Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч


Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Толькі пачынаўся нэп, і Петраград быў гатоў гандляваць не толькі на таўкучцы, а і ў магазінах. Хутка вярнуліся купцы і гандляры, але грошы былі яшчэ толькі керанкі, і калі ты хочаш купіць маленькі сцізорык, дык мусіш плаціць некалькі мільёнаў керанак.
Марынінскі інстытут быў па вуліцы Кірачнай, 64 — гэта вялікі будынак у 4 паверхі, з цокальным нізам, з вялікім садам, абнесены цагляным плотам, з футбольнай пляцоўкай, з алеямі. У сад можна папасці толькі праз калідоры першага паверха, праз кантрольны ўваход.
На самым версе ў надбудове была царква з адным купалам і крыжам на даху. Царква мела свой уваход. Наверсе таксама змяшчалася вялікая зала спартыўнага таварыства «Сокал», з абсталяваннем, найлепшым у той час. На адным з паверхаў быў шэраг танцавальных залаў, у якіх абавязкова стаялі раялі. Інстытут меў свой лазарэт, сваю лазню, сваю кінаглядзельную залу, свой духавы аркестр. Што датычыцца навучальнай часткі, дык яна была вельмі добра абсталявана вялікай колькасцю навуковых лабараторый — хімічных, фізічных, вялікай бібліятэкай, літаратура якой, акрамя навуковай, была там на розных мовах свету, нямецкая галоўным чынам. Класы мелі сваю спецыфіку — геаграфічны акрамя карт меў розных памераў глобусы. Самі класы мелі ёмкія парты, грыфельныя дошкі, крэйду каляровую і іншыя прылады, з добрым асвятленнем аўдыторый.
Вялікая зала — сталовая з кухняй — на той час была лепшай, завезенай з Германіі. Посуд розны з гербамі царскай фаміліі.
У такім срэбным посудзе дзяжурныя па стале (па трыццаць чалавек за адным) разносілі бульбу ў мундзірах і падгнілую сялёдку. Праз год з’явіўся алюмініевы посуд — міскі, але супоўніцы заставаліся з царскімі гербамі, з якіх разлівалі крупнік з пярлоўкі — на адной вадзе, нечым алейным трохі падсмажаным. Каша таксама з пярлоўкі ў місках падавалася ў халодным стане, перакуліш міску — уся каша па форме міскі бац на стол — трымаецца, як студзень. Хлеба давалі кавалачак шэрага, быццам з аднаго вотруб’я зроблены і часта недапечаны. Чай,
засалоджаны сахарынам, і зноў жа тая каша. Тры разы на дзень нешта ясі і галодны ўвесь час. Усе чакаюць званка, стоячы каля гадзіннікаў, якіх хапала на кожным паверсе. Адзін раз на тыдзень, у нядзелю, давалі белы хлеб, а калі дзяжурны набліжаўся да свайго стала, нехта крыкне: «На хамут!». Усе разам кідаюцца да таго падноса і... аднаму многа, другому нічога, ды на падлозе болей, чым у руках, застаецца таго хлеба. Гэта была вячэра, усе прыйшлі ў сталоўку хто ў чым, большасць без абутку, таму што ішла барацьба паміж класамі такая, каб ніхто не карыстаўся падлогаю. Нехта слізгае па паркеце на газеце, нехта на венскім крэсле, адштурхнуўшы ад сцяны, ляціць праз увесь клас, хто скача па партах, а яшчэ ёсць і такія, хто наняў за кавалак хлеба сабе «каня» і «на барана» возіць яго на спіне.
У гэты вечар «на хамут» нам каштаваў таго, што ўсіх трыццаць чалавек без дзяўчат (яны ў сталоўцы сядзелі асобна) пастроілі ў шарэнгу на плітачнай халоднай падлозе ў калідоры і пыталіся дазнацца, хто крыкнуў: «На хамут!».
Вядома, што ніхто не прызнаўся, дык кожнага па чарзе заводзілі ў спальны пакой да сябе кадэты і білі рэменем каго па штанах, а каго і без штаноў. Гэта рабілася па знешнім выглядзе — калі твар «цэглы просіць», таму тры разы без штаноў. Хаця мне было ўжо дзевяць гадоў, я ўсё роўна так моцна спалохаўся, што пачаў раўці ў голас, калі толькі ўвайшоў у спальны пакой. Кадэт паказаў на ложак і, відаць, пашкадаваў мяне — так злёгку паласнуў амаль па ложку, дый не надта моцна.
