Першацвет адраджэння
Выдавец: Народная асвета
Памер: 511с.
Мінск 1995
Маладога пісьменніка з неадольнай сілай прыцягваў тэатр. Сцэнічнае мастацтва выклікала ў яго душы ні з чым не параўнальныя адчуванні. Разам з Ф. Ждановічам Галубок марыць аб стварэнні стабільнага калектыву беларускіх артыстаў. У маі 1918 г. мастацкім кіраўніком «Таварыства беларускай драмы і камедыі» Ф. Ждановічам была пастаўлена новая п'еса Галубка «Бязвінная кроў». 3 вялікім энтузіязмам удзельнічаў Галубок у рэарганізацыі «Таварыства», якое стала працаваць пад назвай «Беларускі савецкі тэатр».
Цікава, што ў аснове сюжэта большасці твораў Галубка ляжаць паданні, вусныя гісторыі, якія запалі яму ў памяць. Спектаклі па камедыях Галубка гледачы сустракалі вельмі цёпла. Яму першаму ў рэспубліцы прысвоена ганаровае званне народнага артыста.
Загінуў Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок у сталінскіх лагерах.
ВЯСКОВЫЯ АСТРАНОМЫ
Доктар з астраномам, шукаючы спачынку душам сваім ад гарачых праменняў сонца, наважыліся на які дзеньдва пакінуць горад і сцерці час у вёсцы.
Ведама, чаго шукалі, тое знайшлі. Дзве гадзіны дарогі,— і вёска Халадцы як вырасла перад імі. Ідучы вуліцай між старых хат, яны бачылі, як аглядалі іх праз вокны цікавыя бабы і як маленькія мурзатыя дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабягалі праз вуліцу і прыглядаліся ім у вочы.
Як там што ні было, але панам усё падабалася, бо яны гэта блізка што ўпершыню бачылі. Доктар, выгадаваўшыся ў багатых бацькоў, праўда, чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыццём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэтак сама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а после дабіваючыся, як і калі будзе зацьменне, дзе якія планеты, не меў часу зірнуць у вёску і, каб не шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся б туды.
Вось нашы вучоныя, агледзеўшы збольшага лес, поле,— вярнуліся ізноў у вёску і зайшлі да селяніна Гапцуля папалуднаваць. Тое-сёе, глядзіш — заварушылася гаспадынька, затрашчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яечня ў момант апынулася на стале.
Тыц-мыц,— глядзіш — троху зверху пазбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном — туды-сюды, а доктар, як відаць, і рад бы з’есці, але быццам нешта шкодзіла.
Тым часам у хату ўвайшоў сам гаспадар. Скінуўшы з сябе армяк і адгладзіўшы бараду, цішком сеў за стол, адваліў лусту хлеба, ушчаміў у таўстых пальцах ды пачаў сёрбаць капусту. Доктар, паказеліўшы вочы, глядзеў і дзівіўся, як Гапцуль маўчком спарожніў адну міску капусты, другую, ды і за трэцюю ўзяўся. Пачаў тут наш доктар шаптацца з астраномам, шырока разводзячы рукамі. А Гапцуль тым часам, толькі яшчэ пачуўшы самы смак, спаражніў яшчэ чатыры міскі крупніку.
— Гатоў аб заклад ісці,—мармытаў свайму прыяцелю доктар,— што гэты чалавек не далей, як сягоння ўначы, Богу душу аддасць,— не вытрымае!
1 вось, як будзе, то будзе, а доктар даў слова не ісці з хаты і чакаць бяды, каб у час памагчы чалавеку. Гапцуль, на астатку глынуўшы мерку квасу, адгладзіў бараду і як паважна садзіўся, так паважна ўстаў ды, не раўнуючы, як пан, разлёгся на ложку.
He агледзеліся, як надышоў вечар. Гапцуль, унёсшы свежага сена, прымасціў гасцям пасцель і кажа:
— Спаць то добра будзе, але мухі на раніцы пытлююць трохі.
Але астраном на тое адказвае:
— Добра то добра, няма што; але мы лепш у садку выспімся,— бачыш, які вечар прыгожы.
— Ну, як сабе знаеце, але, па-мойму, дождж павінен быць.
Астраном ухмыльнуўся, падмігнуў на доктара, і паважна пасунуліся ў садок пад яблыню. У самай поўначы ні адсюль ні адтуль узняўся вецер ды калі ўрэзаў дождж, калі шматанула маланка, дык нашы начлежнікі, як мага, кінуліся ў хату і з радасцю паляглі на прыгатаваным звечара месцы.
