• Газеты, часопісы і г.д.
  • Porta Nigra  Максім Кутузаў

    Porta Nigra

    Максім Кутузаў

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 224с.
    Мінск 2020
    59.58 МБ
    — Ды не. Мне проста пашанцавала, — сціпла адказаў Ваўкалак, — шчыра кажучы, гадоў пяць не гуляў. Калі не болей. Проста ў дзяцінстве ў мяне была такая гульня на лецішчы, і я прабавіў з ёй нямала часу. Таму прыблізна ўяўляю, куды трэба пацэліць. Ну, бывай.
    Ен папляскаў Аркадзя па плячы і сышоў у невядомым кірунку. Малады фізік у сваю чаргу накіраваўся напрасткі ў кампус. Яму трэба было добра адпачыць на гэтых выхадных, бо ён прадчуваў, што ў панядзелак яго чакае насычаны дзень.
    Два дні праляцелі хутка. Беларус старанна адсыпаўся і займаўся гаспадаркай: прыбіраўся ў кватэры, гатаваў ежу на тыдзень. Калі ён узгадваў пра запаветны каменьчык, у яго ад хвалявання пачыналі трэсціся рукі. У нядзелю Аркадзь патэлефанаваў Баляславу і па-
    ведаміў, што атрымаў яго падарунак і апавёў таму ўсё тое, што раптам даведаўся пра Ваўкалака. Гісторык быў шакаваны не меней за свайго сябра і сказаў што ніколі б у жыцці не падумаў што барадач займаецца такімі цікавымі справамі. Пасля гэтага яны абмеркавалі будучы лёсавырашальны эксперымент, і высветлілася, што Мацвей таксама згарае ад нецярпення, бо хоча як мага хутчэй даведацца, дзе ж згубіліся апосталы.
    I вось у панядзелак Аркадзь прыйшоў на працу ледзь не першым, бо так нерваваўся, што ўсю ноч дрэнна спаў і прачнуўся ажно на паўтары гадзіны раней, чым зазвычай.
    Хлопец адразу накіраваўся ў патрэбную лабараторыю, каб зарэзерваваць за сабою рэнтгенаўскі апарат. Ён уключыў камп'ютар, расклаў вакол свае рэчы, асцярожна дастаў каменьчык. Якраз у гэты момант у дзверы пагрукалі, і з'явілася Дэніс.
    — О, ты тут! Цудоўна, бо яшчэ даволі рана і амаль нікога ў інстытуце няма, а ў мяне там маленькае здарэнне, і вельмі патрэбная мужчынская дапамога. У цябе ёсць вольная хвілінка?
    — Так, безумоўна, — адказаў Аркадзь, — хадзем.
    — Ну як, ты ў пятніцу без прыгодаў дабраўся да кампуса? — запытала дзяўчына, калі яны пераходзілі з аднаго крыла будынка ў іншае.
    — Так, усё добра. А ты?
    — Таксама добра. Было весела. Дзякуй, што дазволілі далучыцца да вас, — усміхнулася немка.
    — Ды гэта табе дзякуй. Бары, якія ты нам паказала, сапраўды шыкоўныя. Я — твой даўжнік.
    — Вось зараз і адпрацуеш пазыку, — засмяялася дзяўчына, адчыняючы дзверы сваёй лабараторыі.
    Мужчынская сіла была неабходная на тое, каб ададраць вялікі моцны неадымавы магніт ад металічных дзвярэй.
    — Мне ён сёння патрэбны для маіх эксперыментаў, і я папрасіла яго ў Алекса. А калі несла сюды, задумалася і падышла занадта блізка да дзвярэй. Вось ён і прыліпнуў. А сама я ададраць яго не магу, — вінавата патлумачыла бландынка, — скажу нават болей, да яго яшчэ і прыцягнула мой рэмень, і мне давялося даставаць яго з джынсаў, каб мець магчымасць адцягнуць. Ледзь без нагавіцаў не засталася. Як той казаў на што не пойдзеш дзеля навукі.
    Яна гучна засмяялася. Тым часам Аркадзь зрабіў некалькі беспаспяховых спробаў, але ўсё ж урэшце адарваў магніт, ледзь не прышчаміўшы сабе пальцы.
    — Шчыра дзякую, — прамовіла Дэніс, — з мяне яшчэ адзін куфель піва.
    Беларус толькі ўсміхнуўся і накіраваўся назад да рэнтгенаўскага апарата. Калі ён вярнуўся ў лабараторыю, перад вачыма паўстала малапрыемнае відовішча: у сярэдзіне памяшкання стаяў Ульрых і круціў у руках нясвіжскі каменьчык. Немец не разгубіўся, пабачыўшы калегу.
