• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    для мясцовага насельніцтва. I з нетрадыцыяналамі тое самае. Пакуль яны сядзяць ціхенька ў сваіх кватэрах — хай робяць там, што заўгодна, я гэтага не бачу, не чую, мне гэта абыякава. Але калі яны пачынаюць прапагандаваць сваё цемрашальства і агітаваць іншых, тут мне ўжо не ўсё адно. Мы ж, звычайныя людзі, сваіх парадаў не праводзім і не патрабуем, праўда? А калі мой маленькі ўнук на вуліцы раптам пабачыць, як два мужыкі, калі іх так можна назваць, цалуюцца, як я яму гэта патлумачу? Таму лепей хай расце ў Венгрыі, там з гэтым пакуль што яшчэ, дзякуй Богу, строга. Хаця нават у нас летась прынялі закон, які дазваляе аднаполыя грамадзянскія саюзы. Дэмакраты недаробленыя. Цьфу на іх. Але сярод насельніцтва гэта не ўхваляецца, вы не падумайце нічога такога. У нас жывуць разумныя людзі, якія вераць у Бога, чыталі Біблію і могуць самастойна адрозніць, што добра, а што дрэнна. Каталіцкая царква ніколі такога не дазволіць! I ведаеце, што самае галоўнае? Ва ўсім трэба заўсёды ведаць меру. Таксама і з тымі ж феміністкамі. Вось яны апантана вымагаюць роўных правоў, аднолькавую працу і гэтак далей. А хто ім гэта забараняе? Хто вінаваты ў тым, што Бог першапачаткова зрабіў нас рознымі і ёсць прафесіі, якія проста не прызначаныя для дзяўчын. Ці яны настолькі моцна хочуць працаваць, да прыкладу, шахцёрамі? Ды і вось ці зможаце вы адразу назваць дзесяць сусветнавядомых мастачак ды кампазітарак, ці як яны там патрабуюць утвараць назвы жаночых прафесіяў? He? Вось і я не магу, а мужчын дык лёгка. I рэч зусім не ў тым, што іх правы і магчымасці стагоддзямі абмяжоўваліся. Так, гэта, безумоўна, наклала свой адбітак, але нават у сучасным грамадстве, калі ўжо ўсё магчыма, ці з'явіліся сусветнавядомыя жанчыны мастачкі ды кампазітаркі
    ў такой самай колькасці, як мужчыны? He, не і яшчэ раз не. А ўсё чаму? Таму што Бог ці прырода, гэта як каму бліжэй, зрабілі нас рознымі і прыстасаванымі для рознай дзейнасці. I ніяк іначай. I гэта трэба разумець, з гэтым трэба змірыцца і пагадзіцца, і не выстаўляць сябе на пасмешышча. Але так, калі мужчына і жанчына працуюць на адной пасадзе, заробкі ў любым выпадку мусяць быць аднолькавыя. 3 гэтым я спрачацца не буду. Гэта лагічна і сумленна. Але зноў жа, трэба ва ўсім ведаць меру.
    Задыханы ад палымянай прамовы, Ферэнц прыпыніўся, каб перавесці дух. Аркадзь нават і ўявіць сабе не мог, што сталы навуковец здольны так эмацыйна даводзіць сваё меркаванне. Аднак нягледзячы на імпэт суразмоўцы, беларус слухаў апошнюю частку працяглага маналогу напаўвуха, бо якраз у гэты момант ён пабачыў у іншым канцы страўні Дэніс і задумліва сачыў за ёй.
    — А вы якога меркавання прытрымліваецеся? — пасля паўзы запытаўся кансерватыўны венгр.—У вашай жа краіне таксама, наколькі я ведаю, з гэтым усё сур'ёзна.
    — Так, — Аркадзь кіўнуў, — у гэтым плане мы трымаемся сапраўды надта далёка ад еўрапейскіх тэндэнцый. А мне, шчыра кажучы, таксама ўсё адно, пакуль гэта асабіста мяне ніяк не закранае. Як той казаў, свабода аднаго чалавека сканчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага.
    Ферэнц зразумеў, што абыякавага беларуса не атрымаецца ўцягнуць у спрэчку альбо ў дыскусію, і ён мудра вырашыў змяніць тэму:
    — Аднак добра, досыць пра гэта. Дык а цудоўны горад Трыр вам як? Спадабаўся?
    — Насамрэч, я яшчэ, на жаль, мала што тут бачыў. Таму складана даць якую-небудзь аб'ектыўную ацэнку.
