Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Далейшы лёс Гуткоўскага быў такі, як і ў тых, хто афіцыйна працаваў у немцаў, а тым больш у газеце «Мінскер цайтунг». Выслалі яго на 10 гадоў, адкуль вярнуўся ён хворы, бездапаможны, і каб не цётка Уладзя (Купалава жонка), дык не працягнуў бы ён і аднаго года.
Табак-фабрыкант Троль перадаў мяне яшчэ аднаму цывільнаму немцу, які жыў на фабрыцы-кухні ў адміністрацыйных пакоях. Прозвішча яго Мозаль. Перад яго вокнамі на двары была вялікая колькасць саней. Чаму і навошта былі гэтыя сані, мне не вядома, але ў падсобных памяшканнях складаліся хамуты, збруя і іншыя прылады коннай вупражы. Відаць, гэтыя загатоўкі рабіліся перад зімою, каб карыстацца коньмі ў снежным бездарожжы.
У Мозаля добра абсталяваныя пакоі, усюды дываны, на сценах нейкія алеаграфіі ў багетных рамах, і што цікава, дык тое, што ён лічыў сябе знаўцам жывапісу, відаць, сучаснага. Аб гэтым я мусіў меркаваць па тых заўвагах, якія ён рабіў у часе маёй работы над партрэтам. «Мэр фарбаў» (больш красак), — паўтараў ён часта. He шкадуйце фарбаў — быццам ад гэтага залежыць, атрымаецца партрэт ці не. А на самай справе шкада фарбаў, бо дзе іх купіш у такі час? I я рабіў, як мне хацелася. He будзь той Мозаль немцам — бо маю ўпартасць і довады, што справа не ў колькасці фарбы, ён ацаніў як маю прынцыповасць у поглядах на мастацтва.
Роўна ў дзве гадзіны да яго прыйшоў Троль, відаць, каб разам выпіць чарку гарэлкі пад цыгарэту, але ж толькі пасля абеду. Смешныя людзі гэтыя немцы — п’юць гарэлку пасля ежы. А калі перап’юць занадта многа, дык пакутуюць гадзінамі, а каб апахмяліцца, дык ніколі. He ведалі, як «лячыцца».
Вядома, што ў горадзе мелася шмат немцаў, якія працавалі ў Генеральным камісарыяце ды ў гарадскім камісарыяце, увесь Дом урада таксама набіты, як бочка селядцом, працаўнікамі чыгуначнай дырэкцыі для ўсяго ўсходу (гэта ў левым крыле), а што было ў правым крыле, мне было не вядома. Былі ж і крамы толькі для немцаў, суды, дамэн-лазарэты (абартарыі), вялікія штаты гарадской паліцыі і нарэшце дзіцячыя садкі накшталт нашых. Мяне пазнаёмілі з фройляйн Бок, якая была кіраўніком дзіцячага садка, што месціўся на пляцы Волі (гэты дом захаваўся). Гэтая фройляйн (па-нямецку дзяўчына) вялікага росту з моцнай постаццю, яна сядзела ў крэсле ўвесь час і вяла гутарку аб рускіх людзях, аб іх характарах і раз ад разу
спынялася, каб запытацца ў мяне, ці згодзен я з яе поглядамі. Яна пазіравала мне, і тое, што яе гаворка на спынялася, вельмі перашкаджала ў працы. Партрэт пісаў на палатне і ладнага памеру, а таму сеансы працягваліся пяць дзён, ды яшчэ гаварлівасць натуршчыцы адцягвала ўвагу ў маёй складанай працы. Былі дні, калі я не зрабіў ніводнага руху пэндзлем на палатне — увесь час пайшоў на гаворку.
Фройляйн Бок (па-руску будзе прозвішча дзяўчыны Казёл), хутчэй назавём яе старой дзевай, з вяснушкамі на ўсім твары, мабыць, родам з вёскі, бо і рухі яе былі нейкімі вуглаватымі.
Дакладна не магу ўспомніць, хто быў заказчыкам таго партрэта, адно было вядома, што яна мела свайго «шэфа», як і ўсе жанчыны чые партрэты, якія мне давялося пісаць ў часы акупацыі.
Можна сабе ўявіць, колькі такіх старых дзеў прывезлі з сабою немцы на ўсю акупаваную тэрыторыю. У Доме ўрада, дзе была чыгуначная дырэкцыя, машыністак было ў такой колькасці, што мяне дзівіла, ці ёсьць патрэба ў ваенныя часы мець жанчын з такою прафесіяй.
