Першацвет адраджэння

Першацвет адраджэння

Выдавец: Народная асвета
Памер: 511с.
Мінск 1995
120.3 МБ
ПЕРШАЦВЕТ АДРАДЖЭНН
Хай жыве для славы вечнай Край наш родны — Беларусь
А. Мілюць
ПЕРШАЦВЕТ АДРАДЖЭННЯ
Вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для старэйшых класаў сярэдняй школы
Дапушчана Міністэрствам адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь
мінск «НАРОДНАЯ АСВЕТА» 1995
ББК 83.3(4Бея)я721 П 27
УДК 882.6.09(075.3)
Складальнікі:
М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава, Г В. Марчук, Э. В. Садаўнічы, A. С. Новікава.
Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па белаП27 рус. л'тдля стклСЯРЭДшк./Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш.— Мн.: Нар. асвета, 1995.—51 1 с.
ISBN 985-03-0216-Х.
8820600900— 003
П 	 162—95
М 303(03)—95
ISBN 985-03-0216-Х
ББК 83.3(4Бен)я721
© Складанне М. А. Федасеенка, Т П. Прохарава, Г М. Разанава, Г В. Марчук Э В Садаўнічы, A С. Новікава, 199г
ВЯРТАННЕ ДА КРЫНІЦ
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, Мы не з дзікай травы самарослыя парасткі. У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай, Нашых душ карані — з вузлякамі упартасці. Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці — Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні. 3 гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі...
Ніл Гілевіч. Лірычны каментар да нашага радаслоўя.
У наш век, сумна знакаміты замоўчваннем адных гістарычных фактаў і фальсіфікацыяй другіх, адзіная магчымасць далучыцца да праўды, да сапраўднай гісторыі нацыі — вяртанне да вытокаў, да нашых крыніц. Мы запрашаем вучняў-старшакласнікаў, заўтрашніх абітурыентаў, студэнтаў, бакалаўраў да знаёмства з цікавейшымі старонкамі духоўнай спадчыны беларусаў — тэкстамі літаратурных твораў, якія сведчаць пра багацце і самабытнасць нашай культуры, а таксама пра захаванне і плённае развіццё яе традыцый.
Прапанаваны дапаможнік для вучняў старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ і іншых сярэдніх навучальных устаноў утрымлівае творы каля васьмідзесяці пісьменнікаў XIX — 30-х гадоў XX стагоддзя. На працягу многіх дзесяцігоддзяў не толькі вучні, але і большасць старэйшых чытачоў ведалі літаратуру гэтага амаль паўтарастагадовага перыяду літаральна па некалькіх імёнах — В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Цётка, М. Багдановіч, Я. Колас, Я. Купала... Акрамя твораў гэтых славутых аўтараў, уключаных у кнігу, вы аднымі з першых зможаце прачытаць таксама творы К. Лейкі і К. Каганца, Г, Леўчыка і В. Ластоўскага, А. Мрыя і Л. Калюгі, якія не толькі не вывучаліся ў школе, але амаль не выдаваліся і таму знаёмы толькі спецыялістам. Акрамя таго, вы атрымаеце і кароткія біяграфічныя звесткі пра аўтараў.
Пашьірэнне і паглыбленне ведаў беларускай моладзі ў галіне мастацтва слова, бліжэйшае знаёмства з нацыянальнай літаратурай XIX стагоддзя, пачатку і 20—30-х гадоў XX стагоддзя ўяўляецца на сённяшні дзень вельмі важным, нават неабходным, таму што названыя перыяды
псторыі беларускай літаратуры з'яўляюцца цэлымі культурнымі эпохамі.
Новая беларуская літаратура, якая дасягнула выдатных вышынь у XIX стагоддзі,— гэта літаратура глыбока народная, прасякнутая пафасам патрыятызму і чалавекалюбства. Яе выдатныя стваральнікі — Ф. Савіч, У. Сыракомля, В. Каратынскі, А. Абуховіч, Ф. Багушэвіч і многія іншыя паэты, пісьменнікі, вучоныя — былі не толькі таленавітымі літаратарамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі літаратурна-грамадскага руху. Менавіта яны, нягледзячы на афіцыйную забарону ўсяго беларускага — мовы, літаратуры, нават назвы Беларусь,— уздымалі на новую вышыню вуснапаэтычную творчасць беларусаў, перадаючы яе хараство ў сваіх творах, узбагачалі нацыянальную мову, заклікалі народ да ўсведамлення нацыянальнай годнасці.