    Але тое, як прафесійна арганізавана тут навуковая праца, мне вельмі даспадобы.
    — Гэх, моладзь, нават за абедам усе думкі толькі пра працу ды пра навуку. He каб адпачыць хоць крыху ад ўсяго гэтага, — з сумнай усмешкай махнуў рукою Ферэнц, — не каб па горадзе пашпацыраваць, гістарычныя мясціны наведаць, духоўныя скарбы пашукаць. Ды хаця б проста свежым паветрам падыхаць! А тое ўсё навука ды навука. Ну нічога, з узростам зразумееце, што праца гэта далёка не самае галоўнае ў гэтым жыцці. Я добра ўяўляю сабе, якія думкі ў вас зараз у галаве. Гучаць яны прыблізна так: «Я ў гэтым горадзе яшчэ доўга буду і агледзець усё сто разоў паспею, і ён мне нават надакучыць». Магчыма, часткова вы ў гэтым і маеце рацыю. Але пасля праца вас настолькі зацягне, што ўражанні ўжо будуць не такія моцныя. Ваш першы погляд на Трыр павінен быць свежым, зацікаўленым. А які погляд можа быць у чалавека, які ў гэтым горадзе працяглы час жыве і працуе? Усё навокал здаецца ў яго светаўспрыманні папросту статычнымі дэкарацыямі. Людзі, якія ад самага нараджэння жывуць каля неверагодна цудоўных месцаў, ніколі не лічаць іх цудоўнымі. Для іх гэтыя цуды — звыклая штодзённасць. Такі вось парадокс: амаль кожны турыст думае, што калі б ён жыў у прыгожым месцы, ён бы штодзённа атрымліваў ад яго асалоду, але як толькі ён пераязджае бліжэй да сваёй мары, прыгажосць робіцца звычайнай шэрай рэчаіснасцю. Так што я настойліва раю вам у наступныя ж выхадныя неадкладна пайсці пашпацыраваць. Ведаю-ведаю, вам гаспадарку трэба наладзіць, абжыцца, рэчы ўпарадкаваць. Паспееце, гаспадарка ад вас нікуды не падзенецца. I абавязкова найперш наведайце Porta Nigra. Гэта напраўду нешта надзвычайнае. Аднак я ні
    ў якім разе не збіраюся навязваць вам сваё меркаванне. Вы і самі ўсё пабачыце на ўласныя вочы.
    — Дзякуй, абавязкова так і зраблю, — пагадзіўся Аркадзь.
    — I ўвогуле, калі ў вас з'явіцца жаданне павандраваць па Германіі недзе не надта далёка ад Трыра, звяртайцеся да мяне. I я з радасцю параю вам, на што варта звярнуць увагу, а што трэба абыходзіць бокам, — дадаў Ферэнц, — а то трапіце ў малапрыемнае становішча, як я ў маладосці.
    Аркадзь хацеў ужо задаць пытанне наконт падрабязнасцяў таго выпадку, аднак ён лічыў няветлівым размаўляць з поўным ротам, таму толькі запытальна паглядзеў на суразмоўцу. Але нават у гэтым не было ніякай неабходнасці. Венгру самому карцела ўсё апавесці, і ён узбуджана працягваў:
    — Гэта адбылося даволі даўно, у мой першы год у Германіі. Я тады акурат працаваў у надзвычай прыгожым горадзе Ахене і вырашыў паглядзець навакольныя маленькія мястэчкі. Быў у нас тады ў лабараторыі малады супрацоўнік-немец, які таксама любіў вандраваць. I вось так сталася, што я недзе выпадкова прачытаў, што ёсць такі цікавы невялічкі горад Юліх, які знаходзіцца зусім побач, і вырашыў абавязкова яго наведаць. Калі я сказаў свайму супрацоўніку, што я на выхадныя туды паеду, ён толькі неяк няўпэўнена кіўнуў і прамовіў: «Ок». Аднак я тады на гэта не звярнуў ніякай увагі і не здагадаўся, што нешта можа быць не так. Першыя хваляванні ды падазрэнні ў мяне з'явіліся тады, калі падчас перасадкі на вакзале, дзе былі каляіны з нумарамі ад першага да дзясятага, мне паведамілі, што мне трэба ісці на каляіну нумар дваццаць два. Пры тым, што каляінаў з нумарамі ад адзінаццаці да дваццаці аднаго там увогуле не было.
    I гэтая дзіўная рэч у мяне ніяк не ўкладалася ў галаве з улікам маіх папярэдніх уяўленняў пра Германію. Патрэбная мне каляіна апынулася з іншага боку ад будынка з касамі і ў той момант, калі я да яе наблізіўся, на ім стаяў... звычайны трамвайчык. Я падышоў да маладой жанчыны, якая сядзела побач з ім на пероне, і ветліва пацікавіўся, ці ідзе гэтак званы цягнік у Юліх. Яна перасмыкнула плячыма і гучна спытала ў сваёй сяброўкі, якая ўжо зайшла ў трамвайчык, ці не ведае яна раптам, што такое Юліх. I толькі калі тая адказала, што мы дакладна будзем праз яго ехаць, дзяўчына на лаўцы зноў паціснула плячыма і сказала, што ў такім выпадку, можа, я да яго і даеду. Аднак і гэта было яшчэ не самае цікавае. Калі мы прамінулі ўжо некалькі станцый, кіроўца трамвайчыка абвесціў наступным прыпынкам «Даследчы цэнтр Юліх». Я спытаў у хлопца, які стаяў побач са мною, ці трэба мне там выходзіць, ён здзіўлена паглядзеў на мяне і сказаў, што гэта малаверагодна. Мы пад'ехалі бліжэй, і я зразумеў, што перон знаходзіўся ў чыстым полі, а вакол яго змяшчаліся выключна вайсковыя будынкі і машыны. У выніку ад таго прыпынка да Юліха мы ехалі праз палі ў не вельмі зразумелым кірунку яшчэ хвілінаў дваццаць, то бок калі б я выйшаў раней, я яшчэ доўга блукаў бы пешшу праз аднатыпныя ландшафты. А было тады, як зараз памятаю, сапраўды спякотна, градусаў трыццаць пяць не меней. Але і на гэтым мае прыгоды не скончыліся, хоць гэта і было найкарацейшае ў маім жыцці падарожжа. Выходжу я ўрэшце з трамвайчыка і трапляю нібыта ў самы цэнтр горада, калі верыць мапе, якая там жа і вісіць. I тут я разумею, што на галоўнай цэнтральнай вуліцы знаходзіцца ўсяго дзесяць дамоў. Я ўважліва праглядзеў мапу і знайшоў на ёй шлях да адной з абавязковых для наведвання славутасцяў горада — нейкую
    старажытную браму. Я доўга кружляў бо ўсё ніяк не мог яе знайсці. У выніку высветлілася, што яна знаходзілася ў падворку паміж жылымі дамамі і ўяўляла сабою кавалак муру, да якога быў прыбудаваны чыйсьці даволі сучасны гараж, які апрача агульнага з рэшткамі брамы цэменту дакладна не меў ніякага дачынення да чатырнаццатага стагоддзя. Але я тады быў яшчэ не такі сталы, як зараз, і ад нараджэння мне былі ўласцівыя бясконцы аптымізм і незвычайная мэтанакіраванасць, і я вырашыў пайсці паглядзець мясцовы заапарк. Але нават мая цярплівасць знікла вобміг, калі я пабачыў, што за ўваход на абмежаваную іржавым дротам і спрэс крытую сухім сенам тэрыторыю, на якой у лепшым выпадку жылі мышы-палёўкі, трэба было заплаціць... Хм, колькі ж гэта на сучасныя грошы? Прыблізна каля дзесяці еўра. Вы сабе такое можаце ўявіць? Я рашуча развярнуўся і хутчэй накіраваўся да прыпынку, каб сесці на наступны ж трамвайчык і не марнаваць свой выходны. 3 тых часоў перад тым, як кудысьці паехаць, я заўсёды спярша раюся з мясцовымі. А зараз я тут ужо і сам амаль як абарыген.
    Лагодная ўсмешка Ферэнца змусіла ўсміхнуцца і Аркадзя. Гісторыя сапраўды была вельмі павучальная. Венгр заўважыў, што суразмоўца ўжо даеў і прапанаваў:
    — Калі хочаце, я магу вам паказаць, дзе знаходзіцца ваш будучы працоўны кабінет і завяду ў аддзел кадраў, каб вы маглі неадкладна аформіць усе неабходныя паперы.
    — Дык што, атрымліваецца, што я ўсё ж не буду сядзець побач з тым прыборам, які мне паказваў Ульрых? — з палёгкай запытаўся Аркадзь.
    — Безумоўна, не. Мы там знаходзімся толькі падчас эксперыментаў. Што б ён вам ні казаў, а бяспека і здароўе супрацоўнікаў у нас на першым месцы. Вы будзеце