Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
У вялікім пакоі вісела карціна «Малатабоец», дзе паўаголены чалавек з молатам стаіць ля кавадла, асветлены чырвоным полымем, а ззаду сінія фарбы добра ішлі ў кантраст да чырвонага. Нешта рэвалюцыйнае адбівалася на гэтым палатне, нешта яснае, як прадказанне будучыні. А на самай справе стары мастак 3. Волкаў рабіў пастаноўку для студэнтаў апошніх курсаў, маючы на ўвазе светлавы эфект ад палаючага горна, каб скарыстаць у сваёй карціне «Партызаны ля вогнішча». Мелася па тэме паказаць партызанаў у барацьбе з белапалякамі. Карціна была напісана, а гэтыя эцюды заставаліся як самастойныя карціны. Усё залежыць, як напісана ў эцюдзе: калі станоўча, дык эцюд лёгка пераходзіць у карціну, усё ў суадносінах.
Адразу пасля вайны мне давялося афармляць зборнік дзіцячых апавяданняў Якуба Коласа. На вокладцы пагранічнік на кані, а перад ім сядзіць хлопчык-піянер, паказвае рукою, куды пабеглі парушальнікі нашых межаў. Кожнае апавяданне мела сваю ілюстрацыю, былі малюнкі на ўсю старонку. Ніякай сустрэчы з аўтарам у нас не было. Нават калі я рабіў карціну «Кастусь на канікулах», усе размовы ішлі толькі з Данілам, калі ён быў дырэктарам літаратурнага музея свайго бацькі. Маёй апошняй работай быў трыпціх, левы бок якога «Кастусь Міцкевіч запісвае фальклор», у цэнтры «На канікулы». Кастусь на канікулах, вакол яго дзеці, на правым баку «На касьбе» з дзядзькам Антосем. Спачатку 80-х гадоў я зрабіў некалькі афортаў з партрэтамі Якуба Коласа, у тым ліку і кніжныя знакі з вобразам Якуба Коласа. Наша сяброўства з Данілам Міцкевічам працягваецца і дагэтуль. Мы пры сустрэчы ўспамінаем нашае юнацтва, ну і, вядома, тыя першыя дні нашага знаёмства.
Але ж чаму мне не давялося ні аднаго разу спаткацца з вялікім пісьменнікам нашага часу? Можа, сам вінаваты, што саромеўся падысці, паціснуць руку, як гэта рабілі маладыя пісьменнікі.
Успамінаюцца размовы з Аляксандрам Дзмітрыевічам. Мне было цяжка гаварыць па-беларуску, бо мае дзяцінства і юнацтва праходзіла не на Беларусі. Нарадзіўся я на станцыі Джусалы, цяпер гэта Казахская ССР, а тады Ташкенцкая чыгунка, затым пасёлак Чалкар (таксама чыгункі), далей Арэнбург, потым Ілецк, Бузулук, далей Петраград і толькі ў канцы 1923 года мы ў Чэрвені, потым Шацк, далей Лагойск і ў 1927 годзе, увосень, мы ўсе разам у Мінску. У дзяцінстве часта наязджалі да майго дзеда (па матцы) на хутар, у самы страшэнны голад на Паволжы мы з Бузулук ці з Ілецка, набраўшы солі, да дзеда, каля месяца, а можа і болей, таварняком з перапынкамі ў дарозе. Соль, якую везлі з сабою, была як грошы, чым далей ад Ілецка (зараз гэты горад завецца Соль-Ілецк), тым часцей соль можна было абмяняць на хлеб ці на воблу, а на Беларусі дык і на масла, бульбу і сала. Соль везлі ў торбачцы — гэта на абмен, у шклянках на прадукты, а вось у футляры з-пад швейнай машыны — дзядзька Антон заправіў добры кавалак солі па форме таго футляра. Каб не гэтая маскіроўка, дык даўно б аднялі, як у спекулянтаў, нашу соль — не давезлі б мы да апошняй станцыі, да Градзянкі, якая была апошняй у гэтай ветцы, па якой вывозіўся лес у такой колькасці, што трэба было праводзіць ветку да гэтых лясных масіваў.
Толькі па тым выпадку, аб якім я зараз раскажу, я дазнаўся, што мой дзядзька Антось быў членам РКП(б). Так здарылася, што на хутары ў Краснаполлі мы з дзядзькам Антосем засталіся ўдваіх, а трэба было ісці пехатой у мястэчка Свіслач, мабыць, вёрстаў з дзесяць, наймацца на работу ці што іншае — Антось мне тлумачыў прыблізна гэтак. Заходзім у чайную, дзе можна было падсілкавацца, а калі хто мае грошы, дык можа яшчэ і закінуць чарку-другую, але мы паелі кракаўскай каўбасы з хлебам, па адным агурку і запілі ліманадам. У кожнай лаўцы сядзеў яўрэй-гандляр, так і ў кожнай чайнай таксама яўрэй.
