Першацвет адраджэння
Выдавец: Народная асвета
Памер: 511с.
Мінск 1995
Штукар наш Трахім. Змалку яго на ўсякія штукі здало. Бывае, штукуючы, сам сябе да жалю давядзе, але свае натуры не пакідае.
ЛАРЫСА ГЕНІЮШ (1910—1983)
Ларыса Антонаўна Геніюш (дзявочае прозвішча Міклашэвіч) нарадзілася ў былым маёнтку Жлобаўцы Ваўкавыскага павета. Скончыла Ваўкавыскую гімназію. Муж
яе, I. П. Геніюш, набываў медыцынскую адукацыю ў Празе, і ў 1937г. маладая сям'я выехала ў Чэхаславакію, дзе іх і напаткала вайна.
Друкавацца пачала з 1939 г. Вершы Л. Геніюш, напісаныя ў перыяд расстання з Бацькаўшчынай, прасякнуты шчырай замілаванасцю, любоўю і сумам па Айчыне, тугой па родных мясцінах. У Чэхаславакіі выходзіць яе першая кніжка вершаў «Ад родных ніў» (1942).
У час вайны Геніюшы вярнуліся на Беларусь. Сталінскія рэпрэсіі і вайна глыбокімі ранамі працялі сэрца Ларысы Антонаўны — у Казахстане на высылках памёрла яе маці, трагічна загінуў бацька, браты Аркадзь і Расціслаў не вярнуліся з фронту... Душою пакутуючы за лёс народа, Ларыса Геніюш стварае вершы, прасякнутыя прарочымі прадчуваннямі народнага і асабістага гора. Яна як бы прадбачыць свой лёс, прадвызначаны нядоляй.
1948 г.— трагічны для Геніюшаў, менавіта ў гэтым годзе яны былі арыштаваны і прыгавораны Вярхоўным судом БССР да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1956 г. пасля высылкаў Геніюшы прыехалі ў Зэльву на пастаяннае жыхарства.
Увесь час, нягледзячы на нялёгкія жыццёвыя абставіны, Л. Геніюш пісала вершы. У 1967 г. выходзіць зборнік паэзіі «Невадам з Нёмана», зборнікі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976), лірычныя зборнікі «На чабары настоенае» (1982), «Белы сон» (1990), у 1993 г. выходзіць кніга ўспамінаў Л. Геніюш — «Споведзь».
Паэзія Л. Геніюш вельмі багатая і разнастайная. Паэтэса шырока выкарыстоўвала беларускі фальклор, вобразы вуснай народнай творчасці. Нямала вершаў яна прысвяціла гістарычным асобам Беларусі — Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Кастусю Каліноўскаму. Шчымлівыя, душэўныя вершы Ларысы Геніюш прысвечаны самаму дарагому — сваёй Айчыне. Блакіт неба, разлогі-палі, сінявокія рачулкі, беларускія вёсачкі, спакойныя, праўдзівыя і добрыя людзі — да ўсяго Ларыса Антонаўна ставіцца са шчырай любоўю і замілаванасцю. Яна любіць сваю Бацькаўшчыну, народ беларускі, гатова дзеля іх на любую ахвяру.
Творчая спадчына Ларысы Геніюш не ўся сабрана і выдадзена. Многія творы яшчэ ў рукапісах і, на жаль, пакуль што не дайшлі да чытачоў.
мой лен і сны
Кволы лён мой напіўся расы — быццам з воблакаў сіні наліўся.
Буду ткаць дываны, паясы для таго, хто мне ўночы прысніўся...
Будзе кужаль за снег той бялей, пояс ўзорны, як межанька наша; пазірацімуць людзі ў сяле, калі мілы яго падпаяша!..
Няхай, змыты дажджамі, расце, хай сінее у ранні імглістым так высокі, як тое трысцё, як той шоўк, так мяккі, валакністы!
Мама кажа: — Ты зрэб’е аснуй! Яно болей патрэбна у хаце.
А мне хочацца толькі вясну Ды палі свае родныя ткаці.
Кажа мама: — Вось світкі няма!
За сукно трэ, дачушка, узяцца... Ах, сукно вытча мама сама — там жа ўзорам палі не ірдзяцца!
Вельмі шэрае тое сукно,— я ж хачу ткаць вясёлкі і краскі; аснаваць так прадно за прадном, каб дыван быў, як родная казка!
Так цвяцісты, як нашы лугі, як палі з васільковаю грывай;
быццам Нёман шырокі, даўгі, быццам хвалі яго мігатлівы.
Ты ж расці, валакністы мой лён... Апалю цябе рожавым раннем, спраду, вытку дзявочы свой сон, аснаваны гарачым каханнем!
Ўсё, што цешыць, і ўсё, што баліць, на палотны узорам раскіну:
хвалі, краскі, калоссе, палі — ўсю красу наймілейшай Краіны!
НІШТО TAK HE МІЛА
Нішто так не міла, як хатні агонь, што сэрца астылае грэе.
Нішто так не міла, як родны загон, што сам калісь хлебам засеяў.
Нішто так не міла, як бацькавы кут, як гул калаўроткаў увечар, як гоман вясёлы цапоў на таку, як дзедава казка ля печы.
Нішто так не міла, як шнур нашых хат, гасцінныя нашы парогі і вербы, што сталі зялёныя ў рад ля стрункай далёкай дарогі.
ЕСЦЬ КРАЙ АДЗІН
Есць край адзін пад прамяністым небам, даступны сяння толькі маім сном, дзе гожы луг ля цёмна-сініх грэбляў засланы снежна-белым туманом.
Там недзе ў хвалях рэкаў перазвонных, ў палёх, дзе зацвітаюць васількі, у ачох дзяўчат і ясных лехаў лёну губляе неба цудны свой блакіт.
Далоні й сэрца зроднены з раллёю, а душы з краем ў наквеці галін. Там Нёман пенным бурыцца прыбоем, ніў хусцем ярым сцелюцца палі. Шуміць пшаніца залацістым чубам, звісае з вецця перламі авёс, заносліва ірдзіцца сіні лубін, а грэчка кволая лунаецца з палос.
Есць край адзін, аквечаны юргіняй, край, тканы зеленню узорыстых краснох, край, вышыты у пацеркі калінаў, дзе ноч з расой сядае на парог і чэша косы доўга, задумлёна,
ўплятае зоры ў цемень валасоў, блядыя рукі выцягае сонна і надзіць месяц, каб апаў далоў.
Есць край адзін, так свету мала знаны, дзявочы край між сіні і зарніц, дзе дню насустрач конь іржэ буланы, гатовы ў полі вецер даганіць.
Вятрамі чэсаны і росамі умыты, дзе гоні з сонцам мерае сявец, і гнецца ў пояс каласамі жыта...
Есць край адзін — мой цэлы, цэлы свет!
ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ
Мінуласць ляжыць надмагільным вянком над тымі, што ў смерці застылі, ззяе святлом праз цемру вякоў святое імя Ефрасінні.
А доля ж была ў крывіцкіх жанчын з кудзеляю, з прасніцай злучана.
Яна ж за асветніцкі слаўны пачын дастойна прайшла ў неўміручасць.
Ад Лады, вяснянай красуні ў бары, ад моцы Ярылы, Стварога знайшла сярод вечна паганскай пары да мудрасці новай дарогу.
Яшчэ над Дзвіною старыя багі ў сялібах людзьмі карагодзяць, яе ўжо прывабіў свет праўды другі, што неслі Кірыл і Мефодзій.
У пушчы-лясы адыходзяць далей продкаў сівых абаронцы.
Пісьменніцтва, новая вера мацней за ўсіх багоў грому і сонца.
Народ яшчэ даўніх мілуе багоў.
3 камення ім стодзіва ставіць.
Абараняць іх у пушчах гатоў і моц над людзьмі славіць.
Дарэмна. Другія стаяць алтары.
У Прадыславы мэта — святыні, цэрквы, манастыры — тагачасныя універсітэты.
Вяртаецца ў край з навукай, з дабром, братэрства і мір у ім сее.
Валодае смела князёўна пяром, людзьмі завалодаць сумее.
Асветніцтва наша, духоўны ўладар, паганства і цемру скарыла, каб Полацк узвысіць.
На шлях яе мар
з Полацка выйшаў Скарына.
У сэрцы чарніцы палае агонь.
Падзеі тых дзён па парадку збірае на славу народа свайго і летапіс піша нашчадкам.
У келлі маленькай, у ціхім Сяльцы, не марыць пра узнагароду.
He толькі царкве яе веліч душы — жывому народу і роду.
Адчула: народ не учора паўстаў.
He заўтра канец нам прысудзяць.
3 мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў мы ёсць.
Мы былі, мы будзем.
* * *
He згінай мяне, я не сагнуся, He баюся ні страхаў, ні зла. Нездарма я з зямлі беларускай Непахіснай сасною ўзрасла.