У Нізкім завулку, дзе мы жылі пасля 1937 года, калі нас выкінулі з Дома спецыялістаў, на суседняй вуліцы Дрэваапрацоўчай была бальніца пад назвай дамэн-лазарэт — гэта, па сутнасці, абартарый, і ніякіх сакрэтаў з такой установы ніхто не рабіў, усе ведалі, бо з нашага завулка там працавалі жанчыны на чорных работах. Нават мая жонка была там з сынам, якому накладалі шоў на галаве пасля таго, як штурхнуў хлопец нашага Генку аб вялікі камень.
Фройляйн Бок цікавілася маёй сям’ёй, і калідаведалася, што я маю шасцігадовага сына, дык аднойчы прыехала на двухколцы ў наш завулак з хлопчыкам такога ж узросту, як і мой сын. He спадабаўся майму сыну гэты нямчур, бо ён пры ад’ездзе сцебануў пугаю Генку, ды не так ужо моцна, як толькі больш абразіў «рускага» хлопчыка.
Генку запомніўся яшчэ такі выпадак, калі цёмнай ноччу ўзімку нехта стукаецца ў нашу халупу, дый са спевамі на нямецкай мове. Уваходзяць да нас дзве жанчыны, у руках трымаюць
па ліхтарыку — гэта фройляйн Бок са сваёю супрацоўніцай па дзіцячым садку.
А было гэта Нараджэнне Хрыстова. Жанчыны прынеслі Генку нейкія ласункі, паспявалі яшчэ нешта і пакінулі нашу халупу.
Недалёка ад вакзала пабудавалі немцы драўляныя складныя вагончыкі, у якіх жылі, а ўзімку палілі каменны вугаль у жалезных печках з трубамі праз усё памяшканне. Трэба было некаму падтрымліваць цяпло ўсю ноч. Гэтым чалавекам быў Дэмі, ён з ваеннапалонных, назваўся ўкраінцам і стаў працаваць у дэпо пры вакзальнай чыгунцы. Дзмітрый апроч працы ў дэпо яшчэ нёс вахту па дастаўцы тром немцам харчу ды гатаваў сняданак. Старэйшы з немцаў быў Борман — мажны добразычлівы чалавек, партрэт якога я пісаў. Гэтыя тры немцы мелі пры сабе зброю і заўсёды разлічвалі на Дзмітрыя, бо ім здавалася, што гэты чалавек як сацыяліст шмат больш ведае, чым Борман, і такі ўслужлівы і спагадлівы, што не п’е і сваю гарэлку аддае немцам, можа заўсёды дапамагчы, калі што здарыцца. Аднойчы, калі я скончыў пісаць партрэт Бормана, ён разлічыўся са мной дзвюма бляшанкамі мясных кансерваў, паставіў на стол аірлікёр, што азначае самаробны яйкавы на штучным мёдзе і на гарэлцы настоены лікёр. Лікёр моцны, я з непрывычкі захмялеў і ня мог бы дайсці дадому, але тут Дэмі вызваўся адвесці мяне сам.
Па дарозе ён расказаў, што ён інжынер іголкавай прамысловасці, мае дыплом па вынаходніцтве, уваходзіць у давер да немцаў, каб тыя з цягам часу адпускалі яго ў горад на чорны рынак, а потым ён ужо і пацягнецца да партызан. А каб замацаваць яшчэ болей давер, ён будзе прасіць мяне напісаць з яго партрэт, каб немцы з гэтае прычыны давалі дазвол на «адлучку» на большы тэрмін. Між тым з дазволу свайго шэфа ён пачаў пазіраваць мне і ў тыя часы шмат чаго расказваў аб сваім жыцці.
Мне тады засела ў галаву тое, што ён выдаў сябе за ўкраінца, бо, казаў ён, да ўкраінцаў немцы адносяцца з большым даверам, нават для палонных украінцаў быў лазарэт, і гэта была праўда, як і тое, што ў тыле ўкраінцаў бралі сабе на паслугі ў якасці прыбіральшчыкаў, нарыхтоўшчыкаў дроў, на фізічна
цяжкія работы. Праўда і тое, што ва ўласаўскую армію набіралі ў першую чаргу салдат ўкраінскага паходжання з тых шматлікіх лагераў палонных.
Прайшло колькі часу, калі я апынуўся ля трамвая, з якога ў адчыненае акно пальцам мяне паклікаў Борман. Ён паспеў толькі сказаць, што Дэмі знік на чорным рынку і што, відаць, яго захапілі партызаны, каб ад яго нешта даведацца па справах чыгункі. Так Дзмітрый выканаў сваю задуму, аб чым я даведаўся ад мастака Бржазоўскага, які сустракаўся з ім ужо ў лесе.