Гэта першы выпадак. Як мера пакарання за непаслушэнства за той час, калі мы з братам былі ў прытулку. Я не ведаю, што рабіла адміністрацыя ў старэйшых групах, магло быць, што саджалі ў карцар. Але што карцар для беспрытульніка? Ён бачыў у сваім жыцці нягоды болып страшэнныя, а пагэтаму не можа быць ніякай гаворкі аб карцары. Другая справа — біццё дзяцей у першыя гады Савецкай улады. Гэта ўжо палітычная справа, і так не можа прайсці ніхто міма, каб не зацікавіцца і не прыняць рашучых мер, каб спыніць свавольства прытульскай адміністрацыі. Так яно і было ў канцы, калі ўжо нас не было ў прытулку — маці забрала нас пасля таго, як цётка Клемянціна
напісала ёй ліст: «Каця, забяры дзяцей, пакуль не позна». Такія меры выхавання ішлі яшчэ з даўняй пары, калі кадэтаў саміх білі ці трымалі ў карцары па некалькі дзён, а што рабілі з «благороднымн девнцамм», я сабе нават не ўяўляю.
Хто ж кіраваў прытулкам дагэтуль? Адкуль узяць новых настаўнікаў, калі Савецкая ўлада звярнулася да нэпа як да адзінага сродку, каб падняць народную гаспадарку і перш за ўсё спыніць голад. Дык вось, і ў багадзельнях, і ў прытулках заставаліся настаўнікі з тых былых педагогаў па навучальнай частцы, акрамя царкоўных навук і богаслужэнняў. Напрыклад, у маёй групе класнай дамай была Марыя Карлаўна — немка па паходжанні. Яна выкладала нямецкую мову, руская мова яе была бездакорнай, вымаўленне чыстае. Першыя нямецкія словы я запомніў ад яе, калі яна, стоячы ля дошкі, выводзіла крэйдай лацінскія літары вельмі выразна, і побач словы пісаліся рускімі літарамі, таксама хораша і ясна, так што па ўсім было відаць, як чалавек можа выкладаць, калі слухачамі з’яўляюцца нават не вучні, а нейкая шантрапа, злодзеі, банда крымінальнікаў. Большасць настаўнікаў былі немцы і амаль усе жанчыны, гэта зразумела, таму што інстытут быў жаночы. Нейкая частка гэтых «девнц» заставалася ў прытулку: яны займаліся з беспрытульнымі дзяўчатамі, працавалі пры кухні, лазарэце і займаліся гаспадарчымі справамі. Адкуль узяліся кадэты, мне не вядома, можа, яны таксама засталіся без бацькоў, як і частка «девнц», займаліся гаспадарчымі справамі. Ніякай выхаваўчай работы не вялося. Дзеці рознага ўзросту і рознага лёсу. Сярод спрактыкаваных злодзеяў, для якіх прытулак быў часовым месцам, куды іх завезлі сілком пад асобым наглядам, у самім прытулку быў часам добрага адпачынку, бо мэта збегчы на волю іх не пакідала ні на адну гадзіну. Вось менавіта яны і былі тымі выхавацелямі малодшыхдзяцей, бо дрэннаму прыкладу вучацца значна хутчэй, чым добрым парадам класнае дамы.
Перад кожным туалетам быў вялікі пакой, у якім па сцяне цягнуліся стужкаю люстэркі, у свой час гэта быў прыбіральны пакой інстытутак, а зараз гэта курылка, а паколькі туалет мужчынскі, дык уваход класнае дамы быў немагчымы, там
рабіліся бойкі, дзе высвятляліся спробы на моц толькі гэткім спосабам, пакуль у пераможанага не пацячэ кроў з носа. Ніхто не мае права ўмешвацца ў бойку, а толькі голасам падначываць-падбадзёрваць ці даваць парады. Усё гэта робіцца ў табачным дыме, дзе разгледзець цяжка свайго супраціўніка пры гомане галасоў тых гледачоў, што крыкам дапамагаюць у барацьбе, за каго хварэюць. Такія бойкі праходзяць часта, і ніхто не перашкаджае ім, бо жанчыны нават баяцца аднаго гоману, які стаіць на такім турніры.
