Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст

Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст

Выдавец: Беларуская навука
Памер: 205с.
Мінск 2024
70.56 МБ
384 Тры згаданыя прыклады слоўнік Яна Станкевіча адсылае выключна да рукапісаў татараў ВКЛ: Станкевнч Я. Белорусско-русскнй словарь / под ред. Г. Ребенковой, В. Булгакова ; преднсл. Г. Ребенковой, В. Булгакова. -Смоленск : Ннбелкульт, 2020. -С. 78,929,1015.
385 Сутэр П. Альфуркан татарскі: каран-тэфсір татараў Вялікага Княства Літоўскага. Мінск : Тэхналогія, 2009. С. 126-128.
На прыкладах перакладаў «Джаўагіру-ль-іслам» можна прасачыць і пэўную эвалюцыю рэлігійнай тэрміналогіі ліпкаў. Так, у Кітабе Асановічаў больш познім у параўнанні з Кітабам Луцкевіча спісам адносна самастойнага перакладу варыянта A нароўні з «навукай» ужываецца ўжо і тэрмін «мазгаб», але «іман малых дзяцей» яшчэ застаецца. У Хамаіле 1809 г. і ва ўсіх спісах варыянта В толькі «мазгаб», а не «навука» і «мубтадзійскі іман» замест «імана малых дзяцей». Больш актыўна ўжываецца ўсходняя тэрміналогія і ў пашыранай рэдакцыі варыянта А. Што стала прычынай «арыенталізацыі» і адпаведна большай дакладнасці перакладчыцкіх рашэнняў, сказаць цяжка. Сама прысутнасць, аднак, рэлігійнай лексікі беларускага паходжання ў перакладах «Джаўагіру-ль-іслам» тым большая, чым старэйшыя спісы, сведчыць аб моўнай інтэграцыі татараў ВКЛ у славянскі асяродак, якая павінна была скончыцца да другой паловы XVII ст. Некаторыя спецыфічныя лексемы маглі б нават стаць зыходнымі пунктамі для разважанняў аб месцы (ці адным з месцаў), дзе гэтая інтэграцыя адбылася. Слова «поснікаць», напрыклад, «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» лакалізуе адзінкавымі населенымі пунктамі на Палессі386.
Адзін са сваіх артыкулаў брытанская даследчыца Шырын Акінэр назвала «Усходнія запазычанні ў мове беларускіх татараў» і сама ж адзначыла парадаксальнасць такога загалоўка: казаць пра ўсходнія запазычанні ў мове, здавалася б, усходняга народу крыху дзіўна387. Тым не менш Акінэр мяркуе, што татары ВКЛ, якія з цягам часу забылі цюркскія гаворкі, запазычвалі лексіку з асманска-турэцкай мовы. Тут узнікае пытанне, адказу на якое даследчыца не дае: яны запазычвалі толькі словы ці словы разам з абазначанымі імі з’явамі. Ці маглі рытуалы альбо багаслоўска-юрыдычныя катэгорыі існаваць у ліпкаў пад іншымі назвамі? I калі так, то пад якімі? Ці не маглі будучыя мігранты засвоіць хаця б частку ісламскай тэрміналогіі у большасці сваёй арабскага паходжання, а таму даволі падобнай ва ўсіх асноўных мусульманскіх мовах яшчэ да перасялення на тэрыторыю ВКЛ? Чаму некаторыя старабеларускія і дыялектныя словы («ангел», «поснік» у значэнні «пост») траплялі нават у адносна познія пераклады на польскую мову (гл. Канвалют 1820-1870 гг.)? Ці не з’яўляюцца яны рэшткамі беларускамоўнай ісламскай тэрміналогіі і ці не быў гэты лексікон куды больш багаты, але саступіў усходняму ўплыву?
Галоўная праблема пры спробе адказаць на гэтыя пытанні амаль поўная адсутнасць інфармацыі пра рэлігійнае жыццё беларуска-польска-лі-
386 Лексічны атлас беларускіх народных гаворак / пад рэд. Ю. Ф. Мацкевіч). Мінск : Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа, 1997. — Т. 4. — Карта № 389.
387 Akiner S. Oriental Borrowings in the Language of the Byelorussian Tatars // The Slavonic and East European Review. London : Univ. College London, 1978. Vol. 56, No. 2. P. 224,231.
тоўскіх татараў да сярэдзіны ці нават другой паловы XVII ст. Невядома, што ўяўляў з сябе да гэтага часу іх іслам. Акты Віленскай камісіі дазваляюць зразумець некаторыя аспекты іх побыту, пачынаючы з XVI ст., але ніводнай пэўнай крыніцы, якая б хоць ускосна асвятляла пытанні іх рэлігіі і культуры, пакуль не знойдзена.
Цяжка ўпэўнена разважаць і пра суадносіны беларускіх і польскіх тэкстаў у рукапісах мусульман ВКЛ. З’явілася іх пісьмовая традыцыя спачатку толькі на адной мове, а другая дадалася ўжо пазней, альбо абедзве мовы прысутнічалі ў ёй з самога пачатку? Даследчыкі Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні мяркуюць, што першым помнікам пісьменства татараў Вялікага Княства мог стаць пераклад Кур’ана на польскую мову, выкананы не раней за другую палову XVI і не пазней за першую палову XVII ст/88 Пры гэтым не існуе ніводнага пераканаўчага аргумента ні на карысць такой гіпотэзы, ні на карысць прапанаванай даціроўкі. Тым часам на прыкладзе перакладаў «Джаўагіру-ль-іслам» (варыянт В) дынаміка пераходу ліпкаў ад беларускай мовы да польскай бачная даволі добра: самыя старыя з вядомых спісаў перакладу змяшчаюць тэксты менавіта на беларускай мове, якія (а не іх асманска-турэцкія арыгіналы) пасля перакладаліся на польскую. 3 даследаваных на сёння перакладаў варыянта А храналагічна самым раннім таксама з’яўляецца беларускі: «Kitab sarayit al-islam» («Кніга ўмоў ісламу») з Кітаба Луцкевіча. Яшчэ адзін магчымы выпадак перакладу беларускага тэксту на польскую мову згадвае ў артыкуле «Беларускі тафсір XVII ст.» М. Тарэлка’89. Прыведзеных прыкладаў, аднак, недастаткова, каб зрабіць тыя ці іншыя агульныя высновы. Да таго ж яшчэ адно важнае пытанне варта было б задаць у гэтай сувязі: ці ўспрымаліся пераклады з беларускай мовы на польскую менавіта як пераклады, а не як
388	Tefsir Tatarow Wielkiego Ksi?stwa Litewskiego: XVI-wieczny przeklad Koranu naj^zyk polski. Wydanie krytyczne zabytku polskiej / red. naukowa: Joanna Kulwicka-Kaminska, Cze­slaw Lapicz. Toruri : Wydaw. Naukowe Uniw. Mikolaja Kopernika, 2022. T. 1. S. 93: «With regard to the chronology of the Tatar monuments, it is accepted in kitabist research that the Qur’an was initially translated by the Tatars. This is confirmed by the content of other monuments, which quote surahs from the tefsir translation. The oldest Tatar monument, i.e. the Kitab from Suchovola, dates back to 1631 (...); therefore as mentioned above the Qur’an translation must have been made no later than 1650 and no earlier 1550». Пры гэтым ад згаданага Кітаба з Сухавола на сённяшні дзень засталіся фотаздымкі лічаных старонак, і, папершае, яго даціроўка 1631 годам выглядае сумнеўнай, што яшчэ ў прадмове да «Klucz do raju» (s. 7) фактычна прызнаюць Чэслаў Лапіч і Хенрык Янкоўскі. Па-другое, Кітаб Сухавола, відавочна, быў канвалютам, і датаваць яго старонкі з фрагментамі перакладу Кур’ана на сённяшні дзень не падаецца магчымым. Ніякія іншыя рукапісы, якія хаця б гіпатэтычна можна было б датаваць часам раней за 1686 г., не змяшчаюць кур’анічных цытат у польскім перакладзе. Сцвярджэнне ж даследчыкаў Торуньскага ўніверсітэта, што іх думка з’яўляецца агульнапрынятай у кітабістыцы, не адпавядае рэчаіснасці.
389	Тарэлка М. Беларускі тафсір XVII ст. II Беларуская лінгвістыка. Мінск : Беларус. навука, 2023. Вып. 90. — С. 118.
стылістычныя рэдакцыі тэкстаў. Іншымі словамі, ці існавала ўвогуле ў татараў ВКЛ супрацьстаўленне гэтых дзвюх моў альбо яны лічыліся рознымі рэгістрамі адной?
