• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    Памежніца штосьці злосна прашаптала. Пасля зноў па глядзела ў пашпарт, пабачыла лічбы 02.12.1986 і моўчкі кінула дакумент уладальніку на калені.
    — Дзякуй, — разгублена падзякаваў той, так і не зразумеўшы, у чым ён быў вінаваты перад гэтай раз'юшанай жанчынай, з якой нагоды яна так неўтаймоўна катавала яго сваімі ўвішнымі пытаннямі і чаму ён быў злачынцам у яе вачах.
    3 іншага боку яшчэ пашанцавала, што пасля яе візіту, на першы погляд, нічога не знікла, як гэта адбылося ў адной са шматлікіх неверагодных гісторый Ваўкалака. Ваўкалак быў адным з самых дзіўных сяброў Баляслава, які штораз, калі з'яўляўся ў «Цэнтральным» апавядаў новую захапляльную гісторыю са свайго напоўненага шматлікімі прыгодамі жыцця. Пры гэтым слухачы ніколі не былі цалкам упэўненыя, ці адбыліся гэтыя падзеі калісьці насамрэч, ці багатая фантазія Ваўкалака нарадзіла незвычайную казку, толькі каб пазабаўляць знаёмых. Як казаў Аркадзю Баляслаў, мянушку яго гаваркі сябра атрымаў за тое, што яшчэ ў школе, беручы ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове, у заданні, дзе трэба было напісаць маленькае эсэ на тэму «Сапраўдны гонар нашага народа», напісаў, што такім
    гонарам, безумоўна, ёсць старадаўні звычай нашых продкаў-неўраў ператварацца ў ваўкоў Шаноўная камісія, якая чакала ў гэтым эсэ натхнёны аповед пра знакамітых беларускіх пісьменнікаў ці іншых выбітных творчых ды гістарычных дзеячоў, гумару не ацаніла і прысудзіла жартаўніку ганаровае апошняе месца. Прынамсі, так баяў пра тыя падзеі сам гаротнік Ваўкалак, хаця зноў жа ніхто не ведаў наколькі можна было верыць гэтай прыкрай гісторыі. Але ён вонкава сапраўды чымсьці нагадваў ваўка: калматая барада, пасмы доўгіх зблытаных валасоў, заўсёды адная і тая самая недалужная/ заношаная да дзірак касуха, якой ён бязмежна ганарыўся, апавядаючы пра тое, што нібыта да яго яе насілі яшчэ сапраўдныя амерыканскія панкі васьмідзясятых, а пасля яго далёкі сваяк з ЗША, які таксама быў удзельнікам гэтай субкультуры, падараваў трафей яму.
    Дык вось у адной са сваіх забаўных гісторый Ваўкалак расказваў у тым ліку і пра яго незабыўную сустрэчу з мытняй.
    — Еду я аднойчы ў калядную ноч з цудоўнага горада Львова, — урачыста апавядаў ён. — Ну як цудоўнага, хутчэй я сказаў бы, што гэта найпрыгажэйшы горад сярод тых, у якія можа трапіць беларус без наяўнасці шэнгенскай візы ў пашпарце. Дык вось, еду я ў цягніку ды вязу сваякам да святаў некалькі прыгожых падарункавых скрыначак з украінскімі цукеркамі. На мяжы заходзіць да мяне ў купэ маладая самавітая супрацоўніца мытні, глядзіць напачатку ў адну торбу, пасля ў іншую, раптам заўважае цукеркі і пагардліва кажа: «А гэта што ў вас тут такое? Можна адкрыць паглядзець?» Ну а я ёй рахмана кажу: «Так, безумоўна, калі ласка». He спрачацца ж з ёй сапраўды. Яна адчыніла, паглядзела, падзякавала і сы-
    шла. Можаце верыць, можаце не верыць, але калі я прыехаў дадому і адчыніў гэтую скрыначку, там не ставала адной цукеркі.
    Зноў-такі складана сказаць, наколькі рэальная гэтая гісторыя, аднак, калі падумаць, нічога сапраўды неверагоднага ў ёй насамрэч не было. Таму Аркадзь мудра вырашыў занадта не нервавацца праз усялякія дробязі. Гэта быў яшчэ толькі самы пачатак доўгага шляху да галоўнай мары ўсяго яго жыцця. Неўзабаве ён будзе ў Вільні, адразу з вакзала ў аэрапорт і адтуль ужо ў Германію. Няпроста і не вельмі зручна, затое даволі танна і досыць хутка. Малады навуковец супакоіўся і зноў уключыў свой улюбёны плэер. Загучаў паланэз Агінскага.
    He паспеў Аркадзь схаваць ручную паклажу і заняць сваё месца ў дваццаць сёмым радку каля прахода, як з ім адразу загутарыў паўнаваты вусаты мужчына, які сядзеў побач і вонкава дужа нагадваў Вернана Дурсля са знакамітай экранізацыі12.
    — Пашанцавала нам, га? Шчыра кажучы, ледзь паспеў набыць гэтае месца. Вы ж, безумоўна, ведаеце, што гэта найболей бяспечныя месцы ва ўсім самалёце? — спытаў ён па-англійску.
    — А чаму ж тады ў лаўкостэрах13 яны заўсёды самыя танныя? — адказаў пытаннем на пытанне Аркадзь, хоць і настрою спрачацца на гэтую тэму ў яго не было зусім.
    —А хто ж іх ведае, — усміхнуўся вусач самаўпэўненай усмешкай, якой нібыта падкрэсліваў, які ён разумны,
    12 Вернан Дурсль — персанаж кніг і фільмаў пра Гары Потэра.
    13 Лаўкостэр — бюджэтная авіякампанія.
    што ашукаў тых, хто так танна прадае гэтыя квіткі, — аднак згодна са статыстыкай верагоднасць выжыць пасля катастрофы нашмат вышэй у тых, хто сядзіць у канцы самалёта. А вы хіба не з гэтай нагоды тут месца набывалі?
    Аркадзь на хвіліну задумаўся: ці сапраўды ён настолькі добра валодае англійскай мовай, каб падрабязна патлумачыць суразмоўцу, што падчас асабліва сур'ёзных катастрофаў зазвычай увогуле ніхто не выжывае, але, прыйшоўшы да несуцяшальных высноваў датычна багацця свайго слоўнікавага запасу, ён вырашыў абысціся болей нейтральным ды лаканічным адказам:
    — Ды не, проста рухавікі звычайна так гучна шумяць, што заглушаюць мой старэнькі плэер, і робіцца амаль немагчымым слухаць музыку падчас падарожжа. — Аркадзь прыўзняў руку з плэерам, каб вусач дакладна зразумеў, пра што ідзе гаворка. — А тут іх практычна не чуваць. Вось і ўсё.
    — Ага, а наперадзе вы не сядзеце таму, што не хочаце апынуцца на месцы пасажыраў рэйса United Airlines 81114? — працягваў гнуць сваю лінію «Дурсль».
    Аркадзь здзіўлена паглядзеў у мітуслівыя карыя вочы, якія зацікаўлена чакалі яго адказу. Ён таксама калісьці глядзеў перадачу пра гэтую катастрофу на тэлеканале National Geographic15, але ніколі не думаў,
    14 У самалёце падчас палёту адбылося адчыненне і аддзяленне дзвярэй грузавога адсека ў насавой частцы. Праз выбухную дэкампрэсію загінулі 9 пасажыраў, якія вылецелі з салона разам з крэсламі.
    15 National Geographic Channel — амерыканскі тэлеканал, які транслюе навукова-папулярныя фільмы. «Расследаванні авіякатастрофаў» -— канадскі дакументальны тэлевізійны серыял, прысвечаны расследаванню розных авіяцыйных катастрофаў, а таксама прычын і падзей, якія прывялі да ўзнікнення кожнай з іх. Серыял транслюецца на тэлеканале National Geographic Channel.
    што хтосьці яшчэ можа ведаць на памяць назвы рэйсаў. Хаця, акінуўшы суразмоўцу яшчэ адным больш уважлівым позіркам, беларус адразу зразумеў, што нічога дзіўнага ў гэтым у прынцыпе няма, бо гаваркі вусач з верагоднасцю дзевяноста дзевяць адсоткаў быў тыповы заўзяты аэрафоб. Аркадзь, шчыра кажучы, таксама не надта любіў самалёты, бо быў перакананы ў тым, што той, хто народжаны, каб хадзіць, лётаць не павінен, з тае нагоды, што яму гэта папросту не наканавана лёсам. Апрача таго, нягледзячы на ўсю мастацкую прыгажосць гэтага неадназначнага вобраза, яго зусім не вабіла магчымасць «упасть, опалённым звездой по нменн Солнце»16. Бо вышыні ён не любіў ніколі (хоць вышыня была, безумоўна, далёка не самым вялікім яго жахам), ды і ўсю шкоднасць уздзеяння сонечнага ўльтрафіялету на чалавечы арганізм падчас нават непрацяглага пералёту малады фізік цудоўна разумеў. Таму жудасную, аднак неверагодна захапляльную перадачу пра авіякатастрофы ён глядзеў хутчэй для таго, каб лепей даведацца, што і як працуе ў самалётах. Такое разуменне надавала яму нейкай дзіўнай упэўненасці ў тым, што ўсё будзе добра, бо ў сучасных транспартных сродках прадугледжана амаль усё, і магчымасць таго, што здарыцца нешта дрэннае, ацэньваецца экспертамі як мінімальная. Хоць Аркадзь добра ведаў, што мала хто глядзіць такія перадачы менавіта з такой самай мэтай, як ён. Усё тлумачылася значна прасцей: чалавечая прырода такая, што людзі любяць жахлівыя катастрофы, бо яны падсвядома надаюць гэтым людзям адчуванне таго, што яны самі ўсё яшчэ сапраўды жывыя. Таму такія гісторыі
    16 Радок са спева Віктара Цоя «Звезда по нменн Солнце».
    і фільмы заўсёды былі і будуць запатрабаваныя ды папулярныя.
    I нягледзячы на тое, што Аркадзя сапраўды заўжды значна палохала перспектыва таго, што яму неўзабаве давядзецца ўздымацца на вышыню прыблізна дзесяці тысячаў метраў без належнай падтрымкі і апірышча пад нагамі, ён адназначна вырашыў для сябе, што калі мэта знаходзіцца ўжо зусім побач, тады не застаецца месца дурным забабонам, якія могуць усё сапсаваць. Асабліва ўлічваючы тое, як доўга ён да гэтага ішоў. Тры гады безупыннага вывучэння нямецкай мовы: на курсах, з рэпетытарам, самастойна. Для гэтага, безумоўна, патрабаваліся дзве рэчы, якіх яму ніколі не ставала: грошы і вольны час. I калі з вольным часам было прасцей: Аркадзь часам здзіўляўся, колькі можна ўсяго паспець, калі штодня прачынацца ўсяго на гадзіну раней, дык з фінансамі справы былі куды больш сумныя. Пазычаць давялося ва ўсіх болып-менш блізкіх ды надзейных людзей. I прытым што Баляслаў заўсёды на публіцы сцвярджаў, што знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы, малады фізік быў нават яму павінен неверагодную суму і часам здзіўляўся, адкуль у студэнта-гісторыка могуць быць такія грошы. Хаця той ніколі падрабязна не апавядаў пра сваю сям'ю, сябры даўно здагадваліся, што яго бацькі займалі даволі значныя пасады. А вось Аркадзю ні заробку малодшага навуковага супрацоўніка, ні пагатоў стыпендыі не хапала, каб і харчавацца было чым, і жыць было дзе, і на вывучэнне мовы заставалася. Затое з нешматлікімі, але надзейнымі сябрамі яму пашанцавала, яны, ведаючы яго прыродныя здольнасці, шчыра верылі, што іх укладанні хутка акупяцца, і ніколі яму не адмаўлялі, як бы няёмка ён пры гэтым не пачуваўся.
    Ды і пошук арганізацыі, у якой могуць зацікавіцца маладым беларускім фізікам, адбываўся доўга ды пакутліва. I складана было вызначыць, чаму: наяўнасць выключна беларускай адукацыі ці адсутнасць пэўнага досведу у адносінах з еўрапейскімі калегамі. Справа пасоўвалася настолькі марудна, што Аркадзь нават пачаў весці статыстыку: ён напісаў электронныя лісты ста сарака сямі прафесарам з пяці еўрапейскіх краін. Значным абмежаваннем пошуку было тое, што, апрача нямецкай мовы, кандыдат валодаў толькі англійскай, а ў некаторых краінах бясплатна навучацца ў дактарантуры можна адно на матчынай мове выкладчыкаў. Да прыкладу, у Чэхіі толькі на чэшскай. А ў вялікай колькасці еўрапейскіх дзяржаў такая адукацыя ўвогуле была платнай незалежна ад мовы навучання. Таму і варыянтаў заставалася няшмат. Дык вось са ста сарака сямі лістоў адказы прыйшлі на дзевяноста чатыры. Аркадзь суцяшаў сябе тым, што гэта было значна болей за палову. Але на гэтым прыемная частка статыстыкі сканчалася. У пяцідзесяці двух выпадках сцвярджалася, што зараз вольных вакансій, на жаль, няма. I ўсё. Яшчэ ў сямнаццаці свяцілы навукі паведамлялі, што на дадзены момант не ведаюць, які ў іх будзе бюджэт у наступным годзе і ці змогуць яны набіраць новых супрацоўнікаў, і прасілі нагадаць ім пра сябе за тры месяцы, паўгода ці нават год. Тры прафесары спачатку зацікавіліся, але пасля раптам перасталі адказваць на лісты. Акрамя таго, шаснаццаць разоў Аркадзю прапаноўвалі ўзяць удзел у агульным конкурсе сярод усіх ахвотных. Для гэтага было неабходна падрыхтаваць вялікую колькасць дакументаў і даслаць іх сапраўднай поштаю. Пры гэтым паведамлялася, што дакументы ў выпадку адмовы кандыдату назад не вяртаюць. А славацкі інстытут нават