Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
Але калі адысці падалей ад філасофіі і наблізіцца да канкрэтыкі, дык сапраўды вельмі насычана: новыя
людзі, новае для мяне абсталяванне. Безумоўна, даволі складана з усім гэтым хутка разабрацца. He заўсёды магчыма адразу зразумець, што табе кажуць, а перапытваць штораз не будзеш, каб не быць падобным да ёлупа, таму часам даводзіцца здагадвацца самастойна. Пры гэтым тут, як і ва ўсялякім іншым месцы на свеце, ёсць і людзі, з якімі прыемна знацца, і людзі, з якімі лепей было б не мець ніякіх дачыненняў, аднак у гэтай краіне яны хоць спрабуюць быць ветлівымі ці робяць выгляд, што спрабуюць. Ну а што датычыць саміх даследаванняў, я яшчэ не зусім уцягнуўся. Бо на гэта неабходна болей часу. Днямі адбылася змястоўная гутарка з прафесарам, ён мне патлумачыў, з чаго павінна складацца мая дысертацыя. У чым палягаюць галоўныя мэты праекта, для працы над якім мяне запрасілі, і ў які тэрмін іх неабходна ажыццявіць.
Аркадзю было сорамна прызнацца нават самаму блізкаму сябру, што часам ён пачуваўся на новым працоўным месцы сапраўдным неандэртальцам. Бо ў параўнанні з нямецкай лабараторыяй мінская засталася нібыта ў каменным веку. Найболей непрыемным быў момант, калі Дэніс раптам пабачыла, як ён адмываў брудны пластыкавы хімічны посуд. Дзяўчына не адразу зразумела, што ён робіць, а калі ён патлумачыў, моцна здзівілася і апавяла, што ў іх аднаразовыя прабіркі пасля эксперыментаў адразу выкідаюць і бяруць новыя. Таму яны і называюцца аднаразовымі. Так няёмка малады фізік сябе яшчэ ніколі не адчуваў.
— Гэта зразумела. Уцягнешся яшчэ, не хвалюйся. А горад паспеў хоць крыху паглядзець?
— Крыху паспеў, але далёка не ўсё. У цэнтры так дагэтуль і не быў. He сказаць, што Трыр мне дужа даспадобы. Хаця ёсць тут адна рэч, якой нам у Менску не стае.
Гэта кнігарні. Ведаеш, колькі іх тут? Амаль на кожнай вуліцы. I выбар кніг бясконцы. А зусім недалёка ад мяне кнігарня памерамі з наш ЦУМ. Можаш сабе ўявіць? Чатыры паверхі, кавярня, дзіцячая пляцоўка. I гэта пры тым, што насельніцтва ў горадзе амаль у дваццаць разоў меней, чым у нашай сталіцы. Такія справы. I ведаеш, што я там бачыў? Такіх дзяцей у Беларусі я даўно не сустракаў. Уяві сабе. Стаім мы ля касы. Тры чаргі да трох касіраў. Кожная чарга — чалавек дзесяць. I вось поруч са мною ў суседняй чарзе стаіць хлопчык, клас чацвёрты пяты, і трымае ў руках велізарную кнігу: тры часткі «Уладальніка пярсцёнкаў» у адным томе. Пры гэтым кніга запакаваная ў цэлафан, і яе нельга пагартаць ды пачытаць, пакуль не распакуеш. Затое вокладка якая... Ммм... Каб ты бачыў. Насамрэч, як я заўважыў, іх выдавецтвы шмат увагі надаюць вокладкам, не тое, што нашыя. I я лічу гэта слушным, бо патэнцыйны чытач найперш бачыць менавіта вонкавы выгляд кнігі. I калі на ёй нейкі абстракцыянізм, далёка не кожны захоча зазірнуць унутр. Прынамсі, мне здаецца, што вокладка павінна галоўным чынам прыцягваць увагу, вабіць, выклікаць у гледача візуальнае прыемнае ўражанне. А не быць проста дзеля таго, каб быць і каб кніга не была «голай»...
Ды вось пра што я... Стаіць маленькі хлопчык і разглядае гэты том з усіх бакоў і так павярнуў яго, і гэтак. Падыходзяць яны з матуляй да касы, і тая кажа яму, каб ён аддаў кнігу касіру, і тлумачыць, што гэта ненадоўга, і ён адразу атрымае свой скарб назад. А ён не пагаджаецца. Матуля дастае смартфон і працягвае яму замест кнігі, але ён на яго нават не глядзіць. Можаш сабе такое ўявіць? Калі б я на ўласныя вочы гэтага не пабачыў ніколі б у жыцці не паверыў.
