Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Мне ў Вільні трэба было выканаць заданне — перадаць дзвесце рублёў сястры мінскага мастака Мільчына Ісака. Ён скарыстаў мяне як кур’ера, бо пошта не прымала грошай па
віленскіх адрасатах. Прынялі мяне вельмі ветліва, пыталі, як жыве яе брат Ісак. Вось, калі я шкадаваў, што патраціўся тады ў Беластоку, бо вочы разбегліся, калі ўбачыў столькі патрэбных рэчаў, але не было на ўсё грошай. Ніякай чаргі нідзе не бачыў, як не бачыў на вуліцах ніводнага п’янага чалавека. Людзі ідуць з нейкай павагаю адзін да аднаго, знаёмыя вітаюцца, здымаючы капелюшы. Так вось ён які, горад Вільня, дзе нарадзіўся мой старэйшы брат Валянцін у 1909 годзе, дзе наш бацька праходзіў вайсковую службу — быў там пісарам.
Настаў час займацца сваімі справамі. Перш-наперш я адшукаў той краязнаўчы музей, што славіўся на ўсю Беларусь, дзе заснавальнікамі былі браты Луцкевічы, але гэта быў ужо не той музей, а толькі, можа, сотая частка яго. Зараз я ўбачыў адну залу, дзе ўсё было навалам, — больш з рэчаў матэрыяльнай культуры беларусаў: кросны, маслабойкі, сохі, граблі, бароны, рэзгіны, драўляны посуд, ганчарныя вырабы, розныя ступы, вопратка, нацыянальныя строі беларусаў, лапці ды боты, посцілкі і дываны і шмат чаго іншага. Але вось каб убачыць слуцкія паясы, ды металічныя вайсковыя рэчы, ды грошы розных часоў. Я не кажу каб мне паказалі вырабы з срэбра ці нават залатыя мастацкія рэчы. Усё, што было больш каштоўным, захапілі літоўцы, захапілі тое памяшканне, а замест яго далі вось гэтую залу, у якой яшчэ не паспелі зрабіць экспазіцыю. Яшчэ раней я ведаў, што ў Вільні жыве беларускі мастак Пётра Сергіевіч і што ён працуе ў гэтым краязнаўчым музеі. Вось, думаў я, з каго трэба было пачынаць. Я таксама ведаў, што ён ужо мае два варыянты карцін на тэму Кастуся Каліноўскага. Сапраўды я ў музеі сустрэў упершыню Сергіевіча, які ўжо далей знаёміў мяне з астатнімі, больш маладзейшымі, працаўнікамі, што сядзелі ў маленькім пакойчыку, іх было ўтрох. Яны сустрэлі мяне спачатку не вельмі што ласкава, але калі даведаліся, што я зяць Уладзіслава Галубка, дык уся гаворка пайшла па шчырасці, як падабае навукоўцам беларускага музея з госцем-мастаком з Мінска, які шукае дапамогі ад знаўцаў гісторыі сялянскага паўстання 1863 года на чале з Кастусём Каліноўскім.
Вядома, мне прышлося не ў адзін дзень да ўсяго дазнацца. На гэта пайшлі дні, а ўвогуле два тыдні. Замаляваў Лукішкінскую плошчу, а з правага боку вялікі касцёл. У той час плошча была як нейкая пустэча — не рынак і не футбольная пляцоўка, наогул, нейкі сметнік без усякага догляду, яно і лепш так для мяне. У думках мроіцца той дзень, калі з турмы праз рынак вялі жандары змагара за волю народа. А народ разам з ім.
Сергіевіч запрасіў мяне ў сваю мансарду, якую браў у арэнду ў старога мастака. Вось зараз цямнее, а ён калупаецца з кветкамі на клумбе. Мы прывіталіся з ім і пайшлі наверх. Майстэрня малая, але вельмі ўтульная. Там мы разглядалі партрэты дзеячаў беларускай культуры і сярод іх быў ксёндз, таксама беларус, аб ім Сергіевіч казаў неяк так, што мне не верылася, каб ксяндзы былі супроць польскіх улад, што не надта прыціскалі, але поўнай волі таксама не давалі беларусам.
Партрэты мне падабаліся, але нейкая сухаватасць, абмежаванасць у фарбах і аднолькавасць фарматаў палатна рабілі ўражанне царкоўныхабразоў — якзавучаны прыёмдля кожнага натуршчыка аднолькавы. Міжтым тыпажы розныя — кантрасныя, і гэта выручала кожны партрэт ад таго, каб параўноўваць іх паміж сабою, — яны розныя па выразе вачэй, а вочы ў партрэце — гэта амаль самае галоўнае.
Сергіевіч даў мне стужку фотапартрэтаў, а я, у сваю чаргу, перадаў іх старшыні Саюза мастакоў Рубіштэйну, дадаўшы на словах, хто такі Пётра Сергіевіч.
У газеце «ЛіМ» Рубінштэйн (ён да ўсяго лічыўся яшчэ журналістам) змясціў фота з партрэтаў разам з кароткай анатацыяй, але ў шэрагу ўсіх дзеячаў культуры не было таго ксяндза, што таксама мяне здзівіла, — ён жа беларус і такі, калі не лепшы дзеяч беларускай культуры ў Вільні.
А дзівіцца было не трэба, бо тая пільнасць. якая панавала ўсюды, а ў друку тым больш, боязь, каб не пракраўся нехта з непажаданых асобаў, тым больш у ксяндзоўскай сутане.
Сергіевіч пад канец паказу сваіх партрэтаў як быццам ведаў, які твор дасць найболыпы эфект. Паказаў мне карціну поўную сімволікі — як беларус. А гэта быў сапраўдны беларус. Ён зма-
гаецца на сваім невялікім ветразі з марскою бураю. Хвалі накрываюць яго моцную фігуру, але ён хватка трымае мачту ў руках, інакш згіне разам з ветразем у марскім бяздонні.
Кампазіцыя настолькі пераканаўчая, што нічога не дадаць, не адняць, усё да месца, фарбы адпавядаюць таму драматызму, і, што самае галоўнае і каштоўнае ў задуме, гэта тое, што верыш у перамогу моцнага маладога беларуса.
Карціна выконвалася ў пачатку трыццатых гадоў. Шкада, што найлепшая карціна беларускага мастака не знайшла месца ў нашым дзяржаўным Мастацкім музеі. Дарэчы скажам, што ў памянёным музеі няма нацыянальнага беларускага выяўленчага мастацтва ў гістарычным развіцці. Няма ніяк. Ёсць аддзел за часы Айчыннай вайны, а што датычыцца больш ранейшых часоў, яны знаходзяцца ў сховішчах, далёка ад вачэй сучаснага гледача, быццам і не было ніколі. На другім паверсе музея вялікі аддзел расейскага мастацтва — нагадвае філіял Траццякоўкі ці Рускага музея ў Ленінградзе. Што гэта, як не антыпатрыятычная з’ява або шкодніцтва — наўмысна збядняць, абкрадаць саміх сябе? Зноў жа натыкаемся на тую партыю, што з’яўляецца на чале дзяржавы ад верху да самага нізу на ўсіх напрамках нашай культуры. Боязь быць названымі нацдэмамі з буржуазнай ідэалогіяй цалкам скасавала пачуццё нацыянальнага гонару, самавызначэння. Ужо шмат гадоў мы толькі канстатуем факты, а каб падняць не адзін толькі голас, а яшчэ і кулак ды грымнуць ім па стале таго партыйнага «інтэрнацыяналіста», каб троху ўцяміў, што такое мова родная, культура народная — беларуская. А мы ўсё думаем, што маем справу з людзьмі і нават шкадуем іх за маласвядомасць, чакаем, што некалі яны ўразумеюць, — каб кіраваць трэба ведаць, чым кіруеш.
I адразу нагадваюцца прыклады сувязі мастакоў з партыйным кіраўніцтвам. Звоніць мне ў хату з ЦК КПБ інструктар Крыловіч Марыя Андрэеўна — ёй трэба ўдакладніць дзве пазіцыі: якую грамату мне прыслалі з Венгерскай Народнай Рэспублікі і паглядзець нашу з сынам майстэрню, яе памеры і ўмовы работы па нашай заяве. Гэтыя два пытанні — толькі
малая частка тых пытанняў, якія я падаў у заяве на імя сакратара ЦК КПСС М. Зімяніна і адаслаў у Маскву праз знаёмых мастакоў, што жывуць там, бо не маю даверу, што бандэроль не будзе затрымана ў Мінску. Аб гэтай сумнай гісторыі я раскажу трохі ніжэй, а пакуль што пабачым, як партыйныя кіраўнікі намагаюцца кіраваць і што ад гэтага атрымоўваецца.
Я прапанаваў ёй машыну, каб заехаць у ЦК і разам з ёю паехаць у майстэрню, у якой працую з сынам Генрыхам ужо сорак чатыры гады, а ўжо там я пакажу ёй грамату з Венгрыі. Ад нашай машыны яна адмовілася, але прыехала разам з Уроднічам на міністэрскай машыне.
Гэтая першая сустрэча цягнулася тры гадзіны і адбывалася ў кастрычніку 1982 года. У канцы яна сказала: «Будзе вам майстэрня, але не сёння і не заўтра, але пры першай магчымасці». 3 цягам часу Крыловіч навучылася абяцаць, падманваць, пазбягаць сустрэч, навучылася ад іншых супрацоўнікаў аддзела ЦК, якія ўжо «кіруюць» многа гадоў і маюць вопыт, як выкручвацца ад настырных мастакоў, якія яшчэ вераць у ЦК, што яно ўсё можа, толькі трэба аб сабе часцей напамінаць.
У гэты першы прыезд у маю майстэрню яна яшчэ не ведала, як трымацца, бо толькі нядаўна працавала ў райкаме Дзяржынска, а пагэтаму брала на сябе абяцаць тое, што ад яе не залежыць. Сапраўды, майстэрня не мае каналізацыі, вада сцякае ў вядро, па асвятленні не адпавядае для жывапісу, бо сонца з поўдня. Акрамя ўсяго накапілася шмат работ з маіх персанальных выставак, работы майго брата-нябожчыка захоўваюцца таксама ў мяне, работы Генрыха — майго сына — займаюць усю плошчу, што нельга прайсці, каб не зачапіцца. Пад канец, ідучы на выхад, яна зірнула на сцяну, спынілася і запыталася: «А гэта што?» «Гэта твор мастацтва — распяцце Хрыста, без крыжа, зроблены з дрэва мастаком-самавукам, але па выяўленні вельмі моцна перадае боль і пакуты Хрыста». Што яна магла сказаць? Тут жа мастак Уродніч, ён, мабыць, лепш за яе ведае, што ў мастакоў лічыцца творам мастацтва, а што не. «Дык вось, Яўген Мікалаевіч, працуйце, працуйце, але меней у гістарычным і этнаграфічным плане, больш давайце сучас-
насць — чым жыве зараз наш народ пад кіраўніцтвам вялікай партыі бальшавікоў».
Прыблізна ў гэтыя гады мастакі звярнуліся тварам да свайго мінулага. Прага ведаць гісторыю свайго народа, якая ўходзіць у сівую мінуўшчыну стагоддзяў. Прага ведаць, скуль мы, хто такія беларусы, чаму нашы беларускія класікі Купала і Колас увесь час гавораць пра гаротны народ, пра пакутліваю нашу старонку, чаму беларусы хочуць людзьмі звацца. У выяўленчым мастацтве Беларусі адзначаліся стагоддзі адразу трох волатаў беларускай культуры — гэта Янка Купала, Якуб Колас і Уладзіслаў Галубок. Усе трое нарадзіліся ў 1882 годзе, але ж толькі двум першым, Купалу і Коласу, была прысвечана выстаўка мастацтва аб жыцці і творчасці нашых славутых паэтаў. А вось Уладзіславу Галубку прысвяцілі толькі вельмі сціплы вечар успамінаў, дый не ў тэатры, дзе яго дзейнасць як драматурга і артыста адпавядала б больш, а ў доме літаратара, дзе ўсе месцы ў зале займаюць родныя і блізкія нябожчыкаўпісьменнікаў, мабыць, за гадзіну раней чым пачнецца вечар. Адным словам, Галубок заставаўся ў партыйных кіраўнікоў яшчэ ворагам народа, хаця і рэабілітаваным, але не дастойным стаяць побач з Купалам і Коласам, можа, толькі ў думках. Зараз менш ведаюць аб Галубку — дык не будзем зноў тармасіць гэты 1937 год. Так прыкладна можна апраўдаць забыццё Уладзіслава Галубка, калі стаць на месца тых функцыянераў, за якіх думаюць на самым версе партыйнага кіраўніцтва.
Але вернемся зноў у Вільню, там павялічвалася нейкая напружанасць кожны дзень, кантроль уначы працягваўся. Горад жыў нейкім прадчуваннем нечага вельмі важнага, вельмі страшэннага, можна было меркаваць аб гэтым хаця б таму, што ўсе касцёлы служылі без перапынку. Ксяндзы чыталі пропаведзі, а яны абрасталі новымі чуткамі, яшчэ больш страшэннымі.