Першацвет адраджэння
Выдавец: Народная асвета
Памер: 511с.
Мінск 1995
Вінцусь усміхнуўся.
«Вось і добра,— сказаў ён сам сабе.— Вельмі добра, што так выйшла. Адась маладзец, што пазнаёміў мяне з імі».
Даганяючы цень свой, усміхаючыся, ён ішоў у цёмны канец Касцёльнай.
* *
Далей было так.
Адась ад самай заводскай брамы ішоў у натоўпе рабочых, курыў і, паволі перастаўляючы ногі, час ад часу пазіраў на бакі, кагось шукаў поглядам і ўслухоўваўся ў гутаркі.
Непадалёк ад трамвая яго нагнаў Вінцусь. Ен непрыкметна кіўнуў галавою і пайшоў поруч. I адразу ж папрасіў закурыць.
Як закурвалі, крыху затрымаліся. Адась выняў з кішэні невялічкі папяровы скрутак і разам з папяросамі перадаў яго Вінцусю.
— Вось тут усё, што мы абяцалі, рэшта — справа вашая.
— Усё будзе як след. На заводзе вялікае нездавальненне рэдукцыяй. Лісткі сімпатыкі заўтра ж раскідаюць, і мітынг будзе толькі завяршэннем таго, што ёсць. Я даю слова, што першага жніўня мы будзем баставаць.
Вінцусь хваляваўся і не мог схаваць радаснай, ганарлівай усмешкі.
— Гэта вельмі добра,— сказаў шэптам Адась.— Новых дырэктыў ніякіх. Трэба абавязкова арганізаваць абарону ад шпіцляў і транспарант з лозунгам супроць рэдукцыі. Пакуль і ўсё. Я пайду наперад і паеду першым вагонам. Ты паедзеш наступным.
— Разумею. Будзь здароў.
У вагоне было цеснавата. Адась стаяў за плячыма высокага рабочага і з-пад пахі ў яго сачыў за тым, што рабілася.
Як садзіліся, адзін падняў з лаўкі згорнутыя ў пучок лісткі. Два лісткі ён перадаў суседзям, а адзін непрыкметна засунуў сабе ў кішэню. Адзін з тых, хто ўзяў лісток, адразу ж пусціў яго за акно. Папера мільганула за акном, пакружылася ў паветры і знікла за вагонам. А трэці лісток прачыталі. I як прачыталі, адзін з рабочых сказаў:
— Усё правільна, варта б арганізавана даць па рэдукцыі, толькі хто ў нас будзе рабіць гэта? Тут слова не так скажаш, і то ф’юць, а каб арганізоўваць, гэта ўжо сур’ёзней, чым адно слова...
I ён змоўк.
Вагон уздрыгваў, злёгку гойдаўся, бразгаў жалезам і густа звінеў, перасцерагаючы вуліцу і завулкі. I скрозь званкі і бразгат Адась яшчэ чуў абрыўкі гаворак у вагоне. Гаварылі пра знойдзены лісток. Але з тым, як набліжаўся трамвай да цэнтра, усё менш і менш заставалася ў 382
вагоне раоочых, і у напалову апусцелым вагоне, седзячы непадалёк ад выхаду, Адась прыкмеціў на сабе ўважлівы погляд аднаго з пасажыраў.
З’явілася трьівога. Разумеў, што трэба падрыхтавацца і непрыкметна знікнуць з вагона. Меркаваў, як бы зрабіць гэта, і, пазіраючы ў акно, сачыў за пасажырам.
Калі вагон наблізіўся да першага прыпынку, дзе ў вуліцы быў вялікі натоўп, пасажыр падаўся да задняй пляцоўкі, а Адась пайшоў наперад, каб першым выйсці з вагона.
А выходзячы з вагона, Адась пазнаў чалавека ў лёгкім, табачнага колеру, кепі ў клетку.
— А-а, мой стары знаёмы? — чалавек у кепі ўсміхнуўся і заківаў галавою.— Вельмі рад, вельмі рад такому спатканню,— сказаў ён.— Ну, якія ж поспехі ў пана?
— Я вас не ведаю,— здзівіўся Адась.— Пра што вы гаворыце, я не разумею вас, пане!
— О, гэта зусім не так важна, што пан мяне не ведае і не разумее. Гэта зусім не так важна. Важна, што я пана добра ведаю і разумею. I я прашу пана камсамольца пайсці за мной, вось сюды, зусім блізка адгэтуль...— Ен на хвіліну змоўк.
Цяпер Адась убачыў побач і пасажыра, які сачыў за ім у вагоне. Пасажыр стаяў, гатовы дапа.магчы чалавеку ў кепі.
