Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч
Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
Як бачым, расфарбоўка фота ніяк не дапасуецца да творчага працэсу і не можа даць як вынік мастацкага твора.
Ніякія спасылкі на рашэнні пленумаў ЦК КПСС не дапамогуць, калі мастак раіць быць чэсным другім мастакам, а сам робіць пакуль што творы, толькі знешне нагадваючыя мастацтва.
Паспрабуем разгледзець хоць бы адзін твор з гэтай серыі, дзе адзін вязень паклаў цаўё рыдлёўкі на горла другому вязню і стаў нагамі душыць свайго таварыша па лагеры палонных. Якую мэту ставіў перад сабой мастак у гэтым творы, каб траціць час на працу, якую фашысцкія злачынцы будуць толькі вітаць?
Большасць твораў гэтай занадта вялікай серыі гавораць пра спосабы: як фашысты знішчалі людзей, якімі сродкамі — ці то на голых жанчын цкавалі аўчарак, ці то складалі ў штабелі паміж бярвення. Хутчэй за ўсё, гэта паказ «тэхнікі» знішчэння людзей, бо глядач не бачыць нічога іншага: ані барацьбы, ані супраціўлення, бо няма таго палатна, у якім мы ўбачылі б канец гэтым здзекам, канец жудаснаму бесчалавечнаму разгулу жывёльных пачуццяў фашысцкіх катаў, але мастак цягне бясконца адно і тое, як бы ўлюбёны ў гэтую тэму.
Дзе тая карціна з ясным днём вызвалення, дзе перамога і праўда жыцця, якая праз шматлікія ахвяры здолела нарэшце прыкончыць фашысцкую навалу на ўвесь свет? Такой карціны ў М. Савіцкага няма. I здаецца нам, што ўжо і не будзе ніколі, бо гэта для Савіцкага занадта цяжка, ды і не мае скуль браць, каб выдаць сябе аўтарам такога складанага твора.
Справа ў тым, што ідэалогія — рэч, якая не перакладаецца на мову выяўленчага мастацтва. Як жа выявіць ідэю на палатне: яна ж не мае аб’ёму, формы ці перспектывы, не мае малюнка-пластыкі, яе трэба перавесці ў сімвалы, дзе можна толькі здагадацца, што пад гэтым разумее мастак. Але дзеля гэтага трэба мець час, каб задумаць нешта і потым рэалізаваць у вобразах гэтую задуму. М. Савіцкі абраў найпрасцейшы шлях, бо не цяжка паказаць горы трупаў палонных ці іншых замардаваных людзей, чым рабіць разумную карціну. Фашызм страшны як ідэалогія з яе завяршаючым вынікам, а не тым толькі, што нацысты-выканаўцы мардавалі людзей у вялікай колькасці.
Вернемся зноў да артыкула, толькі апусцім агульныя разважанні і рэцэпты, якім павінна быць савецкае мастацтва ў бліжэйшай будучыні, але спынімся толькі на ўплывах замежнага фармалістычнага мастацтва ў буржуазных краінах на наша савецкае мастацтва, аб якім з такім гонарам засцерагае М. Савіцкі ў артыкуле. Усім ужо даўно вядома, што нам не пагражаюць ніякія ўплывы авангардыстаў ці мадэрністаў, бо не бачым такога мастацтва
ў сябе, а калі і прыйдзецца некаму паглядзець у турыстычных вандроўках, дык нічога прыцягальнага там не ўбачыць ніводны наш савецкі мастак.
Што датычыцца нашай крытыкі выяўленчага мастацтва, то яна знаходзіцца ў цяжкім стане заняпаду, а калі што і друкуе ў артыкулах, то толькі кампліментарнага характару, бо ніхто не мае ахвоты рызыкаваць, і ў большасці выпадкаў выдаецца жаданае за наяўнае ці наогул нічога не друкуецца. Асабліва нашы крытыкі не чапаюць працы М. Савіцкага, бо ён можа так адпомсціць праз сваю экспертна-закупачную камісію, якую ўзначальвае ўжо не адзін год, што запомніш на ўсё жыццё. Крытыкаваць можа толькі ён, і яго слова з’яўляецца апошнім.
Адкуль узялася такая нахабная смеласць, не цяжка здагадацца, бо нейкія аўтарытэты маюць сілу цягнуць на ўсе кіруючыя пасады як у Саюзе мастакоў, так і ў Міністэрстве культуры гэтага мастака, якому хапае часу на ўсё: і на карціны, і на грамадскую працу ўсюды.
