Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
падставу абвінавачваць камуніста ў справах, «не достойных члена КПСС».
Усё пацвердзілася. Факты важкія. Гандляваў аўтамашынамі. Атрымаў неаднойчы грошы за тыя работы, якія сам не выконваў.
Вось вам твар акадэміка мастацтваў, народнага мастака СССР, Героя Сацыялістычнай Працы — члена партыі з вялікім партыйным стажам. У такім святле ўстае Заір Ісакавіч Азгур перад грамадствам. Тое пасяджанне, дзе Капіч вінаваціў Азгура, не было патрэбы весці далей, і ён абвясціў перапынак на няпэўны час. Праз два тыдні нас сабралі зноў, але ж замест Капіча вёў пасяджэнне другі сакратар Мінскага гарадскога камітэта партыі.
Ён пачаў так, як заўсёды ў такіх выпадках: «Мы ў ЦК партыі параіліся і прапануем вам таварыша Цвірку Віталя ў якасці старшыні Саюза мастакоў БССР. Таварыш Цвірка, займіце крэсла і вядзіце далей пасяджэнне па размеркаванні абавязкаў сярод членаў праўлення. Жадаю вам поспеху ў працы. Бывайце здаровы!».
Цвірка працаваў нядоўга. Цяжка яму было весці дзве пасады — быць рэктарам Тэатральна-мастацкага інстытута і старшынёй праўлення Саюза мастакоў, бо ён мастак-пейзажыст, а ў арганізацыйных пытаннях ён нічога не разумее. Замяніў яго часова Нікіфараў, мастацтвазнавец з Масквы, але яму таксама прыйшлося пакінуць пасаду старшыні. Нейкі час працаваў старшынёй Масленікаў. У Саюзе ствараліся дзякуючы групаўшчыне невыносныя абставіны. Стальмашонак і Савіцкі — члены праўлення — рваліся да ўлады, а таму прымалі ў Саюз мастакоў цэлымі групамі непадрыхтаваных маладых людзей, абы дасягнуць большасці галасоў. У ЦК пісаліся лісты, у якіх адна група скардзілася на другую ў тым, што ёй перашкаджаюць працаваць, што няма ладу. Грызня паміж мастакамі старэйшага ўзросту з маладымі. Крызісны стан быў апраўданы самім жыццём, у якім мастакі блукалі і зноў упіраліся некуды. Ад іх чакалі карцін, зробленых метадам сацыялістычнага рэалізму, а што такое сацрэалізм, ніхто не ведаў. У ЦК узнікла патрэба накінуць на мастакоў уціхамірвальную кашулю.
Заклікі прыйсці да ладу не даходзілі да моладзі. Мусілі тэрмінова склікаць нараду ў ЦК і запрасіць на яго пасяджэнне ўсіх членаў бюро партарганізацыі Саюза мастакоў, мастакоў, маючых ганаровыя званні, усіх членаў праўлення Саюза мастакоў, работнікаў Міністэрства культуры, з аддзела культуры гарсавета, усіх сакратароў райкамаў раёнаў горада, гаркама, абкама. Прысутнічалі сакратары ЦК КПБ Прытыцкі, Шаура, Клімаў, міністр культуры Мінковіч. Усе нервуюцца, бо стала вядома, што першы сакратар ЦК КПБ Мазураў сядзіць у сваім кабінеце і слухае па мікрафоне, хто выступае на пасяджэнні. Сядзяць тры стэнаграфісткі.
Можна было не пісаць пра нейкія там нарады ў ЦК КПБ, але як абмінеш такія падзеі, дзе прымае ўдзел сам Мазураў, «гаспадар» рэспублікі.
He будзем паўтарацца, як праходзіла нарада, скажам толькі, што ў адзін дзень гаварыльні не ўклаліся прамоўцы, давялося перавесці яшчэ на другі, дзе былі падведзены вынікі нарады. Капіч у заключэнне сказаў, што ў Саюзе мастакоў пануе звада, абраза адзін аднаго, ніякіх палітычных разыходжанняў у мастакоў няма — вось і ўсё. Мы былі б наіўнымі, калі б чакалі ад ЦК прызнання, што менавіта само кіраўніцтва зверху не можа нічога зрабіць з мастацтвам, а толькі пернікам ды бізуном, нешта прымусіўшы, можа дачакацца ад мастакоў.