— Н-ну, проша, проша пайсці за мной,— паўтарыў чалавек у лёгкім, табачнага колеру, кепі ў клетку і ўзяў Адася за локаць.
Побач з імі пайшоў і той, што быў у вагоне.
НАТАЛЛЯ АРСЕННЕВА (Нарадзілася ў 1903 г.)
Наталля Арсеннева нарадзілася ў г. Баку ў сям'і служачага. Пасля яе нараджэння бацькі пераязджаюць у Вільню. Вучылася дзяўчынка спачатку дома, а пасля паступіла ў Віленскую гімназію. У гады першай сусеетнай вайны сям'я Арсенневых звакуіравалася ў Яраслаўль і ў Вільню вярнулася толькі ў 1920 г. У 1921 г. Наталля паступіла на гуманітарны факультэт Віленскага універсітэта, але вучобу не скончыла, вымушана была пераехаць у Польшчу, куды быў пераведзены яе муж. У 1939 r. Н. Арсеннева аказалася ў БССР, працавала ў віленскай абласной «Сялянскай газеце». Неўзабаве, як жонка польскага афіцэра, з двума
сынамі была выслана ў Казахстан, а па хадайніцтву Саюза пісьменнікаў Беларусі праз гсд, у 1941 годзе, вернута на радзіму.
Друкавалася Н. Арсеннева на старонках заходнебеларускіх выданняў, у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1927 г. быў выдадзены яе зборнік «Пад сінім небам».
У гады вайны паэтэса працавала ў «Менскай (Беларускай) газеце». У 1944 г. кіравала аддзелам літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. У сувязі з наступленнем Савецкай Арміі была вымушана пакінуць радзіму. Некаторы час знаходзілася ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб. 3 1950 г. жыве і працуе ў ЗША. За гэты час апублікавала п'есу «Сваты» (1955), шэраг абразкоў. ГІераклала на беларускую мову лібрэта да опер, такіх, як «Вяселле Фігара» В. Моцарта, «Кармэн» Ж. Бізэ, «Цыганскі барон» I. Штраўса і інш.
ПРАЛЕСКІ
Мілыя, мілыя сінія кветкі, светлай вясны ўлюблёныя дзеткі! Кветак ёсць шмат, што за вас прыгажэй, толькі, пралескі, вы сэрцу бліжэй...
Гляну я ў вашыя сінія вочкі — і быццам бачу гайкі і лясочкі, дзе з-пад снягоў пазіраеце вы, мілыя дзеці вясны!
Толькі зірну я на вашыя краскі, ўспомню вясновыя шчырыя ласкі, ласкі і сонца й нябёс, песні, што ветрык прынёс з ясных палёў, дзе зямля абсыхае, сонца дзе зрання да ночкі гуляе.
Вашыя вочкі ў сабе адбіваюць сіняе неба і хмаркі, што таюць, будзіце ціхі, родны мне сум, нібы ў лесе вясняны той шум, будзіце сілы, што ўзімку драмалі, будзіце думкі, што скутыя спалі, будзіце шэпты надзей, што мне за ўсё саладзей...
Поўныя рожавай мглы пералескі вас гадавалі, красуні-пралескі, неба вас песціць, вам сонейка шле золата кос, пацалункі нясе ветрык вам весні... вас любіць вясна, вас па лясох рассыпаець яна.
Вы ўсцілаеце сцежку вясне, вы яе сымбаль, адзнака яе...
Мо вы таму мне за ўсё й саладзей, дзеці вясняных надзей?
ПЫТАННЕ
Даль, нябёсаў туманная даль тае, гасне над ліпаў калонамі, што усталі суценьмі зялёнымі паміж доляй ды мною, на жаль, і звіняць пад дажджом, як крышталь.
Цішыня... цішыня над старонкаю.
Ў срэбнай золкасці травы дрыжаць. Нат жаўронак і з песняю звонкаю ў гэткі дзень не ўзляціць сенажаць срэбрам гукаў з нябёс бласлаўляць, ані з зоркай рамонкавай тонкаю летні вецер не прыйдзе гуляць...
Божа! Дні мае, хіба што шчасныя, ціха сходзяць, сплываюць удаль, па сабе пакідаючы жаль, па мінулым— тугу перадчасную, што звініць, быццам кропляў крышталь.
1 пытаюся з болем міжвольным я: што ж ты робіш з душою, з сабой, як праходзіш жыцця пуціной, што ты робіш і з воляю вольнаю? Бо мінуць — і не вернеш, на жаль.
ВЯСЁЛКА
Лягла вясёлка мастом трымцівым, Мастом, сатканым з калёраў кволых,
ад мокрых сцежак, ад росных ніваў у бор сасонны, сівы й вясёлы. Красою чыстай ты цешыш вочы, красой нясталаю, як доля...
