Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
— Прабачце, калі ласка, я даеду гэтым цягніком да Трыра? — спытаў Аркадзь, прамаўляючы кожнае слова як мага болей выразна, каб носьбіты нямецкай мовы яго дакладна зразумелі.
Жвавая бабуля запытальна паглядзела на ахайнага, дагледжанага дзядулю, той, напэўна, зразумеў яе без словаў і толькі моўчкі кіўнуў. Жанчына пяшчотна ўсміхнулася ў адказ. Аркадзю засталося шчыра пазайздрос-
ціць таму, з якім жыццялюбствам і каханнем яны глядзелі адзін на аднаго нават у такім узросце.
— Даедзеце, — весела адказала бабуля, — але не гэтым цягніком.
У беларуса ад расчаравання і адчування поўнай безвыходнасці адвалілася сківіца.
— Але вы не хвалюйцеся, — з усмешкай працягнула жанчына, — вы ўсё слушна зрабілі. Проста на наступным прыпынку вы мусіце выйсці і хуценька перасесці на іншы цягнік. Бо ад аэрапорта нічога, што ішло б непасрэдна да Трыра, няма. Аднак вам сапраўды трэба будзе паспяшацца, калі я добра памятаю, у вас на перасадку будзе хвіліны чатыры.
— Шэсць, — упэўнена ўдакладніў дзядуля, — але, здаецца, яны з мінулага месяца ў сувязі з рамонтам чыгуначнага палатна перанеслі цягнік да Трыра на далёкую платформу, а да яе яшчэ паспець дабегчы трэба.
— О, выбачайце, а я і забылася. Сапраўды. Аднак не хвалюйцеся, мы выйдзем разам з вамі і пакажам, у якім кірунку бегчы. Мы ж паспеем? Наш цягнік праз колькі ад'язджае? — зноў звярнулася яна да старога.
— У нас будзе дваццаць хвілінаў, так што ўпэўнены — мы паспеем дапамагчы маладому чалавеку, — спакойна адказаў той.
— Шчыры дзякуй, — прамовіў Аркадзь і збіраўся ўжо накіравацца ў глыб вагона, каб сесці і ўрэшце адпачыць. — А колькі яшчэ ехаць да наступнага прыпынку?
— Ніколькі, — усміхнуўся дзядуля, — ужо амаль на месцы. Так што трымайце свае торбы мацней і рыхтуйцеся бегчы.
У гэты момант цягнік сапраўды пачаў тармазіць і Аркадзь схапіўся за валізу. Як толькі дзверы адчыніліся, ён імгненна саскочыў на платформу. Старыя падарожнікі
выйшлі за ім і хутка рушылі да стэнда, на якім вісеў папяровы расклад. Яны некалькі імгненняў штосьці шукалі, пасля рашуча кіўнулі адзін аднаму і жвава павярнуліся да хлопца:
— Хадзем хутчэй, нам трэба ў пераход спускацца, — прамовіла бабуля і, не глядзячы на крыху разгубленага і вельмі стомленага ад усіх падзей гэтага дня навукоўца, пакрочыла ў патрэбным кірунку. Дзядуля і Аркадзь пайшлі следам.
Калі ў пераходзе яны давялі яго да лесвіцы, якая вяла да неабходнага цягніка, дзядуля спыніўся і павольна паглядзеў на гадзіннік.
— Ну вось, у вас ёсць яшчэ дзве хвіліны, а ў нас — цэлых шаснаццаць. Добрага вам шляху і прыемнага знаходжання ў Германіі.
I задаволеныя тым, што дапамаглі замежніку, пенсіянеры хуткім крокам накіраваліся ў той бок, з якога яны толькі што разам прыйшлі.
Калі Аркадзь знайшоў адзінае з нешматлікіх вольных месцаў і з другой спробы ўсё ж уціснуў габарытную валізу на паліцу для багажа, якая мела даволі сціплыя памеры, ён урэшце з палёгкай сеў і шчасліва ўсміхнуўся. Усё, болей не павінна быць ніякіх нервовых і стамляльных перасадак ажно да самага Трыра, можна спакойна ехаць і любавацца прыродай. Ды і не толькі прыродай...