    — Вось і ты, — сказаў ён замест вітання, — а я якраз хацеў у цябе заспытацца: няўжо ўсё настолькі дрэнна з працай над тваім асноўным праектам, што ты вырашыў перайсці на вывучэнне будаўнічых матэрыялаў канца дзевятнаццатага стагоддзя? Хоць што тут вывучаць, я з археолагамі ды рэстаўратарамі столькі працаваў, што магу без усялякіх аналізаў апавесці табе, што гэта за матэрыял і да якіх часоў ён належыць.
    Аркадзь не ведаў, што яго збянтэжыла болей — тое, што гэты Ульрых дазваляў сабе корпацца ў чужых рэчах, ці тое, што ён паведаміў Хаця да апошняга беларус спрабаваў ставіцца абыякава, бо верыў, што на вока вызначыць такое немагчыма, і немец альбо па-
    мыляецца, альбо проста хоча такім чынам паздзекавацца з «прадстаўніка краіны, якая прайграла вайну». Дакладней, усё ж не верыў, а толькі спадзяваўся. Таму, усхваляваны магчымасцю таго, што яго артэфакт насамрэч нічога не варты, хлопец даволі груба адказаў:
    — Я за цябе вельмі рады, што ты такі прафесіянал. Аднак я дужа выбачаюся, але гэта не твая справа, што я і навошта вывучаю. Калі я правільна памятаю, не ты мой навуковы кіраўнік, а прафесар Фогель.
    — Памятаеш правільна. А прафесар, дарэчы, ведае, чым ты тут займаешся ў працоўны час?
    Аркадзь нервова зглынуў і вырашыў што ў такім выпадку лепшае, што ён можа зрабіць — блефаваць.
    — Безумоўна, ведае! Гэта яго асабістае даручэнне.
    Ульрых на імгненне задумаўся, і ў беларуса склалася ўражанне, што немец павёўся на гэты няхітры блеф.
    — He ведаю, чым гэтае смецце магло яго зацікавіць, але добра. Калі асабістае даручэнне, тады поспехаў табе з ім. He расчаруй свайго кіраўніка. А ў мяне і сваёй працы стае, каб яшчэ час на рускіх марнаваць.
    Немец паклаў каменьчык на стол каля камп'ютара і выйшаў з лабараторыі. Аркадзь, якога ўсяго распірала ад нецярпення і калаціла ад адрэналіну, хутка ўсё падрыхтаваў і запусціў прыбор. Калі прагучаў сігнал, што вымярэнні скончаныя, беларус, прадбачліва седзячы на офісным крэсле, таропка дастаў артэфакт, узяў яго ў рукі і пабачыў...
    Чалавек, старанна перажоўваўючы яблык, стаяў, прыхіліўшыся да воза, у якім ляжалі цэгла і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Такія самыя калдыры, як ён, атачалі чалавека з усіх бакоў.
    — Гэта ўсё трэба перарабіць! Усё павінна быць не так! Вы — ёлупы! — агрэсіўна крычаў станісты мужчына з выразнай салдацкай выправай. — Вам гэта зразумела?
    — Так, Вашамосць, — адказаў галоўны з калдыроў, які быў нават болей-меней прыстойна апрануты ў параўнанні з іншымі, і звярнуўся да сваіх падначаленых: — Чулі, што вам сказаў сам ягамосць Антоні Вільгельм Радзівіл? За працу! Жыва! Абібокі і дармаеды!
    Чалавек кінуў на зямлю агрызак і злосна сплюнуў.
    ***
    — Антоні Вільгельм Радзівіл... — ціха прамовіў малады фізік, расплюшчыўшы вочы. -— Няўжо сапраўды канец дзевятнаццага стагоддзя?
    Хлопец адкінуўся на спінку крэселка, апусціў рукі, каменьчык з іх выпаў і пакаціўся па падлозе.
    Аркадзь быў гатовы заплакаць ад прыкрасці, і толькі думка пра тое, што ён спадзяўваўся яшчэ доўгія гады працаваць у гэтым навуковым цэнтры і што яго могуць у такім стане пабачыць прафесар, Дэніс, Ферэнц, Ульрых ды і іншыя супрацоўнікі, змусіла яго мужна трымаць усё ў сабе да самага вечара.
    Прыйшоўшы да дому, хлопец адразу ўключыў камп'ютар і патэлефанаў Баляславу праз скайп. Той, верагодна, таксама з нецярпеннем чакаў вынікаў і імгненна адказаў
    — Ну што ў цябе там? Даведаўся, дзе апосталы? — пачуўся дрыготкі голас.