Напрасткі йду няходжанай сцежкаю, Мудрасць продкаў ў гарачай крыві, Hi прад кім не схіляю паспешна Крыху гордай сваёй галавы.
Абмінаю ўсю набрыдзь*, што вокал, Чалавечы мой блытае лёс.
Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам. Розум цемру праніжа наскрозь!
дзяды
Смалу і дзёгаць ў пушчы здабывалі з старых, вякамі пачарнелых пнёў і мёдам залацістым налівалі рады гліняных, паленых збаноў.
Аружжа цвёрдае кавалі сабе самі, вастрылі стрэлы, нацягалі лук, часамі быў аружжам толькі камень ці двое дужых гартаваных рук.
I дзік, і лось, мядзведзь — асілак буры, пад сілай рук не раз у лесе паў.
Цвярдое ложа пакрывалі скуры, кругом сплывалі з дзераўляных лаў.
Як дуб, магутныя, адважныя, як зверы, адужалі ў лясох суровае жыццё.
Перад цяжкою кованай сякерай паганы вораг назаўсёды ўцёк.
Калі ж дружынаю за стол дубовы селі і кубкі пенным мёдам налілі,— не зналі меры буйнаму вяселлю сівыя продкі нашае зямлі.
Калі ж народ агнём раскідаў віці, каб ісці дружна Краю бараніць,— каўшы кідалі з мёдам залацістым, каваць жалеза ды смалу паліць.
Пад горды сцяг збіраліся дружыны грудзямі-мурам ворага спаткаць, нашчадкам імя слаўнае пакінуць ды родных пушчаў недругу не даць.
Героям сыпаліся курганы-магілы, міналі славы поўныя вякі,
аж покуль вораг хітры не асіліў вялікі род з-пад Нёмана-ракі.
He ўзяў нам пушчаў, ветрам калыханых, магутных замкаў, слаўных гарадоў і не прысвоіў славы на курганах, дзе тлеюць нашых попелы дзядоў.
I часта вецер ноччу на магіле азвецца стогнам волатаў сівых: — Мы Край грудзьмі сваімі баранілі, каб ўнук ў няволі, ў сораме заціх?
Каб нашы землі, нашы пушчы, рэкі чужак сваёй краінай называў ды слаўна племя мучыў сёння здзекам і нават мове волі не даваў?
Так стогнуць сэрцы волатаў магутных, як быццам вецер жалем галасіў аб тым, што Край наш ў ланцугі закуты, што ўнук аб славе дзедавай забыў.
РОДНАЯ МОВА
Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душы чаруеш.
Мы за вокнамі дзень залаты, нашых рэкаў пявучыя хвалі, роднай хаты святыя куты ў гэтай мове раз першы назвалі.
Мова наша — буйны цветабой! Пралілася ў ёй першая радасць... Словы матчыны сыпалісь ў ёй, як пялёсткі з адцвіўшага саду.
Любай песняй старою гучыш з-пад калыскі, з гадоў тых дзяціных, салаўіным разлівам ўначы, звонам хваляў прыткой ручаіны.
3-пад вясковых прыветлівых стрэх мілагучна звініш ад світання, бо дзявочы рассыпчасты смех быццам першае ў сэрцы каханне!
Ты — вясною аквечаны луг, шум дубровы магутны, пявучы, непадайны сталёвы ланцуг, што нам сэрцы нязломныя лучыць!
Так балюча і гэтак даўно
стогне любы народ ў паняверцы;
ты адна толькі ясным прадном нам снуешся праз нівы, праз сэрцы.
Святы прадзедаў ты нам адказ, якім слаўна ў харомах гудзела!
Ты як неба, як сонца для нас, ты як наквеццю сад заінелы.
Мова родная, мова дзядоў!
Іншай мовы мы сэрцам не чуем. Мілагучнасцю любых нам слоў, быццам музыкай, душы чаруеш.
ТРЫ ДАРОГІ
Агарнуў хлапца раз такі сумлеў — перад сабою ён тры дарогі меў.
Па адной пайдзе — стане важным ён, ды не знаціме невясёлых дзён.
Ад курганаў тых, ад сяла далей, а найдалей — дык ад сваіх людзей.
Будзе мець там моц, грошы звонкія, жаль часамі мо за старонкаю...
А другая йдзе к шчасцю скораму, і ідуць па ёй нашы ворагі.
Пашто крыллі мець, пашто вольным быць? Лепш за тую медзь ворагам служыць!
Быццам недруг, жыць з яго платаю ды не чуці слёз тых за кратамі.
Хай сабе ў сяле з плячэй згорбленых ападзе жыццё шэрай торбаю.