Porta Nigra
Максім Кутузаў
Выдавец: Галіяфы
Памер: 224с.
Мінск 2020
Затым голас параіў звярнуцца да сакратара і пачуліся гудкі. Аркадзь ператэлефанаваў і настойліва папрасіў даць яму нумар сакратара. Усё той самы хрыплаваты голас спачатку пачаў абурацца, аднак затым неахвотна прадыктаваў нумар. Ветлівы беларус падзякаваў і паклаў слухаўку толькі для таго, каб зноў узняць яе і ў чарговы раз пачаць набіраць украінскі нумар. Яму адказаў мужчынскі голас, хоць Аркадзь чакаў пачуць яшчэ адзін жаночы. Яго ўважліва выслухалі, задалі пытанні, якія датычылі таго, якую арганізацыю ён прадстаўляе і чаму іх зацікавілі менавіта гэтыя кнігі. Выратавальнік нацыянальных скарбаў быў да такога пытання не падрыхтаваны і прамармытаў нешта пра вялікую культурную значнасць экспанатаў. Няўпэўнены імправізаваны адказ задаволіў суразмоўцу, але яшчэ праз некалькі пытанняў той урэшце прызнаўся, што вырашаць такія пытанні можа выключна дырэктар, а ён зараз у адпачынку і што з'явіцца не хутка, бо пасля яго амаль адразу чакае важная замежная камандыроўка. Таму тэлефанаваць ёсць сэнс у лепшым выпадку месяцы праз два, а можа, і праз тры. Аркадзь падзякаваў і, расчараваны, паклаў слухаўку. Але самае захапляльнае яго яшчэ чакала наперадзе.
Пасля абеду ён сабраўся з сіламі і пачаў набіраць нумар нацыянальнага гістарычнага музея. Аднак з сіламі ён збіраўся дарма, гутарка выявілася даволі кароткай. Калі ён сказаў, што хоча пазычыць адзін з экспанатаў на даследаванне, вісклівы жаночы голас яму паведаміў, што ім гэта не цікава і ўвогуле, яна такія пытанні не вырашае. Калі Аркадзь папрасіў даць яму нумар дырэктара ці сакратара, ён пачуў у адказ, што невядома каму такія нумары не даюць і што ўсе нумары, якія могуць даць невядома каму, знаходзяцца на сайце, хай
там і шукаюць тыя, каму гэта патрэбна. На слушную заўвагу, што на сайце ёсць толькі той нумар, на які ён зараз і тэлефануе, Аркадзь пачуў некалькі імгненняў цішыні, а пасля жанчына запэўніла яго, што калі гэта так, значыцца так і трэба. Малады чалавек пачынаў ужо злавацца ад сваёй бездапаможнасці і папрасіў кабету паклікаць да тэлефона каго-небудзь, хто займае вышэйшую за яе пасаду. На што пачуў:
— Мужчына, што вы такое гаворыце? Я не буду даймаць кіраўніцтва вашымі малазначнымі справамі. Так і працу можна згубіць.
У адказ Аркадзь здзівіўся, што навуковыя даследаванні такога значнага артэфакта, як пояс Вітаўта, называюць малазначнымі справамі. Але ў гэтым была яго галоўная памылка. Жанчына заверашчала яшчэ гучней і мовіла, што пояс вялікага Вітаўта нікому не аддадуць і што «вы там за мяжой нават не ўяўляеце, як шмат для нас значыць гэты пояс і вялікі кароль, якому ён належаў». I пасля гэтых словаў кабета кінула слухаўку і ўжо не пачула слоў суразмоўцы пра тое, што Вітаўт усё ж не быў каранаваны, каб яго можна было так называць. Болей на гэты нумар Аркадзь не тэлефанаваў. I вырашыў пачакаць, пакуль у яго не з'явіцца ідэя, як іншым шляхам здабыць патрэбныя яму скарбы і ажыццявіць свой намер, альбо пакуль Баляслаў не дашле сябру які-небудзь артэфакт з Нясвіжа.
Засмучаны беларус выйшаў на вуліцу падыхаць свежым паветрам. Недалёка ад уваходу акурат стаяў і паліў Ульрых. Аркадзь наблізіўся да яго і папрасіў цыгарэту. Той абыякава працягнуў і нават даў прыпаліць. Хлопец закашляўся. Ен ніколі не паліў і лічыў людзей, якія маюць гэтую ці якую-іншую дрэнную звычку слабымі, нікчэмнымі самагубцамі. Ён не мог зразумець: няўжо
так складана ўзяць волю ў кулак і адмовіцца ад таго, што цябе забівае. Бо ўсе ж, здаецца, добра ведаюць, што гэта шкодна. Аркадзь не сустракаў ніводнага чалавека, які б паліў і не ведаў Але, нягледзячы на гэта, усе яны працягвалі катаваць сябе. Слабакі. Ці нават болей — вар'яты.