    — Лайносталы, — рэзка адказаў Аркадзь, — фальшыўка твой каменьчык. Канец дзевятнаццага стагоддзя. Падмануў цябе гэты Зігмунд. Толькі манету яму дарма сваю падараваў, Ваўкалака тудэма-сюдэма паганяў ды
    мяне на працы поўным прафанам выставіў! Шчыра дзякую!
    — Вось жа Зігмунд! Вось жа мярзот...
    Раз'юшаны Аркадзь абарваў размову на паўслове, націснуўшы чырвоную кнопку. I болей не адказваў колькі Баляслаў яму не пісаў і не тэлефанаваў.
    Пасля такой балючай паразы маральна спустошаны Аркадзь цалкам прысвяціў сябе праектным даследаванням, бо быў упэўнены: нішто так не дапамагае пазбавіцца непрыемных і непатрэбных думак, як руплівая праца. За невялічкі прамежак часу ён паспеў ажыццявіць вялікую колькасць удалых эксперыментаў ды выявіць некаторыя вельмі значныя і шматабяцальныя заканамернасці, што давалі адказы на пытанні, якія даўно цікавілі прафесара Фогеля. Той у сваю чаргу быў задаволены тым, што яго новаму супрацоўніку настолькі пашанцавала, зноў пахваліў беларуса і паабяцаў даслаць яго ў наступным годзе за кошт лабараторыі на сусветнавядомую канферэнцыю ў Злучаныя Штаты Амерыкі, каб прадставіць навуковай супольнасці паспяховыя, амаль сенсацыйныя вынікі, калі іх атрымаецца яшчэ раз пацвердзіць. Але нават гэта не надта суцяшала расчараванага патрыёта.
    Праз некалькі тыдняў пасля сумнага здарэння, калі яны пайшлі абедаць без Дэніс, бо ў яе была запланаваная неадкладная важная сустрэча, Ферэнц запытаў:
    — I як, малады чалавек, ці атрымалася ў вас штонебудзь даведацца пра настолькі цікавы для вас каменьчык?
    Аркадзь сумна ўздыхнуў гледзячы ў талерку:
    — Шчыра кажучы, амаль нічога.
    — У такім выпадку, калі ў вас раптам будзе жаданне, магу прапанаваць свой каменьчык для даследаванняў. Мне яго нядаўна перадалі знаёмыя, аднак, на вялікі жаль, працы зараз і без яго зашмат, рукі ўсё ніяк не даходзяць і, верагодна, не хутка дойдуць. Безумоўна, ён наўрад ці зможа замяніць вам тое, што вы шукалі. Але хачу папярэдзіць, што гэта насамрэч незвычайны артэфакт. I мне здаецца, што ён можа вас сапраўды зацікавіць.
    — Што за артэфакт і чым ён такі цікавы? — абыякава запытаўся Аркадзь.
    — А я вам не скажу, — хітра ўсміхнуўся венгр, — вы лепей завітайце да мяне, вазьміце яго і ўважліва павывучайце, а тады параўнаем, ці пацвердзяць вашыя дадзеныя тое, што пра яго ведаю я.
    — Добра, — усё гэтаксама абыякава пагадзіўся Аркадзь. Яго тое не цікавіла, але трэба было хоць неяк пазбавіцца сумных думак, якія суправаджалі яго ўвесь час з таго дня, як высветлілася, што тое, дзеля чаго Баляслаў ахвяраваў любімай манетай, было вырабам канца дзевятнаццатага стагоддзя.
    Пасля абеду Аркадзь зазірнуў да Ферэнца і ўзяў невялічкі, памерам з сярэднюю бульбіну, непрыкметны камень. Настрою старанна працаваць над эксперыментамі для сваёй дысертацыі не было ніякага, а рабіць абы-як і пасля перарабляць не хацелася, таму беларус адразу панёс толькі што здабыты артэфакт на аналізы. На рэнтгенаўскім апараце ніхто не працаваў, таму ў першую чаріу Аркадзь накіраваўся да яго.
    Калі працэдура была скончаная, навуковец скапіяваў атрыманыя дадзеныя на флэш-картку, каб пасля прагледзець іх на сваім камп'ютары, і выправіўся даставаць каменьчык з аналітычнага прыстасавання. Ён
    падышоў да стала, на якім стаяў прыбор, сеў на зручнае офіснае крэсла і, прадбачліва апрануўшы пальчаткі, пачаў асцярожна даставаць артэфакт. Аркадзь ужо цалкам дастаў каменьчык і прывёў прыстасаванне ў першапачатковы стан, як у яго пацямнела ў вачах і ён пачаў губляць свядомасць.