Першацвет адраджэння

Першацвет адраджэння

Выдавец: Народная асвета
Памер: 511с.
Мінск 1995
120.3 МБ
— Confiteor Deo,— густым басам сказаў прэлат.— Omnipotenci...
I тады здарылася нечаканае. У першы момант публіка была шакіравана, бо ўсе тры духоўныя асобы пазакасвалі сутаны, і пад імі аказаліся даволі непрэзентабельныя штаны. У наступны момант публіку паралізаваў жах. Патэры, як па камандзе, размахнуліся і... страшэнны ўдар грому пакрыў аэрадром. Полымя ўспыхнула ў зашклёнай гандоле пярэдняга бамбардзіроўшчыка, у паветра паляцелі абломкі, рэха гор паўтарыла цяжкі гул, і не сціх ён яшчэ, як патэры дружна ўзмахнулі рукамі...
Наступныя тры гранаты трапілі ў самы цэнтр анямелага натоўпу. «Капроні» гарэлі яркім полымем. Вялізны слуп
агню ўзняўся ўгару, потым нахіліўся і лізнуў пажоўклую траву аэрадрома.
— Confiteor! — крыкнуў прэлат, кідаючыся да машыны.— Назад! Поўным ходам!
У паніцы і замяшанні ніхто не ўбачыў, куды падзелася аўто з біскупскімі гербамі.
Яе затрымалі толькі на шасэ. Шофер рэзка затармазіў.
— Нашы,— сказаў ён, адварачваючыся да патэраў.
— Нашы,— пацвердзіў Хуан.— Гэта, мусіць, першы батальён.
Па полі беглі рэспубліканскія байцы. Яны ўмомант акружылі машыну.
— Папы! — крычалі байцы.— Вылазьце, даўгаполыя!
Хуан вылез і пачаў знімаць сутану. Пад сутанай аказаўся «маўзер». Потым камандзір, які хадзіў за вікарыя, растлумачыў байцам, у чым справа. Праз момант аўто імчала да біскупскай рэзідэнцыі. Атрад, які ішоў на злучэнне, прыбыў. Горад быў акружаны, і фашысцкая калона сядзела ў мяшку.
Хутка загрымела артылерыя. Ланцугі рэспубліканцаў ішлі з гор проста на горад. Увечары ён быў узяты. Генерал Лопец не бачыў разгрому сваёй калоны. Ен быў забіты ў час урачыстай месы.
ВАСІЛЬ КАВАЛЬ (1907—1937)
Васіль Пятровіч нарадзіўся ў вёсцы Сава, што на Магілёўшчыне. Сапраўднае яго прозвішча — Кавалёў. Пачатковую адукацыю атрымаў на агульнаадукацыйных курсах у Горках. Вучыўся ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме, потым — на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфакультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, але не скончыў яго і пайшоў працаваць.
Пачаў друкавацца з 1925 г. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Васіль Каваль пачынаў свой творчы шлях з напісання вершаў і лірычных замалёвак. Пісаў таксама і апавяданні, іх характэрная рыса — рамантычнаўзнёслая вобразнасць і эмацыянальнасць. Гэта можна заўважыць, чытаючы апавяданні «Ноч», «Ліпы», «Нянавісць», «Жніво», «Ілька» і інш. У больш позніх апавяданнях В. Каваль імкнецца да рэалістычнага асэнсавання з'яў жыцця і, што адметна, да паглыбленага псіхалагічнага аналізу
(апавяданні «Ноч на моры», «Мацней за смерць», «Шчасце Сілівея Зязюлі»).
Выйшлі зборнікі яго твораў—«Як вясну гукалі» (1927), «На загонах» (1928), «Крыніца» (1929), «Выбраныя творы» (1932), «Выбранае» (1959), аповесці для дзяцей «Санька-сігналіст» (1934) і «Следапыты» (1936, 1961).
МАЦНЕЙ ЗА СМЕРЦЬ
Сярод асляпляюча белых сцен, у бальніцы, ляжаў, прыкаваны да ложка, чалавек, які пражыў кіпучае, слаўнае жыццё. Яго некалі магутныя грудзі душыў кашаль. Ліпучымі згусткамі, павольна, ён выплёўваў кроў, і здавалася, што ён выплёўвае кавалкі свайго сэрца, некалі пранізанага агнявымі вятрамі чатырох старон Рэспублікі.
За акном у горадзе наступала пышная, радасная, надзвычайная вясна. Яго цягнула да акна, да сонца, але ў апошнія дні ён ужо не мог уставаць.