Чаго ж прыйшла ты, чаго ты хочаш, чаго ўзрунела, вясёлка, ў полі? Пацешыць хочаш нязвычнай казкай, узняць з нізінаў у вышу вока? Гарыць вясёлка нянаскай краскай, мастом трымцівым лягла высока. Мастом тым здані да нас зыходзяць з паднебнай вышы, з нязнаных даляў, вясняным чарам нас надзяць, зводзяць, калышуць спеўным напевам хваляў... 3 краіны дзіўнай маны й надзеі і сны сплываюць па ім, няйначай. Шчаслівы ж той, хто сніць умее, шчаслівы той, хто іх пабачыць!
ЛЕБЯДЗІНАЯ ПЕСНЯ
Дзень пусты і крыклівы прылёг цішынёю на межах. Трэскі смольныя вечар у хмарах сівых запаліў.
1 над жоўтым натоўпам асін у рызманнай асенняй адзежы горкі дым смалякоў туманамі паплыў і паплыў.
Гэтак ціха й чароўна-прыгожа ўсё ў белых абыймах туманаў...
Дзіўным, казачным морам пад ногі плыве сенажаць... Скуль бяруць вечары гэткі змрок і густы й серабраны. і ці можна у словах іх чар невыслоўны аддаць?
Але прыйдзе мой дзень, і знайду я патрэбныя словы, тыя словы, якія цяпер не пачую ніколі й нідзе, буду ўмець і чмялямі гусці ў раззалочаным цвеце ліповым і шаўковай шасцець асакой на зялёнай, зацвілай вадзе.
Ўсё папраўдзе скажу я тады, для сябе не пакіну нічога, ўсе памылкі, ўсе ўзлёты злічу і расою рассыплю ў лагох. Доут жыццю заплачу, рэшту з добрага, рэшту з благога, паспрабую аддаць яму, хай не злічу ці не ўспомню ўсяго.
Раскажу аб мяцеліцах ночных, няспаных да рання гадзінах,
супакоі асенніх змярканняў у яснасці сплаканых зор...
А ўсе словы у песню злучу я прыпевам нязнаным, адзіным. а ўсе песні — ў адзін, шчэ не чуты, магутны акорд!
Зашумяць, запяюць у акордзе мядзяныя хвалі калосся, пахінуцца зялёнай сцяной, загалосяць вяршаліны дрэў, туманамі заплача над жоўтымі пожнямі восень... Лебядзінаю песняю людзі ахрысцяць мой спеў!
У ГУШЧАРАХ
У гушчарах, затканых імглою, шэрым змрокам, на золку, ў зару ахвяруем Табе мы сабою кожны дзень, кожны час, Беларусь.
I няма ў сэрцах жаху ні жалю, мы адвагай змагарнай гарым: не чужыя жануць нас у далеч, але Ты нас вядзеш да зары.
I мы верым, яна разгарыцца, ўстане зноў над краінаю дзень, бо не стане змагар, не скарыцца, прад нягодай ніколі, нідзе.
Хмараў дым над галовамі тае, вецер дыхае мятай, быллём. Беларусь, Беларусь залатая, За Цябе, за Цябе мы ідзём!
МАЛІТВА
Магутны Божа! Ўладар сусветаў, вялізных сонцаў і сэрц малых. над Беларусяй ціхой і ветлай рассып праменне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай, на хлеб штадзённы, на родны край. Павагу, сілу і веліч веры у нашу праўду, у прышласць — дай! Дай урадлівасць жытнёвым нівам, учынкам нашым пашлі ўмалот. Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ!
ПАЎЛЮК ТРУС (1904—1929)
Павел Адамавіч Трус нарадзіўся ў вёсцы Нізок, што на Уздзеншчыне, у беднай сялянскай сям'і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Нізаўскай чатырохкласнай школе. У 1923 г. паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, потым вучыўся на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. 1923 год адметны ў творчасці П. Труса тым, што ў гэты час з'яўляюцца ў друку яго першыя творы, і тады ж паэт уступае ў аб'яднанне «Маладняк».
Пры жыцці паэта выйшлі зборнікі «Вершы» (1925) і «Ветры буйныя» (1927).
Паэзія Паўлюка Труса, асабліва ранняя, прасякнута рэвалюцыйнай рамантыкай, узнёслай настраёвасцю, светлымі фарбамі, радаснымі матывамі. Паэт выкарыстоўваў у сваёй творчасці паэтычныя традыцыі і багаты вопыт А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, М. Багдановіча, Я. Купалы. Паўлюк Трус — лірычны паэт па сваім светаўспрыманні. Менавіта лірычным ладам, глыбокім унутраным перажываннем вызначаюцца яго паэмы і вершы.