• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    Максім Кутузаў
    Porta Mqra
    Раман
    Мінск «Галіяфы» 2020
    УДК 821.161.3-31
    ББК 84(4Бем)-44
    К95
    Шчыра дзякую за падтрымку аўтарытэтнаму літаратуразнаўцу і дасведчанаму крытыку пану Яну Захмялеўскаму, без дапамогі якога гэтая кніга наўрад ці выйшла б у друк.
    Кутузаў, М. Д.
    К95 Porta Nigra : раман / Максім Кутузаў. — Мінск : Галіяфы, 2020. — 224 с.
    ISBN 978-985-7209-48-4.
    Вы ўпэўненыя, што немагчыма пабачыць мінулае? Што некаторыя значныя гістарычныя падзеі нельга аднавіць, а ісціна гэтак і застанецца назаўжды страчанай для чалавецтва? Так меркаваў і галоўны герой Аркадзь, беларускі дактарант, які накіраваўся ў Еўропу з мэтай працягнуць сваё навучанне. Але тыя незвычайныя падзеі, якія раз-пораз адбываюцца з ім падчас падарожжа, змушаюць маладога фізіка збочыць са шляху і зазірнуць за заслону гістарычных таямніцаў. Чым гэта можа скончыцца? Здаецца, чым заўгодна.
    Максім Кутузаў — аўтар двух дзясяткаў публікацый у англамоўных навуковых выданнях, у 2018 стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі «Еўракон-2018» з беларускім фэнтэзі «Князь-ваўкалак» у намінацыі «Крызаліс», у 2019 атрымаў ступень магістра фізіка-матэматычных навук.
    УДК 821.161.3-31
    ББК 84(4Бен)-44
    ISBN 978-985-7209-48-4
    © Кутузаў М. Д., 2020
    © Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2020
    Тэтая к&іга прыс&ягаецца МоцныМ дарагіМ Ліш люд^яМ, якія^ пе.раЛшшыМ поспе?(аМ Мужна ^Магаліся і ^Ліагаюцца са страшныЛіі ^а\&ор&анняМі і бя^літасныМ лссаМ...
    Частка першая
    .. .У светлым сне Ці ў цёмных днях Сказалі мне, Што ты — мая. Ніхто нічый. Усе свае. I кожны дбае пра сябе.
    I кожны сам Сабе бальзам На раны лье начной парой.
    I мы глядзім Бязглузды фільм, Дзе кожны — сам сабе герой.
    Лёгкія-лёгкія Нашы далёкія. Цяжкія-цяжкія Блізкія нашыя. Светлыя-светлыя Нашы памерлыя. Цёмныя-цёмныя Нашы штодзённыя.
    Лявон Вольскі
    — Дата народзінаў?
    — Другога снежня тысяча дзевяцьсот восемдзесят шостага.
    — Месца народзінаў?
    — Гарадскі пасёлак Брагін, Гомельская вобласць.
    Старэнькі сутулы доктар кінуў па-над жаўтлявым шклом акуляраў здзіўлена-запытальны позірк на маладога юнака, які стаяў перад ім. Той толькі з вышыні ганарліва глядзеў у адказ гарэзлівымі блакітнымі вачыма.
    — Рост, вага?
    — Каля ста васьмідзесяці пяці сантыметраў вага недзе кілаграмаў дзевяноста дзевяноста пяць.
    Доктар пачаў гартаць даволі тоўстую картку. Уся яго ўвага зараз цалкам належала паперам, спісаным дробнымі літарамі, і хлопец, які на пэўны час пазбавіўся ад традыцыйных сухіх пытанняў, пачаў марудна аглядаць кабінет. Кабінет як кабінет. Шэрыя парэпаныя сцены, вялікі загрувашчаны паперамі стол, чорная кушэтка, адзін погляд на якую адразу выклікае непрыемныя ўяўленні жудасных хваробаў 3 такога ракурсу адзінай пазітыўнай рыскай у гэтым тыповым для ўсіх медычных устаноў нацюрморце безвыходнасці была выява ў акне разгалістага клёна з характэрным для пачатку восені маляўнічым пажоўклым лісцем. Юнак павярнуў тулава на чвэрць абароту, каб лепей разгледзець іншыя куткі памяшкання. Удумлівая глыбіня гарэзлівых вачэй змушала паразважаць наконт таго, што, магчыма, гэты чалавек ужо далёка не юнак, прынамсі, ментальна. Аднак кабінет ён аглядаў з наіўнымі дзіцячымі прастэчаю і цікаўнасцю, якія, верагодна, былі адбіткам яго прафесійнай дзейнасці. Ці, можа, наадварот: малады чалавек абраў свой такі няпросты, няхуткі, а часам і няўдзячны кар'ерны шлях толькі з мэтай задаволіць сваю цікаўнасць за дзяржаўны кошт, як мовіў аднойчы адзін вядомы яго папярэднік.
    Усе чатыры сцяны выглядалі аднолькава неахайна, з той розніцай, што значную частку адной затуляла сабою старэнькая драўляная шафа, а ў другой большую палову адваяваў прыгожы краявід за акном. I тут раптам на фоне шэрай, месцамі парэпанай сцяны вочы напаткалі яскрава-чырвоны гадзіннік, які вісеў так, каб доктар яго заўсёды бачыў і таму пацыенты, седзячы да ўваходу спінай рэдка звярталі ўвагу на гэты ка-
    ляровы аазіс у шэрай пустэльні. Магчыма, гаспадар кабінета наўмысна абраў такі колер, які кантраставаў не толькі з гэтым невялічкім працоўным памяшканнем, але і з усім будынкам паліклінікі, каб самому не западаць у дэпрэсіўны настрой ад усюдыіснай панурай рэчаіснасці.
    Па плоскасці гадзінніка поўзалі агідныя чорныя стрэлачкі. Агідныя таму, што яны выклікалі ўстойлівыя асацыяцыі з не самымі прыемнымі прадстаўнікамі жывёльнага свету. У той самы момант дзве тоўстыя стрэлкі ўтваралі сабою амаль ідэальны шасцідзесяціградусны востры вугал. Трэцяя, танюткая, безупынна рухалася па коле і кожныя трыццаць секундаў альбо рабілася бісектрысаю гэтага вугла, альбо ўтварала разам з ім фігуру, якая маладому чалавеку нагадвала знак радыяцыйнай небяспекі, які далёка не кожны ўгледзеў бы ў такой кампазіцыі. Бо ў гэтым і выяўляецца ўся сутнасць сапраўднага навукоўца: ён бачыць навуку нават у самых звычайных штодзённых рэчах, да якіх належыць, да прыкладу, просты чырвоны гадзіннік.
    Тым часам доктар урэшце знайшоў тое, што шукаў у запісах і зноў вярнуўся да допыту:
    — Ці ёсць якія-небудзь спадчынныя хваробы, на якія хварэлі адразу некалькі членаў сям'і?
    — Рак лічыцца?
    — He.
    — Тады болей няма.
    — Напэўна, ліквідатары ў сям'і былі? — з разуменнем і спачуваннем запытаўся доктар.
    Хлопец некалькі імгненняў маўчаў, а пасля з выклікам паглядзеў на суразмоўцу:
    — Ды мы ўсе ліквідатары. Вось ужо чвэрць стагоддзя ўсё не можам наступствы ліквідаваць і колькі яшчэ не
    зможам... Так бы мовіць: перыяд паўраспаду цягам у жыццё. I нават не адно...
    Гэтым разам маўчаў доктар. Аднак раптам пацыент дадаў болей спакойна:
    — Выбачайце. Але ў тым сэнсе, які вы маеце на ўвазе, таксама былі.
    — А траўмы галавы з вамі здараліся? — Хлопец не быў упэўнены, ці выклікана пытанне яго папярэднім эмацыйным выступам, ці яно таксама стандартнае. Але будзённасць, з якой гэта прамовіў стары, паказвала хутчэй усё ж на апошняе. — Прытомнасць гублялі?
    — Траўм не было. Прытомнасць страціў аднойчы.
    — Што сталася таму нагодай?
    — He ведаю, лекары тады так і не змаглі гэтага вызначыць. Але, імаверна, моцны эмацыйны шок.
    Было відаць, што хлопец не хацеў болей нічога ўдакладняць. Гісторыя напраўду была дзіўная і не надта прыемная. Адбылася яна зусім нядаўна, калі распачалася хваля новых «сталкераў»1. Хтосьці з іх выставіў на інтэрнэт-аўкцыёне свае трафеі. Міраслава, што невядома якім чынам даведалася пра гэтую старонку ў сеціве, раптам знайшла сярод лотаў стары сямейны сервіз, які іх прадзядуля пасля Першай сусветнай вайны прывёз з Аўстра-Венгрыі і які іх бацькі пакінулі ў хаце, калі пасля катастрофы неабходна было тэрмінова перасяляцца з забруджанай вёскі да далёкіх сваякоў у недалёкі Брагін. Як і ўсе, яны думалі, што яшчэ вернуцца туды і забяруць свае каштоўнасці, але адбылося так, што неўзабаве пасля нараджэння сына ім давялося пакінуць і Брагін, але не ў паўднёвым, а ў сталічным кірунку. I вось за-
    ’ Сталкер — чалавек, які для забавы наведвае і даследуе закінутыя мясціны. Часам гэта чыніцца незаконна.
    раз, калі мінула болей за дваццаць гадоў, рак ужо забраў бацькоў, а з сямейных рэліквій засталіся адно старыя фотаздымкі і бацькава ганаровае пасведчанне «ліквідатара», Слава пазнала згублены калісьці помнік свайго шчаслівага дзяцінства і вырашыла яго абавязкова набыць. I калі пошта ўрэшце даставіла сервіз, яна адразу паехала да брата, які здымаў аднапакаёўку недалёка ад тэатра музычнай камедыі. А ён узяў сервіз у рукі, каб уважліва разгледзець, бо ў адрозненне ад старэйшай за яго на адзінаццаць гадоў сястры ніколі не бачыў сямейную рэліквію на ўласныя вочы, а толькі шмат чуў пра яе, і... раптам страціў прытомнасць. Пасля гэтага Слава яшчэ паўгода цягала яго па паліклініках ды медычных цэнтрах, бо яе той выпадак дужа напалохаў. Але ніхто нічога ім так і не змог патлумачыць. Хоць яны дзясяткі разоў апавядалі лекарам гэтую непрыемную гісторыю з усімі дэталямі. За адным выключэннем: хлопец ніколі і нікому не распавядаў, што менавіта ён бачыў у той момант, калі згубіў сувязь з рэальнасцю.
    Аднак гэтым разам доктар абышоўся і без падрабязнасцяў
    — Флюараграфію зрабілі?
    — А гэта абавязкова? Без яе ніяк? — у вачах юнака літаральна на імгненне прамільгнула раздражненне, ён нервова выцер успацелыя рукі аб нябёсна-блакітныя джынсы.
    — Абавязкова.
    — А калі ў мяне ёсць супрацьпаказанні?
    — Якія яшчэ супрацьпаказанні?
    — Мне робіцца пасля яе дрэнна. Галава круціцца, пачынае нудзіць.
    — Гэта афіцыйна пацверджана якім-небудзь дыягназам?
    — He, — уздыхнуў малады чалавек, разумеючы сваю паразу.
    — Тады нічым не магу дапамагчы. У нашай паліклініцы патрэбны апарат, на жаль, зараз не працуе, таму найбліжэйшае месца, куды вы можаце звярнуцца — паліклініка нумар шэсць. Насупраць ліцэя БДУ. Ведаеце?
    Хлопец нервова зглынуў:
    — Найбліжэйшае? А нічога, што гэта нават не наш раён?
    — Ну што ж паробіш, у суседніх паліклініках таксама свае складанасці, толькі шостая пагадзілася нам дапамагчы і прыняць нашых пацыентаў.
    Хлопец бязрадасна ўтаропіўся ў шэрую сцяну.
    — Вы, Аркадзь Лявонавіч, здаецца, пры ўваходзе сказалі, што вам патрэбная даведка для паступлення ў аспірантуру? Значыцца вам тэрмінова? — спытаў лекар, зноў разглядаючы нейкія паперы. — Між іншым, куды паступаць збіраецеся?
    — За... — Аркадзь своечасова праглынуў словы «за мяжу», — Заслаўе.
    — Заслаўе? Няўжо ў нас там ёсць навучальныя ўстановы высокага ўзроўню? Дзіўна. А я і не ведаў, — доктар адвёў позірк ад дробных літар і, прыжмурыўшыся, глядзеў на наведвальніка.
    — He, але гістарычныя раскопкі будуць адбывацца менавіта там, а аспірантура знаходзіцца пры Інстутыце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
    — Інстытут гісторыі? У вас жа напісана, што вы — фізік! — стары здзіўлена замахаў паперкай, якую трымаў у руцэ.
    — Ну так. Існуе такая навука археаметрыя. 3 дапамогай фізічных метадаў вывучаюць гістарычныя артэфакты.
    — Нават так. Зразумела, — задумліва прамовіў доктар і праз паўзу дадаў: —Аў шостай паліклініцы, шчыра кажучы, зараз хаос, невядома, калі будуць вынікі. Што ж, Аркадзь Лявонавіч, у такім выпадку я выпішу вам даведку сёння, бо не хочацца, каб вы не трапілі ў аспірантуру праз тое, што не прынеслі флюараграфію. Але абавязкова занясіце яе як мага хутчэй.
    Доктар пачаў нешта хутка-хутка пісаць, пасля дастаў з шуфляды пячатку і пакінуў на белай паперы сіні штамп.