Але чаго гэта дзядзька Антон кажа мне: «Ідзі, Жэня, пагуляй, а я разлічуся з гэтым Гіршам». Толькі я за дзверы, як чую голас Гіршы: «Навошта мне твой партыйны білет? Мне грошы давай!» Але Антон, відаць, сілкам сунуў свой партбілет як залог замест грошай. Калі грошы будуць, ён выкупіць свой білет як мага хутчэй. Выйшаў ён ад Гіршы троху расхваляваны і кажа: «Пойдзем зараз у райкам партыі». Хаця было ўжо і ладна пазнавата, але ў адным пакоі нехта з важных яшчэ заставаўся. Тут, як і ў чайнай, мне Антон кажа: «Пасядзі, Жэня, у гэтым калідоры, а я хутка ўладкую свае справы». Зноў чую крыклівую гаворку ад важнай асобы: «Чаму камуніст гандлюе сваім партбілетам? Гэта не застанецца без пакарання. Мы будзем ставіць пытанне аб выключэнні цябе з партыйных радоў!» Праз хвіліну гаворка пайшла трохі спакойней. Пачаліся парады, дзе і як знайсці работу, — вядома, нэп, беспрацоўныя заўсёды будуць, без кваліфікацыі чорнарабочых будзе занадта многа.
Дамовіліся ў нейкай цёткі харчавацца і спаць на вышках, дазналіся, што трэба чорнарабочыя на будаўніцтве чыгункі, на левым беразе ракі Бярэзіны.
Кіламетраў 5 ад мястэчка ўніз па цячэнні ішла работа па насыпе палатна. Вось дзе ўпершыню я ўбачыў працу экскаватара, кіраваў працаю немец, дрэнна гаворачы на рускай мове, ён гартанным голасам выкрыкваў словы лаянкі «русіш швайн» або «донэр ветэр», ніхто не ведаў, што ён гаворыць, але разумелі, дзе што рабіць. Гэтае дзіва ўскіне сваю зубастую ляпу ды з грукатаннем падае ўніз — зноў як падчэпіць вялізны корч ды як рване яго, быццам зуб у дантыста, і адкіне ўбок, зноў чарпане зямлі, дый на платформу, адчыніўшы днішча, з гэтае ляпы сыплецца жвір.
Народ з рыдлёўкамі не адарваць ад гэтага відовішча, стаяць, не працуюць, а немец зноў «донэр ветэр», «русіш швайн». Між тым насып хутка рухаецца ўсё далей і далей, ужо і рэйкі са шпаламі кладуцца ды чуюцца кастыльныя малаткі. Я дачакаўся Антона, ён кажа: «Я ўладкаваўся чорнарабочым, а вось цябе не бяруць, кажуць, што на такія цяжкія работы маладым хлапцам яшчэ ранавата». Я зараз думаю, што Антон пашкадаваў
мяне і прыдумаў такую прычыну, бо мне было ўжо сямнаццаць гадоў, мог бы і папрацаваць колькі. Ад мястэчка Свіслач праз Бярэзіну перакінуўся мост, але ён вельмі стары, нават на конях не ўсякі рызыкаваў праехаць, але ж для гулянак ён быў якраз даспадобы, ды яшчэ рыбу лавіць, з вудай сядзець. А рыбы ў той час хапала ўсюды. Чым заняцца мне, я не ведаў, а вось тут Антон быў вінаваты ды падказаў гаспадыні, што я магу рабіць партрэты, але пакуль не з натуры, а толькі па фота. Так мы з Антонам харчаваліся ў крэдыт, а тут вось я за малюнкі меў харчы ад самой гаспадыні і ўрэшце так ёй спадабаўся, што яна ў вочы пры мне пачала прадказваць вялікую будучыню як мастаку. «Ён, — казала яна, — будзе вядомы чалавек паўсюды, але трэба вучыцца дзе-небудзь грунтоўна». Мне гэта ўсё вельмі падабалася і мроілася, што я іду па Мінску, і ўсе мяне ведаюць, усе вітаюць мяне, — я вядомы мастак.