З’езд прайшоў пры зачыненых дзвярах, слова ў спрэчках давалася толькі партыйцам. Што тычыцца складу праўлення, дык яго павялічылі з 13 асоб да 60, каб з яго абраць прэзідыум, а потым яшчэ і сакратарыят. За ходам шматлікіх абранняў сачыў сакратар КПБ па прапагандзе Шаура. У склад усіх кіруючых органаў былі «абраны» верныя справе Леніна і Сталіна, моцна стаяўшыя на платформе метаду сацыялістычнага рэалізму мастакі, камуністы і наперадзе ўсіх старшыня праўлення Саюза мастакоў БССР Уладзімір Іванавіч Стальмашонак.
Гэткім чынам здзейснілася мара Стальмашонка, ён кіруе ідэалогіяй у мастацтве. Палітыка і да гэтага часу панавала наперадзе майстэрства, а зараз пад кіраўніцтвам старшыні, які можа гаварыць прыгожа на рускай мове, дакладна будаваць
гіпотэзы, і што важна, дык тое, што «начальства» ў ЦК знайшло ў асобе Стальмашонка такога каштоўнага трубадура, што яны могуць спаць спакойна, бо Стальмашонак ведае справу, можа, болей за іх, бо мастацтва не ўсім зразумела, каб умець ім кіраваць.
Між тым кіраўніку Саюза мастакоў не хапала аўтарытэту ў галіне мастацтва. Трэба было даказаць, што ён яшчэ і добры мастак. Тое, што можа меркаваць тэарэтычна аб чужых творах, — гэта добра, але ж ён не крытык, а мастак, які толькі на выстаўках мае магчымасць заявіць аб сабе грунтоўна, станоўча ў суадносінах да сваіх калег-мастакоў і жывапісцаў. I вось тут загваздка — не быўжывапісцам, не вучыўся, а браць удзел у выставах трэба. Адсюль вялікі прабел — дзесяпь гадоў не было чаго выстаўляць на чарговых выстаўках.
Стальмашонак з мастаком Вашчанкам, які толькі што скончыў Львоўскі дзяржаўны інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, выконваюць роспіс актавай залы Беларускага тэхналагічнага інстытута (1962 г.) «Космас» і два пано «Лета» і «Мары» для мінскага Палаца піянераў (1963 г.), Палаца культуры Мінскага камвольнага камбіната (1964 г.). Мне здаецца, што абодва аўтары саромеюцца сваіх працаў, зробленых у тыя гады. Я памятаю бездапаможную грызаль, выкананую для Палаца піянераў, — піянер з трубой і барабанам.
Мяне і мастака Ушакова дырэктар мастацкіх майстэрняў накіраваў у Палац піянераў, каб зрабіць замеры плошчы, на якой зроблена грызаль. Гэтыя два аўтары ўключылі ў аплату дзвярную амбразуру як плошчу з грызаллю, каб атрымаць больш грошай. Карацей кажучы, атрымаць грошы за неіснуючую працу, бо нічога не напішаш на паветранай прасторы, дзе няма дзвярэй. У акце мы адзначылі (з Ушаковым) гэты факт, а потым усё жыццё я меў «рэзананс» за сваю рэвізію.
Аднойчы ў раёне вуліцы Няміга Стальмашонак зрабіў партрэт Леніна для фасада райкама партыі. Але ж райкамаўцы ўстрымаліся ад заказу гэтага партрэта, бо не зразумелі «эксперымента» над партрэтам правадыра сусветнага пралетарыяту. Тая дэкаратыўная тэхніка загубіла падабенства
партрэта да Леніна, яго ў райкаме не пазналі. Творчы падыход старшыні Саюза мастакоў БССР да партрэта ўсё ж такі быў адзначаны як творчая няўдача, і ён атрымаў 50 % кошту гэтага партрэта.
Запомніўся мне і такі партрэт кампазітара Рыгора Шырмы, што зрабіў Стальмашонак. Галава Шырмы зроблена натуралістычна, а кашуля была наклеена на палатно ў натуральным выглядзе, а на ёй ордэн Леніна, таксама як жывы, з бляскам.
Вось мы стаім з Зянонам Пазняком ля вялікага палатна (аўтар Стальмашонак), на якім партрэт Максіма Багдановіча, галава якога, мабыць, у чатыры разы большая за натуральную, і таксама кашуля наклеена на палатно. «Ён зрабіў Максіма Багдановіча як нейкага ката», — зазначыў Зянон Пазняк. Я хутка згадзіўся з ім, бо і мне самому прыходзіла гэтае параўнанне, асабліва вочы, што глядзелі на цябе без аніякага выразу, як у ката, а шырыня галавы дык ужо зусім кашачая.
Адным словам, дэкаратыўнасць ішла не на карысць ягоным партрэтам — вобраза не было, а тая «арыгінальнасць» толькі абурала гледача.
Згадаем яшчэ адну «дэкаратыўную» карціну. Гэта «Народныя камісары». Мы сілімся пазнаць, хто стаіць за кім па прозвішчах. Я пазнаў Жылуновіча і Галадзеда, можа, яшчэ Кнорына, але ж уся дэкаратыўнасць, мабынь, у тым, што выявы пяці чалавек так шчыльна стаяць у плоскіх (фанерных) постацях у паліто і гімнасцёрках, што здаецца, яны ніколі не былі жывымі, тым больш што камісараў прастрэльваюць нейкія белыя стрэлы праз шыю і тулава. Можа, у гэтым уся ідэя?
Закончым прагляд карцін-партрэтаў і спынімся на карціне «ВХУТЭМАС», дзе сярод студэнтаў Вхутэмаса стаяць Ленін і Крупская.
Нехта на выстаўцы Стальмашонка «памыліўся» і сказаў, што не Ленін гэта, а Чарлі Чаплін. I сапраўды, глядзіцца неяк Ленін смешна — несур’ёзна. Студэнты, што стаяць вакол Леніна, у Стальмашонка таксама не атрымаліся — ні па тыпажы, ні па вопратцы, якую моладзь насіла тады.
Той інтэрнацыяналізм, пад які шыхтаваліся ўсе партыйцы, не мінуў і Стальмашонка, але яго як беларуса па паходжанні турбавала ідэя беларусізацыі. Жаданне быць у першых радах адраджэння на Беларусі — вабіла яго аздобіць сваю кар’еру хаця б сродкамі мастацтва, а не толькі ў тэорыі. Адказам на гэтую тэму ён робіць вялікае палатно, на якім бачым партрэты нашых папярэднікаў, пачынаючы ад св. Еўфрасінні Полацкай, Цяпінскага, Францыска Скарыны і канчаючы Каліноўскім, Цёткай і Уладзіславам Галубком. Адсутнічае якая-небудзь схема кампазіцыі. Галовы партрэтаваных ідуць адна за адной. Падабенства ніякае, па каларыце — брудна-шэрыя твары. Групавы партрэт вельмі цяжка кампануецца нават у вялікіх майстроў свету, а тут у Стальмашонка атрымалася тыповая халтура — ні больш ні менш.
Нездарма мастак Давідовіч назваў гэты «твор» «насценнай газетай». Мяне цікавіла ў гэтым «творы» дазнацца, якую мэту ставіў перад сабою мастак, акрамя таго, што завецца кар’ерай, бо адным толькі пералікам нашых папярэднікаў — асветнікаў культуры нічога не дасягнеш.
Апошнім у шэрагу партрэтаў на палатне быў Уладзіслаў Галубок. Ён там выглядаў, як першы хлопец на ўсю вёску. Я сваю думку адносна гэтага твора выказаў мастаку Яўгену Куліку, але ён адказаў так: «Даруем Стальмашонку слабасць сродкаў выканання, але ж ён паказаў нашых волатаў культуры мінуўшчыны, як ніхто іншы да яго».
Кулік меў рацыю, але толькі напалову, бо сродкі выканання стаяць на першым месцы ў выяўленчым мастацтва. А выявы не атрымаліся.
Гады ішлі, а Стальмашонак ды Міхась Савіцкі ішлі далей. Першы — больш па шляху кіраўніцтва, другі — па шляху мастацтва, а разам трымаліся адзін аднаго. Так здарылася, што на з’ездзе мастакоў Беларусі, пасля доўгай падрыхтоўкі маладых мастакоў, да ўлады прыходзіць Стальмашонак у якасці старшыні Саюза мастакоў БССР у 1965 годзе. Як гэта робіцца, мы падрабязна пісалі вышэй. Толькі дададзім, што старшыня за гэта час завязаў сувязі з галоўным рэдактарам
часопіса «Творчество» Нехарошавым ды з іншымі ў Маскве мастацтвазнаўцамі і мастакамі — кіраўнікамі Саюза Расійскай Федэрацыі. Ён не мінае ўсякіх нарадаў і дыспутаў у Маскве, дзе выступае з прамовамі, якія падабаюцца ўсім, бо ёсць там нешта новае, сучаснае, з поглядам на Захад.