Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
Частка трэцяя
Lieb Vaterland, magst ruhig sein Ein jeder stirbt ftir sich allein Ich bin klein, mein Herz ist rein Kann niemand darin wohnen Nur der Tod allein
«In Extremo»20
Трырскі археаметрычны інстытут уяўляў сабою вялікі шкляны будынак у сваёй найлепшай праяве. Бо шкляны будынак, як у прынцыпе і кожны іншы, можна зрабіць вельмі прыгожым, а можна зрабіць так, што ён трапіць у спіс дзесяці найболей пачварных у свеце. Таму Аркадзь, які праз сумны досвед на гэты конт меў загадзя адмоўнае стаўленне да такой архітэктуры, уздыхнуў з палёгкай і нават некаторы час з вялікім інтарэсам разглядаў інстытут, у якім ён меў намер прабавіць як мінімум наступныя тры гады. Бо ўсё ж эстэтычны выгляд працоўнага месца ўплывае і на якасць працы, і, безумоўна, на настрой супрацоўнікаў. 3 першага погляду здавалася, што з гэтым не павінна быць ніякіх праблемаў.
На ўваходзе, як яны ўчора і дамовіліся, беларуса ўжо чакала пунктуальная Дэніс.
20 Мілая Айчына, спакойная будзь
Кожны памірае за сябе сам
Я малы, маё сэрца чыстае
Ніхто не можа жыць там
Толькі смерць (ням.)
Радкі са спева нямецкага гурта «In Extremo».
— Добры дзень, як адпачыў? — усміхнулася ветлівая дзяўчына.
— Вітаю. Усё файна, дзякуй, — Аркадзь у адказ таксама ўсміхнуўся. Пасля начнога адпачынку Дэніс падалася вельмі прыгожай. Дзіўна, што ўчора ён на гэта не звярнуў ніякай увагі.
— Ну што, найперш накіруемся да прафесара? — прапанавала фрау Кляйншмідт.
— Кіруй, — пагадзіўся малады хлопец, усцешаны, што суправаджаць яго будзе менавіта гэтая дзяўчына.
Унутры будынак таксама выглядаў натхняльна. У тым сэнсе, што ўсё было так зручна, ахайна і прыгожа, што сапраўды адразу хацелася ствараць, бо навуковец усё ж, найперш — творчая прафесія. У холе была арганізаваная невялічкая імправізаваная выстава, аднаго позірку на якую ставала, каб зразумець, што з'яўляецца прадметам доследу гэтага цэнтра. Экспанатаў было няшмат, але даволі дасведчанае вока беларускага фізіка, які даўно цікавіўся гэтай тэматыкай, паспела прыблізна ацаніць іх каштоўнасць за тыя імгненні, калі яны з Дэніс праходзілі побач. 3 калекцыі ва ўсіх сэнсах найболей вылучаўся вялікі кавалак сцяны, хутчэй за ўсё рымскіх часоў. Ён займаў прыблізна палову ўсёй экспазіцыі. 3 аднаго боку ад яго стаялі старажытныя прылады працы ды разнастайныя прылады кухоннага начыння. 3 іншага боку змяшчаліся больш цікавыя для Аркадзя мячы, кінжалы і даспехі. Хлопец быў цалкам упэўнены ў тым, што адзін з мячоў быў вырабам пазнейшага дзясятага стагоддзя. Акрамя таго, вакол маленькай, аднак змястоўнай выставы на сценах віселі шматлікія падрабязныя мапы мясцінаў якія былі раскіданыя па ўсім свеце, але мелі для навукі аднолькава велізарную археалагічную каштоўнасць. Аркадзь нават даў сабе слова, што пры першай магчымасці дасканала
азнаёміцца з кожнай мапай. I яму ўжо карцела зрабіць гэта як мага хутчэй.
Такім чынам, абсталяванае з густам убранне трырскага інстытута рэзка кантраставала з бясконцымі старэнькімі змрочнымі памяшканнямў праз якія Аркадзю даводзілася хадзіць штодня на мінулым працоўным месцы. Адзіным, што было там зроблена прыгожа і сапраўды магло натхніць, былі патрэты знакамітых беларускіх дзеячоў у галоўнай пабудове. Скарына, Наркевіч-Ёдка, Дамейка, Пачобут-Адляніцкі, Семяновіч, Карскі, Тышкевіч... Яскравыя, насычаныя фарбамі вобразы гэтых выбітных людзей выглядалі асляпляльным сонечным прамянём ва ўсёй той шэрай рэчаіснасці, якая існавала паўсюдна вакол іх. I веліч гэтых партрэтаў менавіта захапляла, а не ціснула і маральна знішчала, як даволі спрэчная і малапрыемная веліч самога будынка. Аднак усім, хто штодзённа сутыкаўся на вуліцах сваіх гарадоў з аднатыповымі пабудовамі тых часоў, было добра вядома, што ў савецкіх архітэктараў было сваё разуменне таго, як гэтую веліч неабходна ўвасабляць.