Зноў і зноў успамінаю я мастака Міхася Савіцкага, якому дзядзька Клімаў Іван Фролавіч ды пляменнік Алесь Петрашкевіч сачынілі легенду «вязня Бухенвальда». Сачынялі доўга, пакуль не памерла родная маці М. Савіцкага, бо пры жыцці нельга было хлусіць так нахабна, не дазволіла б маці, а тыя баяліся, каб нейкія сведкі на пачалі наводзіць даведкі і ў першую чаргу звяртацца да яго маткі.
Шмат было вязняў з Бухенвальда ды Асвенціма, але не было сярод іх мастакоў, якія б у мастацтве маглі «адлюстраваць» усе жахі так дасканала, як гэта зрабіў Савіцкі ў сваёй серыі палотнаў пад назвай «Лічбы на сэрцы».
Так, гэта былі толькі ілюстрацыі, якія ён браў з кінастужкі Нюрнбергскага працэсу над фашысцкімі злачынцамі, ды яшчэ па фотадакументах.
Я вышэй падрабязна кранаўся гэтых лічбаў на сэрцы Савіцкага, бо тых распаленых да чырвані лічбаў на целе ў яго не было, як гэта было на руцэ ў жонкі мастака Мазалёва — пячатка на ўсё жыццё.
Клімаў (дзядзька Савіцкага) быў нейкі час намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР па культуры. А да гэтага звычайны партыйны наменклатуршчык, ніякага дачынення да культуры не меў, а наадварот, быў грубым цынікам і мацяршыннікам — працаваў у гаркаме. У час вайны ён быў сакратаром падпольнага абкама партыі, і як ўсе такія, вельмі пільна сачыў за ідэалагічнай накіраванасцю партызанскай барацьбы. Карацей кажучы, былі камісарамі, якім быў Фурманаў у Чапаева. Яшчэ з тых часоў Грамадзянскай вайны заставаўся інстытут
камісараў, як сярод партызан, так і ў савецкай арміі да нашых часоў. Такі «ідэолаг» быў старшынёй Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР з памочнікамі, вернымі не столькі справе культуры, колькі вернымі самому Клімаву.
Ніхто не ведаў, якую адукацыю меў Клімаў, мабыць, толькі тую ВПШ, дзе без залікаў яму ставілі добрыя адзнакі ўсе настаўнікі, баючыся гэтых партыйных босаў.
Чаму я затрымаўся на такім, быццам нязначным, чалавеку? У тым-то і справа, што быццам нязначны, а на самай справе ад яго залежала, мабыць, усё жыццё кожнага мастака, ды яшчэ калі мастак вельмі здольны і працавіты, але беспартыйны. Яшчэ горш таму, хто апынуўся ў акупацыі. Ты хоць вылазь са сваёй скуры, працуючы дзень і ноч, — цябе ніхто не прыкмеціць, не заўважыць, пройдуць міма. I не дзіва, таму мастакі, што не маюць сумлення, лезуць навыперадкі, каб лізнуць «начальніку» там, дзе сорамна сказаць, падхалімнуць, падладзіцца ды яшчэ сказаць дзе-небудзь ўголас, які добры кіраўнік намі кіруе. Клімаў, а за ім і Кузьмін, сакратар ЦК КПБ па прапагандзе, прапхнулі Савіцкага па чарзе на ўсе, якія толькі маюцца, ганаровыя званні — заслужаны дзеяч мастацтва БССР, народны мастак БССР, далей народны мастак СССР, яшчэ далей — член-карэспандэнт Акадэміі мастацтва СССР і нарэшце акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР. Ну, няхай сабе цягне гэты цяжкі груз, якая нам справа да яго асабістай кар’еры? Але не, з яго робяць галоўнага кансультанта ў ЦК КПБ па справах мастацтва, так, неафіцыйна, дарадчык, а як уплывае на ўсё беларускае мастацтва!
Яго прызначаюць старшынёй экспертна-закупачнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мала таго, яго прызначаюць старшынёй экспертна-закупачнай камісіі ў Саюзе мастакоў. А гэтая камісія можа скасаваць пастанову выстаўкама аб прыняцці карціны на выстаўку. Раней лічылася пастанова выстаўкама прыняццем працы адначасова і згодаю на выплату ганарару, а зараз усё залежала ад Савіцкага: як ацэнка, так і экспазіцыя карціны на выстаўцы.