Аднак гэтым разам у яго на душы было настолькі пагана, што яму захацелася самому ўзяць у зубы белую трубачку смерці. Сёння ён адчуваў, што яму гэта неабходна, хаця, калі б яго спыталі — навошта, ён сам не здолеў бы дакладна адказаць. He, ён не баяўся, што і ў яго з'явіцца залежнасць. Аднаго разу замала, ды і Аркадзь заўсёды лічыў сябе чалавекам моцнай волі. Усё жыццё, калі ён звяртаў увагу на тое, што нешта (ці тое звычка, ці тое рэч, ці тое чалавек) пачынае цалкам яго паглынаць, ён рабіў так, каб аднойчы і назаўсёды скончыць з гэтым. I ніводнага разу яшчэ не прайграў.
Ён глыбока зацягнуўся і зноў закашляўся. Праз імгненне стала зразумела, што гэта насамрэч таго не варта. На душы не злягчэла, а ад яго ўжо смярдзела як ад табакеркі. Аркадзя заўжды нудзіла ад гэтага паху, а зараз ён сам быў яго крыніцай. Таму беларус рашуча выкінуў амаль цэлую цыгарэту ў сметніцу і пайшоў абыходзіць інстытут па коле. Ульрых кінуў на яго запытальны, але пры гэтым усё такі ж абыякавы хуткі позірк і зноў пераключыў усю ўвагу на шкодную звычку.
Праз некалькі дзён увечары патэлефанаў Баляслаў
— Ну як маешся, Карл? — адразу без вітанняў спытаў ён. Было чуваць, што суразмоўца ў добрым гуморы.
— Ды ніяк, — сумна адказаў малады фізік і сціпла апавёў пра свае безвыніковыя спробы здабыць хоць што-небудзь.
— Ara. Сапраўды крыўдная сітуацыя. Ну што ж, паспрабуем пазней. Затое ў мяне ёсць добрыя навіны!
Аркадзь ажно ўвесь страпянуўся:
— Няўжо нешта знайшоў?
— Чакай-чакай, — спыніў сябра Баляслаў, — ёсць дзве добрыя навіны і адна дрэнная. У якой паслядоўнасці мне іх табе апавядаць?
— Лепей так: добрую, дрэнную, добрую, — Аркадзь увесь калаціўся ад нецярпення. Добрых навін адносна іх авантуры ён даўно не атрымліваў, а тут адразу дзве.
— Ну, шчыра кажучы, яны ў такім лагічным парадку і ідуць. Таму слухай, — лёгка пагадзіўся гісторык. — Памятаеш, са мной вучыўся такі здаравяка, якога мы зазвычай называлі Зігмундам?
— Цьмяна, — прызнаўся Аркадзь.
— Ну, гэта і не істотна. Карацей, я яго нядаўна сустрэў у «Цэнтральным», выявілася, што ён зараз працуе на рэстаўрацыі Нясвіжскага замка. А там акурат ідуць маштабныя работы і пануе поўны хаос. А Зігмунд — эксперт-кансультант, ходзіць там паўсюдна, дае парады.
— Цікава-цікава, — фізік пачаў разумець, якога кшталту добрую навіну зараз пачуе, — і ён...?
— ...і ён патаемна сцягнуў адтуль для сваёй уласнай калекцыі некалькі кавалачкаў старажытнай цэглы, каменьчыкі і яшчэ сёе-тое не надта каштоўнае для музеяў, але цікавае для сапраўдных аматараў гісторыі.
— Гэта ж цудоўна! I ён можа нам нешта пазычыць? — Аркадзь пачаў прасякацца аптымізмам.
— Неа. Пазычыць не можа.
— Халера, — аптымізм Аркадзя знік настолькі ж хутка, як і з'явіўся, — і гэта твая дрэнная навіна?
— He зусім. Пазычыць ён, сапраўды, не пажадаў, але прапанаваў мне абмен, і я вымушаны быў пагадзіцца. Вось гэта і ёсць дрэнная навіна.
— To бок каменьчык усё ж у цябе? — зноў заззяў надзеяй фізік.
— У мяне, але...
— Дзякуй, Мацвей! Гэта выдатна, — калі б сябар быў зараз побач, Аркадзь заключыў бы таго ў моцныя братэрскія мужчынскія абдымкі.