7.	Заключныя заўвагі
Галоўны вынік працы з перакладамі «Джаўагіру-ль-іслам» магчымасць упэўнена сказаць, што як мінімум з канца XVII ст. татары ВКЛ належалі да суніцкага ісламу ханафіцкага мазгабу і ідэнтыфікавалі сябе як такія. Асобныя іх тэксты, дзе згадваюцца персаналіі, знакавыя для шыітаў, ніяк не супярэчаць гэтай выснове. Дванаццаць шыіцкіх імамаў, напрыклад, доўгі час лічыліся духоўнымі продкамі лідараў суфійскага ордэна хальвація, да якога належалі і некаторыя прадстаўнікі асманскай дынастыі. На іншым, менш элітарным, узроўні рэлігійнай свядомасці шанаванне Алі ібн Абі Таліба як узору мусульманскага ваяра, а імама Джафара ас-Садыка мусульманскай вучонасці, было з’явай цалкам натуральнай. 3 апошнім, дарэчы, у свой час падтрымліваў кантакты сам Абу Ханіфа. Знахарскія ж практыкі і шанаванне святых, што таксама можна сустрэць у беларускататарскіх рукапісах, увогуле распаўсюджаная практыка не толькі ў народным ісламе ва ўсіх кутках мусульманскага свету, але і ў іншых рэлігіях.
Адначасова даследаванне «Джаўагіру-ль-іслам» дадае пытанняў, якіх і так паўстае нямала пры вывучэнні гісторыі і культуры ліпкаў, і адказу на якія няма. Галоўная прычына амаль поўная адсутнасць інфармацыі пра татараў ВКЛ да сярэдзіны XVII ст. Дакладна невядома, калі і дзе з’явіліся іх першыя пасяленні ў Вялікім Княстве, акрамя таго, што адбылося гэта, верагодна, не раней за канец XIV ст. Толькі спекуляваць можна наконт прыналежнасці мігрантаў, якія ўтварылі пазней асобную этнаканфесійную групу, да тых ці іншых цюркскіх плямён і народаў, наконт іх родных моў і гаворак, наконт спецыфікі іх першапачатковых рэлігійных уяўленняў. Абсалютна нічога невядома ні пра іх колькасць, ні пра дэмаграфічныя працэсы ўнутры іх супольнасці. Праліць святло на гэтыя праблемы змогуць толькі новыя крыніцы, калі такія будуць знойдзены. А пакуль што шматлікія лакуны нярэдка закрываюцца міфамі і неабгрунтаванымі гіпотэзамі, якія самі маглі б стаць аб’ектам асобнага даследавання. Большасць з іх узнікла ў першай палове XX ст. і да сённяшняга дня пераказваецца не толькі ў публіцыстыцы і папулярнай літаратуры, але і ў працах, якія 390 прэтэндуюць на статус навуковых .
390 Адзін з паказальных прыкладаў сістэматычны зварот да твора «Рысале-і татар-ы лег» (Трактат пра польскіх татараў), напісанага быццам бы татарынам з ВКЛ у 1558 г. у Стамбуле падчас паломніцтва ў Мекку. «Еўрапейскі стыль» асманскага тэксту «Рысале» адзначалі яшчэ ў XIX ст. неўзабаве пасля публікацыі факсіміле твора прафесарам А. Мухлінскім: Смнрнов В. Д. Крымское ханство под верховенством Отоманской порты. -
Цяжка сказаць нешта дакладнае і пра ўзнікненне і эвалюцыю пісьмовай традыцыі мусульман ВКЛ. Самыя раннія з вядомых на сёння іх рукапісных помнікаў, даступных даследчыкам, датуюцца прыблізна сярэдзінай другой паловай XVII ст. Прыкладна з гэтага часу можна ўпэўнена казаць пра прыналежнасць беларуска-польска-літоўскіх татараў да суніцкага ісламу ханафіцкага мазгабу афіцыйнай рэлігіі Асманскай імперыі. Роля асманскай культуры ў фарміраванні рэлігійнай ідэнтычнасці ліпкаў і развіцці іх пісьмовай традыцыі ўвогуле можа быць тэмай асобнага даследавання. Мова абсалютнай большасці цюркскіх тэкстаў татараў ВКЛ асманска-турэцкая, з якой шмат перакладалася на беларускую і польскую. Малітоўнікі-дгшшлы, што выкарыстоўваліся ў тым ліку як амулеты, таксама не з’яўляюцца вынаходкай ліпкаў: у еўрапейскіх бібліятэках захоўваецца вялікая колькасць кішэннага фармату рукапісаў яны называюцца «hamayil», змяшчаюць самыя разнастайныя тэксты, малітвы і замовы і калісьці належалі салдатам і малодшым афіцэрам войска Асманскай імnepbiij91. Праз такія рукапісы да мусульман ВКЛ маглі трапіць і адзінкавыя заклінанні, мову якіх А. Заянчкоўскі класіфікуе як «старауйгурскую»392.