Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
Аркадзь сур'ёзна задумаўся, ці пагадзіўся б ён змарнаваць столькі свайго часу, каб дапамагчы чалавеку, які прыехаў на іншы кантынент, не ведаючы ніводнай замежнай мовы, і прыйшоў да высновы, што хутчэй за ўсё не пагадзіўся б. Гасцінны еўрапейскі менталітэт быў усё яшчэ чужым і нязвыклым для маладога беларуса.
***
Вакзал невялічкага горада апынуўся не такім ужо брудным і жудасным, як песімістычна ўяўляў малады навуковец. Аркадзь кінуў нервовы позірк на вялікі
вакзальны гадзіннік: цягнік прыйшоў дакладна паводле раскладу, аднак чалавека, якога абяцаў даслаць прафесар нідзе не было відаць. У лісце спадара Фогеля значылася, што госця сустрэне доктар Дэніс Кляйншмідт. Беларус зрабіў лагічную выснову: ведаючы, што нямецкія цягнікі даволі часта затрымліваюцца, Дэніс вырашыў таксама не марнаваць дарма час і падысці да месца сустрэчы крыху пазней. Безумоўна, стомлены доўгім падарожжам Аркадзь хацеў як мага хутчэй прыняць душ і легчы ў ложак, але для гэтага яго спачатку павінныя былі суправадзіць туды, дзе ён будзе жыць. I яму не заставалася нічога іншага, як пачаць шукаць месца, дзе можна было б кінуць торбы і прысесці. Але рабіў ён гэта даволі неахвотна, павольна азіраючыся навокал, разглядаючы маленькія вакзальныя крамы ды людзей, якія ветліва ўсміхаліся адзін аднаму.
— Выбачайце, — раптам раздаўся хрыпаваты голас за спінай навукоўца.
Аркадзь павярнуўся. Перад ім стаяла пажылая пара. Мужчына з пляшкай піва ў руцэ звяртаўся да яго:
— Выбачайце, вы нешта шукаеце? Ці можам мы вам чым-небудзь дапамагчы?
— He, дзякуй, — абыякава адказаў Аркадзь. Ад стомы яго вымаўленне пагоршылася, мясцовыя, пачуўшы гэта, адразу паўтарылі сваю прапанову англійскай моваю.
— He, шчыры дзякуй, — таксама па-англійску прамовіў Аркадзь, — усё добра. Я проста чакаю чалавека, які павінен быў мяне тут сустрэць.
Пенсіянеры шчыра пажадалі яму прыемнага знаходжання ў Трыры і накіраваліся па сваіх справах. Аркадзь доўга глядзеў ім услед і зноў падумаў, што ў сваёй краіне ён, на вялікі жаль, ніколі не бачыў людзей такога ўзросту такімі шчаслівымі. Тут жа з выхадам на пенсію
жыццё не сканчаецца. Ён шмат разоў чуў, што еўрапейскія старыя ўвесь час вандруюць і бесклапотна жывуць у сваё задавальненне, але чуць і бачыць на ўласныя вочы — гэта зусім розныя рэчы. Акрамя таго, яму было складана ўявіць сабе, што на яго Радзіме хтосьці вось так падыдзе да чалавека, які проста стаіць і азіраецца, і запытае, ці не патрэбна яму якая дапамога. Аркадзю ў чарговы раз узгадалася адна з гісторый Ваўкалака. Было нават смешна, што ён бачыў гэтага хлопца не вельмі часта, але ўсе гісторыі, якія той апавядаў, памятаў даволі дасканала. Вось што значыцца, калі ў чалавека ёсць сапраўдны талент прамоўцы. I ў адной са сваіх гісторый ён расказваў пра тое, як аднойчы ў Аўстрыі выправіўся ў музей. У музеі было некалькі ўваходаў, якія вялі ў розныя залі, а Ваўкалак прыйшоў з іншай вуліцы і выпадкова адразу трапіў у залю пад нумарам чатыры. Там ветлівы вартаўнік папрасіў яго паказаць квіток. Ваўкалак шчыра прызнаўся, што не знайшоў касы і спытаў, дзе яна знаходзіцца. Вартаўнік у адказ паведаміў што касу можна знайсці каля ўваходу ў першую залу, але можна напачатку прагледзець гэтую чацвёртую, каб не бегаць тудэма-сюдэма, а пасля ўжо ў адваротным кірунку прыйсці да касы і набыць квіток постфактум. Да таго ж вартаўнік праз рацыю папярэдзіў супрацоўнікаў у іншых залах, каб яны не хваляваліся, бо малады чалавек паабяцаў набыць квіток пасля таго, як пройдзе праз усю экспазіцыю.
Гэтая гісторыя выглядала, напэўна, адной з найменей праўдападобных, аднак чым болей часу бавіў Аркадзь у еўрапейскіх краінах, тым ахвотней пачынаў у яе верыць, як і ў іншыя гісторыі Ваўкалака.
Тым часам малады фізік урэшце знайшоў лаўку каля выхада з вакзала і з палёгкай прысеў на яе. Побач з ім
на падлозе сядзеў жабрак. Хаця, трэба адзначыць, што гэтага чалавека і жабраком складана было назваць. Ён сапраўды сядзеў з працягнутай рукой, але пры гэтым у ахайнай чыстай кашулі, са стылёвым механічным гадзіннікам на руцэ і ў красоўках, якія, на першы погляд, каштавалі даражэй, чым абутак, у якім у гэты самы момант быў Аркадзь. Паназіраўшы некаторы час за жабраком, беларус зрабіў выснову, што, мабыць, гэта звычайны наркаман, якому сацыяльнай дапамогі стае на ежу і адзенне, але не стае на дозу. Пры гэтым наркаман паводзіўся абсалютна спакойна, нікога не чапаў, сядзеў сабе ціхенька ў куточку і чакаў, калі яму хто-небудзь ахвяруе грошай. Яшчэ хвілінаў праз дзесяць побач прайшоў паліцэйскі патруль. Два плячыстыя мужчыны ў форме падышлі да наркамана і спыталі, ці ўсё ў яго добра, і ці добра ён пачуваецца. Той адказаў, што ўсё ў поўным парадку, і паліцэйскія павольна рушылі далей.
Зацікаўлена назіраючы за гэтай прасякнутай гуманізмам сцэнай, Аркадзь не заўважыў, як да яго падышлі. Таму ён ледзь не падскочыў ад нечаканасці, калі зусім побач высокі жаночы голас прамовіў:
— Добры вечар. Я перапрашаю, вы — спадар Каршакевіч?
Аркадзь азірнуўся. Перад ім стаяла маладая дзяўчына. Разумныя шэрыя вочы ўважліва разглядалі суразмоўцу з-пад акуратнай грыўкі доўгіх светлых валасоў.
— Добры вечар. Так, гэта я, — здзіўлена прамовіў беларус.
— Выбачаюся, што крыху спазнілася. Я зусім забылася, што патрэбны мне аўтобус ходзіць у такі час значна радзей. Таму давялося ісці пешшу. Маё імя Дэніс. I я вельмі радая вітаць вас у нашым горадзе і асабліва ў нашай лабараторыі.
Дзяўчына працягнула руку. I тут Аркадзь ледзь не засмяяўся ўголас са сваёй памылкі. Дэніс — гэта не толькі мужчынскае імя. А ён сядзеў і чакаў мужчыну, таму адразу і не звярнуў ніякай увагі на немку, якая падышла да яго. Аднак хлопцу не заставалася нічога іншага, як удаючы, што ўсё ў поўным парадку, узняцца і паціснуць руку.
— Можна проста Аркадзь. Прыемна з вамі пазнаёміцца, — прамовіў ён.
— Лепей на «ты». У нас так прынята. Ты ж ведаеш розніцу?
— Так, вядома ж. У нашай мове яна таксама існуе, — лёгка пагадзіўся хлопец.
— Вось і добра, бо тым, у каго матчына мова англійская, надта складана гэтую розніцу патлумачыць. — Дэніс зірнула на гадзіннік. — Калі пасля доўгага падарожжа ў цябе яшчэ засталіся сілы, каб зрабіць апошні рывок, мы можам паспяшацца і сесці на аўтобус, які сыходзіць праз пяць хвілінаў, бо наступнага трэба будзе чакаць мінімум хвілінаў пяцьдзясят.
Аркадзь згодна кіўнуў і спрытна падхапіў свае рэчы. Дэніс упэўнілася, што ён гатовы, і хуткім крокам рушыла да выхада з вакзала. Хлопец не адставаў, пры гэтым зацікаўлена разглядаючы будучую калегу. Ён даўно ведаў, што ў немак у параўнанні з беларускамі... Як гэта называецца? Больш шырокія косткі ці як? Магчыма, гэта тлумачылася тым, што жыхары адной з найболей эканамічна развітых краін свету лепей харчаваліся з дзяцінства, але факт заставаўся фактам. I Дэніс не была выключэннем. Аднак адрозна ад суайчынніц ёй гэта нават пасавала. He, яна не была тлустай, але як часам казаў у такіх сітуацыях Баляслаў, у яе было што абняць.
Як толькі яны падышлі да прыпынку, пад'ехаў сучасны, амаль пусты аўтобус, і навукоўцы ўвайшлі
ў салон. Пакуль Аркадзь пазручней размяшчаў сваю валізу, дзяўчына паспела набыць у кіроўцы два квіткі, пракампасіравала іх, вярнулася і працягнула адзін з іх госцю.
—Колькі з мяне? — спытаў ён, дастаючы з кішэні гаманец.
— За кошт лабараторыі, — засмяялася дзяўчына, — шчыра кажучы, нас павінен быў падвезці на машыне наш супрацоўнік Ульрых, але ў апошні момант ён адмовіўся, спасылаючыся на нейкія важныя справы. Таму мне і давялося спачатку шукаць зручны аўтобус, а пасля ўвогуле ісці пешшу.
Аркадзь усміхнуўся ў адказ, а Дэніс тым часам працягвала:
— Аднак не крыўдуй на яго. Гэта Ульрых, у яго такое часта здараецца. Ён даволі спецыфічны чалавек, але надзвычай таленавіты навуковец. Ты з ім заўтра пазнаёмішся.
— Ну так, — пагадзіўся хлопец, — у нашай краіне таксама большасць таленавітых навукоўцаў — вельмі спецыфічныя людзі.
Яны разам засмяяліся.
— Ты, напэўна, моцна стаміўся падчас падарожжа, хочаш хоць крыху цішыні, а тут яшчэ я са сваімі размовамі, — раптам сказала дзяўчына.
— Ды не, ты што. Наадварот, у цішыні я адразу засну, а так ты мяне трымаеш у тонусе, — усміхнуўся беларус.
Да патрэбнага прыпынку яны бавілі час размовамі на розныя калянавуковыя тэмы. Напачатку Дэніс запытала Аркадзя, чаму ён абраў іх лабараторыю і што даследаваў раней. Пасля яна апавядала, як сама трапіла ў групу прафесара Фогеля.
Пакуль яны ішлі добра асветленай, аднак даволі малалюднай вуліцаю, дзяўчына расказвала, як у Германіі адбываецца абарона дысертацыі і як яна сама летась праходзіла праз гэтую працэдуру. Калі вуліца скончылася, яны апынуліся побач з невялікім паркам, насупраць якога ўзвышаліся некалькі жылых будынкаў. Каля ўвахода ў адзін з іх Дэніс прамовіла:
— Наш навуковы цэнтр на першы час вылучыў для цябе месца ў гэтым кампусе, але гэта, на жаль, толькі на адзін год. Пасля табе давядзецца самастойна шукаць, дзе ты будзеш жыць далей.
Месца ў кампусе ўяўляла сабою асобную невялічкую кватэру з адным пакоем, маленькімі кухняй і душам. Але кватэра выглядала даволі ўтульнай, і ў ёй было ўсё самае неабходнае.
Дэніс працягнула візітоўку.
— Калі ўзнікнуць пытанні ці патрэбная будзе якая дапамога — тэлефануй. Але лепей вырашаць усе праблемы выключна ў працоўны час, бо ўвечары і на выхадных я магу знаходзіцца па-за межамі дзейнасці мабільнай сеткі. Адсыпайся і заўтра а дзясятай гадзіне падыходзь у наш навуковы цэнтр. Гэта тут недалёка, хвілінаў пятнаццаць пешшу. Паўсюль стаяць знакі, якія паказваюць кірунак, таму не заблукаеш. Буду чакаць цябе на ўваходзе ў цэнтр. Калі на сёння пытанняў болей няма, я, напэўна, пайду, бо табе трэба добра адпачыць.
— Няма, — думкі Аркадзя былі ўжо далёкія ад навуковага цэнтра і заўтрашняй сустрэчы. Ён ужо марыў, як скіне з сябе бруднае адзенне і пойдзе ўрэшце ў душ. I спаць. Нават без вячэры, хаця ў яго ў торбах яшчэ дакладна заставалася нейкае печыва і, можа, штосьці яшчэ. Аднак раптам ён спахапіўся: — Можа, табе выклікаць таксі? Ужо позна.
— He, дзякуй, — усміхнулася Дэніс, — мне тут недалёка. Напрасткі праз парк хутка дайду. Таму да заўтра і салодкіх сноў.
Калі дзяўчына сышла, Аркадзь разняволена плюхнуўся на канапу і некалькі хвілінаў збіраўся з моцай і змагаўся з памкненнем пайсці спаць брудным. Але жаданне змыць з сябе дарожны пыл і разуменне таго, што ранкам гэта зрабіць яшчэ складаней, перамаглі: ён рэзкім рухам узняўся і рашуча накіраваўся ў душ. Акрамя гэтага малады навуковец ведаў што неабходна адразу ў першы дзень стварыць добрае ўражанне, і ў гэтым дробязяў быць не можа: прыстойны выгляд, прыемны пах, жвавы, выспаны розум — кожная такая дэталь з'яўляецца толькі часткаю іміджу, які з ім будзе атаясамлівацца ў будучыні. Ды і калі ён выглядае ідэальна, то і адчувае сябе больш упэўнена. Бо якім бы дасведчаным у падарожжах і міжнародных кантактах Аркадзь ні быў, ён усё адно вельмі хваляваўся, прадчуваючы, што заўтра ўсе яго выпрабаванні толькі пачнуцца.