Па некалькі разоў у дзень да ложка хворага падыходзіў стары лысы вопытны доктар. Праціраючы акуляры і жмурачы блізарукія вочы, пытаў:
— Ну, Мартын Андрэевіч, як мы папраўляемся?
— Папраўляемся, доктар! Без гэтага няможна. Самі ведаеце — вясна! Чуеце, як на дрэвах покаюць пупышкі...— Трымаючыся за сэрца, прабаваў жартаваць Мартын Андрэевіч.
— М-да... Гм-м... Вясна... Пупышкі, кажаце...— гледзячы на тэрмометр, расцягваў доктар.— Вы, Мартын Андрэевіч, гэтае, папраўляецеся, як на дражджах.
— Інакш, доктар, не магу — у мяне старая закваска.
Доктар павольна ківаў лысай пукатай галавою, даваў парады і, мякка шлёпаючы падэшвамі, адыходзіў у кабінет.
Дні для Мартына Андрэевіча цягнуліся марудна: яны былі напоўнены цішынёю і найтанчэйшым пахам лекаў. Тое, чаго ён ніколі не адчуваў на працы — адзінокасці,— цяпер з неймавернай сілай гняло яго ў цяжкія хвіліны.
«Страшна паміраць, не дакончыўшы такое жыццё,— часамі ўначы думалася Мартыну Андрэевічу.— Калісьці смерць глядзела на нас тысячамі вачэй. Мы прайшлі праз агні і — перамаглі. I вось зараз наступае фізічнае разбурэнне тых каморак, у якіх ураганам бушавала кроў».
I Мартыну Андрэевічу думалася аб пройдзеных гадах,
аб сваёй маладосці, якую ён усю аддаў барацьбе, аб няскончанай рабоце...
Досыць часта прыходзілі ў бальніцу хто-небудзь з рабочых сталеліцейнага завода наведаць свайго майстра. Яму расказвалі пра завод, пра навіны, і тады ў Мартына Андрэевіча разгладжваліся каля вачэй маршчынкі і ў пасівелых вусах блукала цёплая ўсмешка. Побач былі блізкія таварышы, з якімі плячо ў плячо праходзіў фронт, не было ні адзінокасці, ні адчування асуджанасці...
Аднойчы дзяўчаты-камсамолкі прынеслі яму першых вясновых кветак, белых як снег і сініх як неба. Маладосць прынесла ў палату вясну. Кветкі напомнілі яму зялёны шум леса і птушыны шчэбет. Яму здалося нават, што ён адужаў...
Пасля гэтага бадай што кожны дзень яму стала прыносіць кветкі сястра-практыкантка Таня. Была яна вельмі маладая, невысокая, з светлымі вачыма і чорнымі кудзеркамі. Бадай што кожны дзень яна ставіла на столік пучок кветак у шклянцы вады і ветліва гаварыла:
— Мартын Андрэев:ч, а я вам кветак прынесла...
— Дзякую, дзякую, даражэнькая! — адказваў Мартын Андрэевіч, і цёплыя іскры загараліся ў яго вачах пры поглядзе на гэтую дзяўчыну. Як нейкі даўно забыты вобраз, які пакутна цяжка ўспомніць, як напамінак, стаяла перад ім гэтая дзяўчына.
I калі Мартын Андрэевіч, пакутна наморшчыўчы лоб, асабліва пільна прыглядаўся да яе, Таня ўзрушана закрывала вочы густымі чорнымі расніцамі.
— Хочаце, Мартын Андрэевіч, я вам пачытаю,— гаварыла яна, сядала на крэсла побач і разгортвала недачытаную кніжку.
Таня чытала звонкім прыемным рэчытатывам і зрэдку пазірала на Мартына Андрэевіча, каб пазнаць, ці не надакучыла яму.
Мартын Андрэевіч уважна слухаў, але думаў аб сваім.
Таня не магла разгадаць гэтага яшчэ не старога чалавека, у якога ў чорных валасах быў іней суровай зімы. Яна адчувала, што ён многа перажыў. Яна вельмі ўважліва прыглядалася да яго і чамусьці ніяк не магла загаварыць з ім аб яго жыцці.
Аднойчы Таня спытала ў доктара:
— Скажыце, доктар, хто ён такі?
— М-да... гэтае...— сказаў доктар, выпісваючы нейкі рэцэпт.— Чалавек —гэта гучыць горда! Але прыходзінь
амартызацыя сэрца — і чалавек, гэтае, у «зямлю атыдзешы»... Гэты чалавек, дарагая мая, перанёс горы пакут — катаргу, грамадзянскую вайну, за геройства мае ордэн — і вось прыйшла амартызацыя...
— Скажыце,— перабіла яго Таня,— ён будзе жыў?
