Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
На чарговым з’ездзе Савіцкі ўжо не ў складзе праўлення Саюза мастакоў, але ўсё роўна ён кіруе, каго вылучаць на
прэміі, каму даваць ганаровыя званні, каго куды: ці за мяжу, ці толькі сядзі дома. Яму сыплецца як з рога багацця — узнагароды, пачэсныя званні, ён народны мастак СССР, ён акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР, ён мае ордэн Знак Пашаны, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. У яго пяцідзесяцігоддзе ўрад Беларусі хадайнічаў перад урадам СССР, каб надаць яму пачэснае званне Героя Сацыялістычнай Працы, але мастак Іван Стасевіч адвёз у Маскву ў Акадэмію мастацтваў шэраг фотаматэрыялаў, якія з’яўляюцца безумоўным доказам плагіяту Савіцкага як у замежных мастакоў, так і ў нашых, савецкіх. Замест звання Героя Савецкага Саюза ўрад СССР узнагародзіў яго ордэнам Леніна, і гэта таксама магло здарыцца толькі ў СССР, у краіне, дзе ўсё робіцца наадварот: дзе трэба пакараць — там узнагароджваюць злачынцу.
Праз нейкі час яго абіраюць (чытай — прызначаюць) дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Здаецца, самы час падабрэць, паспрыяць мастакам наконт майстэрняў, наконт кватэр, паспрыяць перад урадам мастакам наконт аўтамашын, якія патрэбны для працы, наконт дзяржаўных заказаў. Дык не — ён, як і раней, помсціць сваім калегам, быццам мае нейкую асалоду ад сваіх ахвяр. Ён нічога і нікога не баіцца, за ім стаяць сваякі з верхніх паверхаў улады — вядома, партыйных. А між тым захацелася сваякам яшчэ паказаць Савіцкага за межамі нашай дзяржавы — пасылаюць у ФРГ яго творы на выстаўку ў Берлін. 3 работамі дэлегуюць мастака Вярсоцкага, які быў на адкрыцці ў нейкім памяшканні на ўскраіне Берліна. Прыйшоў час забіраць працы, пасылаюць таго жа Вярсоцкага спачатку ва ўсходні Берлін, дзе ён меў час для абмену грошай — марыў нешта купіць. Але вось што дзіўна: працы Савіцкага даўно знаходзяцца ўпакаваныя ў скрыні на тэрыторыі ўсходняга Берліна. Па сутнасці, каму патрэбна глядзець гэтую прапаганду? Тым больш соваць у нос справы злачынцаў-фашыстаў новаму пакаленню немцаў, тым больш што творы не маюць нічога агульнага з мастацтвам. Так штучна рабіўся аўтарытэт Савіцкаму ўсюды, дзе толькі можна. А ён тым часам так збэсціўся, што, як кажуць, кіем носу не дастанеш.
Яшчэ пры Машэраве ў Палацы мастацтваў зрабілі выстаўку ўсяго серыяла «Лічбы на сэрцы», найболыпым «поспехам» карысталася палатно, дзе гара трупаў, чамусьці аголеных, бульдозерам зграбаецца на гледача. Злева немец з шлемам, насунутым на вочы, шчэрыцца, мабыць, задаволены вынікамі сваёй працы, з правага боку ў паласатай робе — яўрэй з зоркаю Давіда, нашытаю на грудзях робы, ён таксама ашчэрыўся, невядома толькі чаму: што ён толькі ў выгоду таму немцу скаліць зубы, чым ён задаволены? Што гэта — здзекі з ахвяр, адну з якой падаў нам на першым плане Савіцкі? Гэтае палатно выклікала паўсюль абурэнне і найперш у яўрэйскага насельніцтва нашай краіны, а радыё «Голас Амерыкі» у адной перадачы паведамляла, што ў СССР маецца дзяржаўны антысемітызм, маючы на ўвазе, што аўтарам гэтага палатна з’яўляецца Савіцкі — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
Камуністы яўрэйскай нацыянальнасці напісалі калектыўны ліст — зварот да ЦК КПБ, каб далі тлумачэнні: чаму дазваляецца паказваць такія карціны, не адпавядаючыя сапраўднасці, і па сутнасці гэта зняважлівасць, што азначае антысемітызм. А што аўтар? А ён — як скажуць. Сказалі яму, каб зафарбаваў Давіда, — ён зафарбаваў, а замест зоркі намаляваў нейкі значок, быццам значок сіяністаў.
Вось так замест таго, каб рабіць палітычную карысць, ён робіць шкоду нашай дзяржаве. Сваякі, з якіх самы ўплывовы I. Ф. Клімаў, бяруць пад ахову Савіцкага і нават настойваюць, каб Міністэрства закупіла цалкам увесь гэты серыял. Але ж адкуль Міністэрства культуры возьме столькі грошай на 13 палотнаў адной непарыўнай тэмы? Тады наша Міністэрства культуры звяртаецца да Міністэрства культуры СССР з просьбаю, каб Масква закупіла гэты серыял. 3 Масквы ў Мінск прыязджае камісія на чале з народным мастаком СССР акадэмікам Акадэміі мастацтваў СССР прафесарам Мыльнікавым. Камісія адмовілася ад закупкі, бо знайшла серыял не адпаведным мастацтву: змест не адпавядае форме па ўсіх напрамках выяўленчага мастацтва. А вось камісія закупіла ў мастака Казакова пейзаж і вярнулася зноў у Маскву, параіўшы
Міністэрству культуры Беларусі самому закупіць гэтыя творы. Так была зроблена чарговая як недарэчная, так і шкодная закупка на вялікую суму грошай. Некалькі гадоў запар Міністэрства культуры не мела грошай на дагаворы з мастакамі на карціны на чарговых выстаўках ці скарачала спіс дагавораў да 5—10. Міжтым працягвалася папулярызацыя Савіцкагаўжо ў друку, у выданнях асобнымі альбомамі «Лічбаў на сэрцы», а тэкст да іх на трох мовах — беларускай, нямецкай і французскай. Ну, што будзеш рабіць, калі кар’ера мастака расце, як грыбы пасля дажджу? Мусім цярпець. Але калі Савіцкі ўвераваў у свой талент так моцна, што, згубіўшы сціпласць, пачаў помсціць мастакам за сваю кар’еру, якая яму далася цаною страты гонару і яшчэ, мабыць, грошай. Свой артыкул «Быць чэсным» ён змясціў у часопісе «Мастацтва Беларусі», у № 11 за 1984 год, дзе рабіў спробу зганьбіць як мастакоў старэйшага пакалення, так і маладых.
Я напісаў артыкул — адказ на артыкул Савіцкага — у той жа часопіс «Мастацтва Беларусі» 25 снежня 1984 г. Вяртаючы мой артыкул, В. Трыгубовіч дадала мне, што я пачынаю крытыку з хібаў, а трэба са здабыткаў.
Дазваляю сабе скарыстаць магчымасць надрукаваць гэты артыкул пад назваю «Бачыць вялікае — быць чэсным» у сваіх успамінах, бо прабіць у той час гэтую сцяну было нельга.
БАЧЫЦЬ ВЯЛІКАЕ — БЫЦЬ ЧЭСНЫМ
Перачытаўшы некалькі разоў артыкул М. Савіцкага «Бачыць вялікае», прымушаю сябе засяродзіцца на тых месцах артыкула, за што нельга дараваць мастаку таго рангу, у якім знаходзіцца Міхаіл Савіцкі.
У артыкуле, заклікаючы мастакоў не пакідаць тэму Айчыннай вайны, ён са знявагай адносіцца да цэлага дзесяцігоддзя з першага дня заканчэння вайны, у якое беларускія мастакі быццам пісалі не аб самым важным. «На самой жа справе многія творы былі павярхоўныя, прыхарошана паказвалі выключна знешні бок падзей», — піша Савіцкі, не назваўшы канкрэтна ніводнага твора, адпавядаючага яго ацэнцы. Мастак агульна кідае папрок усім разам,
быццам бы толькі ён адзін мае права на такі зневажальны, з’едлівы, нават хлуслівы напрамак папрокаў.
Дапаможам аўтару канкрэтызаваць яго думку творам, які ён сам напісаў пад назвай «Лаўскі бой». На могілках партызаны вядуць бой з ворагам, якога глядач на карціне не бачыць. Такі прыём не новы, можна сказаць, трафарэтны, ды ў іншым відаць, што мастак узяўся пісаць карціну як заказ, думаючы толькі аб ганарары, бо ў ёй няма ні душы, ні сэрца, кампазіцыя слабая, няма ў ёй ні колеру, ні малюнку. Гэта тыповая натуралістычная ілюстрацыя і можа быць толькі прыкладам, як нельга пісаць карціны.
