Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
Мы ўладкоўваемся ў кабіне, будзем чакаць дня. Я кладуся спаць. Ужо засынаючы, падводжу вынікі нашай прыгоды: мы абсалютна не ведаем, дзе знаходзімся. У нас няма і літра вадкасці. Калі мы не дужа адхіліліся ад трасы, нас адшукаюць у лепшым выпадку праз тыдзень, а гэта будзе занадта позна. А калі нас занесла далёка ўбок, то знойдуць праз паўгода. Няма чаго разлічваць на самалёты: нас будуць шукаць у прасторы ў тры тысячы квадратных кіламетраў.
— Ах, шкода...— прамаўляе Прэво.
— Што?
— Усё ж магло скончыцца адразу!..
Але не варта так хутка адмаўляцца ад жыцця. Мы з Прэво бяром сябе ў рукі. Нельга траціць надзеі, хай сабе цень надзеі — і, можа, адбудзецца цуд і выратаванне ўсё-такі прыйдзе з неба. Тым больш нельга сядзець на месцы,— а раптам паблізу маецца які-небудзь аазіс? Будзем хадзіць і шукаць цэлы дзень. А вечарам вернемся да самалёта. А перад адыходам вялікімі літарамі занатуем на пяску, дзе мы і што мяркуем рабіць.
Скручваюся ў клубок і засынаю аж да дня. Якое
шчасце заснуць! Стома агортвае мяне безліччу зданяў. Я не самотны ў пустыні, мая дрымота напоўнена галасамі, успамінамі, пошапам прызнанняў. Мне яшчэ не хочацца піць, я добра адчуваю сябе, я аддаюся сну, як прыгодзе. I ява адступае...
О, усё зусім перайначылася, калі настаў дзень!
4
Я вельмі любіў Сахару. Я шмат начэй правёў у краі няскораных плямёнаў. He раз прачынаўся сярод бязмежных бялёсых пяскоў, хвалістых, як мора ад ветру. I засынаў пад крылом самалёта і чакаў дапамогі,— але цяпер гэта не ішло ні ў якое параўнанне.
Мы караскаемся па схілах гарбатых узгоркаў. Дол — пясок, цалкам укрыты тонкім слоем бліскучых чорных каменьчьікаў. Нагадваючы металічную луску, купалы ўзгоркаў блішчаць, як кальчуга. Мы трапілі ў свет мінералаў. Усё вакол закута ў браню.
Адолееш адзін высокі пагорак, а воддаль узнімаецца другі, гэткі ж бліскучы і чорны. Ідзём, шкрабаючы дол нагамі, каб пакінуць па сабе пуцяводную ніць і потым вярнуцца па ёй назад, да самалёта. Крочым тварам да сонца. Насуперак усякай логіцы я вырашыў узяць курс на ўсход, хоць усё, і метэастанцыі, і час, праведзены ў палёце, прымушалі меркаваць, што я пераляцеў Ніл. Але калі я наважыўся трошкі прайсці ў кірунку на захад, мне богведама чаму стала нейк зусім не па сабе. He, на захад пойдзем заўтра. I ад поўначы пакуль адмовімся, хоць гэтая дарога і вядзе да мора. Праз тры дні, калі мы ў паўтрызненні вырашылі канчаткова пакінуць разбіты самалёт і ісці, ісці, пакуль не пападаем, мы зноў-такі рушылі на ўсход. Дакладней, на ост-норд-ост. I гэта зноў-такі насуперак усякай логіцы, як, зрэшты, і насуперак усялякай надзеі. I потым, калі ўжо будзем уратаваны, мы выявім,
што ніякі іншы кірунак не прынёс бы нам збавення, бо калі б мы пайшлі на поўмач, нам, надта ўжо знямоглым, усё роўна не ўдалося б дабрацца да мора.
Якой бы недарэчнасцю ні выглядала гэта, сёння мне здаецца, што пазбаўлены люб-якой падказкі, якая магла б прадвызначыць наш выбар, я абраў гэты напрамак толькі таму, што ён выратаваў у Андах майго сябра Гіёмэ, якога я так доўга шукаў. Ён падсвядома стаў для мяне напрамкам да жыцця.
Пасля пяці гадзін шляху краявід мяняецца. Адзінокая рака пяску нібыта сцякае ў нейкую лагчынку, і мы пускаемся па ёй. Ідзём хутка, нам трэба прайсці як мага болей і да ночы вярнуцца назад, калі нічога не нагабаем. Раптоўна я спыняюся як укопаны:
— Прэво!
— Што?
— Сляды...
Калі ж гэта мы забыліся пакідаць за сабой баразну? Калі мы не адшукаем яе — канец.
Вяртаемся назад, але бяром трошкі правей. Адыдзем як мага далей, павернем яшчэ раз пад прамым вуглом і тады напэўна перасячом стары след.
Звязаўшы гэтую нітку, прастуем далей. Спёка ўзмацняецца, а з ёю нараджаюцца і міражы. Але гэта пакуль самыя элементарныя міражы. На даляглядзе вялікае возера, а падыдзеш бліжэй — і няма яго. Вырашаем перайсці пясчаную лагчыну, падняцца на самы высокі ўзгорак і агледзець наваколле. Ідзём ужо шэсць гадзін. Адмахалі, відаць, добрых трыццаць пяць кіламетраў. Узбіраемся на вяршыню намечанага чорнага купала і моўчкі сядаем. Унізе пясчаная рака, па якой мы ішлі, упадае ў пясчанае мора, без адзінага каменьчыка — зіхоткая белата слепіць, рэжа вочы. Пустыня, як вокам ахапіць — пустыня. Але ўдалечыні пералівы святла ствараюць новыя міражы, куды болей хвалявальныя. Там узнімаюцца крэпасці і мінарэты,
высозныя будыніны з выразнымі абрысамі. Яшчэ прыкмячаю вялікую цёмную пляму, якая здаецца зялёным гаем, але яна аказваецца воблакам — апошнім з тых, што ўдзень рассейваюцца і зноў уваскрасаюць пад вечар. Той гай — усяго толькі цень кучавога воблака.
Далей ісці няма сэнсу, гэта нічога не дасць. Трэба вяртацца да самалёта, гэты чырвона-белы бакен, магчыма, заўважаць нашы таварышы. Хоць я і не пешчу ніякіх надзей на іхнія пошукі, і ўсё-такі толькі з паветра, можа прыйсці выратаванне. А галоўнае, там, у самалёце, засталіся апошнія кроплі вадкасці, а мы болей не можам трываць, так хочацца піць. Нам трэба вярнуцца — каб жыць. Мы вязні гэтага жалсзнага кола, мы ў палоне смагі, надоўга яна не адпусціць.
Але як цяжка паварочваць назад, калі, магчыма, наперадзе — жыццё! Магчыма, там, за міражамі, і сапраўды ўстаюць гарады, цячэ па каналах вада, зелянеюць лугі. Я ведаю, вярнуцца назад — проста неабходна. I ўсё ж, калі раблю гэты жудасны паварот, у мяне такое адчуванне, што я іду на дно.
Ляжым каля самалёта. За дзень мы адмахалі больш шасцідзесяці кіламетраў. Усё пітво, якое ў нас было, выпілі. Ніякіх прыкмет жыцця на ўсходзе не выявілі, і аніводзін наш таварыш у тым баку не пралятаў. Колькі мы яшчэ пратрымаемся? Нам ужо так хочацца піць...
3 абломкаў раструшчанага крыла склалі вялікі касцёр. Прыгатавалі бензін і лісты толю, прапітанага магніем, якія пры згаранні даюць рэзкі белы бляск. Пачакаем, каб зусім сцямнела, і запалім наш касцёр бедства... Але дзе яны, людзі?
I вось полымя ўжо шугае ўгору. Набожна глядзім, як палае сярод пустыні наш сігналыіы агонь. Глядзім, як ззяе ў мораку наша нямое праменнае паслапне.
I я думаю — яно нясе ў сабе не толькі роспачную позву, але і любоў. Мы просім піць, але просім і водгуку. Хай жа ўспыхне ў мораку ночы яшчэ які-небудзь агонь, адны ж толькі людзі валодаюць агнём, хай жа яны адгукнуцца!
Мне мрояцца вочы жонкі. Адны гэтыя вочы, нічога болей. Яны дапытліва глядзяць на мяне. Мне мрояцца вочы ўсіх, для каго я, магчыма, нешта значу. I ўсе гэтыя вочы дапытліва глядзяць на мяне. Мноства позіркаў дакарае мяне за маё маўчанне. Але я адгукаюся! Я адгукаюся! Адгукаюся, як толькі магу, я не магу распаліць яшчэ ярчэй гэты агонь у начы!
Я зрабіў усё, што мог. Мы абодва зрабілі ўсё, што маглі: шэсцьдзесят кіламетраў амаль без вады. Цяпер нам ужо няма чаго піць болей. Хіба ж гэта наша віна, што мы не зможам доўга пратрымацца? Мы б і рады слухмяна застацца тут і пацягваць з нашых біклагаў. Але ў тую секунду, як я ўбачыў дно алавянага кубачка, нейкі маятнік пусціўся адмерваць час. У тую секунду, як я ўвабраў асалоду апошняй кроплі, я пакаціўся пад адхон. Што я магу зрабіць, калі час адносіць мяне, як рака? Прэво плача.
Ляпаю яго па плячы. Я супакойваю яго:
— Прападаць дык прападаць...
А ён у адказ:
— Калі вы думаеце, што я аплакваю сябе...
Ну канечне, я і сам спасціг гэтую ісціну. Вытрываць можна ўсё на свеце. I заўтра, і паслязаўтра я зноў пераканаюся, што вытрываць можна літаральна ўсё на свеце. Я толькі напалову веру ў перадсмяротныя пакуты. He ўпершыню прыходжу да такой высновы. Неяк я ўжо думаў, што так і патану, не выбраўіпыся з кабіны самалёта, але гэта не вельмі мучыла мяне. Потым зноў быў выпадак, калі я ўжо не спадзяваўся ўцалець, але я не ўпадаў у роспач. Вось
і зараз я не адчуваю ніякіх мучэнняў. Заўтра я зраблю адкрыцці яшчэ болей здзіўляльныя. I хоць мы запалілі гэткае агромністае вогнішча, бог сведка, я ўжо не спадзяюся, што наш покліч дойдзе да людзей!..
«Калі вы думаеце, што я сябе...» Вось яно, вось што сапраўды невыносна. Штораз, як перада мной узнікаюць гэтыя вочы, дзе столькі чакання, мяне як апякае. Раптоўнае жаданне апаноўвае мной — ускочыць на ногі і апантана бегчы. Там — клічуць на дапамогу, там — гінуць!
Дзіўны абмен ролямі, але я заўсёды думаў, што гэтак яно і ёсць. Аднак толькі Прэво дапамог мне зразумець, як гэта слушна. Ну вось, і Прэво таксама не адчувае таго страху перад смерцю, пра які нам прадудзелі вушы. Але існуе нешта такое, чаго ён не можа перанесці гэтак жа, як і я.
О, з якой бы лёгкасцю згадзіўся я заснуць, заснуць на ноч ці навекі! Калі заснеш, будзе ўжо ўсё роўна. I тады — бязмежны спакой! А гэтыя воклічы, што восьвось панясуцца адтуль, гэтыя агромністыя кастры адчаю... я не магу іх вынесці. Я не магу склаўшы рукі спакойна глядзець, як гінуць людзі! Кожная секунда нашага маўчання паволі забівае тых, каго я люблю. I вялікі гнеў ускіпае ўва мне: навошта гэтыя ланцугі, якія не даюць мне своечасова дабегчы і выратаваць тапельцаў? Чаму гэты агромністы касцёр не разносіць наш крык па ўсім свеце? Патрьівайце... Мы ідзём!.. Мы ідзём!.. Мы выратуем вас!
Магній згарэў, полымя кастра чырванее і гасне. Засталася толькі купінка жару, мы падаёмся да яе, каб пагрэцца. Вось і завершана наша зіхоткае пасланне. А што зыначылася ў свеце? Э, я выдатна ведаю, што анічога не зыначылася. Бо наша малітва не магла быць пачута.
Ну што ж. Буду спаць.
5
На досвітку мы анучай сабралі з уцалелага крыла некалькі кропель расы ўперамешку з фарбай і маслам. Было да нудоты агідна, але мы выпілі. Раз нічога лепшага не мелася, то, прынамсі, хоць вусны змачылі.
Пасля гэтага банкету Прэво сказаў:
— Добра, хоць рэвальвер ёсць.
Гэта нечакана абурыла мяне, і я са злоснай варожасцю абярнуўся да яго. Нішто ў гэты момант не выклікала б у мяне большай нянавісці, як чуллівая сцэна. Мне пазарэз нсабходна было верыць, што ўсё проста, вельмі проста. I нарадзіцца. I вырасці. I памерці ад смагі.
Скоса пазіраю на Прэво, гатовы абарваць яго, калі трэба, толькі б ён маўчаў. Але не, Прэво прамовіў гэта спакойна. Для яго гэта пытанне ахайнасці. Ён падышоў да гэтай тэмы так, як быццам прапанаваў мне: «Давай памыем рукі». У такім разе, усё ў парадку. Я і сам падумаў пра гэта яшчэ ўчора, калі на вочы трапіла скураная кабура. Я разважаў цвяроза, а не ў адчаі. 3 адчаем думаеш толькі пра іншых. Пра тое, што мы бяссільныя супакоіць усіх тых, за каго мы ў адказе. Рэвальвер тут ні пры чым.