За два з паловай гады мы з братам спасціглі шмат таго, што ўявіць сабе ніхто з дарослых не мог бы ніколі. Як вядома, усе дзеці любяць спяваць, але ім усё роўна, пра што спяваць. У прытулку ўсе пелі хорам і паасобку частушкі «ала-вярды» — на кожную літару алфавіту складаліся два радкі такіх брудных нецэнзурных рыфмаваных слоў, што, як кажуць, вушы хутка звянуць у дарослага чалавека. Малому часам не вядомы сэнс слоў, якія ён разам з другімі пяе, але што зробіш — пяюць усе, спяваеш і ты. Літаральна на кожную літару знаходзілася столькі варыяцый бруднай творчасці з ухілам петраградскай матроскай блатной тэрміналогіі. Нават з сур’ёзным выглядам пелася ўсё пры дзяўчатах, а тыя слухалі, не хаваючыся і не саромеючыся, быццам чуюць адну без слоў мелодыю.
Але што дзіўна: мата як такога не чулася. Аблаяць знаходзіліся словы з таго ж лексікону, багатага на варыяцыі, заведзенага ў блатным жаргоне паўсюдна.
Розніца паміж дзецьмі, што мелі аднаго з бацькоў і што былі круглымі сіротамі, падкрэслівалася тым, што па кожным выпадку, дзе не здолеў зрабіць «чыстаплюй» які-небудзь фокус ці разгадаць загадку, бралі «на понт» — білі яго, не шкадуючы «вучылі уму-розуму» або прымушалі вазіць на сябе таго, хто прайграў, не ведаючы сакрэтаў гульні, дзе заўсёды было шулерства ці махлярства.
Слабых не любілі і насміхаліся з іх, вучылі стойкасці, за ўсё бралі калым, а калі не ішла навука на словах, зноў білі, пакуль гэты слабы не пачне даваць здачы і тым самым зраўняецца з усімі.
Праз вялікі спальны пакой ад жалезнай печы цягнулася труба да форткі. Перад сном па званку з паўгадзіны паліліся ў печы розныя газеты і сіпела пару сырых пацурбалак. Усе сядзелі каля гэтай печы і чакалі, калі спячэцца абернутая газетай сялёдка, якую нехта злямзіў у сталоўцы.
Зімою ўсюды было холадна — жалезныя печы давалі цяпло, пакуль палілі, дык усе кідаліся ў ложак, пакуль палілася ў печы.
Уначы хто хроп, хто мычаў, а хто і плакаў праз сон. Тых, хто мачыўся, каралі спосабам «веласіпеду» — між пальцамі ног падпальвалі газету, а самі хаваліся пад коўдру, каб не пазнаў, хто пачаў пакаранне.
Даносчыкаў забівалі да паўсмерці. Ды і каму жаліцца? Дырэктрыса — таксама немка, малога росту, злосная, нервовая, хавалася ад усіх, а калі пад аховаю кадэтаў абходзіла пакоі, дзе ўспыхвалі бойкі, усе заціхалі, хаваліся пад коўдры, таму што на шухеры стаялі такія ж дзяжурныя па пакоях. Дырэктрыса мела сваю мянушку: нейкая варыяцыя прозвішча нямецкага з сабакам-таксай. He магу ўспомніць, але ведаю, што ўсе настаўнікі мелі мянушкі, якія так ці інакш адпавядалі знешняму выгляду ці характару ў паводзінах да дзяцей.
Адна, мабыць, Марыя Карлаўна не мела мянушку за тое, што магла ўбачыць у кожным хлопчыку яго здольнасці не ў матэматыцы, дык у маляванні, у дэкламацыях або ў ігры на піяніна.
Быў такі выпадак, калі ў прытулак паступіў маленькага росту хлопчык, які здзівіў усіх педагогаў сваім уменнем іграць на раялі. Усе, хто быў у тым пакоі, былі так моцна ўсхваляваны хлопчыкам, які на слых выконваў нейкую ўсім вядомую рэч стоячы, а хутчэй бегаючы ад краю і да краю ўсёй клавіятуры вялікага раяля. Так было неаднойчы па ўсіх відах гуманітарных навук і ў мастацтве, пакуль што самадзейным.
На сабе я адчуў адносіны як чыстаплюя. Аднойчы зімою, калі нас выпусцілі ў свой сад, у адлігу, пачаліся бойкі ў снежкі, за мной пабег адзін хлапец, здаравейшы за мяне, дагнаў, паваліў і пачаў карміць снегам. Сілком піхаў у рот снегу столькі, што дыхаць ужо было немагчыма. Агіда на мацнейшага за мяне хлопца скончылася тым, што я мусіў пайсці на