• Газеты, часопісы і г.д.
  • Першацвет адраджэння

    Першацвет адраджэння


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 511с.
    Мінск 1995
    120.3 МБ
    ВАЛЕРЫ МАРАКОЎ (1909—1937)
    Лёс гэтага чалавека трагічны, як і многіх майстроў слова 20—30-х гг. Нарадзіўся паэт непадалёку ад Мінска, у вёсцы Акалонія. 3 дзяцінства яго бацька, выдатны муляр, браў з сабою сына на работу. Памагаючы бацьку, Валера таксама стаў добрым майстрам. I неўзабаве слава пра спраўных печнікоў разышлася далёка па наваколлю.
    Аднак хлопца больш цягнула да навукі, да кніг, да паэзіі. Ен палюбіў творы М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Лермантава, С. Ясеніна. I сам рана пачаў пісаць вершы. Яму яшчэ не было семнаццаці гадоў, калі выйшаў яго зборнік з пяшчотнаю назваю «Пялёсткі» (1926). Праз год — новая кніжка «На залатым пакосе». Вершы В. Маракова напеўныя, лёгкія, добра запамінаюцца, таму ён адразу стаў папулярным паэтам.
    В.	Маракоў скончыў педтэхнікум, а затым у 1934 г. Мінскі педагагічны інстытут. Абаяльны, добразычлівы, кампанейскі, ён мае шмат сяброў — добрых паэтаў. Сярод іх — Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Грахоўскі, Юрка Лявонны, Тодар Кляшторны. Яго любіць і часта запрашае да сябе пагутарыць Янка Купала. У 1930 г. выходзіць яго новая кніжка «Вяршыня жаданняў», затым у 1933 г.— «Права на зброю». Пасля смерці выдадзены зборнік «Лірыка» (1959).
    Займаўся В. Маракоў і перакладчыцкай дзейнасцю, быў актыўным членам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». Ахвотна ездзіў па рэспубліцы з мэтай папулярызацыі беларускай літаратуры.
    Малады, актыўны, таленавіты паэт быў знішчаны ў 1937 г.
    * * *
    Эх, прастор сінякудрых палёў, Срэбралістая рэчка ў даліне, А над рэчкай фальварак разлёг I купаецца сонца у сіні.
    I над рэчкай бярозавы смех Віхрамётнай праносіцца хваляй, To ускочыць на золата стрэх, To ў калоссях шнуроў закрышталіць.
    Я схіліўся над белым пяньком, Песні слухаў і думаў пра горад Там, дзе вуліц шырокі пракос Прада мною ляжаў вельмі горда.
    Там, дзе молата звонкі удар Мяне зваў на жыццёвыя хвалі,— Я на хвалях тых сонца аддаў За напевы віхрастыя сталі.
    Ну дык што ж! Ў сэрцы буйным ізноў Устае безумоўна жаданне,
    Каб пачуць спевы гулкіх станкоў
    I згубіцца ў сталёвым тумане.
    Зялёны месяц над ракою Ўстае ў крыштальных пералівах, I ночка сінім васільком Схіліла твар свой сіратлівы.
    Ой, ночка!.. ночка!.. Над акном Рабіна блішча пазалотай, I устаюць жаданні зноў Пайсці на рэчку, на балота. Пайсці і песняй маладой Зноў ажывіць жыццё дубровы, Што голле нізка над вадой Схіліла ў полымі сталёвым. I, дзе вясны жыццё цвіло, Дзе вецер песні кідаў срэбрам, Яна разгонам шчырых слоў Ізноў мо скажа: «Ты патрэбны...» Ой, месяц!.. месяц над ракой Ўстае, смяецца, б’е паклоны, I ночка сінім васільком Схіліла твар свой на загонах.
    ТАВАРЫШ НЮРЫН
    (Урывак з паэмы.)
    Ах, чаго так месяц хмарай Прытуманены?
    Што ж ты прызадумаўся, раскудравы мой? Ці аб маладосці, Крыўдамі параненай, Ці аб вечнай тайне Мудрасці людской?..
    He катуй без часу Юных і бунтуючых I не блытай сцежкі к светлым Берагам...
    Маладосць ахвярам і любві даруючы, Будзь такім жа светлым і харошым Сам...
    На бунтоўным моры Чалавечых мараў Сёння твораць шчасце — новае зямлі, Каб мільёны фабрык ад агню і пары Да энергій сонца перайшлі...
    I ў палях, абведзеных Залатымі сцежкамі, Каласіўся горда вечны ураджай. I каб людзі сёння, 3 залатымі ўсмешкамі, He былі братамі смерці ды крыжам.
    ПЯТРУСЬ ГРАНІТ (1909—1980)
    Іван Пятровіч Івашэвіч —сапраўднае імя Петруся Граніта. Нарадзіўся ён на Гродзеншчыне, у вёсцы Зачэпічы. Сям'я Івашэвічаў жыла вельмі бедна, гаспадаркай займалася толькі маці. Бацька ў пачатку імперыялістычнай вайны быў прызваны ў армію. Вярнуўся толькі ў 1922 г. цяжка хворы і неўзабаве памёр. Маленькаму Івану давялося памагаць маці, рабіць самую цяжкую, дарослую працу. Гаспадарчыя справы займалі шмат часу, таму ў школу хлопчык хадзіў вельмі рэдка.
    У 20-я гг. П. Граніт далучаецца да вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Знаёміцца з беларускімі газетамі і кніжкамі, наведвае мітынгі. За рэвалюцыйную дзейнасць
    П. Граніт не раз арыштоўваўся ўладамі Польшчы. У 1933 г. прымае ўдзел у нелегальным з'ездзе беларускіх лісьменнікаў, які праходзіў у Вільні. У гэтым жа годзе П. Граніт упершыню выступіў у друку. Яго верш быў надрукаваны ў «Беларускай газеце». Праз некаторы час паэт падрыхтаваў да друку свой першы зборнік вершаў, які назваў «Над хвалямі Нёмана». Аднак зборнік так і не ўбачыў свет. Ен быў ужо ў наборы, але пачалася Вялікая Айчынная вайна...
    Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў старшынёй Беліцкага сельскага Савета. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады. Паэт друкаваў свае вершы пад псеўданімам Мацей Гвозд.
    Пасля Вялікай Айчыннай вайны П. Граніт скончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча і працаваў настаўнікам. Доўгі час быў загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. У 1978 г. выйшаў у свет яго зборнік паэзіі для дзяцей «Сцяжынка».
    Пахаваны Пятрусь Граніт у роднай вёсцы Зачэпічы.
    ХІТРЫ АСАДНІК
    I МУЖЫК-ЗДАГАДНІК
    У час касьбы, у час спякоты Хлеба мала, а работы!..
    Дык згадзіўся наш Мікіта Дзень касіць за торбу жыта У асадніка, у пана.
    Ўстаў да ўсходу, выйшаў рана. Касец коскаю махае, Пан на пяты насядае, Каб скасіў яму ўсю «лонку» Да заходу яшчэ «слонка». Але сонца ўжо заходзіць, Неба месяц абыходзіць, А касіць яшчэ кавалак — Сенакосу самы ўзвалак...
    Пан падходзіць да Мікіты: — Ўзышоў месяц, паглядзі ты! Гэта ж сонцаў брат, няйначай,— Мне сягоннячы удача: Свяціць хоча, пакуль скосім, Мы яго за стол запросім!..
    А касец не заікнуўся, Ў вус ён толькі пасміхнуўся: — От дакосімо, і квіта, Атрымаць мне рупіць жыта... — Скончана! Давай разлік,— Весела сказаў мужык.
    Мех да торбы ён прышыў, Дзірку ў торбе пралупіў. Ну, сып, паночку, торбу жыта! — А мех навошта, адкажы ты? — Які тут мех, пан слепават? Гэта ж торба і торбін брат.
    ХАЧУ СПАТКАЦЬ ВЯСНУ
    Хачу спаткаць вясну
    Пад гукі вольных песень.
    Пасля цяжкога сну
    Угледзець свой прадвесень.
    Хачу спаткаць вясну, Вясну красы, усмеху. I на цяжкім шляху Паставіць шчасця веху.
    СЯРГЕЙ КРЫВЕЦ (1909—1945)
    Лёс гэтага мужнага, адважнага і таленавітага паэта — яскравы прыклад для моладзі. Сяргей Міхайлавіч Крывец, які нарадзіўся ў вёсцы Дубна Гродзенскага раёна, сваім жыццём даказаў, на што здольны чалавек, які выхаваў сілу волі, мае мэту ў жыцці і не губляе духоўнай арыентацыі. Здавалася б, жыццёвыя абставіны, доля ў тагачаснай Заходняй Беларусі, непрадказальнасць падзей зрабілі ўсё, каб зламаць чалавека, пазбавіць яго жадання займацца літаратурай, але ж не... Сяргей насуперак перашкодам выстаяў і стаў добрым паэтам.
    Сяргей Крывец нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Быў пастухом, цесляром. Спачатку ён займаецца самаадукацыяй, а потым вучыцца ў Беластоцкім педагагічным інстытуце (1940—1941). У 1930—1933 гг. жыве ў Гродна, з 1933 па 1944 гг.— у Беластоку, дзе ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху.
    С.	Крывец рана далучыўся да асветнай работы, узначаліў у 1928 г. мясцовы гурток Таварыства беларускай школы,
    У час Зялікай Айчыннай вайны Сяргей Крывец быў на фронце. За тыдзень да заканчэння вайны ў час штурму Гдыні паэт загінуў.
    Вершы С. Крыўца друкаваліся ў прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У часопісе «Заранка» ён выступаў пад псеўданімам Сярожа Пастушок. Пасля смерці творы С. Крыўца былі змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967). Славуты Р. Шырма склаў у 1972 г. кніжку вершаў С. Крыўца «Дубок».
    Небагата напісаў Сяргей Крывец, але ж зробленае ім заслугоўвае ўвагі. Палову поспеху прынесла яму грунтоўная самаадукацыя. Дастаткова сказаць, што пісаў ён на беларускай, рускай, польскай і нямецкай мовах.
    ДУБОК
    Дубок падцяты малады Пры першай буры марна згіне. Пры ім жыццю — такой бяды, Ды з жалем ён яго пакіне. Нядаўна жыў і красаваў I быў таго ж жыцця аздобай, Цяпер зялёны ліст завяў Прадчасна скошаны хваробай. Праходзіць ноч. Ўстае зарніца. Дубок галінкамі дрыжыць. Ен просіць сонца: — Дай мне жыць!
    Ен смерці холаду баіцца. Злятае дзень, і звод нябёс, Прыбраўшысь зорамі, іскрыцца. Дубок раняе кроплі слёз... Каго прасіць, каму маліцца? I ўжо згубіў надзею ён. Надарма ўсе яго старанні. Праходзіць рад апошніх дзён, Ен загаіць не можа раны. I крыўды горкай пачуццё Іржой лісткі яго з’ядае. Наўкол дубка цвіце жыццё — Дубок маўкліва памірае.
    ЧАМУ HE ЙДУ Ў ЛІТАРАТУРУ
    Чаму не йду ў літаратуру I я з адточаным пяром Тварыць народную культуру, Нясці яе на пералом?
    Ці словам уладаць не ўмею? Ці я звычайны вершаплёт? Чаму бо выйсці я не смею 3 пяром туды, дзе мой народ? Ці ж я дрыжаў, калі касою 3 другімі праганяў пракос?
    Ці я чужою паласою Снапоў замала перанёс? Ці можа цэпам не удэрыў Як след у часе малацьбы? Ці можа болей я не веру Ў законы нашай барацьбы? Хваліцца мы не маем чым, Маўчаць нам грэх перад народам, Аднак упарта мы маўчым, Як рэкі бурныя пад лёдам.
    I што, браты, за шчасце ў нас? I што за лёс такі ганебны?
    Ці то на ўсё патрэбен час?
    Ці можа лепшы гарт патрэбны? Ды часу многа уплыло, Што хваль на Нёмне — не палічыш,
    А гарту хіба не было?
    I гарту мы яшчэ пазычым. Чаму ж загналі нас ў тупік? Чаму закрылі вокны, дзверы? I што такое панскі шпік Для рук ад плуга і сякеры? Часіна злая, што й казаць, Ў апошнім часе, трэ прызнацца, He можам думак павязаць, А ўжо на подзвіг — і не ўзняцца. Мы чахнем, сохнем без пары, I нашы горныя палёты, Як камень, коцяцца з гары Ў зыбун мяшчанскага балота. Як быць? Завошта учапіцца?
    I дзе падзеўся пункт апору?
    Як можна з гібеллю мірыц'ца, Чаму пра гэта не гаворым?.. Я згодзен з тым, што можна гінуць 3 спакойным сэрцам і сумленнем, Калі ўдалося след пакінуць, Засекчы ствол, зламаць галіну На знак наступным пакаленням. Туман і той расою сядзе, Замкне ў прыродзе нейкі круг, Найменша кропля ў вадападзе I тая робіць нейкі рух.
    А мы... а мы жывыя людзі! Мы — фокус бачымых міроў, У нас ёсць розум, ў нашых грудзях Кіпіць збунтованая кроў, Навошта ж мы тады марудзім? Загінуць так, як тая свечка Накрыта цёмным каўпаком, На свет радзіцца батраком, А кончыць подлым чалавекам,— Хай трахне гром такую долю! Тады зусім не варта жыць. Падобным лёсам даражыць — Мне сорамна свайго мазолю. Няма закону быць рабамі.
    Мы ведаем закон жыцця: Ратуй жыццё сваё зубамі, Калі не змог ужо рукамі, За волю біся да канца. За міг адзіны людскай волі Аддай няволі сто гадоў,— I ўжо ты жыў, з цябе даволі, Ты апраўдаць сябе гатоў. Калі б святыя намаганні Ты дарма толькі пагасіў, Прыняць адкрытае змаганне Ў цябе яшчэ замала сіл,— Зыдзі набок, зашыйся ў нору, Чакай спрыяючай пары, А час прыйшоў, ты выбраў пору, За горла ворага бяры.