— I не кажы, — пагадзіўся Баляслаў, — значыцца, не ўсё яшчэ згубленае ў гэтым свеце. Як мяркуеш? А нам ужо колькі гадоў тлумачаць, што ўсё, кніга вымірае. Ды так казалі і калі тэлебачанне з'явілася. А ў выніку што? Кніга яго перажыла. Каму зараз патрэбнае тэлебачанне, калі ёсць сеціва? А праз нейкі час штосьці іншае і яго заменіць. А кнігі застануцца назаўсёды.
— Ну назаўсёды наўрад ці. Як мінімум у папяровым фармаце гэта амаль немагчыма. Усё ж ахова прыроды, забарона на знішчэнне лясоў і гэтак далей. Але саму такую з'яву, як літаратура дарма спрабуюць пахаваць жыўцом. Літаратура, тэатр, музыка. Без гэтага не зможа існаваць чалавептва. Толькі робаты. Між іншым, я нядаўна недзе чытаў пра шматлікія камп'ютарныя праграмы, якія нібыта самі могуць кнігі пісаць. Пакуль што ў іх не дужа добра атрымліваецца, але некаторыя сцвярджаюць, што з цягам часу яны заменяць пісьменнікаў. Але я ў гэта не веру. У такіх творах няма жыцця, няма чалавечнасці, няма душы. Літаратура, тэатр і музыка — для існавання ўсяго гэтага патрэбныя шчырыя чалавечыя эмоцыі.
— Дарэчы, наконт тэатра, — раптам перапыніў сябра Баляслаў — я ж табе, здаецца, яшчэ не апавядаў як нядаўна ў Купалаўскі хадзіў? Тая яшчэ захапляльная гісторыя. Асабліва пасля твайго прыкладу з еўрапейскім хлопчыкам.
—Ану, ану,—зацікавіўся Аркадзь. Купалаўскі ён вельмі паважаў і нават болей: любіў. Хаця, шчыра кажучы, як яго можна не любіць. Гэта ж ледзь не апошні слуп, на якім трымаецца беларуская культура. Дакладней: усё тое, што ад яе яшчэ засталося.
— Ну вось пайшоў, значыцца, я на новую п'есу з адной сяброўкай. Апрануў свой урачысты пінжак, усё як мае быць. I вось мы ўваходзім у залу, займаем свае
месцы, і тут я звяртаю ўвагу на тое, што леваруч ад мяне сядзіць хлопчык, таксама клас пяты-шосты. Ну добра, думаю, сядзіць і сядзіць. Гэта ж цудоўна, калі дзяцей прывучаюць да культуры з такога маленькага ўзросту. Ну як маленькага, не такога ўжо і маленькага, каб не ведаць, як паводзіць сябе на такіх мерапрыемствах. KaAi ён спрабаваў штосьці гучна сказаць сваёй матулі ці пачынаў перасаджвацца з месца на месца, бо яму не сядзелася на адным, я яшчэ мог гэта вытрымаць, але пасля здарылася такое, што нават маё трыванне скончылася... Гэты маленькі, не пабаюся гэтага слова, мярзотнік раптам захацеў есці. I гэта пры тым, што менавіта з гэтай нагоды ў тэатрах прадугледжаны перапынак, якім усе культурныя, выхаваныя людзі скарысталіся згодна са сваімі патрэбамі. Аднак, ні гэтага хлопчыка, ні яго матулю нельга было назваць ні культурнымі, ні пагатоў выхаванымі. Пачалося ўсё з таго, што я адчуў жудасны пах. Праз некалькі імгненняў ужо большасць з тых, хто сядзеў навокал, шукалі, адкуль ідзе гэты нястрымны смурод. Апынулася, што гэты маленькі вычварэнец сядзеў і еў бутэрброд з рыбай!!! Уяўляеш сабе? Калі ён даеў, то зноў пачаў скокаць тудэма-сюдэма і хапацца за ўсё бруднымі рукамі. У той момант я ўжо не мог сачыць за падзеямі на сцэне, бо я быў змушаны сачыць выключна за тым, каб гэты мярзотнік не сапсаваў мне мой лепшы пінжак. Аднак я хоць бы бачыў, што адбываецца, а вось бедная жанчына сталага ўзросту, якая сядзела перад ім, нічога не бачыла, і мне нават складана ўявіць, якія ў яе былі думкі і пачуцці, калі гэты ёлуп пачаў махаць сваімі бруднымі рукамі над яе галавой і дакранацца да крэсла, на якім яна сядзела. Але, дзякуй усім багам, мой пінжак у выніку ўсё ж не пацярпеў. Хаця і падзеі спектакля збольшага, на вялікі жаль, прайшлі паўз мяне.