Пачатак XX стагоддзя, калі Беларусь спазнала шматлікія сацыяльныя буры, стаў для беларускай літаратуры перыядам выспявання яе ідэалаў, стварэння бліскучых шэдэўраў, якія заклалі падмурак нашай літаратурнай класікі. Да сённяшняга дня застаюцца непераўзыдзенымі па сваіх мастацкіх вартасцях творы М. Багдановіча, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Гарэцкага. Літаратуру гэтай пары часам называюць «нашаніўскай», падкрэсліваючы тым самым тую выключную ролю, якую адыграла ў яе развіцці газета «Наша ніва» (выходзіла ў Вільні ў 1906— 1915 гг.). Гэтая газета была не проста друкаваным выданнем, яна стала цэнтрам беларускага культурнага і палітычнага адраджэння, літаратурна-грамадскага руху. Дзякуючы «Нашай ніве» не толькі ўбачылі свет многія творы класікаў нашай літаратуры (Я. Купалы, Я. Коласа, Ядвігіна Ш.), яна спрыяла фарміраванню светапогляду і творчасці М. Багдановіча, А. Гаруна, М. Гарэцкага, Я. Журбы. За вельмі кароткі адрэзак часу — з пачатку стагоддзя да 1917 года — беларускае мастацкае слова ўзбагацілася новымі імёнамі і новымі жанрамі (раман, санет, трыялет, раманс), што ўзвысіла яго да вяршыняў еўрапейскай і сусветнай культуры.
Перыяд 20—30-х гадоў — напэўна, найбольш супярэчлівы і таямнічы ў гісторыі беларускай літаратуры. Доўгі час разгадаць гэтую таямніцу было немагчыма з-за амаль поўнай адсутнасці літаратурнага матэрыялу: многія імёны, творы, факты замоўчваліся, забаранялася іх выданне і нават упамінанне. А гэта ж быў час адраджэння беларускасці, станаўлення маладой краіны і маладой літаратуры,
час пошукаў новых ідэй, барацьбы «старога з новым». Адсюль — незвычайнае багацце твораў, маладых талентаў, рознага роду літаратурных аб'яднанняў і груповак.
Побач з ужо вядомымі, сталымі пісьменнікамі (Я. Коласам, Я. Купалам, 3. Бядулем, М. Гарэцкім) пачынаюць працаваць М. Зарэцкі, М. Чарот, К. Крапіва, Я. Пушча, У. Дубоўка і многія іншыя.
Асноўныя тэмы прозы і паэзіі 20—30-х гадоў — тэмы рэвалюцыі, новага жыцця—у кожнага з пісьменнікаў гучалі па-свойму. I гэта выразна адчувае чытач, пазнаёміўшыся хаця б з той невялікай часткай твораў, што змешчаны ў дапаможніку. Згодна са сваімі палітычнымі і эстэтычнымі поглядамі, літаратары таго часу ўжо ў пачатку 20-х гадоў гуртуюцца ў аб'яднанні. Самыя вядомыя і, безумоўна, найбольш значныя літаратурныя аб'яднанні 20—30-х гадоў — «Маладняк» і «Узвышша».
Маладнякоўцы аб'ядналіся ў 1923 годзе і ў снежні пачалі выдаваць часопіс «Маладняк». У розны час членамі «Маладняка» пабывалі амаль усе маладыя празаікі і паэты — К. Чорны, У. Дубоўка, П. Галавач, С. Баранавых, А. Дудар, А. Вольны і многія іншыя. Літаратура «Маладняка» — яркі ўзор рэвалюцыйнай паэзіі, апяванне барацьбы за «новага чалавека», новае жыццё, непрыняцце ўсяго старога, традыцыйнага, дарэвалюцыйнага.
У 1926 годзе ўтварылася літаб'яднанне «Узвышша», куды ўвайшлі тыя пісьменнікі і паэты, якія «перараслі» юначую захопленасць «Маладняка» ідэямі змагання — К. Крапіва, Я. Пушча, П. Глебка, М. Лужанін. Пісьменнікіўзвышэнцы асноўную вартасць сваёй творчасці бачылі ў захаванні традыцый класічнай літаратуры, узвелічэнні народа-працаўніка, чалавека-стваральніка. Тая пазіцыя, на якой стаялі пісьменнікі — члены «Узвышша», разыходзілася з палітыкай і ідэалогіяй дзяржавы, таму ў 1931 годзе аб'яднанне было разагнана, многія яго ўдзельнікі трапілі ў турму, у ссылку (У. Дубоўка, А. Мрый, М. Лужанін, К. Чорны), a А. Бабарэка і Т. Кляшторны былі расстраляны.