— Ты мне дазволіш апавесці, чым мне давялося ахвяраваць ці не?
— Так, безумоўна. Выбачай, — хлопцу стала няёмка, што навуковы энтузіязм яго цалкам паглынуў.
— За твой каменьчык я аддаў адну са сваіх улюбёных манет: траяк Баторыя тысяча пяцьсот васьмідзясятага года.
— Уга! — Аркадзь ацаніў ахвяру сябра. — Шчыра дзякую. Я — твой даўжнік.
— He тое слова. I надта спадзяюся, што ў выніку ад гэтага будзе карысць.
— Слухай, — раптам спахапіўся фізік, — а ты ўпэўнены, што каменьчык аўтэнтычны і досыць старажытны?
— А хто яго ведае. Зігмунд запэўніў мяне, што так. Што ён, маўляў, яшчэ данапалеонаўскіх часоў.
— А гэты твой Зігмунд, ён — надзейны чалавек?
— А хто яго ведае. Я з ім ніколі блізка не знаўся, асабліва пасля ўніверсітэта. Аднак да махляра ён не падобны.
— Але усё ж ён без усялякага сораму сцягнуў артэфакты ў дзяржавы. Добра, будзем спадзявацца на лепшае. Застаецца прыдумаць, як даставіць каменьчык да мяне. Поштаю дасылаць ці як іначай? Гэта ж мытнікам трэба неяк тлумачыць.
— Вось гэтага якраз і датычыць другая добрая навіна, — самазадаволена ўсміхнуўся Баляслаў — не паве-
рыш. Усё ў тым самым «Цэнтральным», усё ў той самы дзень сустрэў Ваўкалака. I ён пахваліўся тым, што неўзабаве паедзе ў Люксембург, які, як ты не горай за мяне ведаеш, знаходзіцца зусім побач ад Трыра. У мяне ў галаве адразу нарадзілася ідэя папрасіць яго дапамагчы. I ён з радасцю пагадзіўся, пры ўмове, што ты яго пачастуеш мясцовым півам, бо цытата: «Лепшы шлях пазнаёміцца з горадам — пашпацыраваць ад адной карчомкі да іншай». Бачыш, як усё цудоўна склалася. Здаецца мне, што Пярун гэтым разам на нашым баку, а?
— Сапраўды, — толькі і змог прамовіць Аркадзь здзіўлены такім неверагодным супадзеннем.
— Але Ваўкалак адразу папярэдзіў, што не ведае, ці здолее ён бесперашкодна правезці каменьчык, і апавёў гісторыю, як яго калега вёз з акіяна прыгожы адшліфаваны вадой камень свайму сыну, але калі яму ў нашым аэрапорце вярнулі багаж, падарунка там не было. Вось так.
— Ды я разумею, усялякае бывае. Але падзякуй яму за тое, што пагадзіўся дапамагчы. Ен не казаў, калі зможа прыехаць?
— Казаў, што плануе быць у Люксембургу ў суботу праз два тыдні. I прасіў перадаць, што ўжо азнаёміўся з маршрутам, і, калі ты згодны на такі план, каб чакаў яго ў пятніцу прыблізна а дваццатай гадзіне на галоўным вакзале Трыра. Вечар і ноч ён прабавіць у горадзе, а наступным днём паедзе далей. Калі нешта зменіцца — ён звяжацца з табою альбо перадасць праз мяне.
— Выдатна. Я думаю, што мы нават зможам знайсці ў маім жытле месца, каб ён пераначаваў — шчыра прапанаваў радасны Аркадзь.
— Ён казаў, што яму гэта не трэба. Ён плануе ўсю ноч шпацыраваць па горадзе. Але, можа быць, яшчэ перадумае.
— Можа, і перадумае. Хто яго ведае. Ён чалавек непрадказальны, — усміхнуўся малады фізік і праз паўзу дадаў: — I, Мацвей, яшчэ раз дзякуй, што дамовіўся наконт усяго, і асабліва, што ахвяраваў сваю манету.
— Ды супакойся. Ты ж ведаеш, мне самому цікава, што ты зможаш даведацца.
Два тыдні праляцелі як адно імгненне. Аркадзь старанна працаваў над праектам і паспеў ужо дасягнуць першых значных вынікаў, бо шыкоўнае сучаснае абсталяванне сапраўды значна прыспешвала працэс. Нават прафесар Фогель пахваліў яго, калі даведаўся пра плённыя эксперыменты, і яны планавалі неўзабаве разам напісаць пра гэта артыкул у які-небудзь высокарэйтынгавы навуковы часопіс.