Мне здаецца, што гэта адзіны твор на тэму Айчыннай вайны, як сабе ўяўляе Савіцкі, дзе вядзецца страляніна, дзе паміраюць людзі і дзе ў руках партызан маюцца аўтаматы. 3 аднаго боку (у артыкуле), мастак лічыць, што Айчынная вайна стала ўжо гісторыяй, а таму яе нельга «мадэрнізаваць», «здраджваць гістарычнай праўдзе», а з другога боку, бэсціць тых, хто трымаецца гэтай гістарычнай праўды, і зноў жа не называючы ніводнага мастака ці карціны.
Гаворачы пра праўду народную, якая, па яго думцы, не падвержана зменам і трымаецца ў народзе стойка, толькі вось прафесійная памяць мастака шмат разоў пераасэнсоўваецца і застаецца «праўда мастака», якая ніяк не адпавядае праўдзе народнай, і гэта ўсё пра Айчынную вайну.
Што гэта за мудрагелістая блытаніна і навошта спатрэбілася яна аўтару артыкула, — невядома.
Маладых мастакоў, якія «не абцяжараны» асабістай ваеннай памяццю, ён зноў папракае ў тым, што яны не робяць розніцы між сюжэтам і зместам, разуменнем значнасці твора пра вайну. Гэтак бясконца можна кідаць палрокі невядома каму і невядома за што.
Неаднаразовыя заклікі да мастакоў быць шчырымі, а значыць перакананымі і адданымі праўдзе, аўтар артыкула загадзя ставіцца да ўсіх мастакоў аднолькава з недаверам, быццам мае на гэта адзінае права, бо ён усё зведаў і ўсё можа. Аднак мы не можам назваць ніводнага твора ў М. Савіцкага на ваенную тэму, дзе б глядач убачыў перамогу не толькі нашай зброі, але і нашай ідэалогіі і ўрэшце нашай моцнай духам народнай Чырвонай арміі.
Тая серыя карцін, што завецца «Лічбы на сэрцы», ніяк не сугучна дэкларатыўным сцвярджэнням М. Савіцкага ў гэтым артыкуле.
Давайце пагаворым пра «Лічбы на сэрцы» спакойна, бо настаў час аднесці гэтыя творы на належнае месца, каб не блытаць мастацтва з фотадакументамі ці з кінастужкамі дакументальнага характару.
Адразу скажам, што ў гісторыі сусветнага жывапісу нічога падобнага мы не знойдзем.
Гоя ў сваім «Капрычосе» інквізіцыю паказаў толькі ў тэхніцы афорта, хоць мог бы і ў жывапісе, бо быў адметным жывапісцам. Афорт аднакаляровы, і тое майстэрства, з якім зроблена ўся серыя Гоі, сведчыць аб мудрасці майстра, бо толькі дзякуючы графічнаму прыёму і аднакаляровасці афорта можна было пазбегнуць таго натуралізму і той паталогіі, што ў М. Савіцкага так яскрава кідаецца ў вочы і выдае мастака бездапаможнага, не маючага ніякага густу.
Тут не лішне будзе напомніць карціну Макоўскага «Балгарскія пакутніцы», дзе драматызм даведзены да вышэйшай прыступкі, і толькі вялікае майстэрства дае магчымасць разглядаць гэты твор доўга і дзівіцца яго прыцягальнасці.
Твор Рэпіна «Іван Грозны і сын яго Іван» таксама трымаецца на цудоўным майстэрстве да таго, што верыш кожнай рысцы, і як цікава з боку псіхалагічнасці пачуццяў самога бацькі-забойцы, яго таксама шкадуеш, як і паміраючага сына. Твор вельмі складаны яшчэ і па кампазіцыі — вельмі пластычны па руху фігур, як моцна трымае бацька галаву сына, быццам хоча затрымаць смерць — вярнуць жыццё сыну. Па каларыце твор ясны і чысты, бо патрэбен дзеля кантрасту змрочнасці з яснасцю...
А мастака Верашчагіна «Апафеоз вайны» — гэта не пацыфісцкі твор, гэта вершаліна ўсёй ваеннай серыі Верашчагіна, і якімі ж простымі сродкамі сказана вельмі многа.
Вось з каго трэба было браць прыклад, а не абкладацца рэпрадукцыямі замежных майстроў і карыстацца, беручы з іх ці фрагменты ці схемы кампазіцый або цалкам карыстацца фатаграфіяй ці кінастужкай.