Аўтар артыкула гаворыць аб здрадзе шчырасці, праўдзе жыцця і паўтарае вядомую формулу, што змест і майстэрства выканання — непарыўныя між сабой.
Мы можам дадаць яшчэ і тое, што савецкае мастацтва павінна быць нацыянальным па форме і сацыялістычным па змесце, бо нам менавіта не хапае нацыянальнай формы, асабліва калі мы выступаем на ўсесаюзных мастацкіх выстаўках. Гэта неаднойчы падкрэслівалі ў Маскве на выстаўкамах, што цяжка знайсці беларусаў па іх працах, па той нацыянальнай форме, па якой лёгка знаходзім казахаў ці армян ды іншых народаў саюзных рэспублік.
Ну, а што мы можам назваць у народнага мастака Саюза ССР М. Савіцкага такога з твораў, якое адпавядае ці гістарычнай тэматыцы, ці сучаснай, каб можна сказаць, што вось гэта твор беларускага савецкага мастака?
Прыгадаем дзеля прыкладу вось такія творы: на першым палатне маем групу сялян, сярод якіх цяжарная жанчына, на шыі якой шыльда на нямецкай мове, што гэта партызаны. Але мы ведаем, што яны як заложнікі будуць расстраляны — гэтак фашысты рабілі заўсёды, бо шыльда гаворыць сама за сябе.
Як жа мастак падае нам тых людзей, якіх чакае смерць вось зараз жа, дзеля чаго іх сюды і сагналі? Ды ніяк! Твары іх абыякавыя: ні
табе жаху, ні табе пратэсту, яны быццам стаяць у чарзе за хлебам, ім няма ніякай справы, што з імі зараз будзе.
На другім палатне маем тры жанчыны, узімку нясуць у руках па адной буханцы хлеба, ідуць у профіль адна за адной. Па тыпажы і тварах гэта, хутчэй, грузінкі, а па адзенні дык і невядома, да каго яны могуць належаць. Аднак не ў гэтым справа, нас цікавіць другое — дзеля чаго пісаў мастак гэтых жанчын, якія, дарэчы, не вельмі што выклікаюць сімпатыі, што меў на ўвазе мастак? Дзе тэма, а дзе сюжэт — здагадацца цяжка і па сённяшні дзень невядома.
У трэцяй карціне бачым натоўп рабочых пасярод заводскага fleapa, каменны брук якога можна пералічыць, а людзі на ім без ніякага выразу на тварах, з вачыма, якія глядзяць, як быццам у нікуды. Што гэта — ціхая забастоўка ці роздум аб будучыне кожнага паасобку? Але з аднолькавымі тварамі... Які час меў на ўвазе мастак, невядома, ды і назва твора не захавалася ў памяці, бо нешта нецікавае і незразумелае было на палатне.
Назавем яшчэ такі твор, дзе чалавек сялянскага тыпу рэжа хлеб перад пачаткам снедання. Зноў шэраг пытанняў устае, калі ўспамінаеш гэтую карціну. Навошта пісаць абы-што, якая задача, чаго дамагаўся мастак, даючы на выстаўку такі твор? Жывапісных якасцей там, як і ў іншых палотнах, ніякіх не было, бо мастак не валодае пачуццём каларыстычных спалучэнняў, палітра фарбаў тая самая ўсюды: твары — лімон, усё астатняе — іржава-чырвонае, пад старую ікону.
Хочацца сказаць і аб такой карціне, дзе маецца вобраз Леніна не як партрэт, а як цэнтр палатна, яго трактоўка М. Савіцкім у карціне «Аднадушнасць» (1969 г.). Мне даводзілася ўжо аднойчы крытыкаваць гэтую карціну на абмеркаванні выстаўкі ў гады яе ўзнікнення. Сама кампазіцыя як бы складаецца з розных кавалкаў і нагадвае хутчэй плакат, чымсьці станковую карціну. Тыя фрагменты, што не звязаны маштабам фігур, разнапланавасць і калажнасць, штучнасць узнятасці, выпадковасць абрэзаў, што не дае ўяўлення, дзе адбываецца гэтая дзея. Постаць Леніна таксама вырашана плакатна — гэта не Ленін, а артыст у ролі Леніна, які занадта злоўжывае жэстыкуляцыяй. Унізе галовы людзей, над якімі магутная постаць Леніна. Кудысьці цягнуцца рукі, невядома толькі, каму яму належаць. У сярэдзіне палатна далоні рук тырчаць, як часты плот, твары людзей змучаныя і нагадваюць палонных з другіх карцін.
Шкада, што такая добрая тэма атрымала ілжыва пафаснае гучанне, як няўдалая тэатральная пастаноўка.
Сустракаюцца ў яго карцінах і такія нечаканыя з’явы, як плаваючая ў паветры жанчына, якая трымае ў руцэ вянок над галавой «народнага мсціўцы» — партызана ў шырокім галіфэ. Карціна знаходзіцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.
Мы знарок спыніліся на тых творах Савіцкага, у якіх цяжка ўзяць пад абарону аўтара, але ж і спяваць гімны не збіраемся тым карцінам, што больш-менш трымаюцца на сярэднім узроўні і не выклікаюць двухсэнсавага ўспрымання.
Зазначым яшчэ такі факт, што мастаком зроблена надзвычай вялікая колькасць карцін, а, як вядома, колькасць амаль ніколі не пераходзіць у якасць, тым больш у мастацтве.
У апошніх карцінах зусім знікла ідэя ці задума, як у палатне «Старыя ігрушы» або ў памінках аб нябожчыках. Зноў жа бачым, як мастак працягвае ігнараваць работу з натуры, бо калі няма моцнага малюнка і ніякага жывапісу, то няма і мастака з той чэснасцю, аб якой на словах так пячэцца М. Савіцкі.
Можна было б бясконца пералічваць назвы карцін М. Савіцкага з такім жа зместам і формай, але ўжо і так дастаткова, каб сказаць, што тыя ганаровыя званні, якімі зараз ён абцяжараны, яшчэ не даюць яму права павучаць, ганьбаваць, зневажаць сваіх калег, бо як у Грыбаедава ў «Горы ад розуму» ёсць словы: «Чнны людьмн даются, а людп могут обмануться».
Што датычыцца разважання аб задачах мастацтва, менавіта мастацтва савецкага, М. Савіцкі слушна спасылаецца на прыклады, хутчэй, на імёны славутых мастакоў свету, а з рускіх называе толькі А. Іванава і Сурыкава. Зусім нядрэнна. У канцы артыкула Савіцкі таксама спасылаецца на словы Максіма Багдановіча, які гаворыць аб сабраным вякамі ў скарбніцу сусветнай культуры, каб з яе не браць нічога, але заносіць толькі чужое, не развіваючы свайго, — гэта яшчэ горш: гэта значыць глуміць народную душу.
Нам здаецца, што гэтыя словы М. Багдановіча самому Савіцкаму не даюць спакою ўжо многа гадоў, бо і ўсе нашы беларускія мастакі ведаюць, як багата чэрпае ён з гэтай скарбніцы сусвету, не развіваючы свайго ў беларускім савецкім мастацтве.
25 снежня 1984 г
Яўген Ціхановіч
На гэты раз я скарыстаў тэлефон і зачытаў увесь тэкст мастакам, якіх набіралася каля сарака. Усе ведалі, што я маю рацыю, і шкадавалі, што часопіс не змясціў мой артыкул. I таксама ведалі, чаму адмовіліся друкаваць. Сёй-той не згодзен з маім меркаваннем наконт самога мастацтва ў паасобных карцінах, але ўвогуле я быў правы, што напісаў такі артыкул. Яўген Зайцаў нават даў такую ацэнку, што артыкул трэба разглядаць як прафесійны, мастацтвазнаўчы, крытычны аналіз творчасці Савіцкага, ён яшчэ дадаў, што, можа, трохі сярдзіты ў бытавых адносінах — персанальных, а ў іншым усё добра.
Нябожчыку скульптару Анікейчыку не падабалася, як Савіцкі на кожным кроку не можа ступіць, каб нешта не запазычыць у мастакоў, пераважна замежных, яно і верна, таму што не хутка распазнаеш: дзе тваё, а дзе плагіят. Мастакі Кішчанка і Ціханаў, якім я чытаў артыкул уголас у майстэрні Ціханава, яны абодва мяне папярэдзілі, што Савіцкі пойдзе мне насустрач і неяк пастараецца мяне нейтралізаваць. «Не думайце, — казалі яны, — што Савіцкі ўжо такі смелы. Ён ведае, чыя кошка сала з’ела». А восьтакія мастакі, якЛучынскіды Няпомняшчы, якія займаліся з Савіцкім на адным курсе ў мастацкім вучылішчы ў Мінску, дык тыя далі мне такія звесткі, што болей адносяцца да біяграфіі Савіцкага часоў яго знаходжання ў Германіі, але таксама вельмі адмоўнага характару, бо нешта блытаў, адзін раз пра тое, другі раз пра гэтае, але інакш чым у першым разе. Справа яго, ніхто за язык не цягне: як хочаш, так і кажы.