• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    — Але гэта толькі таму, што я паважаю гісторыю, — сказаў доктар, з сур'ёзным тварам працягваючы Аркадзю даведку. — I фізіку паважаю. Поспехаў на іспытах.
    — Шчыра дзякую. Да пабачэння, — у вачах маладога чалавека з'явілася нешта такое, чаго раней там не было. Нешта новае. Такое, што можна было б ахарактарызаваць словазлучэннем «вера ў людзей».
    — Да пабачэння.
    Аркадзь, задаволены, выйшаў з кабінета. Настрой яму не сапсавала нават бабулька, якая, ледзь не паваліўшы яго з ног, кінулася ў адчыненыя дзверы з хуткасцю, якую было складана ўявіць у настолькі старой жанчыны. Урэшце пашанцавала. Калі б даведку без флюараграфіі не далі, давялося б губляць яшчэ некалькі дзён. Да таго ж трэба будзе зрабіць пераклад даведкі на нямецкую і натарыяльна яго пацвердзіць, што таксама патрабуе часу і грошай. А прафесар Фогель і так ужо болей за тры месяцы чакае, пакуль Аркадзь дашле яму ўсе неабходныя паперы. Выявілася, што гэта ўсё не так хутка, нават калі болей нічым не займацца, апрача збору дакументаў, за які ён узяўся адразу ж наступным днём пасля атрыманага праз электронную пошту ліста. Хоць навошта рабіць медычную даведку тут і перакладаць яе.
    калі ўсё адно давядзецца праходзіць медкамісію яшчэ і там, мозг маладога фізіка, які звык ва ўсім шукаць логіку, зразумець не мог і не хацеў.
    Аркадзь выйшаў са сваёй паліклінікі і скіраваў у іншую. Галоўнае, каб там чаргі не было. Усё ж такі ён абяцаў што занясе вынік флюараграфіі, а калі паабяцаў — значыцца трэба выконваць, пагатоў калі табе пайшлі на саступкі, што ў такой бюракратызаванай сферы, як медыцына, было амаль прафесійным самагубствам з боку доктара. Хаця, насамрэч, якое там самаіубства, калі што, проста скажа, што паперы згубіліся ці што адбылася нейкая памылка і ўсё. Здаецца, яны так і зрабілі, калі пераводзілі аднакласніка Аркадзя ў дарослую паліклініку і дарогаю з дзіцячай усе паперы раптам згубіліся. Прытым што нават пешшу ад аднога будынка да іншага можна было дайсці хвілінаў за пятнаццаць. У выніку небараку давялося зноў збіраць даведкі і даводзіць усе свае дыягназы.
    Сёння Аркадзю сапраўды шанцавала. Да далёкай чужой паліклінікі ён даехаў хутка, і чаргі там амаль не было. I хоць пасля самой працэдуры яго, як і заўжды, моцна захістала і ногі з галавою зрабіліся такія непаслухмяныя, нібыта ён быў стары матрос, які пасля месяцаў гойдання на караблі ўрэшце сышоў на цвёрдую зямлю, настрой у хлопца быў цудоўны. Ен як мага хугчэй накіраваўся да выхаду, каб падыхаць свежым паветрам (настолькі свежым, наколькі яно, вядома, можа быць у самым цэнтры Менска) на беразе Свіслачы.
    Няўпэўнена трымаючыся на нагах, ён мінуў некалькі метраў усё яшчэ зялёнай восеньскай травы і з гучным выдыхам прысеў пад дрэвам на беразе ракі. На імгненне хлопец заплюшчыў вочы, каб даць дыскамфорту ў галаве магчымасць знікнуць, і раптам перад яго вачыма з'явіліся нечаканыя, але вельмі яскравыя праявы.
    Ён сядзеў у тым самым месцы на беразе ракі, аднак усё, што было вакол яго, неверагодна змянілася. 3 усіх бакоў быў густы непраглядны лес. Каля берага над вадою рос гіганцкі магутны дуб, абхапіць які маглі б толькі чалавек пяць, узяўшыся за рукі. У адным кірунку недалёка ад яго ўзвышаўся няўяўных памераў валун, у іншым — гарэла вогнішча.
    Карцінка знікла гэтак жа знянацку як і з'явілася. I заплюшчаныя вочы не бачылі болей нічога, апрача цемры, што закалыхвала. Аркадзь зразумеў, што толькі што ён прысніў тое самае легендарнае капішча, якое калісьці знаходзілася акурат тут, на беразе Свіслачы. I той знакаміты дуб, які ў народзе празвалі волатам. А камень быў тым самым Дзедам, якога прыканцы мінулага стагоддзя перавезлі з гэтых мясцінаў у музей валуноў. Аркадзь пахістаў усё яшчэ каламутнай галавой, каб пазбыцца дзіўнага сну. Хоць яго адчуванні і не былі падобнымі да тых, што ёсць звыклымі для абуджэння, хлопец вырашыў што ён проста заснуў.
    Хутка ачуняўшы на свежым восеньскім паветры, якое пасля бясконцых гадзінаў у шэрай паліклініцы і нечаканага дзіўнага сну было неверагодна прыемным, Аркадзь павольна дастаў з заплечніка свой старэнькі танны тэлефон, які ўжо даўно планаваў замяніць на новы, але на тое заўсёды не ставала сродкаў ды і не было вартай нагоды, бо і старэнькі яшчэ добра працаваў, і набраў першы нумар у тэлефоннай кнізе. Першы, бо пачынаўся на літару б — Баляслаў. Хаця знаёмых Алесяў ды Алегаў было досыць, Аркадзь зазвычай усіх падпісваў паводле прозвішча. А вось прозвішча Баляслава ён нават і не ведаў ды і яго сапраўднага імя не памятаў Здаецца,
    Мацвей, але гэта было не дакладна. Ведаў толькі ганарлівую мянушку — Баляслаў.
    — Прывітанне, — павітаўся Аркадзь, пачуўшы знаёмы голас, — я ўжо ўрэшце вызваліўся і прапаную адсвяткаваць яшчэ адзін паспяхова выкананы мной квэст2 у «Цэнтральным». Ты як?
    Знаёмы голас запытаўся, ці значыць гэта, што Карл будзе сёння прастаўляцца. Карл ахвотна пагадзіўся, і голас радасна паведаміў, што за дваццаць хвілінаў будзе на месцы. Так, з таго часу, як Баляслаў даведаўся пра тое, што Аркадзя запрасілі ў аспірантуру ў старажытны нямецкі горад Трыр, колькасць жартаў пра Карла Маркса3 падтрымлівалася ўвесь час на даволі высокім узроўні, ды і Аркадзь тады для сябе вырашыў што лепей усё ж быць Карлам, іначай гэтыя гісторыкі прыдумаюць яму якую-небудзь меней ганаровую мянушку. Пад «гісторыкамі» меліся на ўвазе вясёлыя сябры Баляслава, разам з якімі ён раней навучаўся на гістарычным факультэце БДУ. Адкуль у іх мелася такая нястрымная любоў да мянушак, было невядома, ды і пра сапраўднае паходжанне сваёй Мацвей ніколі не апавядаў, заўсёды толькі аджартоўваўся: «Гэта ўсё таму што я смелы!»4 Але якое ён насамрэч меў дачыненне да знакамітага польскага караля, было незразумела. Бо Мацвей быў сапраўдным беларусам, нарадзіўся ў Наваградку і вельмі ганарыўся роляй гэтага слаўнага горада ў вялікай гісторыі нашай краіны. Пра што ўвесь час нястомна нагадваў усім сваім шматлікім знаёмым. На-
    2 Квэст — заданне ў ролевых гульнях, якое патрабуецца выканаць персанажу для дасягнення гульнявой мэты.
    3 Карл Маркс нарадзіўся і працяглы час жыў у месцы Трыр.
    4 Баляслаў II Смелы — кароль Польшчы з 1076 па 1079 год.
    ват пры першым знаёмстве з ім Аркадзю давялося пачуць пра недаацэненую веліч гэтага горада. Адбылося яно, калі яны былі яшчэ школьнікамі і прадстаўлялі свае адукацыйныя ўстановы на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. Яны абодва прыйшлі падчас падачы апеляцый у адзін кабінет з аднолькавым памылковым адказам і імкнуліся напачатку паасобку, а пасля, калі даведаліся, што ў іх нават довады адныя і тыя, разам прымусіць журы перагледзець вынікі. На вялікі жаль, у школьнікаў нічога не атрымалася, і Мацвей атрымаў дыплом другой ступені замест першай, а Аркадзю ўвогуле ўрачыста ўручылі «пахаванку» ці, як афіцыйна называўся гэты дакумент, — «Пахвальны водгук».
    Першае ўражанне Аркадзя пра гэтага нахабнага правінцыяла, які ўвесь час сцвярджаў, што журы яго валіць і наўмысна падтасоўвае вынікі на карысць сталічным багачам, было тады даволі неадназначным, але, калі яны пасля свайго правалу сядзелі сумныя ў школьнай сталовай, высветлілася, што ў хлопцаў мелася шмат агульнага, апрача спрэчнай памылкі ў заданнях. Хоць будучы фізік і сумняваўся, што на мерапрыемствах такога ўзроўню магчыма нейкая фальсіфікацыя: гэта ж не школьны, не раённы і нават не гарадскі этап. Аднак з тых часоў яны вось ужо некалькі гадоў падтрымлівалі сяброўскія стасункі. Значна прасцей гэта стала рабіць, калі Мацвей паступіў у БДУ і пераехаў у сталіцу.
    Паглыбіўшыся ў прыемныя ўспаміны, Аркадзь дастаў з заплечніка свой стары, аднак таксама ўсё яшчэ надзейны плэер, пераматаў касету гурта «Камэлот»5 на пачатак і бадзёра накіраваўся да месца сустрэчы.
    5 «Камэлот» — беларускі этна-рок гурт, заснаваны ў 1991 годзе.
    
    Перад Баляславам стаялі два велізарныя куфлі светлага піва, адзін з якіх быў ужо напалову пусты.
    — Прастаўляешся? — усміхнуўся Аркадзь. — 3 якой гэта раптам нагоды? Мы ж, здаецца, дамаўляліся, што сёння я аплачваю.
    — Ну а як жа? Ты, дарагі сябра, усё бліжэй і бліжэй да таго, каб стацца сапраўдным прафесарам. I я тут падумаў. што прафесар, які мне штосьці павінен, хаця б нават і ўсяго толькі некалькі куфляў піва, — найлепшы варыянт знаёмага прафесара, якога б я хацеў мець.
    Як і зазвычай, Мацвей карыстаўся занадта мудрагелістымі, вычварнымі фразамі, але пры гэтым рабіў вялікія, можна сказаць, тэатральныя паўзы паміж сказамі. Гутарка з ім заўсёды нагадвала гульню ў шахматы: паспрабуй здагадацца, што насамрэч хаваецца за тым ці іншым словам-ходам. 3 аднаго боку даволі складана, з іншага — надзвычай цікава. Аркадзь, здаралася, сам сабе здзіўляўся, што ўжо столькі часу мае стасункі з гэтым чалавекам, ды што хаваць, гэты дзіўны гісторык — амаль адзіны яго сябра, на якога, нягледзячы на ўсю мудрагелістасць і непрадказальнасць, заўжды можна было разлічваць.
    «Неяк ты зачасціў», — пажартаваў Аркадзь. Зазвычай Баляслаў скардзіўся, што ў яго няма грошай, і прасіў праставіць яму, пры гэтым ён упарта абяцаў вярнуць усё да апошняй сторублёвай купюры ці абавязкова праставіць у адказ, аднак ніколі не рабіў гэтага, апрача сённяшняга дня і таго першага разу, калі ён даведаўся пра электронны ліст, які Аркадзь атрымаў з горада з добра вядомай кожнаму гісторыку назвай Трыр.
    Паважаны спадар Каршакевіч,
    шчыра дзякую за тое, што Вы зацікавіліся нашымі даследа-
    ваннямі. Вашае рэзюмэ мне даспадобы. Хоць, як Вы паведамілі, у Вас і няма дастатковага досведу ў археаметрыі, але Вашыя глыбокія веды ў фізіцы, а галоўнае мэтанакіраванасць і зацікаўленасць, прымушаюць мяне пагадзіцца з тым, што Вы выдатна падыходзіце на месца майго дактаранта.
    Калі ласка, удакладніце ў амбасадзе, якія Вам неабходна падрыхтаваць паперы для пераезду да нас. У сваю чаргу мы неўзабаве дашлём Вам патрабаванні да дакументацыі, якую павінны прадаставіць у наш інстытут патэнцыйныя дактаранты.
    3 павагай,
    прафесар Фогель.
    I хаця гэты ліст быў толькі першым сапраўдным кантактам са знакамітым навукоўцам, і пасля яшчэ адбыліся шматлікія гутаркі праз сеціва, Аркадзь і зараз мог на памяць паўтарыць тыя нямецкамоўныя радкі, якія, як ён спадзяваўся, зменяць усё яго жыццё аднойчы і назаўсёды. Перспектыва была насамрэч казачнай: вывучаць таямнічыя гістарычныя артэфакты ў найстаражытнейшым горадзе Германіі. I наступным жа днём распачаўся марудны, амаль бясконцы збор паперак, але яно павінна было таго каштаваць.