Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
выдатных палякаў. Гэтая партрэтная галерэя выканана ў тэхніцы афорта і зроблена ў друку самім аўтарам. Спіс выдатных палякаў такі: Тадэвуш Касцюшка, Яраслаў Дамброўскі, Людвік Варыньскі, Ян Каханоўскі, Адам Міцкевіч, Цыпрыян К. Норвід, Баляслаў Прус, Фрыдэрык Шапэн, Станіслаў Манюшка, Ян Матэйка, Гэлена Мадзаеўская, Мікалай Капернік і Юрый Гагарын з ім.
Сярод гасцей быў Канавалаў, старшыня Камітэта па друку і кніжным гандлі. Ён перагледзеў гэтую тэку і адказаў: «Мы маглі б надрукаваць таксама такую тэку ў Беларусі». Але ж друкуюць яшчэ і сёння...
Польскае таварыства зрабіла ў нашым Палацы мастацтваў выстаўку польскай кнігі. Я зноў сустрэўся з пані Мільяноўскай, і яна мне адказала так: «Вас не пускаюць прыехаць да нас, але каб вам пашэнціла прыехаць, вы б убачылі, як мы сустракалі б вас». Мой прыяцель у Лодзі, які апекаваўся ў перасылцы папкі і сшытка з уступам да мяне ў Мінск. Вялікія перашкоды рабіліся, каб не выдаць гэтае папкі, але ж я змагаўся так настойліва, абыходзіўся без якой-небудзь дапамогі з боку нашага таварыства, і ўрэшце тэмат польскі ў экслібрысах Яўгена Ціхановіча ўбачыў свет. Наверсе ўступнага сшытка надрукавана Таварыства дружбы польска-савецкай. Лодзь — Балуты. Матушак — мой сябра — зрабіў прыватны выклік мяне ў Польшчу і дамовіўся з партыйнымі коламі, каб мяне сустрэць і даць мне прытулак у памяшканні заводскага інтэрната, каб нічога не каштавала, як у гасцініцы. У АВІРы мне адмовілі ў паездцы ў Польшчу па той прычыне, што я прыватна не знаёмы з Матушкам. «Вось калі бы вы разам з ім ваявалі ці вучыліся або каб вы былі сваяком гэтаму чалавеку, дык усё было б проста». А тое, што гэта ўсё пустыя словы, якія нічога не вызначаюць, а толькі служаць як набор прычын, каб забараніць выезд, прычым выезд за мяжу часовы, за свой кошт ды не для таго, каб везці з-за мяжы нейкія тавары, каб потым у сябе прадаваць за большы кошт. Кадэбэшнікам, якія сядзяць усюды, і ў АВІРы ў тым ліку, лягчэй мець справы са спекулянтамі, чым з інтэлігенцыяй. Бо хто іх ведае, чым яны дыхаюць, што
гэта такое — экслібрыс? Можа, толькі прычына, каб апынуцца за мяжой? Але з цягам часу я стаў разумець, што ўсе гэтыя фіскальныя арганізацыі ды таксама іхнія кіраўнікі ведаюць, што ніякай палітычнай пагрозы ад сувязяў нашых пісьменнікаў і мастакоў з замежнымі калегамі не будзе, а ўсё ж такі лепей забараніць, чым рызыкаваць згубіць сваю пасаду. Пры тым, што спекулянты даюць у лапу і заўсёды можна прычапіцца да той дэкларацыі, якая складзена не так, або завышана колькасць рэчаў, ды яшчэ шмат прычын яшчэ нам не вядомых, каб гэтыя рэчы апынуліся ў авіраўцаў як водкуп.
Усюды недавер, усюды сочаць за тваім рухам, куды ідзеш, аб чым мусіш думаць, ім, гэтым саксупам, хапае работы яшчэ сачыць за сваімі, а іх так многа, што не хапае часу на адзін дзень. Вось і зараз, калі я падыходзіў праз жалезную браму да нямецкага консула і пачаў званіць у дзверы параднага ўвахода, каля мяне апынуўся нейкі чалавек, які чакаў, быццам як і я, каб увайсці да консула. Праз нейкі, даволі працяглы час адчыніліся дзверы, і жанчына спыталася ў мяне, па якой прычыне мне патрэбна бачыцца з консулам. Я назваў прычыну, што маю мэту запрасіць консула наведаць маю юбілейную выстаўку ў Палацы мастацтваў і яшчэ перадаць яму альбом з кніжнымі знакамі з нямецкай тэматыкай і водгукамі ў нямецкай прэсе наконт маёй творчасці ў экслібрысе.
Яна папрасіла прабачэнне за консула, які можа мяне прыняць толькі праз адну гадзіну, не раней. Я згадзіўся прыйсці, а зараз крочу да польскага консула з такім жа запрашэннем.
Гэты нейкі дзіўны чалавек моўчкі ідзе за мною ў прыёмную польскага консула (дарэчы, кансулаты дзвюх краін побач адзін аднаго). Праз акенца мне ветлівая жанчына адказала трохі пачакаць — дала ў рукі тры часопісы на польскай мове. Я азірнуўся ў бок незнаёмца, якога ўжо ў кансулаце не было. Усё гэта для жыхара краіны Саветаў не дзіўна, што за кожным тваім крокам сочаць людзі ў «гарохавым паліто», як называлі агентаў тайнай паліцыі пры царскім рэжыме. Польскі консул па культуры прыняў мяне, з удзячнасцю прагледзеў мой альбом з польскай тэматыкай і абяцаў наведаць маю выстаўку,
якую потым мы разам абышлі і гутарылі з такім даверам, як быццам былі даўно знаёмыя. А вось немец, дык той неяк афіцыйна і стрымана прагледзеў альбом і раптам запытаўся: «Можа, пан мастак жадае зрабіць выстаўку ў ГДР?» А калі я абмежаваўся толькі тым, што запрасіў яго наведаць выстаўку, ён схаваў сваё здзіўленне і паабяцаў сустрэцца на выстаўцы, але чамусьці сваё абяцанне ён так і не выканаў. Мабыць, немцы не заўсёды бываюць пунктуальнымі, а можа, былі іншыя прычыны. Гутарка ішла аб выстаўцы ў 1983 годзе, калі я адзін экспанаваў свае творы на ўвесь верхні паверх Палаца мастацтваў у Мінску. Шкада, што выстаўка працавала два тыдні, ды яшчэ ў жніўні, калі гледачы горада звычайна сядзяць на дачах, дый студэнтаў таксама няма ў горадзе, а перад пачаткам заняткаў іх адвозяць на вёску капаць бульбу, так, як і 50 гадоў таму, я, будучы студэнтам мастацкага тэхнікума, выбіраў бульбу, браў лён з вялікім спазненнем з дзядамі перасохлымі — калоў свае рукі да крыві.
Вялікая выстаўка ўразіла шмат каго сваёй разнастайнасцю тэхнікі, дзе разам з жывапісам, акварэллю была манатыпія, афорты, лінарыты, ілюстрацыі да часопісаў, да кніг Фурманава «Чапаеў», Я. Коласа «Апавяданні», зборніка вершаў для дзяцей Эдзі Агняцвет ды шмат іншых, куды ўвайшлі вокладкі часопісаў «Бярозка», «Вясёлка», «Маладосць», «Беларусь». Нечаканасцю была колькасць экслібрысаў — 400 сюжэтных і партрэтных кніжных знакаў для калекцыянераў Польшчы, ФРГ, ГДР, Венгрыі, ЧССР, Балгарыі, Румыніі, Італіі, Японіі, Аргенціны, Партугаліі, Іспаніі, Англіі, Аўстрыі, Аўстраліі. Але галоўным чынам беларушчыны, ахапіўшая фальклор, архітэктуру, гісторыю, куды ўвайшла і партрэтная галерэя дзеячаў беларускай культуры — мінуўшчыны і сучасных. Ахвярам сталінскага тэрору прысвечаны былі кніжныя знакі Галубку і Чароту. Я памятаю Міхася Чарота яшчэ з 1927 года, калі мы з маткаю і братам Валянцінам жылі на Ленінскай вуліцы ўнізе, каля ракі (зараз рака Свіслач выпрастана), насупраць бальніцы. Чарот з жонкаю жылі ў драўлянай пабудове як бы на другім паверсе цаглянага паўскляпення. Дзяцей
297
у Чарота не было, а вельмі прыгожая жонка займалася шытвом, мела швейную машыну і часта раілася з маёю маткай, як рабіць выкрайкі ды іншыя справы. У гэтыя гады Анатоль Вольны паставіў фільм «Сосны шумяць», дзе прыгожую пані іграла жонка Міхася Чарота, а сялянскую прыгажуню іграла Вера Пола, яны абедзве былі саперніцамі, а з твару сапраўды Пола мела сялянскую прыгажосць, простую прывабнасць. 1 вопратка, і хустачка — усё разам складалі вобраз здаровай дзяўчыны, у той час як Чароціха (мы так звалі яе, вядома, не ў вочы) — яна рафінаваная пані: капялюш, парасон, пальчаткі — усё штучнае, і тыя манеры, усё разам складала непрыемную супраць Пола жанчыну. Вольны як рэжысёр дамагаўся атрымаць паміж імі нават класавых ворагаў, акрамя саперніцтва дзвюх жанчын, як належала па сцэнарыі. Вельмі часта маладыя паэты збіраліся на кватэры ў Чарота, вядома, чыталі свае вершы, пілі гарэлку і позна ўначы шумна разыходзіліся. Валерый Маракоў і Анатоль Вольны — зусім розныя і па знешнасці, і па творчасці людзі. Зараз цяжка зразумець, хто болей цікавіў іх: сам Чарот ці яго жонка? Хутчэй, апошняя, бо назаўтра Чароціха прыносіла маёй матцы дэталі тае швейнай машыны, якую Чарот выкідваў праз акно пасля выбуху рэўнасці. Паглядзіце на фота Маракова і Вольнага. Апошні малога росту, рыжы, з кучаравымі валасамі, у той час як Валеры Маракоў высокі, з прывабным тварам, з якога увесь час не сыходзіць ухмылка. Але справа не ў тым. На Беларусі ішлі арышты, і няма таго пісьменніка, які не чакаў уначы, што чарга надыдзе і да яго. Пагэтаму не дзіва, што чарка неяк адсоўвала страх, а можа, забываўся ў хмелю пра тую смерць, што ходзіць з касою і нікога не шкадуе. Пісьменнікі ў чарцы тапілі свае жахі і бавілі час разам як мага часцей. Чарот што ні дзень знаходзіўся ў стане трывогі і ўвесь час хмельны. Пры сустрэчы са мною ён адказваў на прывітанні і, як мне здавалася, не адказваў на прывітанні, калі быў цвярозы. Усе тры — Чарот, Маракоў і Вольны — зніклі недзе далёка ад Радзімы, і што горка, пра тое, што ніхто не ведае, дзе ляжаць іх косткі, — і тое, што надрукавана і тое, што ўтойвалася ад людзей, каб думалі
ўсе, што нікога і не было ніколі — дае нам у памяці трымаць іх як барацьбітоў за Радзіму, аб гэтым гаворыць іхняя творчасць. А які лёс склаўся для жонкі Чарота, якога сталінская тайная паліцыя НКУС замардавала і выкрасліла з жыцця як чалавека, шкоднага нацыяналіста? Дык толькі адной прыгажосцю не пражывеш — і яна пайшла па руках, спілася і загінула невядома пры якіх абставінах. Другое жыццё склалася ў Веры Пола. Таленавітая актрыса з характэрным амплуа — жанчына вёскі, маладоснь і прыгажосць, сакавітая беларуская мова, гумар і рухавасць, усё гэта было так натуральна і бясспрэчна, што высунула яе наперад, і ўрэшце ёй надалі пачэснае званне народнай артысткі Беларусі.
Зараз, калі я зноў перакінуўся ў мінулыя часы, трэба занатаваць і тое, што мастак-аматар Анатоль Наліваеў, які многа зрабіў, каб сабраць увесь матэрыял аб жыцці Уладзіслава Галубка, які толькі захаваўся ў розных людзей. А больш за ўсё, як у мяне, ён не змог бы здабыць у арыгіналах тыя фота, што меліся яшчэ да вайны, бо Дом спецыялістаў згарэў, і разам з усёй маёмасцю згарэлі ўсе матэрыялы. Мне здавалася, што вось урэшце ёсць Гасцёўня імя Уладзіслава Галубка, дык трэба дапамагчы Наліваеву ўсім, чым толькі можна, а да гэтага часу ўжо быў зроблены дакументальны фільм аб Галубку. Тое. што не змаглі знайсці рэжысёр і кінааператар у Мінску, яны атрымалі ў Ленінградзе ў тэатральным архіве. Высветліліся пры гэтым выпадкі, калі нашы архівы ў Мінску не мелі ўжо тых газет ці часопісаў, у якіх шальмавалі Галубка на розныя лады, аб гэтым паклапаціліся тыя людзі, што былі аўтарамі гэтых паклёпаў. Дык вось гэтыя матэрыялы — фотапераздымкі з ленінградскага архіва, вокладкі п’ес, артыкулы, фота артыстаў, асобных карцін з п’ес, фота з загадаў Камісарыята асветы, часткова тыя дакументы, якія рэквізавалі ў тую ноч пры вобыску кватэры Галубка, — апынуліся ў рэжысёра гэтага фільма. Рэжысёр усё перадаў мне, а я перадаў Наліваеву. Аператар перазняў і, вядома, на словах перадаў мне змест паклёпаў і прозвішчы аўтараў, якія яшчэ былі жывыя. Усе мы баяліся гучна назваць вінаватых, бо яшчэ не было галоснасці, дый карысць ад таго была б нулявая.