ зараз ставіць заслону нашай мове, нашай культуры, нашай будучыні.
«На беларускай мове гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана», — пісаў Адам Міцкевіч. Гэтыя словы былі сказаны вялікім польскім пісьменнікам, сучаснікам Аляксандра Пушкіна.
Мы спыняемся ля дошкі аб’яў. Афіша запрашае гледачоў наведаць мастацкую выстаўку пейзажаў Уладзіслава Галубка, што адкрылася ў Доме пісьменнікаў. Цікавасць наша да выстаўкі адразу ж узрастае з маланкавай хуткасцю, бо ўжо адно прозвішча на афішы вельмі славутага наўсю Беларусь артыста, ды яшчэ з такім да яго нязвыклым анонсам.
Было гэта ўлетку 1935 г. Уладзіслаў Галубок атрымаў свой чарговы водпуск і скарыстаў яго для падрыхтоўкі выстаўкі.
Мне пашчасціла тады прымаць удзел у адборы ўсяго лепшага, што меў паказаць Уладзіслаў Іосіфавіч на сваёй першай асабістай выстаўцы пейзажаў, а гэта была цяжкая задача. Бо было нас двое — я, тады яшчэ малады мастак, без ніякага вопыту крытыкі мастацкіх твораў іншых мастакоў, і сам аўтар, які, як правіла, губляецца ў ацэнках уласных прац.
Я памятаю, што і дачка Галубка, Люся, якая таксама скончыла Віцебскі мастацкі тэхнікум на год раней за мяне, раіла бацьку паказаць веснавы эцюд за тое, што ён напісаны а-ля прыма, што значыць хутка, у адзін мах, з наскоку. «Тут, — казала яна, — чуецца непасрэднасць, дзе вам не было часу на дробязі, і вы ўхапілі тое, што галоўнае, а галоўнае — гэта ў пейзажы настрой...» Так мы на хатнім мастацкім савеце ўхвалілі звыш 40 твораў, сярод якіх было 10 палотнаў большых памераў. Яны мелі ўжо назвы, бо аўтар лічыў іх карцінамі за тое, што пісаў іх працягла, звяр-
таючыся да эцюднага матэрыялу, перарабляў, шукаючы новыя сродкі выразнасці ці новыя тэхнічныя прыёмы.
Пісаў Галубок алейнымі фарбамі і любіў больш мастэхін, чым пэндзлі, бо лічыў, што мастэхінам хутчэй даб’ешся фактуры, хутчэй схопіш тое, што часта змяняе святло і цені ці каларыт наваколля. Гэта не нацюрморт, а жывая прырода, дзе ўсё рухаецца, што нельга ўгнацца, тут патрэбен эцюд ці хуткі накідак або зрокавая памяць.
Прыгадаем больш падрабязна, што цікавіла Галубка-мастака за межамі тэатра, калі ён заставаўся сам-насам з прыродай, якую любіў бязмежна.
Галубок меў сваю «тэму». Ён, напрыклад, не раз казаў мне, што прыроду трэба назіраць штодзённа, але браць ад яе толькі тое, што здараецца не часта і не працяглы час, а нейкае імгненне, як, скажам, непаўторнае неба перад навальніцай, ці лірычны веснавы разліў рэк, ці крыгаход, ці буйны вецер-буралом, ці туманы Палесся.
«Трэба, — казаў ён, — шукаць упарта не ў майстэрні, а ў жыцці. У самой прыродзе шукаць таго адзінства процілегласцей, без чаго не можа быць ніводнага мастацкага твора».
Мы бачым, што словы зыходзілі з творчай практыкі мастака і былі падмацаваны тымі палотнамі, што насілі назвы «Разліў», «Буралом», «Туманы», «Раніца», «На рацэ Бярозе», «Верасы», «Плытагоны», «Першы снег», «Адліга», «Сакавік», «Пахмурны дзень» і г. д.
Цікава, што пейзажыст не паўтараў знаёмыя матывы. а кожны раз знаходзіў новыя. Галубок надзіва ўдала выбіраў сюжэт у пейзажы, ніколі не затрымліваючы сваёй увагі на другарадных ці фрагментарных куточках, заўсёды даючы ландшафтны позірк на шырокія рэкі, палі, азёры. Эпічнасць, размах і манументальнасць добра спалучаліся ў мастака з лірычнасцю, цеплынёй і нават пяшчотнасцю. Усё залежала ад задумы.