Так уперадзе будзе прафтэхшкола будаўнікоў і малярна-жывапісны цэх з агульнаадукацыйнай праграмай, усё на беларускай мове. Пра мастацкі тэхнікум я ўжо пісаў вышэй, толькі хочацца дадаць, што калі дырэктар Вольскі мяне выштурхнуў з тэхнікума, дык я мусіў раскладаць свае транты на стале, каб паспаць, калі стол ужо будзе не патрэбен для заняткаў. I вось яшчэ дэталь у маёй біяграфіі, аб якой трэба сказаць абавязкова. Наш інтэрнат быў надта дрэнны: драўляныя тапчаны з клапамі, печы не грэлі. Патрэбен быў рамонт, а грошай няма, гэта не тое, што кааператыўны тэхнікум ці музычная школа, там усё лепш, чым у нас, не было каналізацыі, умывалка адна на 2 паверхі, за ноч ужо не вада, а лёд, туалет у канцы двара, амаль без дзвярэй, бо не зачыняюцца, у мароз не ўвайсці, не падысці, адным словам, бяда. Нашым дзяўчатам цяжэй, чым каму: калідоры агульныя, дзверы не зачыняюцца, мыць бялізну няма дзе. Здавалася б, у такіх умовах камендантам павінен быць дужы мужчына, але тут наадварот — жанчына, ды не хто-небудзь, а Галубок Люся, дачка вядомага артыста, яна ў суправаджэнні студэнта Прымака, чамусьці лысага і моцнага, абыходзіць пакоі і пры сустрэчы са мною кажа: «Ціхановіч, табе трэба пакінуць інтэрнат, бо я цябе ўжо выпісала з дамавой кнігі».
Гэтая дзяўчына была вельмі рухавая ды яшчэ напускала на сябе такую суровасць, што, здаецца, не брэша — выкрасліла мяне са спіса ў дамавой кнізе, і ўсё тут.
Я прашу яе: «Галубок, пачакай, я пісаў ліст сваёй маці ў Мінск, дык чакаю адказу — будзь чалавекам, можа, сам паеду ў Наркамасветы, паеду з малюнкамі, пакажу там, што магу маляваць». «Ну што ж паглядзім, пачакаем», — было адказам.
Дачка Галубка была сярэдняга росту з чорнымі вачыма, насіла мужчынскую кепку, з-пад якой тырчала стрыжка, для ўсіх дзяўчат аднолькавая, — каса была ўжо не ў модзе. Спрытная, без усякага страху з другога паверха з’язджала па парэнчах наніз. А каб бегчы на другі паверх, дык праз тры прыступкі — няйнакш. Пра яе казалі, што яна ўзбіралася на сцяну Успенскага сабора, які стаяў яшчэ ў руінах, і, на дзіва ўсім, крочыла па сцяне, быццам лунацік. Успенскі сабор стаяў на высокім беразе Заходняй Дзвіны, а пагэтаму глядзеўся знізу ў ракурсе яшчэ болей цікавым. Хто яго разбурыў і калі, не вядома мне, толькі ведаю, што студэнты майго курса малявалі яго знізу ўвосень і зімою шмат разоў збоку замерзлай ракі. Але вось зараз я малюю гэтыя велічныя цудоўныя руіны — адзін, бо я выключаны з тэхнікума і на заняткі ўжо не хаджу. Прайшоў год пасля майго вяртання ўтэхнікум, дзе змянілася абстаноўка карэнным чынам, пачалася калектывізацыя, наступіў адразу той голад, з якім я быў знаёмы яшчэ па Арэнбургу, але не такі страшны. Увосень нас, студэнтаў, адвезлі ў Лёзненскі раён збіраць лён ды рабіць іншую сельскагаспадарчую працу. Чаму так адбылося, я пісаў вышэй. Мы, студэнты ўсіх курсаў, мусілі разам працаваць, гатаваць сабе ежу, есці, адпачываць на падлозе, на сене ў Нардоме, дзе быў раяль, хадзіць мыцца на ручай у такіх нязвыклых абставінах, дзе было бачна, хто як працуе, хто колькі есць, усё, як у вялікай сям’і, збліжаліся, лепш пазнавалі адзін аднаго, і гэтак дрэнныя ўмовы спрыялі таму, што ўсё рабілася гуртам, з аднолькавай адплатаю ў выглядзе сумленнасці за працу. Вечарамі, калі ўжо цёмна, стомленыя, збіраліся ў тым Нардоме, дзе на раялі студэнт Латышоў іграў турэцкі марш. I, што зараз дзіўна, пелі хорам народныя спевы, заўсёды знаходзіліся салісты, і ўсё забывалася, усё дрэннае адыходзіла ў небыццё, так што ні