Доктар, углубіўшыся ў мудрасць лацінскіх закаручак, відаць, не дачуў і нічога не адказаў. Таня асцярожна выйшла з кабінета.
Увечары Мартын Андрэевіч першы загаварыў з Таняй: ён стаў распытваць пра жыццё, пра яе, пра бацькоў. Лёгкая чырвань пакрыла шчокі ў Тані. Перабіраючы ў руках рог беласнежнага халата, закрыўшы вочы расніцамі, яна разгаварылася:
— Вы пытаеце пра маіх бацькоў?.. Hi маці, ні бацькі я не памятаю. Мне гаварылі, што бацька забіты на грамадзянскай вайне, каля Нёмана. Белыя расстралялі яго. Маці служыла з ім у адным палку — яна была сястрою ў лазарэце... Хутка пасля таго, як не стала бацькі, маці пераехала ў Сібір. Там і я нарадзілася ў адным маленькім гарадку. Мне яшчэ і года не было, як памерла маці ад тыфусу...
Мартын Андрэевіч моўчкі слухаў, не зводзячы вачэй з дзяўчыны. А яна была задаволена тым, што гэты чалавек так уважна слухае яе.
— Мяне аддалі ў дзіцячы дом,'— гаварыла яна.— Там я і вырасла. Там я скончыла медыцынскі тэхнікум. Я зусім нядаўна прыехала сюды. Мне вельмі захацелася пажыць тут, на радзіме маіх бацькоў. Можа я знайду знаёмых, пачую што-небудзь пра іх. Вось і ўсё... Ад мамы засталася мне адна фатаграфічная картка... Што вы так пазіраеце на мяне?
Таня падняла вочы на Мартына Андрэевіча. Яго маршчыны каля брывей былі зведзены, нібы ён сіліўся нешта ўспомніць.
He то здзіўленне, не то трывога былі на твары Мартына Андрэевіча. Ен глуха закашляўся і паваліўся на падушку. 3 незвычайнай шпаркасцю закружыліся ў галаве мыслі і гады — да болю шпарка, аж пацямнела ў вачах.
Нешта даўняе-даўняе, знаёмае было ў гэтай дзяўчыне. Яе рысы напаміналі ўсё тое, што было дзевятнаццаць год назад. Яго мучыла разгадка. Халодны пот выступіў на лбу. У непрытомнасці ён шаптаў імя жанчыны.
Але гэтага ніхто не мог разабраць.
Калі ён супакоіўся, Таня асцярожна, на цыпачках адышла ад ложка...
Усю ноч ён трызніў. Перад ім кружылі віхры грамадзянскай вайны, пералівалася сіняя рака Нёман... Ен — малады камандзір эскадрона... Сястра Ульяна Бельская! Ен у белым палоне, яго вядуць расстрэльваць. Вось ён, ранены, уцякае. Бяжыць лесам, пераплывае Нёман... Дзе ты, Ульяна Бельская? Няма на старым месцы лазарэта. Кругом эшалоны смерці. У прасторах краіны загубілася імя жонкі Ульяны Бельскай. Доўгія гады пошукаў па розных кутках краіны — і нідзе не чутна імя Ульяны Бельскай — баявога таварыша. Няўжо гэта была яна? I вось праходзяць доўгія гады — ух якія бурныя гады!
Наступнай раніцой Мартыну Андрэевічу стала лягчэй. Усё, што яму трызнілася, ён дрэнна памятаў...
Прыйшла Таня і прынесла кветкі, белыя як снег і сінія як неба. Мартын Андрэевіч прыветна кіўнуў ёй галавой. Яна села на крэсла побач і, як заўсёды, прапанавала:
— Хочаце, я вам пачытаю вершы.
Яна раскрыла томік і пачала чытаць. I пасля слоў:
Нас воднла молодость В сабельный поход. Нас бросала молодость На кронштадскнй лёд. Боевые лошадн Уноснлн нас, На шнрокой плошадн Убнвалн нас...
— Досыць! — сказаў Мартын Андрэевіч. (Яго хваляванне заўважыла Таня.)
— Што з вамі, Мартын Андрэевіч? — занепакоена спытала яна.— Вам нельга хвалявацца. Вы менш думайце пра свой завод. Вы, напэўна, многа думаеце аб сваёй сям’і — таксама пакіньце...
Смутная, ледзьве ўлоўная ўсмешка прапаўзла па яго вуснах.
— Калісьці даўно... дзевятнаццаць год таму назад, у мяне была сям’я — жонка, дзіця павінна было нарадзіцца... Мая сям’я загубілася... Я многа гадоў шукаў — і не знайшоў. Напэўна, няма ў жывых...