Астраном аніяк не мог дадумацца, як мог пазнаць просты мужык, што будзе дождж, калі ён, вучоны, і то не пазнаў гэтага. Толькі настаў дзень, доктар зірк, ці жыў селянін? А той і не лыс: спіць сабе, задзёршы галаву і падхрапваючы на ўсе лады, як у жалейку! Вось толькі прачнуўся Гапцуль, доктар і пытаецца:
— Скажы, браце, як выдыхнуў ты ўчарашнюю ежу, няўжо нічога?
— А не! гэта мой звычай, паночку: ем датуль, пакуль брухам стол не адсуну, а як ужо стол кранецца, тады годзе!
— А скажы,— перапыніў астраном,— адкуль ты ведаў, што дождж будзе ўночы?
— Есць у мяне рабенькі бычок, і калі толькі ён пачынае хвост лупіць, то так і спадзявайся дажджу. На тым тыдні таксама ўвечары быў дождж, то мой бычок яшчэ досвіткам хвост пачаў лупіць.
— Слаўны бычок! слаўны! — цадзіў скрозь зубы асграном,— прадай мне яго; добра было б, калі часамі маё вока не спраўдзіць, то бык да толку давёў бы...
АДУКАВАНАЯ КАБЫЛА
Раз Гаўрылу здарылася на кірмашы сходна купіць вельмі прыгожую і непамерна вялікую сівую кабылу.
Радаваўся Гаўрыла, гледзячы на канягу, хвалілі і суседзі, кажучы, што яна палкавая кабыла.
Дзень, другі патрымаў яе Гаўрыла на добрых харчах, а пасля, як ні хацеў, а прыйшлося ўпрэгчы ў саху.
Няскладна хадзіла з сахою яна, відаць было, што незнаёма з раллёй.
Замаркоцілася кабыла, як папрацавала ўзапар колькі дзён ад сонца да сонца.
Вяртаючыся з поля ўвечар на адпачынак, яна нудна глядзела ў той бок, адкуль яе прыгнаў новы гаспадар, і прыпамінала, як добра жылося раней, і як дрэнна цяпер Бывала — аўса ўволю, дагляд, працы ніякай, гарцуй сабе пад музыку, а тут мерай з канца ў канец даўгі шнур на полі.
— I за што гэткі здзек учынілі? — горка жалілася яна сама сабе.
Вось неяк у свята Гаўрыла выбраўся з’ездзіць у горад палюдскаваць трохі ды кабылу перагнаць. Толькі ўехаў у шырокую вуліцу, як на спатканне, ідзе пад трэск барабана цьма салдатаў з музыкай уперадзе.
Гаўрыла з’ехаў набок з дарогі і супыніў кабылу.
Тут музыка грымнула марш.
He паспеў Гаўрыла адвесці дух, як яго кабыла з сілай ірванулася ўперад, выкуліла панарад у канаву і з выдзертымі аглоблямі панеслася ўздагонку за музыкай, падкідаючы зад угару.
Гаўрыла, рэзнуўшыся галавой аб ліхтарны слуп, не бачыў, што было далей, толькі, калі апамятаваўся. убачыў, як кабылу яго вёў за аброць дзесяцкі.
— Ты што гэта, на танцы яе прывёў, людзей пужаць? — грозна спытаў ён.
— Шатан яе ведаў, што яна танцуе,— адказаў Гаўрыла.
Кабылу адправілі на пажарны двор, а Гаўрылу паклікалі ў часць.
Толькі назаўтра ўбачыліся Гаўрыла з кабылай. Яна заржала і ветліва зірнула на яго.
Па ўпаўшых баках было відаць, што яна ноч прастаяла галоднай.
Глянуў Гаўрыла на яе і ўсміхнуўся. Злосць адразу адпала ад яго.
— Ну як жа ж танцы? — жартаваў ён.— He выйшлі? Я так і знаў, што не пападзеш у тахту, я вось чалавек, і розум не кабылячы і то не патыкаюся, a то яна — вымкнулася... людзей папужала, ліхтары паварочала... Паедзем дамоў, у гасцях — гэта не дома, пэўне тут і каліва сена ў губу не далі, а мяне, прызнаюся табе, добра пачаставалі...
СЛЯДЫ СТАРЫНЫ
3 высокай гары, як красачка з зеляніны, паважна глядзіць на аколіцу старынны замак, абведзены высокімі пасівеўшымі сценамі.