Выдатныя ўзоры паэзіі былі створаны і ў Заходняй Беларусі. Магутны нацыянальны рух у гэтым рэгіёне атрымаў мастацкае асэнсаванне ў вершах В. Таўлая, М. Васілька, М. Машары. Адметнай з’явай стала паэзія Н. Арсенневай поўная лірыкі, тонкіх пачуццяў і прыгажосці; разнастайнасцю тэматыкі, філасофскай глыбінёй вызначаюцца надзвычай самабытныя вершы У. Жылкі, Л. Геніюш.
Здзіўляе не толькі тэматычная разнастайнасць твораў,
сабраных у гэтай кнізе,— глыбока ўражвае багацце вобразаў, маляўнічасць мовы. Вы знойдзеце тут міфалагічныя, фальклорныя матывы (вершы М. Багдановіча, А. Гаруна), рамантычную ўзнёсласць і рэвалюцыйны пафас (паэзія А. Дудара, М. Чарота), філасофскую заглыбленасць, элегічныя інтанацыі (творы У. Жылкі, А. Гаруна, У. Дубоўкі); вершы Н. Арсенневай: пейзажную лірыку, напісаную ў вельмі своеасаблівай, нетрадыцыйнай для тагачаснай беларускай паэзіі мяккай, «акварэльнай» манеры, якая дэманструе надзвычай высокую культуру верша. Акрамя таго, у вас ёсць магчымасць упэўніцца ў тым, што і ў тыя складаныя, трагічныя гады нашай літаратуры быў уласцівы сатырычны пафас. Пра гэта сведчаць багатыя на гумар, трапныя дэталі творы А. Мрыя, Л. Калюгі, К. Крапівы, актуальнасць якіх выразна адчуваецца і сёння.
Складальнікі хрэстаматыі ставілі перад сабой і яшчэ адну задачу — дапамагчы маладому чытачу адчуць адметнасць эпохі, «ужыцца» ў адпаведны літаратурны перыяд. Дзеля гэтага некаторыя творы (апавяданні В. Ластоўскага, А. Мрыя пададзены ў арыгінальным напісанні згодна з нормамі тагачаснага правапісу.
I можна бясконца доўга пералічваць імёны, назвы твораў, кніг, якія складаюць наш неацэнны скарб, нашу нацыянальную літаратуру. Спадзяёмся, што гэтая кніга, дзе сабрана невялікая, але вельмі цікавая і важная частка ўзораў беларускай слоўна-мастацкай творчасці, дапаможа вам зведаць яшчэ не пазнанае, зарыентавацца ў гісторыі нашага народа. I можа так стацца, што, прачытаўшы яе, вы.перафразуючы У. Караткевіча, з годнасцю скажаце: «Калі ёсць у народа такая літаратура — не загіне да веку народ!»
Ізольда Ківель
ЯН ЧАЧОТ (1796—1847)
Ян Чачот з'яўляецца адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і збіральнікам беларускага фальклору. У свой час хораша і вычарпальна сказаў пра яго паэт У. Сыракомля, вызначаючы месца і значэнне Чачота для развіцця беларускай культуры: ён першы «песціўся... з мовай і паэзіяй беларускага народа, сабраў яго песні, удала перакладаў іх вершам на польскую мову, выдаў іх у арыгінале, сам рабіў спробы пісаць песні на гэтай мове, сабраў народныя прыказкі і, зрабіўшы над мовай шмат трапных заўваг, заклаў першыя падваліны яе граматыкі». Народалюбства паэта, пільная ўвага да народнага жыцця і творчасці яскрава вытлумачваецца ўсім яго жыццёвым шляхам.
Паходзіў Ян Чачот з сям'і дробнай шляхты, бацька яго быў арандатарам, Нарадзіўся ён у засценку Малюшыцы Навагрудскага павета, скончыў дамініканскую школу ў Навагрудку, пасля вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Універсітэт Я. Чачоту так і не давялося скончыць, таму што прыходзілася перарываць вучобу, каб зарабіць на навучанне, а ў 1823 г. уладамі было выкрыта польскае нацыянальна-патрыятычнае студэнцкае таварыства філаматаў, і паэт, як адзін з яго кіраўнікоў, быў зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал.