Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
Заняўшы сваё месца, Аркадзь зачаравана ўтаропіўся ў вакно, цалкам захоплены надзвычайнай прыгажосцю мясцовай прыроды. Сярод бясконцых па-восеньску рознакаляровых лясоў ды велічных неабсяжных скал раз-пораз такім сабе сціплым, аднак даволі настырлівым нагадваннем пра тое, што недзе побач жыве чалавек, які мае намер усю гэтую прыгажосць скарыстаць у сваіх мэтах, з'яўляліся грувасткія металічныя ветракі. Іх прысутнасць адразу моцна псавала казачнае ўражанне ад чароўных, нібыта нават і зусім не кранутых чалавекам, лясоў ды крынічак. Але было ў гэтых ветраках яшчэ і нешта жудаснае, што бязлітасна нагадвала Аркадзю тое, ад чаго ён так мэтанакіравана ўцякаў са сваёй Радзімы. Так, ён уцякаў не да чагосьці добрага, наадварот, найперш ён уцякаў ад чагосьці вельмі страшнага. I, магчыма, Баляслаў усё ж сапраўды меў рацыю, калі ці то жартам, ці то сур'ёзна казаў, што яго сябар зацяты радыяфоб, бо тры лопасці вятрака дакладна адлюстроўвалі дасканалае ўвасабленне ўсяго таго, чаго палохаўся Аркадзь у адным малюнку: знак радыяцыйнай небяспекі, які таксама меў тры пялёсткі падобнай формы.
Калі знаёмыя пыталіся ў маладога фізіка, чаму ён так апантана баіцца радыяцыі, Аркадзь ніколі нікому не апавядаў што хутчэй за ўсё гэта звязана з трагічнай гісторыяй яго сям'і. Ен заўсёды тлумачыў сваю фобію меней асабістымі, але ад гэтага не меней лагічнымі і шчырымі аргументамі.
— Пажар, цунамі, землятрус, бомбы — усё гэта можна пабачыць, пачуць ці адчуць, — заўжды эмацыйна казаў ён, — а пра наяўнасць радыяцыі вы не даведаецеся, пакуль у вас не пачнуць выпадаць валасы і адміраць унутраныя органы, калі вы, вядома, не носіце заўсёды з сабою лічыльнік Гейгера. Вось гэтая невядомасць — для мяне найстрашнейшае. Як можна пазбегнуць таго, чаго ты не бачыш, пра што ты не ведаеш?
Гэта быў той самы жах, які быў нават мацнейшы за жах смерці. Аркадзя не так палохалі магчымыя наступствы, колькі пужала абсалютная невядомасць. Безумоўна, шмат дзе ёсць дазіметры, і калі доза невялікая і своечасова пра яе даведацца і прыняць захады, можна пазбегнуць праблемаў. Але для гэтага неабходна, каб уладальнікі гэтых дазіметраў (фактычна ўлады) адразу паведамілі пра тое, што адбылося, каб не хавалі страшнай інфармацыі ад грамадства. А такія прыклады ў гісторыі, на жаль, былі, і ўсе пра іх добра ведалі. Да таго ж ніхто не мог гарантаваць, што ў выпадку чаго, такая здрада ў дачыненні да свайго ж уласнага народа не паўторыцца. Таму Аркадзь і бег ад гэтага як мага далей і не разумеў. чаму іншыя людзі не могуць уцяміць, як небяспечна мець з гэтым справу. Нават яго сястра, з тым няшчасным сервізам. Колькі разоў ён настойліва ёй раіў пазбавіцца ад небяспечнай рэліквіі. He, хлопец не дакараў сястру за тое, што яна набыла гэты кавалачак Чарнобылю, бо сам не стрымаўся і ўзяў яго тады ў рукі, хаця і добра
ведаў, да якой ступені тое небяспечна. Аднак гэта быў артэфакт роднай гісторыі, носьбіт светлых успамінаў пра іх сям'ю. Але захоўваць сервіз усё адно ні ў якім выпадку было нельга, бо Аркадзь быў на сто адсоткаў упэўнены ў тым, што той «фаніў». I колькі тады яны з сястрой спрачаліся наконт гэтага, колькі сварыліся! Урэшце нават амаль зусім перасталі размаўляць. Перад ад'ездам ён толькі патэлефанаў ёй і папярэдзіў, што з'язджае, але паабяцаў, што заўсёды будзе на сувязі праз скайп. Аднак, насамрэч, ён дужа сумняваўся, што яна будзе часта яму тэлефанаваць. Ды і ён не збіраўся ёй навязвацца, бо гутарка, безумоўна, зноў прывядзе да праклятага сервіза. Аркадзь здзіўляўся, чаму некаторыя людзі не разумеюць, калі блізкія пра іх клапоцяцца, хвалююцца за іх, а яны ў адказ толькі супрацівяцца, нібыта ім зычаць чагосьці дрэннага. Вось і Міраслава так. Аркадзь надта шкадаваў, што праз нейкі сервіз так сапсаваліся іх дагэтуль цёплыя адносіны з сястрой. Але радыяцыя — гэта не драбяза. I ён не мог заплюшчыць на гэта вочы. Усё гэтыя чортавыя «сталкеры», халера іх пабірай. Мала таго, што самі вар'яты дык яшчэ і іншых спакушаюць.
Да «сталкераў» Аркадзь ставіўся рэзка адмоўна, бо лічыў іх дзеянні як мінімум амаральнымі. Тое, што яны рызыкуюць сваім здароўем павінна хваляваць толькі іх саміх, бо яны едуць туды цалкам добраахвотна, іх ніхто не прымушае. Калі яны хочуць атрымаць сваю дозу з усімі наступствамі ці быць з'едзенымі мясцовымі дзікімі жывёламі, — гэта іх выбар. Пагатоў людзі там бываюць рэдка, і калі на тых, хто шукае там прыгоды, абрыне які-небудзь стары будынак, які паспеў ужо так струхлець, што кожны рух побач з ім можа выклікаць разбурэнне, далёка не факт, што ахвяраў хутка
знойдуць. Калі ўвогуле знойдуць. Аднак гэта не хвалявала Аркадзя. Хтосьці ездзіць у забруджаную зону, хтосьці сядае п'янымі за стырно. У кожнага свае шляхі да самазнішчэння. Ен ненавідзеў «сталкераў» з іншай нагоды. Яму было агідна тое, што гэтыя гіцалі нажываліся на няшчасцях іншых людзей. I гэта датычыла не толькі тых, хто выстаўляў свае знаходкі на інтэрнэтаўкцыёны, каб зарабіць, не думаючы нават пра тое, што гэтыя рэчы раней некаму належалі і што іх гаспадары, магчыма, яшчэ жывыя. Само разуменне таго, што ў той дом, дзе ён жыў, у той пакой, дзе ён спаў, уваходзяць чужынцы і чыняць там усё, што пажадаюць, выклікала ў Аркадзя бяссільную злосць і нястрымную нянавісць да такіх людзей. Ды і ён сапраўды лічыў амаральным тое, што з месца агульнай, велізарнай бяды, якая тым ці іншым чынам закранула сем'і амаль кожнага жыхара Беларусі, зрабілі тэрыторыю для незабыўных прыгодаў і чароўных фотасесій.
Ад сумных думак яго ўвагу адцягнуў сівы высокі мужчына ў шэрым пінжаку.
— Вітаю. Ці не згадзіліся б вы, калі ласка, прайсці апытанне, каб мы маглі палепшыць нашыя паслугі, — ветліва звярнуўся ён да Аркадзя і да араба, які сядзеў побач з беларусам.
Абодва ахвотна ўзялі працягнутыя ім аркушы і асадкі. Аркадзь хутка прагледзеў пытанні, якія датычылі пераважна якасці сэрвісу ды зручнасці цягнікоў і паўсюдна паставіў крыжыкі насупраць найвышэйшай адзнакі. Хутка выканаўшы сваё заданне, ён бакавым зрокам заўважыў, што араб паўсюдна паставіў сярэднія, а ў некаторых пытаннях, у якіх гаворка ішла пра сэрвіс, нават нізкія адзнакі.
Аркадзь сумна ўсміхнуўся.
«Ну, ну, — падумаў ён, — пакатаўся б ты электрычкаю Менск Барысаў. Я паглядзеў бы, якія б ты там адзнакі паставіў».
Аркадзь працягнуў паперку з адказамі і асадку супрацоўніку, які акурат вяртаўся з іншага кута вагона да іх, збіраючы дарогаю анкеты.
— He, не, — замахаў рукамі сівы мужчына, — асадку пакіньце сабе. Гэта вам маленькі падарунак на ўспамін.
Аркадзь падзякаваў і паспрабаваў уявіць сабе сітуацыю, калі ўсё ў той самай электрычцы Менск Барысаў правядуць анкетаванне наконт якасці паслуг і падораць асадкі. Ад немагчымасці такой карціны ён ціха засмяяўся, стрымліваючы сябе, каб не напалохаць спадарожнікаў. Смех канчаткова прагнаў усе яго сумныя думкі, журботныя ўспаміны і прытоеныя жахі.
***
Мітусня распачалася задоўга да апошняга прыпынку. Як паказвала табло ўнутры вагона, да Трыра заставалася ехаць яшчэ каля сарака хвілінаў, аднак краем вока Аркадзь заўважыў, што людзі раптам заварушыліся. Ён адвёў позірк ад акна і адразу пабачыў эпіцэнтр падзей. У ім знаходзіліся мужчына сярэдняга ўзросту з доўгімі цёмнымі валасамі ў акулярах і невысокі тыповы кітаец, які нічым не адрозніваўся ад большасці сваіх суайчыннікаў. Побач з імі стаялі чацвёра кантралёраў і гучна спрачаліся наконт нечага. Пасажыры зацікаўлена назіралі за тым, што адбываецца. Аркадзь вымкнуў музыку і далучыўся да гледачоў. Раптам адзін з кантралёраў гучна запытаўся, ці валодае хто-небудзь у вагоне кітайскай мовай. Калі станоўчага адказу не прагучала, жанчына, якая раней правярала квіток Аркадзя, прапанавала калегам разысціся па вагонах і пашукаць там каго-небудзь, хто
зможа быць перакладчыкам. Кантралёры пагадзіліся і імгненна зніклі. У гэты момант да эпіцэнтру падзей падышоў ахайны паважны мужчына гадоў трыццаці і пацікавіўся, у чым праблема. Чалавек у акулярах пачаў яму нешта хуценька тлумачыць. Аркадзь сканцэнтраваўся, прыслухаўся і ажно прысвіснуў ад здзіўлення. Выявілася, што кітайцу неабходна было ехаць зусім у іншы канец Германіі — у Хемніц, а ён сеў не на той цягнік і зараз здзіўляўся, чаму ўсё ніяк не можа даехаць. Аднак гэта была толькі палова праблемы, другая палова палягала ў тым, што азіяцкі вандроўнік не разумеў ні панямецку, ні па-англійску. Аркадзь быў здзіўлены такой смеласцю, ці хутчэй дурнасцю, чалавека, які едзе за мяжу не ведаючы ніводнай мовы, апрача сваёй роднай. Тым часам паважны мужчына з разуменнем кіўнуў, сеў побач і рашуча дастаў планшэт. Праз некалькі імгненняў ён пачаў паказваць кітайцу нешта на планшэце і жэстамі тлумачыць, што таму неабходна рушыць зусім у іншым кірунку. Аднак, складалася ўражанне, што азіят усё адно не разумеў што адбываецца вакол яго. У гэты момант не вытрымала ўжо і маладая дзяўчына, мусіць студэнтка, якая сядзела праз праход ад Аркадзя. Яна рэзка ўзнялася7 далучылася да шумнай інтэрнацыянальнай кампаніі і актыўна замахала рукамі, малюючы ў паветры прыкладную мапу Германіі. Тут вярнуўся адзін з кантралёраў і паведаміў што так і не знайшоў у цягніку носьбітаў кітайскай мовы. Ен расчаравана ўздыхнуў развярнуўся і накіраваўся да выхада з вагона і ледзь не наступіў на маленькага хлопчыка, які гуляўся з цацачнай машынкай каля прыбіральні. Аднак матуля ў час выратавала сваё дзіця і выбачылася перад мужчынам. Хлопчык, як бы нічога і не сталася, пабег далей і спыніўся каля кітайца, разглядаючы з вялікай ці-
кавасцю натоўп, які сабраўся вакол таго няшчаснага. Матуля пабегла за сваім дзіцяткам і пачуўшы, пра што вялася гаворка, таксама далучылася да імправізаванага кансіліуму. Аркадзь зразумеў, што гэты атракцыён нямецкай добразычлівасці і кітайскай няўцямнасці можа цягнуцца бясконца і зноў вярнуўся да сузірання мясцовых краявідаў.
Калі табло паказвала, што да горада заставалася ехаць усяго каля сямі хвілінаў Аркадзь узняўся і пачаў асцярожна даставаць валізу. Калі ён справіўся з не самай простай фізічнай працай, дык пабачыў, што каля няшчаснага авантурыста-кітайца застаўся толькі доўгавалосы мужчына ў акулярах. Як зразумеў беларус, той акурат жэстамі паказваў, што цягнік у кірунку да Хемніца адыдзе ўсяго праз дзесяць хвілінаў пасля таго, як яны прыедуць у Трыр. Немец спрабаваў неяк патлумачыць азіяту, што зможа суправадзіць таго напрасткі да патрэбнай платформы, каб няўдачлівы госць зноў не заблукаў. I сапраўды, як толькі дзверы адчыніліся, абодва нязграбна трымаючы торбы пабеглі ў невядомым кірунку так хутка, наколькі гэта было магчыма ў натоўпе ды з багажом.