• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    — Першым сюрпрызам для мяне тады стала тое, што замест звыклых для карэннага менчука жэтонаў у Парыжы нам неабходна было набываць звычайныя папяровыя квіточкі, — з некрывадушным захапленнем апавядаў Ваўкалак. I дрыготкім голасам працягваў: — 1 вось я, стомлены ад доўгага шляху, нагружаны дарожнымі торбамі, рашуча накіраваўся да турнікетаў А там бясконцы хаатычны натоўп, які, напэўна, адсоткаў на дзевяноста пяць складаўся з гэтых, прабачце, афрафранцузаў. А ў мяне ў торбах і грошы, і пашпарт — карацей, усё, што я браў з сабою ў вандроўку. I вось я, прыціскаючы да сябе манаткі, праціскаюся скрозь шматлікія чалавечыя целы да турнікета, прапіхваю ў дзірку квіток і як мага хутчэй адыходжу ад турнікета падалей. Ідзём
    мы такія калідорам, які нагадвае тыповую каналізацыю: вузкі змрочны тунэль, вакол вісяць нейкія абадраныя правады, паўсюдна смецце, асвятлення стае выключна на тое, каб бачыць спіну чалавека, які ідзе наперадзе. I тут раптам ад калідора адыходзіць адгалінаванне, а на сцяне вісіць малюнак, што, калі вы хочаце перасесці на іншую лінію, вам сюды. Мы збочваем згодна са схемай, а там зноў такія самыя турнікеты! Ну, мае калегі глядзяць, што робяць абарыгены, і таксама зноў суюць тыя свае квіточкі ў дзірку, і толькі пасля гэтага я звяртаю ўвагу на тое, што з іншага боку турнікета пасажыры забіраюць іх назад. Я стаю з велізарнымі вачыма ў поўнай паніцы і не магу прыдумаць, піто ж мне рабіць у такой сітуацыі. Я гучна прашу калегу, каб ён працягнуў мне свой квіток, раптам у мяне атрымаецца па ім прайсці. Калега мне яго працягвае і тут бац. Эўрыка! Турнікет адчыняецца. Забягаючы наперад, трэба адразу адзначыць, што шчаслівы ўладальнік квітка пасля ўвесь дзень катаўся з яго дапамогай, хаця так, здаецца, не павінна быць, бо гэта быў менавіта квіток на адну паездку. У любым выпадку, не раю вам, калі вы трапіце ў гэтае метро, так рызыкаваць, бо для таго, каб выйсці са станцыі на вуліцу, зноў неабходна было засунуць той самы квіток у дзірку. I калі ў цябе з якой-небудзь нагоды няма квітка, ці ён чамусьці не счытваецца як след, выйсці адтуль ужо немагчыма. А там турнікеты высокія, не такія як у нас, іх так проста не пераскочыш. Пра гэта я даведаўся на сумным уласным досведзе, бо мне давялося гэта самому паспрабаваць! Навошта? А тут пачынаецца другая не меней цікавая гісторыя. На зваротным шляху я сабе набыў праязны, якім нібыта можна карыстацца да канца дня, бо мне неабходна было яшчэ заехаць у некалькі розных далёкіх кутоў горада.
    I вось y адзін цудоўны момант праязны раптам зусім не спрацаваў. I ўсё. А вакол супрацоўнікаў метрапалітэна ды і ўвогуле нікога няма. Толькі ўздоўж сценаў стаяць аўтаматы, у якіх прадаюцца квіткі. У выніку я гойсаў па ўсёй станцыі, пакуль урэшце не знайшоў супрацоўніка, які праверыў мой квіток, вельмі здзівіўся, што і ў яго нічога не атрымалася, націснуў нейкую кнопку ў сябе на прыборы і адчыніў уласнымі рукамі перада мной турнікет. Пры гэтым ён нават не патлумачыў што мне рабіць, калі праязны зноў не спрацуе, а навокал не будзе нікога з яго калег.
    Аднак, шчыра кажучы, гэта было насамрэч яшчэ не самым непрыемным у Парыжскім метро. Да сістэмы турнікетаў і бясконцага натоўпу хаця б можна праз пэўны час неяк прыстасавацца, прызвычаіцца. Найболей жудаснае ў метрапалітэне французскай сталіцы тое, што на адной станцыі можна трапіць адразу на тры чатыры галіны і нават на міжгароднюю чыгунку! Што ў гэтым непрыемнага? А тое, што ўсе лініі размяшчаюцца пластамі адна пад адной, а брудная, смярдзючая чыгунка знаходзіцца ў самым нізе, прытым што пах ад яе можна пачуць не толькі на апошнім узроўні, але нават і на вуліцы, на свежым паветры, так бы мовіць. Брр.
    Калі Аркадзь з зацікаўленасцю слухаў гэтую поўную драматызму гісторыю, у яго склалася трывалае ўражанне, што парыжскі метрапалітэн — гэта агідны бясконцы лабірынт. I ў яго тады раптам з'явілася дзіўная думка, што французам яшчэ пашанцавала, што ў іх не знайшлося свайго «Аум Сінрыкё»19. Бо калі б здарылася
    19 «Аум Сінрыкё» — японская секта, якая атрымала сусветную вядомасць у 1995 годзе, здзейсніўшы тэрарыстычную газавую атаку ў такійскім метро.
    нешта дрэннае і ў натоўпе запанавала паніка, з гэтага лабірынта выбраліся б толькі карэнныя парыжане, калі такія ўвогуле там існуюць. Бо паводле аповедаў усё таго самага Ваўкалака, іх там знайсці было нават складаней, чым беларускамоўнага чалавека ў цэнтры Менска.
    Хаця стаўленне да парыжскага метро, вядома, моцна залежала ад таго, наколькі крытычным і дасведчаным позіркам на яго паглядзець. Бо калі Аркадзь узгадваў свой візіт у Кіеў, найбольш яскравым яго ўражаннем ад гэтага горада дагэтуль заставалася станцыя Арсенальная, якая, як ён памятаў, была найглыбейшай у свеце. Знаходзячыся на гэтай станцыі нават у звычайны будны дзень, не ў гадзіну-пік, пры адсутнасці натоўпу, дыхаць было даволі складана, бо свежае паветра там практычна адсутнічала нягледзячы на безумоўную наяўнасць вентыляцыі. А калі б там (ды не дазволяць гэтага ўсе багі!) быў бы натоўп і распылілі б нейкі газ, як пятнаццаць гадоў таму ў Японіі, было нават страшна падумаць, якімі маглі б быць наступствы. А яшчэ было цяжка ўявіць, што сказаў бы пра такое метро Мацвей, бо, як аднойчы даведаўся Аркадзь, звычайна вонкава жыццярадаснаму гісторыку амаль з самага яго пераезду ў сталіцу па начах сніліся жахі пра «падземку», ды і ўвогуле ўсялякія цёмныя тунэлі выклікалі ў яго малапрыемныя асацыяцыі. Аднак ніхто з яго асяроддзя так дакладна і не даведаўся, што насамрэч паслужыла нагодай з'яўлення такой дзіўнай фобіі. Хоць Аркадзь не адмаўляў такой магчымасці, што сам Баляслаў добра ведаў адкуль, як той казаў, ногі растуць, але проста не меў ніякай ахвоты ні з кім дзяліцца такой занадта асабістай інфармацыяй. Такая гіпотэза ў вачах пачынаючага навукоўца здавалася досыць праўдападобнай і лагічнай. Малады фізік і сам не вельмі любіў апавядаць пра
    свае мала каму зразумелыя жахі. Ды і, шчыра кажучы, людзей, якія не любяць знаходзіцца ва ўмовах, калі не відаць сонечнага святла, даволі шмат, а «падземка» была найбольш распаўсюджанным увасабленнем іх трывогаў. Прынамсі, ў сталіцы. Аркадзь нават неяк злавіў сябе на думцы: як добра, што ў ціхім менскім метро якоенебудзь небяспечнае здарэнне проста немагчыма сабе ўявіць. Беларусы — народ мірны. Hi ў кога няма нагоды чыніць жудасныя рэчы ў самым сэрцы сваёй краіны. Ды і наўрад ці яна калі-небудзь з'явіцца. Усё ж менталітэт — рэч даволі стабільная, якая напрацоўваецца цягам стагоддзяў і не можа змяніцца ні за дзесяць, ні за пятнаццаць гадоў.
    Аркадзь не ведаў, колькі праўды было ў захапляльнай гісторыі пра парыжскае метро, але, назіраючы неверагодны імпэт, з якім апавядаў яе Ваўкалак, у аснове, хутчэй за ўсё, сапраўды ляжалі рэальныя падзеі. У нямецкай чыгунцы хаця б не было правадоў смецця і гэтых, выбачайце, афрафранцузаў Былі турканемцы, але не ў такой ужо і вялікай колькасці. Аднак Аркадзь у гэтым пытанні прытрымліваўся еўрапейскай талерантнасці, бо ў свой час быў знаёмы як з добрымі, так і з дрэннымі людзьмі самых розных расаў і іх чалавечыя якасці ніякім чынам не залежалі ад колеру скуры.
    Колькасць платформ і шляхоў на вакзале не на жарт напалохала Аркадзя. Каля раскладу стаяў натоўп, які, наколькі зразумеў малады фізік, абмяркоўваў тое, што за апошнюю гадзіну кіраўніцтва чыгункі скасавала ўжо чатыры цягнікі ў Ахен, а пра нагоду такога катастрафічнага становішча і магчымыя іншыя шляхі да гэтага нямецкага горада так нікому і не паведамілі. Гэта здзівіла
    маладога навукоўца, які з дзяцінства чуў, як савецкім дзецям ставілі ў прыклад нямецкую педантычнасць. Аркадзь выключыў плэер, бо вырашыў, што калі ўжо тут цягнікі могуць спазняцца, касавацца, прыязджаць на іншыя шляхі і гэтак далей, дык лепей быць у курсе падзей. Якраз у гэты момант прагучала абвестка пра тое, што найбліжэйшы час да Ахена можна будзе даехаць выключна з перасадкамі, бо наўпроставай сувязі з гэтым горадам зараз няма праз нейкія праблемы з электрычнасцю ў суседнім населеным пункце. Гэтая абвестка вельмі ўсхвалявала беларуса і нават змусіла яго адарвацца ад глыбокіх разваг, і справа была зусім не ў тым, што яго турбаваў лёс пасажыраў, якім давядзецца шукаць іншыя маршруты. Гэта, безумоўна, была надзвычай непрыемная сітуацыя, аднак такое здараецца. Узбудзіла Аркадзя іншае, прычым узбудзіла ва ўсіх сэнсах. Жаночы голас, які пачуўся з гучнамоўцаў быў адначасна пяшчотны ды прывабны, па-анёльску ласкавы ды па-д'ябальску спакуслівы. Хлопец нават заўважыў як вакол яго яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і жанчын, здзіўлена ўзнялі галовы дагары, нібыта імкнуліся пабачыць тую незямную прыгажуню, якой належаў гэты мядова-салодкі голас. Яго гучанне было настолькі ні да месца на брудным шумным чыгуначным вакзале, што Аркадзь нават адчуў нейкі кагнітыўны дысананс. Ён не сумняваўся, што дзяўчына з такім голасам магла б знайсці сабе працу дзе заўгодна: у агучванні фільмаў, у кол-цэнтрах, на радыё... А ў сферы сэксу праз тэлефон яна ўвогуле мела б усе шанцы стаць найболей запатрабаванай супрацоўніцай. Але яна з нейкай толькі ёй вядомай нагоды абрала чыгунку. I ў гэтым было нешта настолькі вар'яцкае, настолькі няслушнае, што малады навуковец нават не ведаў зайздросціць такому
    прыроднаму падарунку ці спачуваць таму, што яго ўладальніца не здолела знайсці яму годнага выкарыстання. Тым часам анёльскі голас пачаў паўтараць інфармацыю пра праблему, якая існавала ў ахенскім кірунку, аднак да станцыі наблізіўся цягнік, які грукатам сваіх колаў зусім заглушыў гэтую казачную мелодыю. Аркадзь нібыта прачнуўся ад гіпнозу і раптам узгадаў, што яму неабходна было тэрмінова даведацца, якім чынам ён можа даехаць да канцавога пункта свайго падарожжа. На раскладзе ён пабачыў, што да Трыра існуе магчымасць даехаць цягніком, які павінны быў сыходзіць акурат праз тры хвіліны. Але ён нідзе не мог знайсці цягнік, які едзе менавіта туды. На той каляіне, на якую спасылаўся расклад сапраўды стаяў прыгожы сучасны цягнік, які складаўся з шасці вагонаў, аднак сярод назваў буйных гарадоў праз якія ён мусіў быў праехаць згодна з інфармацыяй, якая змяшчалася на табло на пероне, Трыра не было. Часу разважаць ужо не заставалася, і Аркадзь рашуча заскочыў у найбліжэйшы да яго вагон. Амаль адразу пасля гэтага зачыніліся дзверы і загрукалі колы. Аркадзь азірнуўся, у гэтым сегменце цягніка апрача яго ехалі яшчэ пара пенсіянераў і нейкі сонны барадаты мужчына сярэдняга ўзросту. Да мужчыны ісці было далёка, таму давялося звярнуцца да старых.