• Газеты, часопісы і г.д.
  • Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

    Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 532с.
    Мінск 2015
    132.27 МБ
    Зараз я трымаю фотаздымак Браніслава Голуба, які сядзіць на крэсле ў афіцэрскім мундзіры з пагонамі і шабляй з левага боку. Атрымаў гэтае фота я ад Наліваева, які, у сваю чаргу, атрымаў ад Зоські Верас, зрабіў перадрук, арыгінал здаў у КДБ, а нам засталіся некалькі адбіткаў на ўспамін пра дзядзьку Браніслава. Твар вельмі падобны на бабунін — гэта пацвердзіла і старэйшая дачка Галубка Багуслава.
    Зараз усе мы разумныя, але ж пры адлізе Хрушчова, дый брэжнеўскім застоі можна было, сцяўшы зубы, нешта сказаць, што ўсім вядома. He дай Божа прызнацца ў тым, што ў цябе за мяжой ёсць сваякі, ды тым больш яшчэ ў Польшчы, ды афіцэр у польскім войску, табе ўжо не жыць, ты сабе не належыш, азірайся, і твае вушы чуюць, як нехта ходзіць за тваёй спінаю.
    Нашы людзі так абабіліся, так абкаталіся, што не ведаюць розніцы, дзе данос, а дзе інфармацыя. Заахвочвалася не толькі сярод партыйцаў даносніцтва, а нават сярод тых людзей, хто апынуўся ў акупацыі і нічым не скампраметаваў сябе пры нем-
    цах. Тых правакавалі ці шантажыравалі або пагражалі нечым — быццам ведаюць пра цябе такое, што толькі твая згода на данос можа цябе выратаваць. Я і сам адведаў на сабе гэтыя «спосабы» ўцягнуць мяне ў шэрагі вялікае арміі саксупаў.
    Заходзіць да мяне ў Нізкі завулак у хату нейкі чалавек, хутка сунуў мне пад нос нейкую чырвоную кніжачку і гаворыць: «Вам трэба прыйсці ў Галоўнае кіраўніцтва міліцыі, што на вуліцы Валадарскага, заўтра a 10 гадзіне». «Па якой прычыне? — пытаюся. — Можа, зараз тут пагаворым, а жонку адправім да суседзяў, каб не перашкаджала?» «Не, — кажа, — у мяне няма форменнай паперы, дый абставіны не дазваляюць». Я застаўся сядзець за сталом, на якім былі варыянты эскізаў часовых помнікаў на месцах пахаванняў савецкіх воінаў, раскіданых паўсюль. Мы жылі ў хаце, той, што мне дасталася, калі нас выкінулі з Дома спецыялістаў як сваякоў «ворага народа» У. Галубка яшчэ ў 1937 годзе. Праца над помнікамі была грамадскай. Мастакі лічылі сваім абавязкам зрабіць часовыя помнікі, каб не згубіліся магілы, не зараслі бур’янам. «Госць» пайшоў, а ў мяне ў галаве пабеглі думкі, адна за другую неверагодней. «Мяне выклікаюць на допыт, а па якой прычыне — вось пытанне».
    Назаўтра я ў Галоўным кіраўніцтве міліцыі. Допыт вядзе другі чалавек. Ён у форме міліцыянера. «Што рабілі ў часы акупацыі, чаму засталіся ў немцаў, з кім трымалі сувязь, чаму не беглі да партызанаў? Пішыце на паперы сваю аўтабіяграфію». На ўсе пытанні я адказаў падрабязна, але пісаць сваю біяграфію згадзіўся, толькі не тут, а ў сваёй хаце. Ён спыніў допыт і дадаў: «Перанясем на заўтра, бо, думаю, што вы стаміліся».
    Зноў я сяджу ў міліцыі і слухаю амаль тыя ж пытанні, і тут мяне ахапіла трывога пасля таго, як ён перанёс допыт яшчэ і на трэці дзень. Я пачаў нервавацца і кажу, што мне праз дзень трэба ехаць у Маскву на адкрыццё выстаўкі, дзе прымаю ўдзел сваімі працамі. «Вось і добра, — кажа ён, — прыедзеце і раскажаце нам, як адбылося адкрыццё...» Зноў я пытаюся ў яго: «Ці, можа, вы мяне залічылі ў склад супрацоўнікаў міліцыі? Дык гэтага не будзе ніколі», — рэзка адказаў я.
    Як аказалася потым, мяне цягалі на допыт па прычыне таго, што я на сходзе мастакоў крытыкаваў М. М. Зялёнкіна — Героя Савецкага Саюза, лётчыка, які працаваў загадчыкам мастацкага камбіната. На самай справе Зялёнкін як загадчык нічога не рабіў і не мог кіраваць справамі, далёкімі ад яго прафесіі. Ён папрасіў свайго знаёмага ў міліцыі, каб мяне трохі прыстрашыць, а як — гэта ўжо справа міліцыі.
    Лёгка было ўсякаму міліцыянеру ці кадэбэшніку глуміцца над чалавекам, які апынуўся ў акупацыі, няхай сабе і забраніраваным ад удзелу ў арміі ў такой страшэннай вайне. Бронь давалася ўрадам рэспублікі тым людзям, якія былі патрэбны ў мастацтве і літаратуры, у навуцы і культуры. Я меў такую бронь ад кіраўніцтва па справах мастацтва пры Савеце народных камісараў БССР. Што датычыцца партыйных людзей, ды яшчэ з кіруючых колаў, дык там давалася бронь усім, хто меў партыйную кніжку. Камандзіроўкі ў Маскву я не атрымаў з тае прычыны, што ЦК КПБ дало ўказанне Саюзу мастакоў затрымаць у Мінску тых мастакоў, хто быў у акупацыі, а працы, належачыя ім, экспанаваць у Маскве. Гэтае драконаўскае ўказанне настолькі дзіўнае, што яго нічым не абгрунтуеш, а толькі нейкім вар’яцтвам недавумкаў з ліку кіраўніцтва ЦК.
    Аднак мне ніхто не забараніў ехаць у Маскву за свой кошт, тым больш што ў Маскве мяне ведалі як мастака, які выканаў дзве карціны па дагаворы з Дырэкцыяй выставак і панарам Міністэрства культуры СССР. Менавіта карціны «Дапамога Масквы партызанам» і «Партызаны ў разведцы» едуць на выстаўку ў Маскву. Я, вядома, еду не разам з усімі мастакамі, асобна, не ў купэйным загоне, так, што Пятрусь Броўка, ідучы ў вагон-рэстаран, запытаўся ў мяне: «А ты чаго тут сядзіш, не разам з усімі?» «Не хапіла білетаў», — адказаў я. Трэба тут сказаць, што, акрамя мяне з ліку «акупантаў», ніхто іншы не адважыўся рызыкаваць, каб паехаць у Маскву.
    Выстаўку адкрываў намеснік міністра культуры Калошын — на Кузнецкім мосце. Ён назваў маё прозвішча другім сярод жывапісцаў — гэта было прыемна слухаць і неяк падбадзёрвала мяне.
    Дырэктар мастфонду Кайтэльбунд зрабіў так, што ўключыў мяне ў спіс на гасцініцу разам з усімі. Такім чынам я бываў усюды, куды запрашалі ўсіх: у ЦДРП і ў Доме літаратараў. А вось у Збройнай палаце ў Крамлі мне не дазволілі пабываць. Кайтэльбунд адазваў мяне ўбок і кажа: «Яўген Мікалаевіч, вас у спісе наведвальнікаў Крамля няма, дык вы паціху змыйцеся, каб не было сораму». Чым на гэта адкажаш? Няхай сорамна будзе тым цэкашнікам, а не мне.
    Зноў вернемся да нашых часоў — да дырэктара Гасцёўні імя Галубка. Я не ведаю дасканала пра Наліваева, чым ён кіраваўся, каб так служыць тым злыдням, што завуць сябе чэкістамі. Адно ведаю, што ён працаваў на КДБ, абы толькі яго не чапалі. Зараз ён не працуе ў Гасцёўні, не падабаюцца яму супрацоўнікі — яны не даюць яму разгарнуцца каб праводзіць вечарыны яўрэйскай музыкі (ужо два вечары былі), дзе ён лічыцца салістам. Яму не спрыяюць на выезды за мяжу з канцэртамі яўрэйскай музыкі. Ён скардзіўся на ўсіх і прасіў мяне абараніць Гасцёўню, бо ёй пагражае закрыццё ці ліквідацыя. А на самай справе ніхто не зачыняе Гасцёўню, яна працуе, і ў калектыве няма сваркі, няма інтрыгаў.
    У апошнія часы я даведаўся аб тым, што Наліваеў, пакідаючы пасаду дырэктара Гасцёўні Галубка, так грымнуў дзвярыма, заявіўшы пры гэтым: «Вы яшчэ пабегаеце за мною». Ён мае на ўвазе тое, што ўсе дакументы застаюцца ў яго на кватэры як асабістая маёмасць.
    Такім чынам Наліваеў паказаў свой твар такім, якім ён ёсць на самай справе.
    Зараз Наліваеў робіць музей імя Дуніна-Марцінкевіча ў памяшканні былой Гасцёўні імя Галубка. Што ж, у добры шлях. Але чаму затрымліваць галубкоўскія матэрыялы: фатаграфіі, арыгіналы, якія я яму даваў з хатняга архіва, яшчэ і вельмі каштоўную афішу тэатра Галубка з прозвішчамі і фатаграфіямі на ёй артыстаў? Афішу я атрымаў ад сястры артыста Быліча, які загінуў у часы вайны ў чыгуначнай катастрофе. Дакументы рэабілітацыі Галубка, а таксама даведкі НКУС аб смерці народнага артыста, фатаграфіі пастановак тэатра, асобных картак артыстаў, групавых фотакартак і г. д.
    Я буду час ад часу вяртацца да Галубка, які прысутнічае сярод нас, чаго б мы ні краналіся ў галіне мастацтва, сумленнасці ў ім або формы выяўлення выразнасці без выкрутасаў, так проста ці складана, як само жыццё.
    Мы пісалі ўжо пра Галубка, што ён вучыўся дзе толькі можна як мастак-пейзажыст і як артыст, калі наездамі бываў у Маскве ці Ленінградзе. Вядома, яму не падабаўся Меерхольд тым, што ён як рэжысёр спрошчваў ці агаляў сэнс п’ес Астроўскага, даводзячы да абсурду, скажам, у п’есе «Лес». Ніякіх дэкарацый, ніякіх падвесных заднікаў, сцэна пустая, як шалупайка ад яйка. Між тым на фанернай скрынцы з прыступкамі сядзяць Аркашка дый Несчасліўцаў, яны ловяць рыбу. Hi табе вудаў, ніякіх снасцяў у гэтых рыбакоў няма. Адной толькі мімікай ды жэстыкуляваннем дасягаецца ўражанне, быццам трапечацца ў руках Аркашкі вялікі лешч. Ролю Аркашкі выконваў Ігар Ільінскі — гэта вялікі камедыйны артыст. Трымалася п’еса толькі таму, што выканаўцамі роляў былі знакамітыя артысты, якія быццам трымаюць экзамен перад журы ў тэатральны інстытут, дзе ты без ніякіх прыладаў мусіш сыграць ролю заўзятага рыбака. Гэты спектакль мы з Галубком глядзелі ў Ленінградзе, дзе ён увесь час ірваўся кінуць глядзельную залу і бегчы дадому: «Што гэта за відовішча, калі глядзець няма чаго?». У той час існавала шмат нейкіх тэатральных гурткоў — «сіняя блуза», ТРАМ (Тэатр рабочай моладзі), узнікалі канцэртныя ансамблі, групы эстрадных артыстаў сумесна з цыркавымі, усё гэтае рушыла з цэнтра на ўскраіны, не мінаючы нават шматлікіх мястэчак. Нейкія куплетысты, чачотачнікі, асілкі, гіпнатызёры і фокуснікі выступалі перад пачаткам кінафільмаў. Тое самае было і ў літаратуры. З’явіліся розныя імажаністы, акмеісты, у Беларусі таксама ўзніклі «Узвышша» і «Маладняк» — гэтыя літаратурныя згуртаванні не толькі адстойвалі свае пазіцыі, але яшчэ і вялі барацьбу з тымі згуртаваннямі ці з асобнымі пісьменнікамі, якія не падзялялі ідэі сваіх супраціўнікаў.
    Так было і з Галубком, якога крытыкавалі за меладрамнасць, у ягонай драматургіі наватарства, быццам ён не разумее
    сучаснасці і цягне назад, а не наперад рэвалюцыйнасць у кожным сваім творы.
    Неяк пад ціскам маладнякоўцаў на Галубка ён, прыйшоўшы дамоў са сходу, ускрыкнуў: «Маладняк, каб ты не ўзрос!» А між тым праз нейкі час ён падае заяву, каб яго прынялі ў гэтае літаратурнае згуртаванне: «У Мінскую філію ўсебеларускага літаратурнага згуртавання».
    «Маладняк»
    Заява Галубка Уладзіслава Іосіфавіча. Лічыў бы за вялікі гонар быць маладнякоўцам — прашу залічыць мяне ў склад сяброў гэтага згуртавання.
    1.10.1926. У. Галубок
    Што прымусіла Галубка ў свае 44 гады зрабіцца маладнякоўцам, не цяжка здагадацца — ён усё роўна быў рэвалюцыянерам па сваёй творчасці, але трэба было, каб і знешне лічыцца ў шэрагу наватараў, як бы ўсім было бачна, што ён падзяляе свае думкі з маладнякоўцамі і пагэтаму крочыць разам з імі ў шарэнгах згуртавання. У выяўленчым мастацтве тых часоў было тое самае, што і ў літаратуры. Кубізм і супратэматызм разам з натуралізмам, розныя групоўкі — «белая ружа» ў Маскве, АХР і ОМАХР, розныя нацыянальныя згуртаванні, а ў Беларусі РОМБ. Што гэта было выразай вольнасці мастацтва, ніхто не аспрэчваў — наадварот, мы зараз дзівімся, што на Беларусі былі Пэн і Шагал у Віцебску, Рушчыц і Сергіевіч, Дучыц і Сяўрук, Малевіч і Кандзінскі, Мінін і Фогт, Волкаў і Эндэ і шмат іншых, што былі на процілеглых пазіцыях. Але гэтая шматлікая палітра фарбаў толькі садзейнічала развіццю мастацтва хараства, пошукам выразнасці ў нацыянальных мастацтвах.