Мясцовая чыгунка асцярожна наводзіла на лагічную думку, што яе беларуская кузіна ў сваім развіцці затрымалася недзе ў далёкім дзевятнаццатым стагоддзі. Мяккія і нават утульныя крэселкі, зручныя, шматфункцыянальныя сталы паміж імі, шматлікія
разеткі, якія, як ні дзіўна, сапраўды працавалі, і якімі можна было смела карыстацца, калі пажадаеш. У прыступе лёгкай эйфарыі ад усяго таго, што было навокал, Аркадзь падумаў, што зараз ён дакладна разумее, чаму еўрапейцы настолькі ахвотна і часта падарожнічаюць. I справа была не толькі ў адсутнасці віз. Насамрэч у такіх цягніках можна было жыць, не тое што проста з камфортам пераседзець паміж гарадамі некалькі гадзін! Каб канчаткова ўпэўніцца ў слушнасці сваёй тэорыі, Аркадзь узняўся і накіраваўся ў прыбіральню, не хвалюючыся, што хто-небудзь скрадзе яго рэчы: нават калі, нягледзячы на вялікую колькасць пільных, педантычных і законапаслухмяных нямецкіх грамадзянаў вакол яго, валіза каму-небудзь і спатрэбіцца, хай смелыя мярзотнікі напачатку паспрабуюць хутка і незаўважна, не прыцягваючы непатрэбнай увагі, спусціць яе з багажнай паліцы. Плёну. Аркадзь ім толькі «дзякуй» скажа, калі злодзеі выявяцца здольнымі зрабіць гэта без дапамогі атлетычнага гаспадара рэчаў. У гэтым палягала яшчэ адна відавочная карысць так seaHaft залатой вады. Выраз «залатая вада» таксама трапіў у іх актыўнаўжывальны сяброўскі лексікон з чарговай смешнай ды павучальнай гісторыі Ваўкалака. Аднойчы падчас вандроўкі ён сутыкнуўся з распаўсюджанай праблемай, з якой рана ці позна сустракаецца кожны, хто шмат падарожнічае з дапамогай самалётаў і часта карыстаецца перасадкамі паміж рэйсамі, якія падзяляюць зусім невялічкія прамежкі часу. Калі верыць апавядальніку, ён у той раз добра наварыўся на ibiMz што няўклюды-ўкраінцы згубілі яго рэчы. Сутнасць поспеху была ў тым, што большасць авіякампаній выплачваюць грашовую кампенсацыю за згубленыя рэчы залежна ад іх вагі, што зазвычай адлюстроўваецца ў дакументацыі
ў момант рэгістрацыі пасажыра на самалёт. А Ваўкалак заўсёды прытрымліваўся тыпова савецкага меркавання, што на ўсім варта ашчаджаць, альбо як казаў ён сам: «Зэканоміў — значыцца, зарабіў». I калі ў Еўропе паўсюдна прадаецца такая неверагодна дарагая вада, нашмат лагічней прывезці сваю беларускую, а калі яна скончыцца, на месцы ўжо проста кіпяціць і падліваць у тыя ж бутэлькі. Такім чынам, з дваццацікілаграмовай торбы (зноў жа калі верыць галоўнаму герою гэтых падзеяў) каля траціны агульнай вагі, а дакладней сем з паловай літраў, ці прыблізна столькі ж кілаграмаў займала вада. За яе авіякампанія і заплаціла нейкія казачныя грошы, з разліку ці то трыццаць, ці то сорак еўра за кілаграм. 3 тых часоў усе знаёмыя Ваўкалака ўсё вольнае месца ў сваіх валізах заладоўвалі вадою, бо, па-першае, рэч у падарожжы сапраўды неабходная, з гэтым дакладна ніхто не будзе спрачацца, па-другое, ад яе заўсёды можна лёгка і хутка пазбавіцца, ну і па-трэцяе, хто ведае, калі такі запас можа стаць насамрэч залатым. Пагатоў асабіста Аркадзю было заўжды псіхалагічна спакайней, калі яго багаж меў вялікую вагу, тады ён быў упэўнены, што дакладна не забыўся нічога ўзяць, і яму не даводзілася ў дзясяты раз пераправяраць усё змесціва валізы. Галоўнае ва ўсім гэтым, каб у кемлівага гаспадара рэчаў ставала здароўя цягаць іх тудэма-сюдэма.
Як Аркадзь і прадчуваў, у прыбіральні таксама ўсё было проста на касмічным, на погляд беларуса, і на самым звычайным, на погляд еўрапейца, узроўні. Ідучы назад да свайго месца маладому навукоўцу давялося ненадоўга затрымацца, бо тры вясёлыя немцы, якія, як толькі цягнік крануўся, адразу пачалі даставаць з заплечнікаў шматлікія пляшкі з півам, спынілі яго і настойліва прапанавалі скласці ім кампанію. Здзіў-
лены Аркадзь шчыра падзякаваў і ветліва адмовіўся. У адказ на гэта немцы пажартавалі, што нежаданне піць лепшае ў свеце нямецкае піва ў кожнае вольнае імгненне жыцця выкрывае ў ім іншаземца значна болей, чым яго вельмі прыгожае, але ўсё яшчэ не ідэальнае вымаўленне нямецкіх словаў. Ён пасмяяўся разам з імі, падзякаваў за прыемны камплімент і з радаснай усмешкай на твары, нагодай для якой стала такая жыццесцвярджальная гутарка з мясцовымі, пакрочыў далей. Ужо амаль каля свайго месца ён натыкнуўся на абаяльную жанчыну-кантралёра, якая спраўджвала квіткі ў маладой пары.