Калісь у даўнія часы, як ля гэтых сцен гарцавалі ворагі, жадаючы лёгкай пажывы і крыві, з байніц грымелі гарматы, шлючы шалёныя кулі ў непрыяцельскі стан.
Цяпер блізка веку тут ціха і спакойна, замак вясёла пазірае ў неба, мяняючы час ад часу свой выгляд пад рукамі чалавека.
He гудзяць і не кратаюць старыны кулі, не гінуць ад іх без ліку людзі; жыццё плыве, як вада ідзе...
Высокі акамянелы вал, зарослы высмаленай ад сонца травой і месцамі вышчарблены мінамі непрыяцеля, як даўней, так і цяпер, горда трымае на сваіх магутных плячах старыну. 3 высокіх байніц, быццам лютыя звяры, нема глядзяць у туманную даль гарлачы загрышпаленых* гармат, адкуль з адважных рук выляталі з шалёнай сілай кулі, нішчачы ўсё, што спатыкалася на дарозе.
3 высокай вежы ззяе і пераліваецца ўсялякімі калёрамі на сонцы крыжык, а там званы, што калісь сваім працяжным рэхам ззывалі ў невялічкую каплічку людзей.
Маліліся тут шчыра, з вялікай верай, пад гром гармат, маліліся і ў часе спакою.
Адсюль ішлі на валы, а адтуль ужо каго куды накіроўваў лёс.
Прайшлі вякі, а пра гэтае арлінае гняздо і тых ваякаў, што змагаліся тут да апошняга ўздыху, баронячы сваё права,— не забылі.
Вялікія абшарныя пакоі са старасвецкімі мэблямі і партрэтамі знатных ваякаў сведчаць памятнікам старыны. Глянуўшы на маленькі партрэт, вочы не зразу адарвеш, жадаецца ўгледзецца, узгадаць іх жыццё, добрыя і блізкія справы і час смерці, каторая, не зважаючы ні на багацце, ні на славу, рабіла сваё.
Перад вачыма ў пекнай аправе, як жывы, малюнак вядомага гетмана, каторы калісь-то, дбаючы толькі аб дачэснай карысці, аддаўся ў рукі ворагу і ўпоруч з ім праліваў братнюю кроў...
Побач з гэтым партрэтам вісіць малюнак адважнага рыцара, каторы, накрыж трымаючы ў руках знамя і меч, клянецца перад народам, што будзе змагацца да апошняй каплі крыві. А далей партрэт яшчэ маладога, але ўжо досыць вядомага і шчырага ваякі, што вядзе войска су-
праць ворага, і, здаецца, у вачах яго гарыць іскра, каторая распальвае адвагу і, як промень, асвятляе надзею ў змагаючыхся за свае правы і дарагую бацькаўшчыну.
Між малюнкаў скрозь па сценах вісяць іх жалезныя латы, мячы, каторыя мелі пры сабе тыя бяссмертныя багатыры.
Нічога не загінула, усё іхняе тут і з вялікай пашанай сцеражэцца маладым пакаленнем. Адвага і смеласць іх відаць не толькі на партрэтах, а з большай праўдзівасцю ўсе іх паступкі апісаны ў гісторыі, гдзе на вякі адбіліся, як у крыштальнай вадзе.
Вечка дамавіны прыкрыла толькі іх цела. Малюнкі ж партрэтаў адбілі выразы твараў, а гісторыя, як люстра, праўдзіва паказала, хто чаго варт.
Там відаць, хто да чаго быў здацен, хто змагаўся з ворагам за родную краіну, а хто прадаваў за золата і дыяменты роднага брата і родную старонку.
ЧУЖОЕ СМАЧНЕЙ
У вёсцы Неманец жыў стары Ігнат, аўдавелы гадоў з дзесятак таму назад.
Дзед быў з характарам старасвецкіх людзей. Яго доўгая, сівая барада, чырвоны, прыветны твар мелі шмат павагі, і кожнаму, хто раз убачыў дзеда, у вачах малявалася пекная хвігура старога. Гаспадарку меў не дужа вялікую, але, працуючы ад ранняга да цёмнага, хлеба меў аж надта.
Трэба было толькі трапіць к Ігнату, а галодзен не будзеш; накорміць, напоіць, а падарожнаму і з сабою дасць.
Памятаю, як сягоння: зайшоў я раз святым днём к дзеду пагаманіць. Дзед палуднаваў. Зараз туды-сюды сабраў, якія меў, прысмакі, усадзіў мяне на кут і трактуе. Слова за слова, разгаманіліся пра гаспадарку. Вось дзед і кажа: