• Часопісы
  • Першацвет адраджэння

    Першацвет адраджэння


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 511с.
    Мінск 1995
    120.3 МБ
    На кускі, на крупінкі, як пыл, 3 кожным днём я б па ёй разлятаўся
    I часціны нязмераных сіл
    Ў кожным месцы дадаць бы стараўся.
    А дзе трэба было б заплаціць Дзеля шчасця народу сабою, Я хутчэй пастараўся б там быць I сваёй адкупіцца душою...
    I так з году у год, да тых дзён Па кусочку б ў ахвяру я клаўся, Пакуль цяжкае долі праклён 3 стараною маёю расстаўся.
    Каб мець жыццё бессмяротнае мне,
    Каб мець вечную, свежую сілу, Я аддаў бы усё старане, Старане сваёй роднай і мілай!
    СЫМОНКА-ІНЖЫНЕР
    I
    Сымонку Кеплю было дзесяць гадоў ад роду; ён быў старшым дзіцем у сваіх бедных бацькоў, гарбара Андрэя і Луцэі Кепляў. Апроч Сымонкі яны мелі яшчэ дзвюх дзяўчатак: Параску — старшую і Марыльку — малодшую. Як першука Сымонку любілі і бацька, і маці дужа шчыра і крэпка, ды было завошта яго любіць. Сымонка быў хлопчык рэзвы, дасціпны, заўсёды вясёлы і, галоўнае, паслухмяны да сваіх бацькоў. Ніколі ён не адказваўся
    выпаўніць бацькава ці матчына даручэнне і ні словам не пярэчыў іх прыказанням. Ці пашлюць Сымонку ў краму купіць што, ці да суседзяў — што-колечы пазычыць, ці прыкажуць вартаваць хату, пайшоўшы самі ў заработкі,— Сымонка да дробязі выпаўняў наложаную на яго павіннасць.
    Да ўсіх іншых якасцей меў ён і розум ды здольнасць не па гадах.
    За гэта Сымонку бацькі ставілі ў прыклад, калі заходзіла ў іх гутарка аб дзецях. «Наш Сымонка, будзь ён здароў, удаўся хлапчук»,— казалі яны.
    А між сабой у вольны час разважалі Андрэй і Луцэя Кеплі так:
    — Ведаеш, Луцэя, мы свайго Сымонку вучыцьмем і вучыцьмем. Аж пакуль сілы нашае хопіць. Скончыць ніжэйшую школу, аддамо вышэй, а там яшчэ вышэй і да канца...
    — Вядома, што так было б вельмі добра, каб выстарчыла нашых сіл. Але тое блага, што гатова стацца нам не пад сілу. Заработкі нашы невялікія — толькі што пражыць сяк-так хапае. Ды то, бачыш во, на зняпад ідзе тваё рамяство. Умяшалася гэта рэвалюцыя і як ёсць, усё ўверх дном паставіла. Чакалася аднаго, а напаткала другое. Тым часам сілы твае пакрысе растаюць... Няведама, Андрэй, як яно выйдзе.
    Луцэя судзіла па-свойму, як і заўсёды, а ў нутры сваім думала: «Будзем старацца з усіх сіл».
    — Кінь ты, дурная, сваю няверу,— перабіваў Луцэю Андрэй,— ну, хай пакуль і цяжэй чуецца, але гэта часова так... Гэтая цяжкасць мінецца, пяройдзе, і нашаму братурамесніку куды лягчэй зажывецца. Мала што бывае... Паглядзі, колькі ўсякіх труднасцей прыйшлося спаткаць рэвалюцыі на сваім шляху: тут і немцы, тут і палякі... Апошнія ўжо болей паўгода, як топчуцца і дратуюць нашу зямлю. А прагонім іх — іначай пойдзе. Будзе навука нашай — і сродкаў не так шмат патрабуецца на Сымонку, каб яго вучыць... Навучым, за інжынера навучым...
    Калі так казалася пры Сымонку, то ён пільна слухаў бацькоў, здавальняюча ўсміхаўся і падрастаў на некалькі каргоў. «Буду інжынерам! Буду інжынерам!» — пераказваў ён па некалькі разоў сам да сябе, а бацькам хваліўся:
    — Мяне, татачка, мяне, мамачка, вельмі любіў настаўнік: заўсёды казаў, што я старанны і здольны яго вучань, паслухмяны хлопчык, што з мяне могуць выйсці людзі.
    — Ай, ды ты мой разумнік,— гладзіў Андрэй па галоўцы свайго сынка,— выйдуць, выйдуць з цябе людзі! — і цалаваў.
    А Луцэя дадавала ўслед:
    — Трэба, Сымонка, быць чалавекам, трэба. Выйдзеш сам у людзі і сваіх сястрыц выведзеш.
    Параска і Марылька згодна і рашуча заключалі бацькоўскія гутаркі па свайму разуменню і напаміналі бацькам:
    — Як Сымонка паедзе вучыцца за інжынера, хай нам лялек прышле.
    II
    Мястэчка Ступа, у якім жыў Сымонка з бацькамі і сёстрамі, стаяла пры рэчцы Плаўні. Пачынаючы з пятнаццатага года, яно ўвайшло ў вадакрут вайны і не пазбаўлялася яе ажно да прыходу на Беларусь бальшавікоў. Праз чатыры гады ўсякія страхі абымалі Ступу і ступаўцаў жалезным колам страляніны, чырвоным полагам пажараў. Забываліся падлічыць, колькі разоў пераходзіла мястэчка з рук у рукі: адны прыходзілі — бралі, выдавалі свае законы, пасля аднекуль з’яўляліся другія — адбіралі ад першых, адмянялі іх законы і парадкі. I кожны раз у гэткіх выпадках ішла страляніна, валяліся па вуліцах раненыя і забітыя людзі, стаяў шум, траскатня. Міжвольна ступаўцы прымірыліся да гэткай сваёй долі. Найбліжэй зрадніліся з неспакоем дзеці. Іх цікаваму задзёру хапала досыць яды, а на дзіцячую чулую душу было чаму ўплысці.
    Захапіла ваеннае паветра і Сымонку. Ен часта-густа станавіўся правадніком у дзіцячых гульнях у вайну. Гэта да таго падабалася Сымонку, што ён і слухаць не хацеў бацькоўскай гутаркі аб інжынерстве. «Зрабіце з мяне лепш афіцэра, і я буду з палякамі ваяваць»,— адказваў бацькам Сымонка. Тым болей яго падбівала вайсковасць, калі бацькі, гутарачы аб забраўшых Ступы і ваколіцы паляках, пракліналі іх і чакалі скорага збаўлення.
    Сымонкаў бацька больш сямі месяцаў пры паляках не меў работы і два разы быў заарыштаваны за лаянку польскіх парадкаў. 3 вялікімі труднасцямі прыйшлося ўсадзіць Сымонку ў школу. «Кепля — бальшавік»,— казалі палякі і рабілі яму ўсякія злачынствы. За гэта Сымонкавы бацькі і клялі, і лаялі палякаў. Ды не адны бацькі! Сымонка бегаў да таварышаў і чуў, што тавары-
    шавы бацькі таксама точаць зубы на «паноў-захопнікаў». Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуццё крыўды і помсты да агульнага ворага. I з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзецьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасць дзеяў, ахрысціўшы немцаў — палякамі, а расійцаў — чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двума гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ен чуў, як бацька цішком паведваў мацеры аб хуткім іх прыходзе ў Ступы і сам з нецярплівасцю чакаў. Абы раніца — выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шула і глядзеў на ўсход, за рэчку, ці не ідуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а дзеля ўсіх вызваленне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае.
    — Татачка, ці ж скора прыйдуць чырвонаармейцы? — часта пытаўся Сымонка ў бацькі.
    — Скора, скора, сынок. Ты толькі маўчы, нябож, не плявузгай, дзе не трэба,— перасцерагаў бацька.
    Сымонка слухаў бацькі — баяўся каму-кольвечы казаць пачутае ад яго. Але затое сам-насам ні на хвілю не мог звольніцца ад думкі аб чырвонаармейцах; яны здаваліся яму на кожным кроку. А далей сталі сніцца. Абы лёг на пасцель, заплюшчыў вочы і сумеўся, як адразу цэлыя грамады людзей перад ім з песнямі, са сцягамі, з падарункамі для ступаўцаў. Уваходзяць у Ступы, праганяюць палякаў, надзяляюць імі яго бацькоў, бацькоў Якава, Грышкі і Мікіты і ўсіх-усіх.
    Раніца ў раніцу прачынаўся Сымонка вясёлы і здаволены, падбягаў да бацькоў і пераказваў ім свае сны; а скончыўшы расказваць, дадаваў:
    — Хай толькі сапраўды прыйдуць чырвонаармейцы ў Ступы, дык я разам з імі пайду біць паноў.
    Андрэй усміхаўся, гладзіў Сымонку па галаве і казаў: — Ваяка мой залаты, рэвалюцыянер мой адважны! — А вы пойдзеце? — пытаўся Сымонка ў бацькі.
    III
    Адной раніцай. якраз у сяродку лета, разбудзіў Сымонку гучны стук гармат. Ен сумеўся ад страху і выгукнуў на хату:
    — Тата! Мама! Што гэта?
    Але ў хаце нікога, апроч сястрыц, не было. Тады Сымонка хутка начапіў на сябе порткі і кашульку і пабег з хаты. Выбег у двор і жахнуўся: была поўна вуліца
    войска. Ішлі, ехалі вярхом на конях і на вазах. А дзесь за местам, ля могілак, на адгоне двух-трох вярстоў ад іх хаты, ішла частая страляніна. Па мястэчку стаяў шолам, як у лесе, як у дні вялікіх кірмашоў. Усё гэта ўз’юшыла Сымонку, прыдало яму бадзёрасці, імпэту, пацягнула з двара на вуліцу.
    — Сымонка-а, куды-ы ты прэшся? — супыніла хлапчука маці, запрымеціўшы, куды той бяжыць,— ці ты ашалеў, ці якое ліха? Бачыш, страляніна гэткая, што не давядзі госпад...
    — А дзе наш тата? — запытаў Сымонка ў мацеры.
    — Тата? He глядзі на тату... Ен пайшоў з цёмнага, дык і цяпер няма. Можа, таксама дзе-кольвечы кулю атрымаў...
    Пачуўшы гэта ад мацеры, Сымонка больш нічога не сказаў, а як уюн порстка шмыгануў з двара і захаваўся ў гушчы чырвонаармейцаў, падводаў.
    — Куды-і ты, абармоціна-а! Сто-ой,— выгукнула ўслед Луцэя і кінулася к весніцам, каб супыніць хлапчука. Але, выбегшы на вуліцу і акінуўшы ўзрокам шэрагі чырвонаармейцаў, якія неперарыўнаю чарадою выходзілі з аднаго канца вуліцы і накіроўваліся ў другі, яна не ўгледзела Сымонкі. Маладзіца ажно садрыгнулася ад пярэпалаху, але не ведала, што зрабіць, і ў нерашучасці прастаяла хвілін з дзесяць на адным месцы, а пасля вярнулася зноў у двор.
    Сымонка ж апукаю каціўся ўздоўж вуліцы к рынку. Яму ўвайшло ў голаў, што яго бацька павінен быць там, дзе адбываецца бойка з палякамі. Ен успомніў бацькавы словы, якія бліснулі яму чырвонымі іскрамі. Дзіцячае нутро, запаленае ад іх помстаю да паноў, да праціўных паноў, якія праз цэлы год так ліхамысна здзекаваліся з яго бацькоў, свідравала Сымонку, пхала яго бегчы на тое месца, дзе чынілася ім адплата.
    — Куды ты, пастралёнак? — перапынялі Сымонку чырвонаармейцы, хапаючы яго за руку.— Там цябе застрэляць, варочайся.
    Сымонка вырываўся і праныраў далей ды далей. Ужо каля рынка ён спыніўся. Страляніна падалася ўлева, за касцелішча. Каб бегчы да яе, трэба было звярнуць з вуліцы, пакіраваць на гароды, а далей — у луг к могілкам. Сымонка задумаўся, памеркаваў і раптам марскануў у бліжэйшы двор. He азірнуўся ні разу на чырвонаармейцаў.
    IV
    Праз некалькі хвілін ён ужо быў у лагу, у густой мяккай траве, на адгоне вёрст паўтары ад могілак.
    Між кустоў і ўзгоркаў, дзе хаваліся крыжы, не сціхалі раздавацца то частыя, то аднаразовыя стрэлы. Паміж імі чуліся людскія выгукі. Сымонку памарылася, што ў агульным голасе «ўра» адмецен голас яго бацькі. Ен узорыўся ў адну прагаліну між нізкага густога куста арэшніку і стромага покату ўзгрудку. Прытуліўшыся шчыльна да зямлі, ляжаў там чалавек і мерыўся з стрэльбы наўскасяк. Палкае ваабражэнне Сымонкі стварыла з чалавека яго бацьку: рудаватая шапка на галаве, кароткі чорны курцік — акурат. Хлапчук нязмігутна ўзіраўся і ўсё паўней і выразней адзначаў бацькавы рысы. Сэрца трапятала вострым жаданнем хутчэй апынуцца каля яго, каб хоць раз стрэліць у пана. Жаданне гнала Сымонку ўбежкі. Адно мігцелі белыя ножкі ў высокай мятліцы, путаючыся ў дзяцельніку і свірэпе. Сагнуўшы ручкі на востры вугал і падняўшы іх роўна з плячыма, ён рытмічна, як на гімнастыцы, пасоўваў іх то ўзад, то ўперад. Часта сапучы, Сымонка ціха шаптаў адны і тыя словы: «Хутчэй бы дабегчы! хутчэй бы дабегчы!»