— У Трыр едзеце? — лагодна запыталася яна. Хлопец і дзяўчына адначасна кіўнулі на знак згоды. — Мусіць, Porta Nigra паглядзець хочаце?
Яны зноў сціпла кіўнулі.
— Гэта добра, — задаволена ўсміхнулася жанчына, — але абавязкова не забудзьцеся таксама наведаць і мясцовы сабор. Ён надзвычай цудоўны, аднак многія турысты чамусьці яго недаацэньваюць і не цікавяцца ім. I хачу сказаць, што дарма. А калі вы прыйдзеце туды ад самага ранку, гадзіне а сёмай, там яшчэ не будзе гэтых бясконцых вар'яцкіх натоўпаў.
Улічваючы велізарную колькасць такіх старажытных шыкоўных сабораў ва ўсёй Германіі, нават у маленькіх вёсках, Аркадзь не быў упэўнены, што пару сапраўды чакае нешта арыгінальнае. Хаця жаданне жанчыны шчыра параіць штосьці зусім незнаёмым ёй людзям і пяшчотны тон, якім яна размаўляла з пасажырамі, змусілі Аркадзя з усёпаглынальным сумам задумацца, калі ўжо такая вось самая простая чалавечая добразычлівасць стане настолькі ж звыклай і распаўсюджанай і на яго шматпакутнай Радзіме?
Тым часам маладая пара радасна падзякавала за карысную параду, а жанчына павярнулася ў бок Аркадзя і павіталася з ім, той у сваю чаргу працягнуў ёй квіток, яна хутка праглядзела яго, усміхнулася, пажадала добрага шляху і адышла ўбок, каб ён мог бесперашкодна прайсці да свайго месца. Беларус са шчырай зацікаўленасцю сачыў за кожным рухам супрацоўніцы чыгункі. Ва ўяўленні большасці яго суайчыннікаў кандуктары ды кантралёры — гэта галоўныя ворагі, якіх абавязкова трэба падмануць, перахітраваць альбо пазбегнуць іх любой цаной і гэтак далей. Але, калі быць аб'ектыўным, неабходна адзначыць, што многія з менскіх калег гэтай мілай ды ветлівай жанчыны самі паводзіліся так, што іначай ставіцца да іх было папросту немагчыма. Хоць, вядома, не ўсе і не заўсёды. Аднак былі і такія, якія фанабэрыста ды ваяўніча патрабавалі аплаціць штраф ад ільготнікаў якія забыліся на свае дакументы, і ад маладых дзяўчын, якія ўваходзілі ў перапоўненыя аўтобусы з дзіцячымі вазочкамі і проста не паспявалі пракампасціраваць квіточак да таго моманту, як да іх рашуча падыходзілі прадстаўнікі ўлады. Затое, як толькі ў транспарце з'яўляўся нецвярозы агрэсіўны грамадзянін вагой кілаграмаў у сто ці ростам метры ў два, адважныя абаронцы дзяржаўнай маёмасці і сацыяльнай справядлівасці імкнуліся абыходзіць небяспечнага тыпуса на адлегласці гарматнага стрэлу.
Узгадаўшы неўтаймоўных кантралёраў-землякоў, Аркадзь зноў акінуў вагон дапытлівым позіркам і ў думках усміхнуўся: ды яны бы збаяліся сюды проста ўвайсці, не кажучы ўжо пра тое, каб спрабаваць кагосьці ажабрачыць. Шумныя афрыканцы, шматлікія суворыя арабы, брудныя панкі, падпітыя, вясёлыя немцы — і амаль кожны з іх, за выняткам, безумоўна.
арабаў, трымаў у руцэ адну, а тое і дзве пляшкі піва ці іншага алкагольнага напою. Але пры гэтым усе яны спраўна аплачвалі праезд. У тым ліку і барадаты дзядок падазронага, а шчыра кажучы, сапраўды бадзяжнага выгляду, які, калі да яго падышла жанчына-кантралёр, безадкладна дастаў з кішэні дзіравых завэдзганых нагавіцаў даволі нятанны квіток. Такім чынам, малады навуковец зрабіў выснову, што нават у плане кулыуры ўзаемадачыненняў пасажыраў і кантралёраў яго суайчыннікам трэба было яшчэ расці і расці, каб дасягнуць узроўню хаця б тых самых еўрапейскіх панкаў ды бяздомных.