— Фу, якая мярзота, — шчыра пагадзіўся моцна ўражаны Аркадзь, — нават проста ўявіць гэта сабе агідна. Здагадваюся, як яно было сядзець побач з ім. Гэта ж трэба, у самім Купалаўскім! Што ж гэта за людзі такія! Нічога святога!
— I не кажы, — голас Баляслава ўсё яшчэ гучаў настолькі ўзбуджана, нібыта ён апавядаў не пра тое, што перажыў нейкі час таму, а пра тое, што адбываецца акурат у гэтыя імгненні.
— Добра, досыць на сёння сумных гісторый. Лепей апавядзі, што ў цябе новага, — змяніў тэму Аркадзь.
— У мяне? Новага? Ты што забыўся, у якой краіне я знаходжуся і чым займаюся? Што ў мяне можа быць новага? Мне нашмат прыемней слухаць пра тое, што там у цябе адбываецца. Так бы мовіць, гісторыі з жыцця паспяховых людзей.
— Паспяховых людзей! Ну ты скажаш! — усклікнуў Аркадзь.
Сябры засмяяліся. Звонкім, лёгкім смехам, якім звычайна смяюцца людзі, якія знаходзяцца на адлегласці і якія радыя таму, што сучасныя тэхналогіі даюць ім магчымасць не губляць сувязі адзін з адным, смехам, які на некалькі бясконцых імгненняў яскрава асвятляе жыццёвы шлях, якім бы складаным і журботным ён ні быў.
Частка пятая
Маўклівых зніпічаюць свае і чужыя, Маўклівыя самі знішчаюць сябе.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Аркадзь прачнуўся ад рэзкіх гукаў тэлефанавання праз скайп. Зазвычай ён заўсёды дысцыплінавана выключаў камп'ютар нанач, але ўчора так стаміўся на працы, што заснуў раней, чым паспеў гэта зрабіць. Мінулы тыдзень быў сапраўды вельмі складаны, бо неабходна было правесці шэраг гэрміновых эксперыментаў і прааналізаваць атрыманыя дадзеныя. За апошнія пяць дзён у яго назбіралася ўжо каля дзесяці гадзінаў перапрацоўкі, і беларусу гэта зусім не падабалася. Аднак зрабіць малады фізік з гэтым нічога не мог і суцяшаў сябе не толькі думкай пра будучыя выхадныя, але і ўпэўненасцю ў тым, што складана будзе толькі першыя некалькі месяцаў, пакуль ён увойдзе ў мясцовы працоўны рытм і навучыцца лепей размяркоўваць свой час. Адзіным задавальненнем былі гутаркі за абедам з дабразычлівай Дэніс, іншым разам да іх далучаўся і Ферэнц. I немка, і венгр ахвотна давалі парады беларусу пры кожнай магчымасці. Дэніс дык увогуле рэгулярна навучала яго, як карыстацца тым ці іншым прыстасаваннем. 3 пункту гледжання наяўнага абсталявання лабараторыя была сапраўдным раем для маладых навукоўцаў. He было неабходнасці чакаць месяцамі, пакуль прыйдзе твая чарга, каб трапіць на той жа мікраскоп. Узяў свае пробы і накіраваўся туды ў зручны час. Бо лабараторыя прафесара Фогеля мела ўсё неабходнае ў сваім поўным
распараджэнні, і кожны яе супрацоўнік меў дазвол усім гэтым карыстацца, калі захоча. Апрача таго, калі раптам сканчалася патрэбнае хімічнае рэчыва, можна было наўпрост звярнуцца да чалавека, адказнага за набыццё рэактываў, які толькі гэтым і займаўся, і неўзабаве атрымаць усё неабходнае. Аднак нягледзячы на цудоўныя ўмовы, працы па праекце было шмат і Аркадзь моцна стамляўся за тыдзень.
Тэлефанаваў Баляслаў.
— Памятаеш, як я падчас нашай апошняй размовы жартам прапаноўваў табе паспрабаваць даведацца ўсю праўду наконт Фары Вітаўта? — замест вітання адразу запытаўся ён занадта энергічным для суботняй раніцы голасам.
— Памятаю, — сонна ды млява адказаў Аркадзь.