Кабінет прафесара Фогеля ўяўляў сабою вялікае памяшканне, аднак пры гэтым яно зусім не было такім загрувашчаным, якім яго абавязкова зрабілі б беларускія навукоўцы. Аркадзь ніколі не сумняваўся, што ў Еўропе карыстаюцца вольным месцам больш удумліва, чым на яго Радзіме. Аднак недзе ў глыбіні душы, ён усё яшчэ не мог паверыць, што ўрэшце паспяхова вырваўся з усяго таго, што хоць неяк магло нагадваць яму тую гнятлівую рэальнасць, у якой ён жыў раней і з якой паспеў даўно звыкнуцца і змірыцца.
Вельмі ўплывовы і шырока вядомы ў вузкіх колах прафесар сядзеў пры камп'ютары цалкам занураны
ў нейкія істотныя справы. Аднак як толькі ён пачуў, што дзверы адчыняюцца, спадар Фогель адразу ўзняўся і рушыў насустрач гасцям. Задумлівыя вочы высокага, мажнага мужчыны гадоў пяцідзесяці пільна глядзелі на новага супрацоўніка праз стылёвыя акуляры.
— Добры дзень! Як даехалі, шаноўны спадар Каршакевіч? — шчыра павітаўся ён і праз імгненне дадаў: — Я правільна вымаўляю вашае прозвішча?
— Так, правільна. Дзякуй, усё цудоўна. Прыемна нарэшце асабіста пазнаёміцца з вамі, — таксама шчыра адказаў Аркадзь.
— Я вельмі спадзяюся на доўгае і паспяховае супрацоўніцтва, — прафесар умомант зрабіўся больш сур'ёзным, — а зараз, прашу прабачэння, у мяне неўзабаве запланаваная важная сустрэча. Дэніс вам усё тут пакажа і падрабязна патлумачыць, і калі будуць паўставаць якія-небудзь пытанні, вы заўсёды можаце звяртацца да яе.
Прафесар ім ветліва кіўнуў і вярнуўся да камп'ютара. Дэніс жэстам паказала Аркадзю, каб ён ішоў за ёй. Вузкай лесвіцаю яны ўзняліся на трэці паверх і накіраваліся ў супрацьлеглы бок калідору, у канцы якога дзяўчына раптам спынілася і сказала:
— Тут знаходзіцца пакой адпачынку, дзе можна папіць гарбаты, кавы ці піва. У ім нас чакае Ульрых, які адвядзе цябе ў іншае крыло інстытута, бо я там арыентуюся значна горай за яго.
Аркадзь расчаравана кіўнуў у адказ, і яны зайшлі ў светлае памяшканне, якое хутчэй нагадвала кухню, чым пакой адпачынку. Збоку змяшчалася шафа з кубкамі, побач з ёй стаялі скрынкі з рознай гарбатай і імбрык. У куточку ўзвышалася кава-машына, каля якой ляжаў вялікі аркуш, на якім значыліся прозвішчы тых, хто
ёй карыстаўся і хто павінен быў за гэта кінуць манетку ў адмысловую скарбонку ў шафе над рукамыйніцай. Два велізарныя сталы займалі большасць пакоя. Якраз у гэты момант за імі сядзелі чатыры чалавекі, яшчэ адзін азіят стоячы наліваў сабе гарбату. Гутаркі ў пакоі рэзка сціхлі, і прысутныя адразу пераключылі ўсю сваю ўвагу на госця.
— Добры дзень, — павітаўся ён.
— Знаёмцеся. Гэта Аркадзь. Ён будзе працаваць у нас, — весела прадставіла хлопца Дэніс.
Высокі худы азіят, які знаходзіўся бліжэй за ўсіх да ўваходу, першым працягнуў руку:
— Вэнь Бо, — прамовіў ён.
Беларус паціснуў руку і накіраваўся бліжэй да стала. Тры чалавекі, якія сядзелі за ім ветліва ўзняліся і па чарзе назвалі свае імёны.
— Алекс, — амаль прашаптаў высокі руды мужчына з акуратнай бародкай.
— Мірыям, — энергічна патрэсла руку спадара Каршакевіча нізенькая смуглявая дзяўчына ў хіджабе.
— Гхазі, — цёплая мяккая далонь належала мажнаму цёмнаскураму інтэлігентнаму хлопцу ў акулярах.
Пасля трох поціскаў рук запар беларус павярнуўся да невысокага маладога чалавека з сабранымі ў хвост светлымі валасамі, які ўвесь гэты час абыякава сядзеў і смакаваў духмяную каву.
—А гэта Ульрых,—Дэніс хітра паглядзела на Аркадзя.
— Добры дзень, — суха павітаўся аматар кавы. Паводле яго тону было зразумела, што ён вітаецца толькі для выканання фармальнасцяў і што насамрэч яму абыякава, які будзе дзень будучага калегі.
— Добры дзень, — усміхнуўся ў адказ Аркадзь, аднак суразмоўца ніяк не адрэагаваў на ўсмешку.
Іым часам Гхазі, Мірыям і Алекс зноў занялі свае месцы, а клапатлівы Вэнь Бо падаў кожнаму кубачак гарбаты.
— Ты будзеш? — на даволі чыстай нямецкай, наколькі гэта можна было вызначыць паводле кароткай фразы, запытаў азіят госця, паказваючы на імбрык.
— He, дзякуй, можа быць, крыху пазней. Напачатку хацеў бы агледзець інстытут.
— Дзеля гэтага мы сюды і прыйшлі, — падтрымала Дэніс, — Ульрых, зрабі ласку, пакажы Аркадзю другое крыло, бо я там заблукаць магу.
Ульрых ніяк не адрэагаваў на ветлівую ўсмешку прыгажуні.
— Добра. Зараз дап'ю каву і пакажу, — праз занадта тэатральную паўзу прамовіў ён. Зрабіў глыток і ўзняўся.
— Ну вось і добра, — павярнулася спадарыня Кляйншмідт да беларуса, — калі што, ты заўсёды можаш мяне знайсці ў кабінеце, які знаходзіцца насупраць кабінета прафесара Фогеля.
Яна весела памахала ўсім прысутным і сышла. Ульрых паспешліва выйшаў у калідор, не пакідаючы Аркадзю іншага варыянта, апрача як ісці следам. Ужо сыходзячы з пакоя адпачынку, беларус звярнуў увагу на тое, што паміж сталамі і сцяной стаялі бясконцыя скрынкі з півам. Аднак доўга разглядаць іх не выпадала, бо неабходна было не адставаць ад новага знаёмага, які рухаўся хутка, не азіраўся ды і ўвогуле не зважаў на будучага супрацоўніка. Праз доўгі калідор яны ішлі моўчкі, і толькі калі яны перайшлі прыгожым шкляным мастком з аднаго крыла ў іншае, немец запытаўся:
— Ну як, вам даспадобы ў нашай краіне?
— Так, вельмі, — шчыра адказаў Аркадзь.
— Анягож, — усмешка суразмоўцы набыла здзеклівы характар, — пагадзіцеся, што гэта даволі дзіўна, і ў гісто-
рыі не надта шмат такіх прыкладаў, калі тыя, хто прайграў вайну, жывуць лепей, чым пераможцы?
Аркадзь агаломшаны такой няветлівасцю нават не ведаў, што адказаць. Жахі Другой сусветнай ён дакладна не збіраўся зараз абмярковаўваць. Ужо лепей бы і нада~ лей панавала цішыня. «Прайгралы» тым часам упарта працягваў:
— Праўда, усходнія землі мы яшчэ доўга будзем выцягваць на адпаведны ўзровень. Вось ужо дваццаць гадоў мінула пасля аб'яднання, а яны ўсё яшчэ эканамічна адстаюць ад заходніх рэгіёнаў гадоў на дзесяць.
«Наколькі ж тады наша краіна ад іх адстае? — сумна падумаў Аркадзь. — На стагоддзе?» Аднак уголас ён нічога не адказаў. Ды і суразмоўца раптам страціў красамоўства.
Калідорам і вузкімі, верагодна пажарнымі, лесвіцамі яны зноў ішлі моўчкі.
— А вось тут знаходзіцца вашае будучае працоўнае месца. — Ульрых раптам спыніўся і моцным штуршком адчыніў найбліжэйшыя дзверы.
Гэтым разам перад вачыма Аркадзя паўстаў ужо не ўтульны ахайны кабінет, а звычайная вялікая лабараторыя. У цэнтры яе змяшчаўся грувасткі рэнтгенаўскі апарат. Паабапал яго стаялі працоўныя сталы і шафы, якія сыходзілі ў абодва бакі, адасабляючы працоўныя месцы адно ад аднаго.